ГАСТЭРАМІЦЭ́ТЫ (Gasteromycetes),

група парадкаў базідыяльных грыбоў. 11 парадкаў, 23 сям., 145 родаў, больш за 1000 відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў цёплых і ўмерана цёплых засушлівых раёнах (стэпах, паўпустынях і пустынях), ёсць трапічныя роды і віды, таксама касмапаліты. На Беларусі 5 парадкаў — нідулярыяльныя, дажджавіковыя, гіменагастральныя, склерадэрматальныя, фаляльныя, 23 роды (найб. вядомыя вясёлка, галавач, гняздоўка, дажджавік, порхаўка, зорачнік, тыгельчык несапраўдны дажджавік, міцэнаструм, гіменагастэр, каранёвец, кілішак, лангерманія), каля 60 відаў. У асноўным глебавыя сапратрофы і ксілатрофы, некаторыя мікарызаўтваральнікі, ёсць каранёвыя паразіты. Растуць у лясах на глебе і подсціле, рэштках драўніны, на лугах і палях. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.

Характэрныя прыкметы гастэраміцэтаў — замкнёнасць пладовых цел да поўнага выспявання базідыяспор. Пладовыя целы сядзячыя або на ножцы, розныя па форме (шара-, клубне-, груша-, яйца-, кубачка-, зоркападобныя і інш.), памерах (дыям. 1—70 см), масе (да 12,5 кг). Бываюць наземныя, паўпадземныя, падземныя. Пладовыя целы ўкрыты адна-, двух- або шматслаёвай абалонкай (перыдыем). Мякаць (глеба) у маладым узросце белая або шараватая, рыхлая, у пераважнай большасці відаў з камерамі, у якіх развіваюцца базідыі з базідыяспорамі, потым парашкападобная, слізкая ад аліўкавага да карычневага колеру, зрэдку застаецца шчыльнай. Сярод гастэраміцэтаў — ядомыя (маладыя галавачы, дажджавікі і інш.), ядавітыя (несапраўдны дажджавік), лек. (вясёлка) грыбы.

В.​С.​Гапіенка.

т. 5, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́КЛ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з найвыдатнейшых герояў, сын Зеўса і Алкмены, жонкі фіванскага цара. Меў незвычайную сілу. Сярод шматлікіх міфаў пра Геракла найб. вядомы цыкл паданняў пра 12 подзвігаў Геракла: забіў немейскага льва, шматгаловую лернейскую гідру, утаймаваў пачварную керынейскую лань, знішчыў сцімфалійскіх птушак, перамог эрыманфскага вепрука, вычысціў аўгіевы стайні, адолеў крыцкага быка, перамог цара Дыямеда, які кідаў іншаземцаў на з’ядзенне сваім коням, перамог амазонак і здабыў пояс іх царыцы Іпаліты, выкраў кароў трохгаловага велікана Герыёна, здабыў залатыя яблыкі з саду Гесперыд, утаймаваў і прывёў да мікенскага цара Эўрысфея вартавога Аіда — Цэрбера. Паводле інш. міфаў, вызваліў таксама прыкаванага да скалы Праметэя, перамог у адзінаборстве Антэя, абапал Гібралтарскага праліва паставіў 2 скалы, т.зв. Геркулесавы слупы і інш. Быў атручаны, пасля смерці Зеўс зрабіў яго бессмяротным і забраў на Алімп. Міфы пра Геракла шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (размалёўкі храмаў у Алімпіі, Афінах, Дэльфах, Фівах, творы А.​Дзюрэра, Я.​Тынтарэта, П.​П.​Рубенса, Дж.​Цьепала), л-ры (Сафокл, Эўрыпід), музыцы (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль). У рым. міфалогіі Гераклу адпавядае Геркулес.

Л.​М.​Драбовіч.

Да арт. Геракл. Немаўля Геракл душыць змей. Сярэбраная чаша. 1 ст. н.э.
Да арт. Геракл. Геркулес (Геракл) і Как. Скульптурная група Б.​Бандынелі. 1534.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМЫ́КА (Віктар Аляксандравіч) (н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),

бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел. АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.​Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.​Ф.​Юр’ева (1982), В.​Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.

