у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 12,5 тыс.км². Нас. 791 тыс.чал. (1997), гарадскога 67%. Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км². Жывуць кабардзінцы (48,2%), балкарцы (9,4%), рускія (31,9%), украінцы (1,7%), асеціны (1,3%) і інш. Сталіца — г.Нальчык. Найб. гарады: Прахладны, Тырныауз, Баксан, Майскі.
Прырода. К.-Б. размешчана на Паўн. Каўказе. Паводле характару рэльефу падзяляецца на 3 часткі: раўнінную, перадгорную і горную. На Пн размешчана Кабардзінская раўніна, якая на Пд і ПдЗ спадзіста падымаецца да выш. 500—600 м, потым пераходзіць у горы. Перадгор’і і горы займаюць 2/3тэр. рэспублікі. Найб. вышыні Вял. Каўказа знаходзяцца ў межах Бакавога і Гал. хрыбтоў: Эльбрус (5642 м), Дыхтау (5203 м), Шхара (5058 м), Суган (4489 м) і інш. На схілах гор — ледавікі (Безенгі, Дыхсу і інш.; пл. каля 140 км²). Карысныя выкапні: вальфрама-малібдэнавыя, свінцова-цынкавыя і свінцова-сурмяныя руды, жал. руды з прымесямі хрому, нікелю, кобальту, мыш’яку, каменны вугаль, буд. матэрыялы (туф, граніт, мармур, гіпс, вапняк, гліны). Мінер. крыніцы (больш за 100), невял. запасы нафты. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C на раўніне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна ад 23 °C да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 400 мм на раўніне да 800 мм у гарах. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, належаць да бас. Церака (Церак, Урух, Лескен, Чэрэк, Баксан, Малка, Чэгем). Глебы на раўнінах чарназёмныя і каштанавыя, у далінах рэк лугавыя, у гарах горна-лугавыя. Расліннасць разнастайная (каля 3 тыс. відаў), пад лясамі каля 16% тэр. рэспублікі. Раўнінная стэпавая расліннасць змяняецца ў гарах шыракалістымі (пераважна бук, граб, дуб) лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Кабардзіна-Балкарскі высакагорны запаведнік, нац. парк Прыэльбруссе.
Гісторыя. Тэр. К.-Б. заселена з часоў палеаліту. З ранняга жал. веку тут вядомы элементы культуры скіфаў і сарматаў. У далейшым яны і аланы моцна паўплывалі на продкаў адыгейскага, кабардзінскага і чэркескага народаў (сіндаў, меотаў, зіхаў, керкетаў), вядомых пад агульнай назвай адыгаў. У 5 ст. да н.э. меоты і сінды ўтварылі раннерабаўладальніцкую дзяржаву Сіндыка, якая пазней увайшла ў Баспорскую дзяржаву. Нашэсце гунаў у 4 ст.н.э. прывяло да заняпаду гасп. і культ. жыцця ўсіх адыгскіх плямён. Балкарскі народ утварыўся ў выніку змяшэння паўн.-каўк. і аланскіх плямён з балгарамі (гл.Балгарыя Волжска-Камская) і кіпчакамі, што аселі ў перадгор’ях Каўказа. У пач. 13 ст. ў выніку манг.-тат. нашэсця тэр. сучасных Кабарды і Балкарыі спустошана, частка насельніцтва знішчана; продкі балкарцаў пасля працяглай і ўпартай барацьбы адцеснены ў горы. У 13—14 ст. частка адыгаў пад назвай кабардзінцаў заняла сучасную тэрыторыю іх рассялення. Землі К.-Б. знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай заняволення крымскімі ханамі. У 1557 Кабарда добраахвотна ўвайшла ў склад Рус. дзяржавы. У 1827 завяршылася далучэнне да Расіі Балкарыі. Прыгонніцкая эксплуатацыя неаднойчы выклікала сял. хваляванні (1767, 1804, 1837, 1838, 1854). У 1860-я г. Кабарда і Балкарыя ўключаны ў склад Церскай вобл. У 1867 тут адменена прыгоннае права. Сав. ўлада абвешчана ў сак. 1918 на 1-м Нар. з’ездзе Саветаў у Нальчыку. У 1918—20 на тэр. К.-Б. адбываліся баі паміж «белымі» і «чырвонымі». Сав. ўлада адноўлена 24.3.1920. У студз. 1921 Кабарда і Балкарыя ўключаны ў Горскую АССР на правах акруг. 1.9.1921 у складзе РСФСР створана Кабардзінская аўт.вобл., 16.1.1922 — аб’яднаная Кабардзіна-Балкарская аўт.вобл., 5.12.1936 — Кабардзіна-Балкарская АССР. У Вял.Айч. вайну на тэр. К.-Б. ішлі цяжкія баі (жн.—снеж. 1942). У 1944 балкары, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з ням.фаш. захопнікамі, пазбаўлены аўтаноміі і прымусова выселены са сваёй тэрыторыі, рэспубліка стала наз. Кабардзінская АССР. Пасля рэабілітацыі ў 1957 Кабардзіна-Балкарская АССР адноўлена. У студз. 1991 Вярх. Савет К.-Б. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у лют. 1992 — аб назве Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка, у сак. падпісаў федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй. У 1993 уведзена пасада прэзідэнта.
