ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),

перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай Л. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л.

2) У Расійскай імперыі Л. праводзіліся ў 1778—1876 рас. урадам на тэр. Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.​Дз.​Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

аптычныя спектры, абумоўленыя паглынаннем ці выпрамяненнем фатонаў пры квантавых пераходах малекул з адных энергет. узроўняў на другія.

Паводле складальных значэння поўнай энергіі малекулы М.с., як і квантавыя пераходы ў малекуле, падзяляюць на электронныя, вагальныя і вярчальныя. Вагальныя і вярчальныя пераходы могуць выяўляцца і ў спектрах камбінацыйнага рассеяння святла. М.с. паглынання эл.-магн. выпрамянення назіраюцца ў бачнай і ультрафіялетавай абласцях спектра (электронна-вагальна-вярчальныя спектры — сістэма палос з груп дыскрэтных ліній для найпрасцейшых малекул ці з некалькіх шырокіх бесструктурных палос у выпадку складаных малекул), у блізкай інфрачырв. вобласці (вагальна-вярчальныя спектры — шэраг структурных палос) і ў далёкай інфрачырв. вобласці (вярчальныя спектры). Вярчальны стан малекул рэалізуецца выключна ў газавай фазе, таму ў кандэнсаваным асяроддзі назіраюцца толькі электронна-вагальныя (вібронныя ці электронныя) і вагальныя спектры. Пераходы, якія адбываюцца з вылучэннем выпрамянення, утвараюць вібронныя М.с. флуарасцэнцыі і фасфарасцэнцыі. Для шматлікіх арган. малекул са складанай будовай пры пэўных умовах вібронныя спектры становяцца дыскрэтнымі, што істотна павялічвае іх інфарматыўнасць (гл. Спектраскапія). Даныя, атрыманыя пры вывучэнні М.с., дазваляюць вызначыць структуру малекул, а таксама выкарыстоўваюцца для спектральнага аналізу рэчываў.

Літ.:

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962.

К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАС-СПЕКТРАМЕ́ТРЫЯ, мас-спектраскапія, мас-спектральны аналіз,

фізічны метад даследавання рэчыва, заснаваны на вызначэнні масы часціц, што ўтвараюцца пры іанізацыі малекул. Пачатак развіццю М.-с. дадзены англ. фізікам Дж.​Дж.​Томсанам, які прапанаваў прынцып дзеяння мас-спектрометра і атрымаў першыя мас-спектры (1910).

Пры М.-с. даследуемае рэчыва пераводзяць награваннем ці інш. спосабам у лятучы стан для атрымання малекулярнага пучка, на які ўздзейнічаюць іанізавальным выпрамяненнем. У выніку ўзаемадзеяння нейтральных малекул з выпрамяненнем утвараецца пучок дадатна зараджаных часціц (іонаў) і нейтральных фрагментаў малекул рознай малекулярнай масы і атамнага саставу. Пры аднолькавых умовах выпрамянення колькасць дадатна зараджаных часціц рознага саставу, што ўтвараюцца пры іанізацыі, з’яўляецца велічынёй пастаяннай і залежыць толькі ад будовы малекул рэчыва. Раздзяленне сумарнага патоку часціц на патокі часціц з аднолькавай малекулярнай масай і вымярэнне токаў раздзеленых іонаў ажыццяўляюць з дапамогай мас-спектральных прылад. Найб. шырока М.-с. выкарыстоўваюць у арган. хіміі для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў (па мас-спектрах), вызначэння малекулярнай масы, элементнага і ізатопнага саставу рэчыва, якаснага і колькаснага аналізу складаных сумесей арган. злучэнняў.

Літ.:

Вульфсон Н.С., Заикин В.Г., Микая А.И. Масс-спектрометрия органических соединений. М., 1986;

Чепмен Д. Практическая органическая масс-спектрометрия: Пер. с англ. М., 1988.

В.​П.​Собач.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТА́ЎНІЦКІЯ СЕМІНА́РЫІ,

