Садружнасць Паўночных Марыянскіх Астравоў (Commonwealth of the Northern Mariana Islands), дзяржава на паўн. частцы Марыянскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак.Пл. 477 км². Нас. 69,4 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Урадавыя ўстановы знаходзяцца ў мясцовасці Гарапан на в-ве Сайпан. Краіна падзяляецца на 4 адм.адзінкі. Нац. свята — Дзень Садружнасці (8 студз.).
Прырода. Краіна займае 14 каралавых (на Пд) і вулканічных (на Пн) астравоў. Найб. астравы на Пд — Сайпан (120 км²), Тыніян (102 км²), Рота (85 км²). На паўн. а-вах Агрыхан (выш. 965 м) і Паган дзеючыя вулканы. Ёсць невял. радовішчы фасфарытаў, серы, жал. і марганцавай руд. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24 °C у студз. да 28 °C у ліпені. За год на наветраных схілах выпадае каля 2000 мм ападкаў, найб. у ліп.—кастр., у т. л. ў жн. каля 400 мм. Частыя тайфуны. Бываюць землетрасенні і цунамі. Натуральная расліннасць — вільготнатрапічныя лясы і саванны. Пад лесам і хмызнякамі каля 50% тэрыторыі. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Каля 55% складае карэнны народ чамора. Мова чамора адносіцца да зах.-аўстранезійскай групы аўстранезійскай сям’і (блізкая да моў Філіпін і Інданезіі). Жывуць таксама выхадцы з Каралінскіх а-воў, амерыканцы, кітайцы, карэйцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць прыхільнікі мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост каля 4% за год. Сярэдняя шчыльнасць 145 чал. на 1 км². Населены толькі 6 найб. астравоў. На в-ве Сайпан жыве каля 50 тыс.чал., шчыльн. каля 400 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва занята ў сферы абслугоўвання, кіравання, гандлю, у прам-сці — каля 30%, у сельскай гаспадарцы — 3%. На астравах працуюць групы замежных рабочых (пераважна з Кітая).
Гісторыя. Заселены продкамі сучасных мікранэзійцаў у 2-м тыс. да н.э. Адкрыты ісп. мараплаўцамі ў 1520-я г., абвешчаны ў 1565 уладаннем Іспаніі. У 1898 набыты Германіяй. У 1914 захоплены Японіяй, якая атрымала ў 1921 мандат Лігі Нацый на кіраванне астравамі. У 2-ю сусв. вайну заняты войскамі ЗША (1944). З 1947 частка падапечнай тэр.ААН Ціхаакіянскія а-вы пад кіраваннем ЗША. У чэрв. 1975 плебісцыт ухваліў стварэнне Супольнасці Паўн. Марыянскіх а-воў (СПМА), як «свабодна далучанай да ЗША тэрыторыі». Са студз. 1978 набыла сілу канстытуцыя СПМА, паводле якой астравы атрымалі шырокую аўтаномію пры захаванні кантролю ЗША над знешняй палітыкай і абаронай. У 1986 жыхары СПМА атрымалі грамадзянства ЗША. У 1990 ААН спыніла рэжым апекі над П.М.а.