Гаспадарка. К.-Б. — раён з развітой шматгаліновай прам-сцю, у т. л.маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць тэлемех., высока- і нізкавольтнай апаратуры, станкоў, кабелю, алмазных інструментаў, рэнтгенаапаратуры, аўтазапчастак Важнае значэнне мае каляровая металургія (Тырныаузскі вальфрама-малібдэнавы камбінат і гідраметалургічны з-ду Нальчыку). Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв-сцю швейных вырабаў, верхняга трыкатажу, дываноў, скураной галантарэі, харчовая — мясной, масла- і сыраробнай, кандытарскай, кансервавай, крухмальнай галінамі. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, буд. кераміка, цэгла, цэмент) і мэблі. Паліўна-энергет. комплекс уключае Баксанскую і Акбашскую ГЭС, ЦЭЦ (Нальчык). Вытв-сць электраэнергіі 0,1 млрд.кВт∙гадз (1995). Пад с.-г. ўгоддзямі 700 тыс.га. У структуры с.-г. угоддзяў асн.ч. займаюць ворныя землі і горныя пашы (па 45%). Земляробства спалучае паляводства, агародніцтва, садоўніцтва і вінаградарства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, авёс, ячмень, проса), кармавыя і тэхн. (сланечнік, кенаф) культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых — 414, сланечніку — 24, бульбы — 89. Развіваецца арашальнае земляробства. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 248,4, свіней — 39,8. Развіта племянная конегадоўля (кабардзінская парода коней). У грузаабароце гал. роля належыць аўтамаб. транспарту. Праз К.-Б. праходзіць аўтамагістраль Масква—Баку. Нальчык звязаны аўтадарогамі з гарадамі Уладзікаўказ, Стаўрапаль, Грозны. Махачкала, Пяцігорск, Мінеральныя Воды, Краснадар і інш. Рэспубліку перасякае Паўн.-Каўказская чыгунка з адгалінаваннямі на Нальчык і Гудэрмес; працягласць чыгункі 133 км. К.-Б. — адзін з асн. раёнаў альпінізму і гарналыжнага спорту ў Расіі. Бальнеалагічны і горнакліматычныя курорты. На тэр. рэспублікі ў 1995 засн. свабодная эканам. зона «Кабардзіна-Балкарыя».
Літаратура. Фальклор кабардзінцаў і балкарцаў прадстаўлены песнямі, казкамі, гіст.-міфалагічным нарцкім эпасам. У 19 ст. паэт Ш.Ногмаў склаў азбуку і граматыку кабардзіна-чэркескай мовы, напісаў «Гісторыю адыхейскага народа». У 1864 асветнік Казы Атажукін выдаў першую кнігу на кабардзіна-чэркескай мове. Зарадзілася гіст.-этнагр. і публіцыстычная л-ра, якая стваралася на рус. мове (С.Казы-Гірэй, С.Хан-Гірэй, Ю.Ахметукаў, С.Урусбіеў). Пачынальнікі кабардзінскай л-ры — паэты Б.Пачаў, П.Кешокаў, балкарскай — паэт К.Мечыеў. У 1923 уведзена пісьменнасць на кабардзіна-чэркескай, у 1924 — на карачаева-балкарскай мовах. У л-ры К.-Б. 1920—30-х г. пераважала паэзія (раман у вершах кабардзінца Алі Шагенцукава «Камбот і Ляца», паэмы Пачава, П.Кешокава, песні і вершы балкарцаў Б.Гуртуева, А.Будаева). У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К.-Б. З 1930-х г. развіваюцца проза і драматургія (аповесці і п’есы кабардзінцаў С.Кажаева, З.Аксірава, Дж.Налоева, балкарцаў Р.Геляева, Гуртуева). У пасляваен. гады загучала грамадз. лірыка кабардзінцаў А.Кешокава. Адама Шагенцукава, Б.Куашава, балкарцаў К.Куліева, К.Атарава. Першыя буйныя празаічныя творы ў кабардзінскай л-ры — раман А.Шартанава «Горцы» (кн. 1—2, 1954—75), дылогія А.Кешокава «Вяршыні не спяць» (кн. 1—2, 1960—66). Пашырылася тэматычная і жанравая разнастайнасць твораў; проза кабардзінцаў Адама Шагенцукава, Х.Тэунава, К.Эльгара. А.Шамахава, А.Налоева, балкарцаў А.Тэпеева, Ж.Заліханава, А.Этэзава, Х.Каціева, драматургія кабардзінцаў З.Аксірава, Шартанава, П.Місакава, М.Тубаева, балкарцаў І.Баташава, Тэпеева, паэзія кабардзінцаў А.Кешокава, Б.Куашава, З.Тхагадзітава, балкарцаў Куліева, Т.Зумакулавай, С.Макітава, Атарава. Развіваюцца літ.знаўства і крытыка. На бел мове выдадзены асобныя творы Баташава, Зумакулавай, А.Кешокава, Куліева, Шагенцукава ў перакладах М.Танка, А.Куляшова, А.Вольскага, Р.Барадуліна, І.Калесніка, К.Камейшы, В.Лукшы, Л.Салаўя, У.Шахаўца.
