Разя́ва, разява́ка ’няўважлівы чалавек’ (ТСБМ), разе́ва, разёва, розя́ва, раззёва, роззя́ва ’хто няўважлівы’ (віл., шчуч., лід., дзятл., беласт., ваўк., Сл. ПЗБ; Скарбы, Сцяшк. Сл., ТС), разявёня ’разява’ (Янк. 2), разяво́н ’разява’ (Юрч.), разява́ка ’разява’ (брасл., Сл. ПЗБ), разяве́ня ’някемлівы’ (Сцяшк. Сл.), разява́ты ’някемлівы, нецямлівы’ (Янк.), разяво́нічка ’разява’ (Юрч. СНЛ). Ад разя́віць (гл.). Звычайна разглядаецца як вытворнае ад зява́ць (гл.). Непадаўжэнне ‑з‑ магчыма ў выніку дээтымалагізацыі слова. Або можна меркаваць, што быў нейкі корань *inąti, *jati. Такім чынам, утворана аналагічна да рус. рази́ня, якое з *orz‑ і *žinǫti (Фасмер, 3, 434).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руле́т ’кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы’, ’ежа з сечанага мяса ці бульбы з якой-небудзь начынкай, запечаная ў выглядзе прадаўгаватага кавалка, звычайна акруглай формы’, ’пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай’ (ТСБМ). Рус., укр. руле́т, балг. руле́т, ру́ло, рулад. З заходнееўрапейскіх моў, крыніца распаўсюджання — франц. roulette ’колца; ролік; рулетка’ < rouler ’каціць; катаць; скочваць’. Чаму ў пералічаных славянскіх мовах значэнне ’рулет’ атрымала франц. roulette ’кольца’, а не roulade ’рулет’ (> ням. Roulade ’рулет’) — невядома, магчыма, таму, што скрылёк рулета нагадвае кола (Чарных, 2, 127).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сціха́ць ’супакойвацца, сунімацца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ), сці́хнуць ’перастаць, суняцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), сці́хці ’тс’ (Стан.), сюды ж з іншым варыянтам асновы сціша́ць ’супакоіцца’, сцішэ́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ), сціша́ць ’змяншаць, сунімаць’ (ТС), прыслоўе (дзеепрыслоўе?) сці́ха ’ціха (у песнях)’: це́пла рэ́чка невелі́чка, це́кла вона́ сці́ха (ПСл), ’ціхенька, паціху’ (Нас., Бяльк.), сці́ха ’тс’ (Барад.; ашм., Стан.), якія звычайна разглядаюцца як утвораныя ад прыметнікаў ці назоўнікаў у Р. скл. з прыст. с‑, гл. Карскі 2–3, 75; Шуба, Прыслоўе, 126 і наст. Гл. ціхі, ціш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сёй-той ‘некаторыя (нямногія) людзі’ (ТСБМ). Спалучэнне ўказальных займеннікаў, што ўзыходзяць да *sь (гл. сей) і *tъ (гл. той). Сёй з сей пад уплывам той, з якім звычайна спалучаецца ў сказе, у тым ліку і ў самастойным ужыванні (Карскі 2–3, 342), аналагічна сёе‑тое ‘нямногае, нешта, некаторыя рэчы’ (ТСБМ), сёя‑тоя ‘што-небудзь’ (Сл. ПЗБ), параўн. i siòje, i tòje (Федар. 4), сё й то (ТС), але сей год, да сего́ дажыўся (Ян.). Пераход е > ё тлумачаць уздзеяннем націску (гл. ESSJ SG, 2, 618), параўн. аднак ні сёго́ ні того́ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту-га́, туга́ ‘вокрык, якім адганяюць ваўка’ (круп., Нар. сл., Шат.): туга́ ваўка! ‘тс’ (мсцісл., З нар. сл.), туга́‑туга́ ‘тс’ (Мова Сен.). Складанае выклічнікавае выслоўе, у якім выклічнік ту1 (гл.) мае шырокае эмацыянальнае значэнне, параўн. ату́, агату́ (Некр. і Байк.), звычайна з мэтай напалохаць, скіраваць увагу; паводле Германовіча (Междомет., 53), гэта прыслоўе ту2 ‘тут’. Выклічнік га (гл.) адносіцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, вядомых у розных індаеўрапейскіх мовах у якасці адгоннага ці пагоннага слова (Смаль-Стоцкі, Приміт., 26). Параўн. цюга (гл.), рус. дыл. ту́га ‘слова, якім адганяюць кароў’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВА́ПНАВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

унясенне ў глебу вапнавых угнаенняў; спосаб хім. меліярацыі кіслых глеб. Шырока выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад залішняй кіслотнасці на падзолістых, балотных, шэрых лясных глебах, чырваназёмах і ападзоленых чарназёмах. Звычайна іх вапнуюць праз 5—6 гадоў, 1 раз у ратацыю севазвароту летам або восенню. Нормы ўнясення вапнавых угнаенняў залежаць ад кіслотнасці глебы, яе грануламетрычнага саставу, асаблівасцей культуры (напр., лубін дрэнна пераносіць вапнаванне глебы). На тарфяных глебах дозы ўнясення вапны павялічваюцца ў 1,5 раза. На Беларусі каля 85% ворных зямель патрабуюць вапнавання. Дозы вапнавых угнаенняў устанаўліваюцца па спец. картаграмах кіслотнасці глеб.