спецыяльныя пед. навуч. ўстановы ў 19 — пач. 20 ст., якія рыхтавалі настаўнікаў для пач. школ. У іх прымалі асоб, якія скончылі двухкласныя пачатковыя вучылішчы з 5—6-гадовым курсам. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Да 1908 былі толькі мужчынскія Н.с. Выкладаліся багаслоўскія дысцыпліны, рус. мова і л-ра, прыродазнаўства, фізіка, чарчэнне, музыка і спевы, методыка выкладання ў пач. школе і інш. Пры Н.с. дзейнічалі ўзорныя пач. вучылішчы, у якіх семінарысты праходзілі пед. практыку. Першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя дзейнічала ў 1834—39. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты 4 мужчынскія Н.с.: Маладзечанская настаўніцкая семінарыя (першая на тэр. Рас. імперыі), Полацкая (1872), Нясвіжская (1875), Свіслацкая (1876). На пач. 20 ст. адкрыты яшчэ 5 Н.с.: мужчынская ў Рагачове (1909), жаночыя ў Оршы (1911), Барысаве і Гомелі (1915), Бабруйску (1916). У 1-ю сусв. вайну Маладзечанская, Нясвіжская і Свіслацкая Н.с. эвакуіраваны ў Расію. У чэрв. 1917 Н.с. прыраўнаваны да сярэдніх навуч. устаноў (гімназій і рэальных вучылішчаў), пераўтвораны ў навуч. ўстановы змешанага тыпу, пры паступленні адменены ўсе абмежаванні. Уведзена выкладанне замежных моў, сусв. гісторыі, геаграфіі і інш. У 1919 пераўтвораны ў 3-гадовыя пед. курсы, у 1920-я г. — у пед. тэхнікумы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх атамы вугляроду злучаны толькі простымі (ардынарнымі) сувязямі. Да Н.з. адносяцца насычаныя вуглевадароды ацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні) і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні), а таксама іх вытворныя: спірты, альдэгіды, к-ты, аміны і інш.

Алканы — ацыклічныя (аліфатычныя) насычаныя вуглевадароды ўтвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n+2, які складаецца з вуглевадародаў неразгалінаванай (нармальнай) будовы і іх ізамераў. Ніжэйшыя члены рада з 1—4 атамамі вугляроду ў малекуле: метан, этан, прапан, бутаны — газы без колеру і паху, з 5—17 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках.

З’яўляюцца найменш рэакцыйназдольнымі арган. злучэннямі, чым абумоўлена інш. назва алканаў — парафіны (ад лац. parum — мала і affinis — роднасць). Узаемадзейнічаюць з фторам, хлорам, бромам, пры награванні — з дымнай сернай і азотнай к-тамі. Пры т-ры вышэй за 400 °C адбываецца крэкінг алканаў. У прам-сці атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты і прыроднага газу, а таксама вугалю і гаручых сланцаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў саставе маторнага і рэактыўнага паліва, як сыравіну для хім. і нафтахім. прам-сці, растваральнікі, цвёрдыя (парафін, цэрэзін) — у вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, сінт валокнаў.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРЭАЛІ́ЗМ у філасофіі,

кірунак у англа-амерыканскай філасофіі пач. 20 ст. Сфарміраваўся пад уплывам шатландскай школы, філасофіі Ф.Брэнтана, А.​Мейнанга (Аўстрыя), ранняга Б.Расела як рэакцыя на суб’ектыўны ідэалізм прагматызму і аб’ектыўны ідэалізм англ. неагегельянства. Тэарэтыка-пазнавальныя прынцыпы сфармуляваны англ. філосафам Дж.​Мурам у арт. «Абвяржэнне ідэалізму» (1903) і развіты ў ЗША Р.​Перы, У.​Монтэгю, У.​Марвінам, Э.​Сполдынгам, У.​Піткінам, Э.​Холтам («Праграма і першая платформа шасці рэалістаў», 1910). У тэорыі пазнання Н. сцвярджае, што пазнавальны аб’ект можа непасрэдна «ўваходзіць» у свядомасць суб’екта, але пры гэтым не залежыць ад пазнання ў адносінах свайго існавання і прыроды («тэорыя іманентнасці незалежнага»). У анталогіі прызнае 2 формы аб’ектыўнага існавання: прасторава-часавую або толькі часавую (уласціва адпаведна фіз. і псіхічным з’явам і аб’ектам) і ідэальнае існаванне па-за прасторай і часам (агульныя паняцці і матэм. аб’екты), а таксама незалежнасць рэчаў ад тых адносін, у якія яны ўступаюць («тэорыя знешніх адносін»), «Касмалагічны» кірунак Н. прадстаўлены тэорыяй «эмерджментнай эвалюцыі» С.​Александэра (Вялікабрытанія), «філасофіяй працэсу» А.​Уайтхеда, халізмам Я.​Смэтса. У 1930-х г. Н. страціў уплыў; на змену яму прыйшоў крытычны рэалізм.

В.​В.​Філіпава.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 10​3—10​6 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл. Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.

Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10​−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёу.