Архітэктура і мастацтва. Ад эпохі неаліту і ранняга бронз. веку вядомы кераміка і метал вырабы кобанскай і скіфа-сармацкай культуры. Захаваліся розначасовыя курганы, могільнікі, склепы (падкурганная грабніца каля Нальчыка. 3-е тыс. да н.э.), селішчы, гарадзішчы (Ніжні Джулат, Лыгыт). Ад сярэдневякоўя ў высакагорных раёнах засталіся рэшткі крапасных комплексаў (Балат-Кала, Зылгі, замак Дужабоевых і інш.), жылыя ўмацаваныя вежы (вежа Абая і інш.). У 14—19 ст. пашыраны каменныя наземныя прамавугольныя ў плане з высокім двухсхільным дахам або круглыя ці мнагагранныя з конусападобным дахам склепы-маўзалеі. Развіваліся традыц.нар. рамёствы: разьба па косці і камені, вышыўка золатам на жаночым адзенні, выраб метал. зброі, паясоў, посуду і інш., аздобленых гравіроўкай, чэрню, сканню. Балкарцы выраблялі лямцавыя дываны з уваленым геам. узорам і ўзорам з вял. рогападобных фігур. Кабардзінцы плялі цыноўкі з геам. узорам. У сярэдзіне 20 ст. створана рэгулярная планіроўка Нальчыка. Архітэктура развівалася ў агульнасав. рэчышчы. Развіваецца прафес.выяўл. мастацтва (жывапісцы М.Гусачэнка, М.Ванах; скульптары Х.Крымшамхалаў, М.Тхакумашаў; графікі В.Арленка, Г.Паштаў і інш.), дыванаткацтва. Працуе Саюз мастакоў К.-Б. (з 1968).
Музыка. Музычны фальклор кабардзінцаў і балкарцаў мае шмат агульнага. У аснове музыкі К.-Б. дыятанічныя натуральныя лады. Рытміка багатая сінкопамі і трыёлямі. Метр пераважна 2-дольны. Сярод песенных жанраў прац., абрадавыя, міфалагічныя, гісторыка-гераічныя, лірычныя песні. Сярод танцаў кафа, удж, ісламей (кабардзінскія), лірычныя цюз-тэпсеу (парны) і абзех, кругавы масавы цёгерэк-тэпсеу, голу (балкарскія). Асаблівае месца займае нарцкі эпас. Пашыраны сольна-хар. спевы і ансамблі спевакоў і інструменталістаў Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя тычапшына, жыя-кабуз, струнна-шчыпковыя пшына-дыкуакуа, кынгыр-кабуз (тып арфы), апапшына, кыл-кабуз; духавыя накыра, сырыйна (тып зурны), бжамій, сыбызгы; ударныя пхачыч, харс (бразготка), барабан; пшына (дыятанічны гармонік). Сярод нар. музыкантаў А.Хаўпачаў, І.Кажараў, Б.Казіеў, К.Кашыргава. У розных жанрах вылучыліся прафес. кампазітары М.Балаў, Х.Карданаў, Н.Асманаў, У.Молаў, А.Байчэкуеў, Д.Хаупа Сярод нар. спевакоў З.Кардангушаў, А.Атараў. Працуюць: Муз.т-р (з 1968), філармонія (з 1943), сімф. аркестр (з 1943), хор Дзяржтэлерадыё (з 1965), ансамбль нар. танца «Кабардзінка» (з 1965; у 1934—64 — Ансамбль песні і танца); аддзяленні Саюза кампазітараў Расіі (з 1959), муз. вучылішча (з 1956) і інш.
Літ.:
Очерки истории кабардинской литературы Нальчик, 1968;
Очерк истории балкарской литературы. Нальчик. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica),
Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica), краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пн з Нікарагуа, на ПдУ з Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3534 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.
Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка з найвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон з ліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш.Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс.ж. (1997). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.
Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тутстараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс. імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г.Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г.тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне з пач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.А.Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.
У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам з цэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.М.Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам. становішча насельніцтва.
Гаспадарка. К.-Р. — адна з найб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс.дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс.га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс.га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн.га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс.т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). З харч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн.т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс.т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр.з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн.чал. штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн.дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс.км, у т. л. 8,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. з ПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу з гал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд.дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.