Пры аднолькавай ступені кіслотнасці на пясчаных глебах на 1 га ўносіцца 2 т, на гліністых — да 9 т вапнавых матэрыялаў. З агароднінных культур вапнаванне эфектыўнае для буракоў, капусты, часнаку, салаты, шпінату і сельдэрэю, морквы, агуркоў, фасолі, рэпы, цвятной капусты і бручкі; менш эфектыўнае вапнаванне для радыскі, рэдзькі, кабачкоў і памідораў.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАРУХАВІ́К,

рухавік, які пераўтварае кінетычную энергію ветру ў мех. энергію вярчальнага вала. Ветрарухавікі бываюць: крыльчатыя (найб. пашыраныя, звычайна з гарыз. воссю вярчэння, каэф. выкарыстання энергіі ветру да 0,48); карусельныя, або ротарныя (пераважна з верт. воссю, каэф. да 0,32); барабанныя. Ветрарухавік з прываднымі механізмамі ўтварае ветраагрэгат. Выкарыстоўваецца ў ветраэнергетычных устаноўках, ветраэлектрычных станцыях, ветраках і інш.

Асн. частка ветрарухавіка — ветракола (барабан з лопасцямі, ротар), якое аўтаматычна ўстанаўліваецца па напрамку ветру хваставым апярэннем. Вярчэнне ветракола праз рэдуктар перадаецца з дапамогай прывадной штангі ніжняму рэдуктару, а ад яго — рабочаму механізму (водападымальніку, генератару і інш.). Адрозніваюць ветрарухавікі: быстраходны (ветракола мае менш як 4 лопасці), сярэдняй быстраходнасці (4—8 лопасцей), ціхаходны (больш за 8). Тэорыю ветрарухавіка распрацаваў у 1912—22 рус. вучоны М.​Я.​Жукоўскі, развівалі яе У.​П.​Вятчынкін, А.​Г.​Уфімцаў і інш.

Ветрарухавік: 1 — ветраное кола; 2 — хваставое апярэнне; 3 — мачта; 4 — ніжні рэдуктар; 5 — рабочае прыстасаванне.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАВА́,

1) старадаўняя халодная зброя блізкага бою. Мела форму паліцы (даўж. каля 0,5—0,6 м) з каменнай або металічнай галоўкай. Дзяржанне звычайна драўлянае з накладнымі металічнымі пласцінамі. Шырока выкарыстоўвалася ў краінах Стараж. Усходу ў сярэднія вякі, на Русі ў 13—17 ст. На Беларусі паводле археал. раскопак вядомая з канца неаліту, у бронзавым веку булавы выраблялі з каменнай або касцяной галоўкай шарападобнай або 4-раговай формы, з 10—11 ст. — бронзавыя, свінцовыя і жалезныя булавы разнастайнай формы.

2) У краінах Усходу, Зах. Еўропы з 13 ст., у Рус. дзяржаве, Вял. кн. Літоўскім, Рэчы Паспалітай з 15 ст., у запарожскіх казакоў у 16—18 ст. — сімвал улады. Б. аздаблялі каштоўнымі камянямі і металамі. У скарбніцы нясвіжскіх Радзівілаў у 17 ст. захоўвалася Б. «гетманская, апраўленая золатам, бірузой і рубінамі».

3) Прылада для практыкаванняў у мастацкай гімнастыцы.

Булава 10—13 ст. з Гродна.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНІ́ (Gordiacea),

клас першаснаполасцевых чарвей. 2 атр., 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных водах ад тропікаў да тундры. Паразіты насякомых і ракападобных. На Беларусі ў канавах, сажалках і азёрах найб. пашыраны валасень звычайны (Gordius aquaticus).

Даўж. ад некалькіх сантыметраў да 1,5 м. Цела шорсткае, воласападобнае (адсюль нар. назвы жывы волас, конскі волас), жоўтае, цёмна-карычневае, амаль чорнае, укрытае кутыкулай. Кішэчнік часткова рэдукаваны (у целе жывёлы-гаспадара жывяцца асматычнай Выдзяляльная, дыхальная і крывяносная сістэмы адсутнічаюць. Раздзельнаполыя. Лічынкі валаснёў — паразіты, у развіцці зменьваюць 2 прамежкавых гаспадароў (лічынкі матылёў, аўсянікаў, камароў і буйныя членістаногія — драпежныя жукі). У канчатковым гаспадару вырастаюць у дарослых чарвей, праз покрыва цела выходзяць у навакольнае асяроддзе (гаспадар звычайна гіне). У скуру чалавека і пазваночных жывёл не ўкараняюцца.

Валасень звычайны: 1 — дарослы; 2 — галаўны канец; 3 — задні канец самца; 4 — лічынка ў яйцавай абалонцы і без яе.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́Н (Musa),

род кветкавых раслін сям. бананавых. Больш за 40 відаў. Радзіма — трапічная Азія, Акіянія, Паўн. Аўстралія. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных краінах. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН. Найб. вядомыя банан райскі (Musa paradisiaca), дэсертны (Musa sapientum), тэкстыльны, або абака (Musa textilis), японскі (Musa basjoo) і інш.

Шматгадовыя дрэвападобныя травяністыя расліны з магутным карэнішчам, пакарочаным сцяблом і несапраўдным трубчастым ствалом выш. да 15 м, які ўтвараюць похвы лістоў. Лісце даўж. да 6 м, суцэльнае. Кветкі звычайна аднаполыя, няправільныя, сабраныя ў звіслы складаны колас. Плады буйныя, рабрыстыя, падоўжаныя серпападобныя або кароткія авальныя ягады (ядомыя, маюць цукар, крухмал, бялкі, таніды і карацін), з іх гатуюць алкагольныя і кандытарскія вырабы, кансервы і інш. харч. прадукты, з лісця вырабляюць валакно — т.зв. манільскую пяньку. Лек. (у пладах і кветках ёсць антыбіётыкі; слабіцельны, страўнікавы, антыдыябетычны і антыгельмінтны сродак), кармавыя і дэкар. расліны.

Банан.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)