Літ.:

Бойка У.А. В.​А.​Грамыка. Мн., 1979;

В.​А.​Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.

В.​Я.​Буйвал.

В.Грамыка. Салдаты. 1967.
В.А.Грамыка. Аўтапартрэт. 1988.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Прачыстай Божай Маці,

фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял. кн. літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.​Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.​Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.​Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.​Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.​Генеберг) і 1935 (арх. А.​Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.

А.​М.​Кушнярэвіч, А.​У.​Мілінкевіч, Е.​Пашэнда.

Гродзенскі фарны касцёл.

т. 5, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́НЦЫГ (Май Вольфавіч) (н. 27.4.1930, Мінск),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. мастак Беларусі (1995). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1958). З 1958 выкладае ў Бел. АМ (праф. з 1980). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ: тэматычныя карціны «Раніца новага Мінска» (1959), «Партызанскае вяселле» (1968), «Купалаўскія радкі» (1972), «Легенда Беларусі» (1975), «І памятае свет уратаваны...» (1985—95); лірычныя пейзажы «Стары і новы Мінск» (1963), «Цішыня» (1976), «Бацькаўшчына мая» (1982), «Мая Лагойшчына» (1985), серыя «Віцебск — радзіма Шагала» (1994); нацюрморты «Бэз» (1962), «Аб Вялікай Айчыннай...» (1968), «Ялінка» (1971), «Палітра новабудоўляў» (1979); партрэты «Сталявар» (1956), «Кінарэжысёр Э.​Клімаў» (1985), пісьменнікаў А.​Адамовіча і В.​Быкава (абодва 1986) і інш. 3 твораў манум. жывапісу: мазаічнае пано ў кінатэатры «Партызан» (1966), мазаіка ў гасцініцы «Юбілейная» (1969, з Б.​Няпомняшчым) — абодва ў Мінску. Творам Д. ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу. Канструктыўна-пластычнае валоданне колерам, спалучэнне прыёмаў манум. і станковага мастацтваў, метафарычнасці і канкрэтыкі дазваляюць яму ствараць яркія маст. вобразы, поўна раскрыць сваю творчую індывідуальнасць. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968.

Літ.:

Сурский О.А. М.​В.​Данциг. М., 1975;

Крэпак Б.А. Май Данцыг. Мн., 1976;

Петэрсан С. Убачым новыя творы // Мастацтва. 1995. № 9.

Л.​Ф.​Салавей.

М.В.Данцыг.
М.Данцыг. І памятае свет выратаваны... 1985—95.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).

Літ.:

Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.

Джота ды Бандоне.
Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЯЎРЭ́ЙСКІ ТЭА́ТР БССР.

Існаваў у 1926—49 у Мінску. Створаны з выпускнікоў Яўр. студыі ў Маскве (1922—26). Узначальвалі т-р М.Рафальскі (1926—37) і В.Галаўчынер (1938—46). Маст. аблічча т-ра вызначалі спектаклі, створаныя паводле твораў яўр. класікі: Шолам-Алейхема («Тэўе-малочнік»), А.​Гольдфадэна («Суламіф»), І.​Аксенфельда («Рэкрут»), М.​Мойхер-Сфорыма («Маленькі чалавечак»). Значнае месца ў рэпертуары займала замежная класічная драматургія — п’есы У.​Шэкспіра, Мальера, Лопэ дэ Вэгі, К.​Гальдоні, Б.​Шоу. Т-р імкнуўся папаўняць рэпертуар тагачаснымі нац. п’есамі: «Гірш Лекерт» А.​Кушнірова, «Бойтра» М.​Кульбака, «Сям’я Авадзіс» П.​Маркіша і інш. У 1930-я г. пастаўлены п’есы М.​Горкага («Фальшывая манета», упершыню на сав. сцэне), А.​Карнейчука, А.​Арбузава, М.​Пагодзіна. Тэатр героіка-рамантычнага кірунку. У яго пастаноўках — тэатральна яркіх, дынамічных, маляўнічых, насычаных музыкай, танцамі. нар. песнямі — яркая відовішчнасць спалучалася з псіхалагізмам. У Айч. вайну т-р працаваў у Новасібірску. З 1946 у Мінску. У рэпертуары п’есы, прысвечаныя вайне: «Паўстанне ў гета» Маркіша, «Помста» І.​Левіна, «Так і будзе» К.​Сіманава і спектаклі паводле твораў нац. класікі. Сярод акцёраў т-ра: засл. арт. БССР Ю.​Арончык, М.​Моін, М.​Сокал, А.​Трэпель. У канцы 1940-х г. т-р абвінавацілі ў фармалізме, касмапалітызме, нацыяналізме і ў 1949 расфарміравалі.