Літ.:
Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;
Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Коста-Рыкі.Да арт.Коста-Рыка. Кававая плантацыя.Да арт.Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст.тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каланты́р1, кыланты́р ’пост, пікет, варта’ (Бяльк.). Фармальнае супадзенне з калантырыцца ’валаводзіцца’ дазваляе меркаваць аб магчымасці ўтварэння прамежкавых семем, аб значэнні якіх можна здагадвацца паводле полац.калантыр, калантырыць ’праводзіць час без сур’ёзных заняткаў’, адкуль, магчыма, ’збор людзей, не занятых справай і да т. п.’ Гэта, аднак, вельмі няпэўна па семантыцы, ілюстрацыя ў слоўніку пацвярджае дакладнасць дэфініцыі («Сылдаты йшлі і на кылантыр нямецкі пупалі», с. 241). Можна дапусціць магчымую сувязь з каланча ’вартавая вышка’, мяркуючы аб замене суфіксацыі. Верагоднасць такой замены давесці цяжка, семантыка слова таксама няпэўная. Фармальнае падабенства ст.-рус.калантарь, колонтарь ’кальчуга’ відавочнае, аднак семантыку двух лексем параўнаць нельга. Адзначым, што ‑н‑ у разглядаемым слове можа быць другасным (экспрэсіўны інфікс), што дазваляе фармальна параўнаць бел. слова з рус.колотыр, колотырь, але значэнне рус. слоў (’ілгун, праныра і да т. п.’) зусім іншае. Магчыма, сапсаванае карантин (Краўчук, вусн. паведамл.).
Каланты́р2 ’папрашайка’ (Мат. Маг., Нас.), колонтырка, колонтырник, колонтырнык (Нас.). Рус.кур., новааск.калантырь, аднак значэнне яго невядомае (СРНГ, 12, 335). Сухамлін (Совещание по ОЛА, 1975, 173) мяркуе аб матэрыяльным падабенстве бел.калантырка, рус.колотырка, укр.колотуха ’дакучлівая жанчына’. У рус. мове колотырь, колотыра, колотырник і да т. п. лексемы ў розных значэннях адзначаны на рознай тэрыторыі, у тым ліку і на пагранічнай да беларускай. Рус. слова лічыцца вытворным ад колотить (Праабражэнскі, 1, 337–338), што на першы погляд выклікае пярэчанні паводле семантычнага крытэрыю. Параўн., аднак, рус.колотить ’плявузгаць, пляткарыць, таргавацца, набываць з цяжкасцю’, колотиться ’прасіць; пабірацца; жабраваць; жыць у галечы; бадзяцца без справы; пляткарыць’: «Матрена все колотится, прямая колотуха» (СРНГ, 14, 184). Суфіксацыя ў разглядаем слове, відаць, экспрэсіўная, што датычыць спосабу ўтварэння, то, магчыма, спачатку быў утвораны экспрэсіўны дзеяслоў: колотить, колотырить. Бел. слова ў любым выпадку ўтворана даўно (фанетычны крытэрый), але статус яго не вельмі ясны, як гэта можна меркаваць паводле значэнняў бел.калаціць. Не выключана, што тут мела месца інфільтрацыя лексікі з сумежных рус. гаворак, аднак нельга выключыць магчымасці захавання старой слав. тэндэнцыі. Параўн. серб.-харв.кла́тити ’бадзяцца і да т. п.’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй — клата́рити се ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калані́ца1 ’калёсная мазь’ (ТСБМ, РБС–82, Сл. паўн.-зах.), каланіца ’адпрацаваная каламазь’ (Бяльк., Гарэц., Касп., Мат. Гом., Сержп., Шат.; маладз., Янк. 1; Яшк.), ’загусцелы дзёгаць’ (лаг., КЭС), ’выгарэлы ў коле дзёгаць’ (Нас.), ’размоклая дарога, багна, бруд’ (слаўг., Яшк.). Сюды ж каланічына ’месца здабывання каланіцы — дзёгцю для змазвання колаў’ (Яшк.). Укр.усх.-палес.каланіца ’мазь, якой змазваюць восі колаў і іншых дэталей у возе’, рус.зах.-бран.каланица ’дзёгаць для змазвання колаў; густы дзёгаць на колах’, пск., бран.колоница ’дзёгаць’, велікалук., пск. ’дзёгаць самай дрэннай якасці’, пск. ’ачышчаны дзёгаць’, халмаг., пск. ’дзёгаць для змазвання колаў’, апоч., пск. ’вадкі сасновы дзёгаць, смала’, смал., кур. ’дзёгаць, змешаны з пылам на колах і восях’, кур., дан., варонеж.колоника ’дзёгаць, смала, змешаная з пылам на колах і восях’, бран., смал., арл., калуж. ’найбольш дрэнны гатунак дзёгцю’. Лексема адзначана ў розных бел. гаворках, апрача паўдн.