Гаспадарка. Краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 9,3 тыс.дол. за год. Гал. крыніца даходаў — абслугоўванне замежных (пераважна японскіх) турыстаў. Штогод астравы наведвае больш за 400 тыс. замежных грамадзян. Іх прывабліваюць цёплае мора, багатая расліннасць, цікавая гісторыя і мастацтва астравоў. Асн. турысцкі перыяд — асенне-зімовы сезон. У прам-сці дзейнічаюць невял. прадпрыемствы па вытв-сці адзення на экспарт. Меншае значэнне маюць харч., па перапрацоўцы копры, па вырабе сувеніраў і інш. прадпрыемствы. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Працуюць электрастанцыі на імпартным паліве. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 тыс.га пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, каля 9 тыс.га пад пашу. Асн. культуры: какосавая пальма, хлебнае дрэва, бананы, рыс, агародніна (памідоры, дыні), бавоўнік, цукр. трыснёг, кава. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 4 тыс. галоў) і свіней. Цэнтр жывёлагадоўлі — в-аў Тыніян. Птушкагадоўля. Лоўля і перапрацоўка рыбы (пераважна тунец). Транспарт аўтамаб., авіяцыйны, марскі. На астравах каля 360 км аўтадарог, 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Сайпан, 2 марскія парты — на а-вах Сайпан і Тыніян. Гал. тавары экспарту — адзенне і копра, імпарту — харч. прадукты, прамысл. тавары і машыны, паліва. Імпарт намнога перавышае экспарт. Асн.гандл. партнёр — ЗША. Астравы атрымліваюць эканам. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬ,
старажытна-руская плацежная і грашовая адзінка; асн. грашовая адзінка і манета ВКЛ, Рас. імперыі, РСФСР, СССР; Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Украіны (да 16.9.1996), Рэспублікі Таджыкістан («рубл»). Этымалагічна, верагодна, паходзіць ад прыметніка «рублены», «абрублены». Як грашовая адзінка Р. упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах Ноўгарада з канца 13 ст., меў выгляд злітка. (да 1447) і адпавядаў 105 нагатам. У 1-й чвэрці 14 ст. тэрмін «Р.» быў сінонімам слова «грыўня». Да 1510 адначасова функцыянавалі наўгародскі і маскоўскі Р. Паводле манетнай рэформы 1534 Р. канчаткова набыў выгляд дзесятковай манетнай сістэмы (Р. = 10 грывенкам = 100 капейкам = 200 дзенгам). Упершыню Р.-манета быў адчаканены ў 1654 па масе талера і наміналам у 100 капеек. Паводле грашовай рэформы Пятра I ў 1699—1701 пачалася чаканка яго фракцый: 1/2 (палціна) і 1/4 (паўпалціна), з 1704 — масавая эмісія. З 1769 выпускаліся папяровыя асігнацыі ў 25, 50, 75 і 100 Р.; крэдытны білет ў 1 Р. з’явіўся ў 1843. У 1917 у абарачэнні знаходзіліся сярэбраны Р., у золаце 5 і 10 Р., у паперах — 1, 3, 5, 10, 25, 50, 100, 250, 500 і 1000 Р. У час грамадз. вайны выкарыстоўваліся папяровыя і металічныя грошы наміналам у Р. і яго кратныя адзінкіРас. імперыі, Часовага і Сав. урадаў, розных рэгіянальных урадаў і к-таў, населеных пунктаў і прадпрыемстваў. У сак. 1919 выпушчаны разліковыя знакі РСФСР вартасцю 1, 2 і 3 Р. Пасля ўтварэння СССР саюзныя рэспублікі спынілі свае грашовыя эмісіі і паводле дэкрэта ад 22.9.1923 уводзілася адзіная валюта — купюры ад 1 да 100 Р. У 1924 у абарачэнне паступілі сярэбраныя Р., залаты чырвонец 1923 (для знешняга гандлю). У 1947 і 1961 у СССР праведзены грашовыя рэформы з адначасовай дэнамінацыяй (абмен 1:10). З 1.1.1961 сав. Р. фактычна атрымаў статус канверсаванай валюты. З 1961 да 1992 у абарачэнні знаходзіліся 1, 3, 5, 10, 50 і 100 Р. Цяпер у Расійскай Федэрацыі (пасля дэнамінацыі 1997) у абарачэнні манеты вартасцю 1, 2 і 5 Р., банкноты ў 1, 5, 10, 25, 50, 100, 500 і 1000 Р.