т. 11, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕРА-БАЛЕ́Т (франц. opera-ballet),

музычна-тэатральны жанр. Склаўся ў Францыі на мяжы 17—18 ст. Яе вытокі ў прыдворным балеце 16 ст., камедыях-балетах, створаных Ж.​Б.​Люлі разам з Мальерам і інш. О.-б. вылучаюцца маляўнічасцю і дэкаратыўнасцю. Звычайна ўключаюць пралог і 3—4 карціны, сюжэтна амаль не звязаныя, падпарадкаваныя толькі агульнай ідэі твора, у іх танцы чаргуюцца з рэчытатывамі, арыямі, ансамблямі і інш. опернымі формамі. У адрозненне ад прыдворных балетаў і лірычных трагедый з алегарычнымі і міфал. сюжэтамі ў О.-б. часта ўвасоблены вобразы рэальных асоб. Найб. яскравыя ўзоры О.-б. створаны А.​Кампра («Галантная Еўропа», 1697; «Каханне Марса і Венеры», 1712), Ж.​Ф.​Рамо («Галантная Індыя», 1735; «Святкаванні Гебы», 1739, і інш.). Сярод твораў 19—20 ст.: «Перамога Вакха» А.​Даргамыжскага (1848), «Млада» М.​Рымскага-Корсакава (1890), «Снежная каралева» М.​Раўхвергера (1965), «Тэатр цудаў» Г.​В.​Генцэ (1948, 2-я рэд. 1965), «Давід Сасунскі» Э.​Аганесяна (1976), «Вій» В.​Губарэнкі (1980). На Беларусі О.-б. ставіліся ў прыватнаўласніцкіх т-рах сярэдзіны 18 ст., у т. л. «Шчаслівае няшчасце» Ф.​У.​Радзівіл у Нясвіжскім т-ры Радзівілаў (1752).

т. 11, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́НЫ (ад польск. pogon жгут, шнур),

наплечныя знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых і некат. катэгорый служачых. Паказваюць персанальныя званні, а ў ваеннаслужачых таксама прыналежнасць да віду ўзбр. сіл (роду войск, спец. войск, службаў). Правобразам П. былі метал. пласціны, якія прыкрывалі плечы кавалерыстаў ад шабельных удараў. У пач. 18 ст. замест іх з’явіліся П. як знакі адрознення, якія спачатку насілі толькі на адным (левым) плячы, потым на двух плячах. У арміях ВКЛ і Расіі П. ўведзены ў сярэдзіне 18 ст., ва Узбр. Сілах СССР — у 1943. Захаваліся ва Узбр. Сілах і інш. сілавых структурах (КДБ, МУС) Рэспублікі Беларусь.

Пагоны афіцэраў і прапаршчыкаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — палкоўнік, 2 — падпалкоўнік); да штодзённай формы адзення (3 — маёр, 4 — капітан, 5 — старшы лейтэнант, 6 — лейтэнант); да палявой формы адзення (7 — малодшы лейтэнант, 8 — старшы прапаршчык, 9 — прапаршчык).
Пагоны салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, курсантаў ваенна-навучальных устаноў, ваеннаслужачых тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — старшына, 2 — курсант—старшы сяржант); да штодзённай формы адзення (3 — сяржант, 4 — курсант—малодшы сяржант); да палявой формы адзення (5 — яфрэйтар, 6 — радавы, 7 — курсант).

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ у вылічальнай тэхніцы,

функцыянальная частка вылічальнай машыны для запісу, захоўвання і счытвання інфармацыі. Ствараецца на базе розных запамінальных прыстасаванняў. Асн. элементы: носьбіт інфармацыі, блок кіравання (выконвае пошук месца на носьбіце, запісвае і счытвае інфармацыю) і канал сувязі П. з інш. блокамі ЭВМ. Асн. параметры: аб’ём і час доступу для запісу ці счытвання інфармацыі.

П. сучасных ЭВМ мае шматступеньчатую іерархічную структуру. што забяспечвае спалучэнне вял. ёмістасці і высокага хуткадзеяння. У іерархію П. ўваходзяць: знешняя П. вял. ёмістасці на аптычных дысках, магнітных дысках, барабанах, стужках і інш.; унутраная, ці аператыўная П. (мае адносна невял. аб’ём і вял. хуткадзеянне); звышаператыўная П. (кэш-П., П. неадкладнага доступу, мае час доступу, значна меншы за час доступу да аператыўнай П., і служыць буферам паміж працэсарам і аператыўнай П.); рэгістры — запамінальныя прыстасаванні аб’ёмам 1 слова ў розных блоках працэсара; пастаянная П. (доўгачасовая, аднабаковая) для захоўвання канстант, падпраграм і мікрапраграм; буферная П. як прамежкавае звяно паміж запамінальнымі прыстасаваннямі розных узроўняў ЭВМ. Пры праграмаванні складаных задач аперацыйная сістэма забяспечвае рэжым віртуальнай П., калі П. падзяляецца на асобныя старонкі і кожнаму карыстальніку аддаецца адвольны аб’ём П., незалежны ад рэальнага аб’ёму асн. П. ЭВМ і абмежаваны толькі разраднасцю адрасоў у камандах.

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)