-зах. Разам з тым лінгвагеаграфічны крытэрый у канкрэтным выпадку не вельмі істотны, паколькі ілюстрацыі ў слоўніках сведчаць аб культурным характары слова, што дапускае яго лёгкае пранікненне ў розныя гаворкі. Паходжанне слова не вельмі яснае: магчыма, найбольш верагодным з’яўляецца найпрасцейшы варыянт — утварэнне ад кола (Даль) з суфіксам ‑ніца (‑ніка ў рус. прыкладах), гістарычна, відаць, складаным. Пацвердзіць такі варыянт тлумачэння можа рус.калін.колесня ’калёсная мазь’. Распаўсюджанне слова на ўсх.-слав. тэрыторыю сведчыць пра сумесную бел.-рус. інавацыю або, калі гэта позняе ўтварэнне, толькі пра бел. інавацыю (у рус. гаворках коло, паводле Даля, адзначаецца ў бел. і ўкр. зонах). Іншыя версіі, якія можна прапанаваць (аб сувязі з каліць, каляць ’змазваць’, або каляны ’запэцканы’, або каліць : акаліна ’нагар’), менш верагодныя, паколькі патрабуюць дапушчэння нерэгулярных фанетычных змен і не вельмі надзейныя паводле семантычнага крытэрыю. Аднак і вышэй прапанавання інтэрпрэтацыя словаўтварэння не бездакорная. У бел. гаворках таксама адзначана колоница «прямостороннее ведрышко для дегтя» (Нік. Очерк.). Калі параўнаць гэта слова з рус.деготница, мазница, можна дапусціць, што яно ўтворана такім жа чынам. Рус. лексемы двухсэнсоўныя па магчымай дэрывацыі, тут або вытворныя ад деготь і мазь, або семантычныя кандэнсаты. Калі дапускаць апошняе, для разглядаемага слова можна рэканструяваць рус. значэнне ’калонная мазь’, для колонна, колонка тэхнічны тэрмін у дзягцярнай справе.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Наводліў ’наводмаш’ (ТСБМ), навотліў ’тс’ (калінк., З нар. сл.), наўотліў: «паганымі рукамі рву [завітку] наўотліў — направа ці налева, толькі не ўверх» (хойн., Полес. этнолингвист. сб. М., 1983, 100), навотляў ’наводліў, наводмаш’ (карэл., Нар. лекс.), навотляй (лях., Янк. Мат.), навотля, наотля ’наводмаш; наадварот, не так, як трэба; ад сябе’ (гродз., Сцяшк. Сл.), навотля, навотлю ’наводмаш; на адлегласці’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, навотвіль, наотвіль ’наводмаш’ (ТС), навотляг (стаўбц., Жыв. сл.), навотлях (слонім., Нар. лекс.), na wodlach ’тс’ (Федар. II, 159). Параўн. укр.навідлі, навідлів, навідліг, наодлів ’наводмаш’, польск.naodlew, na odlew ’з левага боку, левай рукой’. Існуе некалькі версій паходжання названага слова: ад ле́вы, параўн. польск.odlew ’з левай рукі, левай рукой; перан. махнуўшы рукой ад сябе, адным замахам’ (Варш. сл.), такой версіі адносна бел.навотліў, навотлю прытрымліваецца Шуба (Прыслоўе, 114), які лічыць іх прыставачна-суфіксальнымі; або ад ліць, як лічыць Брукнер (289), для польск. слова, г. зн. на‑(в)од‑ліў, як на‑(в)од‑маш (ад махаць), на‑(в)од‑шыб (ад шыбаць) і г. д. Не выключае, што тут мы маем справу з узаемаўплывам розных па паходжанні слоў, пра што можа сведчыць спецыфічнае для польск.odlew значэнне ’ад сябе, праз руку’, зафіксаванае ў слоўніку Ольгебранта (у т. зв. Віленскім слоўніку): lać do szklanki na odlew, што, відаць, адлюстроўвае праз т. зв. пальшчызну крэсову ўплыў беларускай мовы. У такім выпадку частка аднесеных сюды слоў можа мець іншае паходжанне: наводлег, навотлях ад легчы, ляжаць (< на‑од‑лег), навотвіль, наотвіль ад віляць і г. д. Улічваючы магічны сэнс розных кірункаў дзеяння (параўн., напрыклад, адліванне, адкідванне хваробы ў знахарскай практыцы), перш за ўсё з мэтай засцярогі («Серпа, косу откідалі от себе, ек грымело», ТС, 3, 280), а таксама недапушчальнасць з пункту погляду народнай этыкі наліваць каму-небудзь ад сябе (што павінна сведчыць пра злыя намеры), можна прыняць для наводліў другую версію. Параўн. таксама Журэк, JP, 57, 1977, 36–38 (польск. na odlew — пра замах шабляй з левага боку).