На тэр. Беларусі Р. як грашова-лікавая адзінка з’явіўся на мяжы 13—14 ст. першапачаткова ў Віцебскім княстве і ў 1300/1305—27 адпавядаў 50 пражскім грошам. Пры вял.кн.Альгердзе Р. пашырыўся ў ВКЛ. Тэрмін «літоўскі Р.» у бел.-літ. летапісах упершыню названы ў 1399. У 1407 Р. адпавядаў 100 пражскім грошам, а ў 1500—100 літ. грошам. Да сярэдзіны 15 ст. Р. выкарыстоўваўся ў выглядзе сярэбранага злітка (маса 179,8—180 г), а з 2-й пал. 15 ст. функцыянаваў як лікавая адзінка. У ВКЛ Р. ужываўся да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і з’явіўся асновай для пераходу мясц. грашовага абарачэння на выкарыстанне рас. Р. У Рэспубліцы Беларусь у 1992 у абарачэнне быў уведзены «беларускі Р.» вартасцю 1, 3, 5, 10, 25, 50 Р. (да 1.11.1995), 250 і 500 (з 8.12.1992), 1000 (з 8.12.1993) і 5000 Р. (з 7.4.1994); (з 16.4.1998 дзве апошнія — новага ўзору), 20 000 Р. (з 1.1.1995), 50 000 і 100 000 Р. (з 17.10.1996), 500 000, 1 000 000 і 5 000 000 Р. (з 30.4.1999). 20.8.1994 праведзена 1-я дэнамінацыя, калі былі скасаваны суадносіны падліковага і папяровага Р. (10:1) і яны сталі ўраўнаважаны. З 1.1.2000 (пасля 2-й дэнамінацыі) у абарачэнні знаходзяцца 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 Р.; з 16.4.2001—10 000 Р. Усе наміналы (акрамя першых трох) абаронены ад падробкі. З 1995 у якасці законнага плацяжу выпускаюцца памятныя металічныя Р. наміналам 1 (медна-нікелевы сплаў), 20 (серабро) і 1000 (золата) Р. Вядома 7 серый манет, якія рэалізуюцца па камерцыйным кошце як калекцыйны матэрыял ці сувеніры.
Літ.:
Бектинеев Ш.И. Обращение рубля на территории Беларуси до Люблинской унии 1569 г. // Беларусістыка: Беларусь, гіст. лёс народа і культуры. Мн., 1995;
Малышев А.И., Таранков В.И., Смиренный И.Н. Бумажные денежные знаки России и СССР. М. 1991;
Мельникова А.С. Русские монеты от Ивана Грозного до Петра Первого. М., 1989;
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
Ш.І.Бекцінееў.
1 рубель (паводле эмісіі Нац. банка Беларусі, 1992).1 рубель (пасля дэнамінацыі 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫБА́ЦІ (Kiribati),
дзяржава на астравах у зах.ч. Ціхага ак. У складзе К. а-вы Гілберта (пл. 264 км²), Лайн (Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, пл. каля 400 км²), Фенікс (пл. 28 км²) і Банаба (Ошэн, пл. 5 км²). Падзяляецца на 6 акруг. Астравы, якія складаюць краіну, распасціраюцца з З на У на 5 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км. Пл. 717 км². Нас. 80,9 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Баірыкі (Тарава) на в-ве Тарава ў групе а-воў Гілберта. Афіц. мова — англійская, насельніцтва размаўляе на тунгуруанскай (кірыбаці) мове. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліпеня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Палата сходу (36 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Амаль усе астравы — нізкія каралавыя атолы з кальцавым рыфам, пясчана-галечнымі дробнымі астраўкамі на ім і ўнутр. лагунай. Складзены пераважна з вапнякоў. Найб.выш. на в-ве Банаба — 81 м. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра ўвесь год каля 26—28 °C. Ападкаў ад 1000 мм (на паўд. астравах) да 3000 мм (на Пн), выпадаюць пераважна ў ліст.—красавіку. Бываюць засухі і разбуральныя ўраганы. Рэк і ручаёў няма. На больш засушлівых астравах растуць нізкарослыя хмызнякі, на Пн ёсць гаі шыракалістых дрэў. Каля берагоў некаторых атолаў развіта мангравая расліннасць. Жывёльны свет бедны. Ёсць яшчаркі, шмат марскіх птушак (фрэгаты, бакланы, крачкі, олушы і інш.). Лагуны і прыбярэжныя акіянскія воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі.
