МЮ́НСТЭР (Münster),

горад у паўн.-зах. ч. Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. 264 тыс. ж. (1992). Прыстань на канале Дортмунд—Эмс. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: с.-г. і горнае машынабудаванне, цэм., фарфоравая, тэкст., харчасмакавая. Ун-т (з 1780). Музей мастацтва і гісторыі культуры зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Арх. помнікі 12—18 ст.

Горад сфарміраваўся вакол епіскапскай рэзідэнцыі (з 794). У 12 ст. атрымаў гар. права, з 14 ст. член Ганзы. У 1534—35 горадам кіравалі пратэстанты-анабаптысты (гл. Мюнстэрская камуна). У Трыццацігадовую вайну 1618—48 М. — месца пасяджэнняў (з 1643) мірнага кангрэса, у яго гар. ратушы падпісаны Вестфальскі мір 1648. У 1661 гар. самакіраванне скасаваў епіскап. У 1803 епіскапства секулярызавана (у 1821 адноўлена), яго землі і М. адышлі да Прусіі, у 1807 да Вял. герцагства Берг, у 1810 да Францыі. У 1816—1945 М. — цэнтр прускай прав. Вестфалія. У гады 2-й сусв. вайны разбураны на 90%, пасля вайны стары горад адноўлены.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)