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жураве́ль1 ’птушка Grus grus’, жура́ў (ТСБМ), жураве́й (зэльв., Сцяц.), жо́равель, жура́ўль, жораў (Сл. паўн.-зах.). Рус.жура́вль, пск., пецярб., арханг., алан., валаг., цвяр., маск., дан., наўг., смал., пск., калуж., тул.жу́ра́в, уладз.жураве́й, дыял.жураве́ль ’тс’, укр.журавель, журав ’тс’, польск.żuraw, в.-луж.žoraw, н.-луж.žorawa, чэш.žeráv, славен.žerjàv, серб.-харв.же̏рав, балг.жѐрав ’тс’. Ц.-слав.жєравь, жєравль, ст.-рус.журавль, же̏равь, жаравль ’тс’. Літ.gervè, лат.dzērve, ст.-прус.gerwe, лац.grūs, а таксама грэч.γέρανoς, ням.Krahnich, арм.krunk, кімр.garan ’тс’ адлюстроўваюць той самы і.-е. корань з рознай суфіксацыяй (‑u‑ і ‑n‑). Корань *ger‑ меў гукапераймальны характар і значэнне ’крычаць’. Фасмер, 2, 678; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 299; Траўтман, 87; Тапароў, E–H, 223–227; Фрэнкель, 137; Мюленбах-Эндзелін, 1, 548; Вальдэ-Гофман, 1, 624; Покарны, 1, 383–384. Семерэньі (ВЯ, 1967, 4, 16) паспрабаваў рэканструяваць злажэнне *gerā avisліт. ’журавель — птушка’, якое ў выніку сцягвання дало gerāvis. Так ці іначай прасл.*žerav‑, адкуль з суфіксам ‑j‑ ва ўсх.-слав.жеравль > жеравель > жоравель і да т. п. Узнікненне ‑у‑ не атрымала тлумачэння. Калі не ўбачаць тут адлюстравання фанетычных змен (зразумелых для польск., дзе, паводле арфаграфіі Брукнера, 666, żóraw), але няясных для ўсх. славян, бо тады ўсх. слав. формы магчыма тлумачыць хіба што як запазычаныя з польск., магчыма выказаць дапушчэнне аб кантамінацыйным уздзеянні з журба1, журыцца, паколькі ў народнай паэзіі журавель звязваецца з тугой і смуткам.
Жураве́ль2 ’прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады’, жура́ў (ТСБМ). Рус.жура́вль, дыял.жура́в, жураве́ль, укр.жураве́ль, жура́в (Грынч.), польск.żuraw, славац.žeriav ’тс’, серб.-луж.žorawa ’від прадзільнага стрыжня’, славен.žerjáv ’кран, лябёдка’. Ст.-рус.жеравецъ ’тс’. Форма жураў адлюстроўвае яшчэ прасл. ці ранні слав. сем. перанос паводле формы ад жураў, журавель. Аналагічны перанос адбыўся ў балт., ням., ст.-грэч., венг. Булахоўскі, Нариси з загального мовознавства₂, 1959, с. 13; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Тапароў. E–H, 224.
Жураве́ль3, жура́ў ’бутэлька на 3 літры’ (Мат. Гом.). Відаць, сем. перанос паводле формы (высокая бутэлька).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пры́кры, пры́крый, прі́крый, пры́клы ’непрыемны, брыдкі; крыўдны; надакучлівы, нязносны; прытарны, агідны; нясмачны’ (Нас., Нік. Очерки, Бес., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ; смарг., шальч., баран., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС, ЛА, 3), пры́кра ’непрыемна, брыдка; крыўдна; надакучліва, нязносна; прытарна, агідна’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Нік. Очерки, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Бяльк., ТС), ’горка’ (Байк. і Некр.), прі́кра ’прыкра; горка’ (Бяльк.). Сюды ж з іншымі архаічнымі значэннямі: пры́кры ’стромы (бераг)’ (Мат. Гродз., Сцяшк.), пры́кры, пры́крый ’абрывісты, круты (бераг)’ (лід., іван., пін., Сл. ПЗБ; ЛА, 2, ТС), прэ́кры, прэ́крый ’круты, стромкі (пра бераг)’, прэ́кро ’крута, стромка’ (Сіг., ЛА, 2). Таксама сюды ж вытворныя назоўнікі і дзеясловы, якія захоўваюць семантыку прыметнікаў: пры́красць, прікрысь, прікрысць ’непрыемнае пачуццё, непрыемнасць’ (Нік. Очерки, Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), пры́кросць ’прыкрасць, непрыемнасць’, ’круцізна, абрывістасць’, прыкрэ́ц ’круты бераг’ (ТС), са стратай каранёвага ‑р‑ пры́кун ’круты бераг’ (Мат. Гродз.); пры́крыць ’надакучваць; назаляць; рабіцца прытарным, агідным’ (Нас., Нік. Очерки, Байк. і Некр.), прыкрэ́ць ’рабіцца прытарным, больш салодкім’ (Нас.), прі́кріцца ’апрыкрыць, надакучыць’ (Бяльк.), пры́крыць ’рабіць непрыемнасці’ (ашм., Сл. ПЗБ); ст.