Насельніцтва. 96% складае мікранезійскі народ тунгару (кірыбаці). Ёсць невял. групы палінезійцаў і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (53%) і пратэстанты (41%). Сярэдняя шчыльн. 113 чал. на 1 км². Заселены толькі 13 астравоў з 33. Усе яны ў групе а-воў Гілберта. Каля 40% насельніцтва жыве на в-ве Тарава, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Баірыкі (больш за 25 тыс ж.; 1990). На а-вах Лайн і Фенікс насельніцтва часовае (рабочыя плантацый). Характэрна міграцыя мужчын на в-аў Науру, дзе яны працуюць на здабычы фасфарытаў.
Гісторыя. Астравы заселены продкамі сучасных мікранезійцаў у 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў тут пабываў у 1606 ісп. мараплавец П.Кірос. У 1788 астравы даследаваў англ. капітан Дж.Гілберт (ад яго імя назва гал. архіпелага). Сталыя пасяленні еўрапейцаў з 1837. З 1892 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—76 у складзе брыт. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны Японіяй (1942—43). У 1976—79 брыт. калонія пад назвай Астравы Гілберта (з 1977 унутр. аўтаномія). 12.7.1979 К. абвешчана незалежнай дзяржавай. Першы прэзідэнт краіны з 1979 І.Табаі, з 1994 — Т.Ціта.
Гаспадарка. К. — слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае 63 млн.дол. (1995), каля 850 дол. на чалавека. Найб. развіты сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 36 тыс.га. Палова гэтай плошчы занята какосавай пальмай. Найб. какосаў вырошчваюць на плантацыях, створаных замежнымі кампаніямі на а-вах Лайн і Фенікс. Вырошчваюць таксама хлебнае дрэва, панданус, тара, батат, бананы, агародніну. Свіна- і птушкагадоўля (другараднае значэнне). Рыбу (кефаль, вугор, тунец, макрэль і інш.) у марской эканам. зоне ловяць жыхары К. і за вызначаную плату рыбалавецкія судны Японіі. У 1995 улоў рыбы 24,7 тыс.т. Лоў крабаў, малюскаў, збор водарасцей. Прам-сць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытв-сці копры (каля 10—20 тыс.т штогод), какосавага алею, харч. прадуктаў, мэблі, сувеніраў (вееры, плеценыя кошыкі), перапрацоўцы рыбы. Ёсць некалькі дробных электрастанцый, якія выпрацоўваюць штогод 10—13 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. На астравах штогод бывае каля 2 тыс. замежных турыстаў Транспарт пераважна марскі. Гал. порт Баірыкі. Ёсць 20 аэрадромаў і пасадачных пляцовак. Аэрапорт на в-ве Тарава прымае міжнар. рэйсы. Даўж. аўтадарог — 640 км. У краіне 2 тыс. аўтамашын і матацыклаў. У 1995 экспарт склаў 6,3 млн. долараў, імпарт — 38,6 млн. долараў. К. экспартуе ў асн. копру (50% экспарту), рыбу і морапрадукты (31%). У імпарце пераважаюць харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае дапамогу развітых дзяржаў і міжнар. арг-цый. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),
Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах.ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс.чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).
Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.
Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр.ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.
31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.
Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс.дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн.т (у 1970—80) да 285 тыс.т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн.кВт∙гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс.т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн.дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — у б. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 у спец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.Купалы (вул. Я.Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял.Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л. кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш.У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш. У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.Полазава (1921), Я.Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.Андруховіча, Г.Бржазоўскага, М.Гусева, А.Кроля, Х.Ліўшыца, З.Паўлоўскага, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, У.Стальмашонка, І.Стасевіча, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча; скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, У.Летуна, М.Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.Пукста «Машэка», п’есы У.Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук.рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).
Літ.:
Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;
Святло Купалава Дому. Мн., 1998.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурны музей.Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фронт, ‑у, М ‑нце; мн. франты, ‑оў; м.
1. Строй салдат, войск. Выстраіць ва фронт. □ Перад фронтам кожнай з паасобных брыгад Баранавіцкага злучэння была зачытана радыёграма начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху.Брыль.//Спец. Размяшчэнне караблёў або самалётаў на лініі, перпендыкулярнай курсу іх руху. //перан. Пра што‑н., што цягнецца лініяй, паласой. Фронт таполяў пры дарозе.