-бел.прикрии, прыкрыи ’круты’, прыкрыи ’непрыемны’, прикритство ’строгасць, жорстскасць’ (Сл. Скарыны). Параўн. укр.при́крий ’непрыемны; моцны, надзвычайны; рэзкі (пра колер); злы; круты; стромы’, рус.дыял.при́крый ’прытарны’, ’цяжкі, недаступны, недасягальны (пра шлях, работу і пад.)’, польск.przykry ’прыкры, аскомісты’, чэш.příkrý, славац.príkry ’прыкры, брыдкі, непрыемны, аскомісты, востры’. Узыходзіць да прасл.*prikrъ(jь) ’круты; востры, горкі; непрыемны; рэзкі і г. д.’, якое калі не спрадвеку было полісемічным, то набыло шэраг значэнняў (аб якіх падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1983, 43–45; тут таксама крытычны агляд папярэдніх версій і аналіз семантыкі) даволі рана, што, безумоўна, можа быць звязана з патэнцыяльна невычэрпнай семантыкай і.-е.*qer‑ ’рэзаць’, да якога (з прэфіксам pri‑) праславянскае слова ўзводзіў яшчэ Петарсан (гл. Фасмер, 3, 364; Пятлёва, там жа). Іншыя версіі (Міклашыч, 264; Голуб-Копечны, 301; Махэк₂, 493) падаюцца пэўнымі ў значна меншай ступені. Кюнэ (Poln., 89) па лінгвагеаграфічных прычынах лічыў польскім запазычаннем у беларускай мове, што не мае падстаў у сувязі з народным характарам слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́ча ‘вялікая хмара’ (Ян.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘хмара’ (Гарэц., Ласт., Бяльк., Брасл. сл., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘дажджавая хмара’ (зэльв., маст., паўд.-палес., віц., усх.-маг., усх.-гом., ЛА, 2): вышла да сіняя туча з‑пад цёмнага бору (паст., Песні нар. свят), ‘залева, праліўны дождж’ (ТС), ‘навальнічная хмара з маланкай’: Kab ciebe … lichaja tucza ŭbiła! (ваўк., Федар. 4), ‘граданосная хмара’: ту́ча кажуць, ек град (КСТ), ту́цы ‘хмары’ (гарад., ЛА, 2); ту́чка ‘светлая хмарка ў пагодлівы дзень’ (шарк., талач., касцюк., ЛА, 5), ту́чкі ‘воблачнасць несуцэльнага характару’ (Інстр. 1), ст.-бел.туча ‘хмара’, тученосный ‘які нясе хмары’: ильꙗ тоученосный ѡблакъ (ГСБМ); сюды ж тучы́на, тучынка ‘хмарка’ (Нас.); ту́чышча ‘вялікая хмара’ (Юрч. СНЛ), тучы́сты ‘праліўны’ (ТС), ту́чанне (ту́чыньня) ‘хмаранне’ (Юрч. СНЛ), ту́чыцца ‘хмарнець’ (Нас.), ‘хмарыцца’ (Юрч., Мат. Гом.), ту́чыць ‘тс’ (Юрч. Сін.); перан. ту́ча ‘вялікая колькасць чаго-небудзь (аваднёў, птушак, варон)’ (в.-дзв., дзятл., ЛА, 1; глыб., брасл., Сл. ПЗБ); магчыма, сюды і параўнанне як ту́ча ‘вельмі тоўсты’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр.ту́ча ‘густая цёмная хмара’, ‘вялікая колькасць’, ‘грымоты з дажджом’, ‘праліўны дождж з градам’, ‘вецер, бура са снегам’, дыял. ‘вясёлка’, рус.ту́ча ‘хмара’, стараж.-рус.ту́ча ‘дождж’, ‘бура’, ‘хмара’; польск.tęcza ‘вясёлка’, каш.tącz(a) ‘залева’, палаб.tǫ́co ‘хмара’, н.-луж.tyca ‘вясёлка’, в.-луж.tuča ‘хмара з бурай’, tučel, tučałka ‘вясёлка’, славен.tóča ‘град’, серб.ту̏ча, харв.tȕča ‘тс’, ст.-слав.тѫча ‘дождж, залева, снег’. Прасл.*tǫča (< *tǫk‑ja) ‘дажджавая, навальнічная, градавая хмара’, роднаснае літ.tánkus ‘густы, часты’, ‘шчыльны, дзябёлы, тугі’, ст.-інд.tanákti ‘сціскае, збівае разам’, авест.taxma‑ ‘храбры, моцны’, арм.t‘anjr ‘густы’, ірл.técht ‘загуслы’, гоц.þeiƕo ‘гром’ < і.-е.*ten‑k‑ ‘сцягвацца, збірацца, збівацца’ < і.-е.*ten‑ ‘цягнуць, валачы’; першапачаткова *tęča‑ ‘збітая маса’ > ‘сабраная ў хмару’ і іншыя пераносныя значэнні (Фасмер, 4, 129; Брукнер, 570; Скок, 3, 517— 518; Борысь, 630; ЕСУМ, 5, 688). Як варыянт індаеўрапейская аснова падаецца ў выглядзе *temk‑ ‘рабіцца цвёрдым, згушчацца’ (Покарны, 1068; Сной, 769; ESJSt, 16, 973: тут крытыка версіі пра сувязь з *tukъ, гл. тук1, падрабязней Жураўлёў, Язык и миф, 340). Зводку ранейшай літаратуры гл. у Арол, 4, 122–133.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.