2. Звернуты да непрыяцеля край баявога размяшчэння войск або асобнай вайсковай адзінкі. Фронт расцягнуты на пяць кіламетраў. □ У гэты час прыйшоў загад нам наступаць з тылу, а танкам і пяхоце — з фронту. Так меркавалася прарваць нямецкую абарону.Няхай.Ішлі байцы доўга і прайшлі, здавалася, нямала, лініі фронту ўсё яшчэ не адчувалася і ніхто пэўна не ведаў, дзе яна была, гэтая лінія.Кулакоўскі.
3. Месца, раён ваенных дзеянняў і размяшчэння войск у час вайны, у процілегласць тылу. Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак.Колас.[Пятро:] — Мы ляцелі за чарговай партыяй раненых. Вазілі раненых з фронту ў тыл.Мележ.Карыстаючыся часовым зацішшам на фронце, салдаты і малодшыя камандзіры штаба дывізіі праходзілі кожны дзень страявую падрыхтоўку.Машара.// Адзін з участкаў такога раёна. Паўднёвы фронт. Заходні фронт.// Дзеючая армія ў такім раёне. Вайна зацягвалася, і на фронт пачалі браць запасных.Рамановіч.// Ваенныя дзеянні ў такім раёне. Даўно ўжо франты адгрымелі, Ўзняліся да сонца дубы.Прыходзька.
4. Самае вялікае воінскае злучэнне ў ваенны час. У галоўным штабе фронту пастанавілі выбіць.. [белых] з пазіцый і пачаць адганяць.Чорны.Майстэрства вядзення вайны прасочваецца ў рамане [«Мінскі напрамак» І. Мележа] ва ўсіх яго звеннях — ад камандуючага фронтам да камандзіра аддзялення.Дзюбайла.
5.перан.; чаго. Месца, участак, на якім адначасова выконваецца некалькі працэсаў, работ. Фронт забудовы. □ Хлебаробы рэспублікі пашыраюць фронт сяўбы яравых.«Звязда».//чаго або які. Сфера, галіна якой‑н. дзяржаўнай, грамадскай і іншай дзейнасці. Працоўны фронт. Культурны фронт.//чаго або які. Аб’яднанне якіх‑н. грамадскіх сіл, якія ажыццяўляюць дасягненне якой‑н. мэты. Адзіны фронт прыхільнікаў міру. □ Ніканор даў сто рублёў у дапамогу жонкам і дзецям байцоў народнага фронту Іспаніі.Бядуля.Вы [камсамольцы] справамі мацуеце сваімі Сусветны фронт барацьбітоў за мір, І ганарыцца вамі ўся Радзіма.Танк.
6. У метэаралогіі — зона падзелу паміж рознымі паветранымі масамі. Сіноптык Мінскага бюро надвор’я.. вылучае на .. [карце] раёны, дзе прайшлі ападкі, дзе стаяла яснае бязвоблачнае надвор’е, дзе праходзяць атмасферныя франты, дзе ціск паветра паніжаецца або павышаецца ў параўнанні з папярэдняй картай.«Беларусь».
7.Спец. Пярэдняя частка чаго‑н. Фронт катла. Фронт абцаса.
•••
Адзіным фронтам — дружна, згуртавана.
На два франты — у двух напрамках (дзейнічаць).
На ўсіх франтах — усюды (паспяваць, спраўляцца).
Шырокім фронтам — шырока, з вялікім ахопам; скрозь.
[Ад лац. frons, frontis — лоб.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),
1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.
2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.
Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).
Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л.тв.скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).
Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец.сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.
Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл.Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм.Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.
Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.Зізаній, П.Шпілеўскі, К.Нядзведскі, І.Нядзёшаў, Я.Карскі, К.Каганец, Б.Пачобка, Б.Тарашкевіч, М.Булахаў і інш.
Літ.:
Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;
Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;
Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;
Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;
Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ.М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр.адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр.адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.