1.каго-што. Дазволіць прайсці, даць дарогу каму‑, чаму‑н.; пусціць перад сабою каго‑н. — Хадзем у хату, чаго ж мы стаім сярод двара, — сказаў нарэшце Васіль Кузьміч і прапусціў на ганак мужчын.Пальчэўскі.Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла.Мележ.// Дазволіць каму‑н. увайсці ці ўехаць, прайсці ці праехаць на тэрыторыю, якая ахоўваецца. Салдат прапусціў мужыка за браму.Якімовіч.Васіль паказаў яму камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова.Кулакоўскі.// Дазволіць друкаваць, ставіць на сцэне. Рукапісны варыянт цэнзура ўсё роўна не магла прапусціць.Бугаёў.[Юскавец:] — Адразу відаць — мала пішаце.., чытаеце, а калі і чытаеце, то не ўслухоўваецеся, не ўчытваецеся ў фразу. Яна для вас не гучыць, як музыка. Інакш вы не прапусцілі б такіх няўклюдных выразаў...Дамашэвіч.// Даць забіць (мяч, шайбу), не здолеўшы затрымаць. Прапусціць мяч у вароты.
2.што. Даць прайсці, пранікнуць праз што‑н. няшчыльнае. Прапусціць ваду. Прапусціць святло.
3.што. Прасунуць, працягнуць праз што‑н. Ермалай узабраўся на страху пограба і прапусціў канец дроту праз адтуліну.«ЛіМ».Эдзік прыбіў цвікамі кранштэйн да кармы лодкі, праз шківок прапусціў сталёвы тросік, на тросік павесіў павука-раму з напятай сеткай.Гаўрылкін.// Прымусіць прайсці праз што‑н. [Весялоў] ведаў, што немцы прапускаюць у дрот ток высокага напружання. Ці прапусцілі тут? Відаць, прапусцілі.Шашкоў.// Апрацаваць якім‑н. апаратам, прыладай. Прапусціць малако праз сепаратар. Прапусціць мяса праз мясарубку.
4.каго-што. Абслужыць, апрацаваць, даўшы магчымасць прайсці праз што‑н. Сталовая прапусціла за дзень тысячу чалавек. Прапусціць праз станцыю за суткі трыццаць цягнікоў. □ За месяц .. людзі мяняліся, палата прапусціла іх звыш дваццаці.Брыль.
5.каго-што. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н.; прамінуць. Прапусціць два завулкі, а потым завярнуць.// Прайсці, праехаць міма, не заўважыўшы, празяваўшы што‑н. [Хлопчыкі] хадзілі па сенажацях між сажалак, пільна ўглядаючыся, каб не прапусціць новую раслінку.Чарнышэвіч.// Даць прайсці міма; упусціць. Дзеўкі таксама заўважылі Андрэя і прапусцілі трамвай, каб сустрэцца са сваім новым знаёмым.Шахавец.Тут.. [вучні] ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка.Колас.
6.што. Зрабіць пропуск, пакінуць пустое месца. Прапусціць радок для прозвішча ў дакуменце.// Выкінуць, не ўспомніць пры чытанні, перапісванні і пад. — Ён [верш] доўгі, я на полі табе раскажу ўвесь, — Грыша спахапіўся, што прапусціў пяць радкоў.Пальчэўскі.Назаўтра маці зноў праверыла сшытак у Іры і ўбачыла, што яна прапусціла не літару, а цэлае слова.Гарбук.// Не з’явіцца на заняткі, пасяджэнне і пад. Павел прапусціў амаль цэлы месяц вучобы.Шахавец.[Юзік:] — За ўвесь год я ніводнага рабочага дня ў калгасе не прапусціў.Чорны.— Ведаеш, я сёння прапушчу шпацыр, — спакойна павярнуўшы да Максіма галаву, адказаў Давід.Машара.
7.што і без дап.Разм. Выпіць (віна, гарэлкі і пад.), з’есці што‑н. І раптам Вірчэўскі, хлопец наогул удалы, але аматар выпіць, унёс прапанову: — Ці не прапусціць бы нам, хлопцы, па маленькай?Хадкевіч.
•••
Прапусціць міма вушэй — не звярнуць увагі на тое, што гавораць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)