т. 6, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ КАШТОЎНЫЯ ПАПЕ́РЫ,

дзяржаўныя абавязацельствы, якія афармляюцца ў выглядзе пазыковых каштоўных папер. Выпускаюцца цэнтр. і дзярж. ўстановамі і мясц. органамі ўлады з мэтай мабілізацыі грашовых сродкаў для фінансавання дзярж. доўгу. бюджэтнага дэфіцыту, мэтавых агульнанац. і рэгіянальных праграм, забеспячэння камерц. банкаў ліквіднымі актывамі, падтрымкі ўстаноў і арг-цый сац. накіраванасці, рэгулявання грашовай масы ў абарачэнні. Першаснае размяшчэнне Дз.к.п. ажыццяўляецца Нац. (Цэнтр.) банкам праз сетку дылераў (камерцыйныя банкі, фін. кампаніі і г.д.) шляхам правядзення аўкцыёнаў, адкрытага продажу або на падставе індывід. перагавораў. Існуюць рыначныя і нярыначныя Дз.к.п. Рыначныя — казначэйскія вэксалі, ноты, аблігацыі, якія свабодна прадаюцца і купляюцца на другасным рынку кашт. папер, значная частка іх абароту прыпадае на пазабіржавы рынак; асн. трымальнікі — крэдытна-фін. ўстановы, інстытуцыянальныя інвестары (пенсіённыя, страхавыя. інвестыцыйныя фонды і г.д.), прыватныя асобы. Нярыначныя — ашчадныя аблігацыі і сертыфікаты, некаторыя віды пенсіённых аблігацый, якія размяшчаюцца мясц. органамі ўлады або рэалізуюцца за мяжой; прызначаюцца гал. чынам для размяшчэння сярод насельніцтва і не могуць свабодна пераходзіць ад аднаго трымальніка да другога. Парадак і памер выплат даходаў па Дз.к.п. вызначаюцца працэнтнымі стаўкамі, дысконтам, правядзеннем выйгрышных пазык. На Беларусі ў абароце знаходзяцца дзярж. кароткатэрміновыя аблігацыі, казначэйскія вэксалі, кароткатэрміновыя абавязацельствы Нац. банка, трымальнікамі якіх з’яўляюцца выключна юрыд. асобы; імянныя прыватызацыйныя чэкі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́КЕР (Соф’я Юр’еўна) (7.1.1907, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 23.4.1984),

бел. спявачка (драм. сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыла Бел. студыю оперы і балета пад кіраўніцтвам А.Баначыча (1933), вучылася ў Бел. кансерваторыі (1932—36, клас П.​Ціханава). У 1933—41 і 1944—77 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала моцным голасам прыемнага тэмбру, высокай вак. культурай, муз.-драм. здольнасцямі, якія дазвалялі ёй выконваць разнапланавыя ролі: ад глыбока драматычных (Аўгіння ў оперы «У пушчах Палесся» А.​Багатырова) да востра камедыйных (Рагнеда Янаўна ў «Калючай ружы» Ю.​Семянякі). Майстэрства стварэння драматычна напружаных, багатых псіхал. адценнямі вобразаў найб. выявілася ў партыях опернай класікі: Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Ліза, Марыя, Настасся, Аксана («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні). Сярод каларытных камедыйных вобразаў: Часнікова («Страшны двор» С.​Манюшкі), Адарка («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Дуэнья («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева), Фроська («Марозка» М.​Красева), Мірабела («Цыганскі барон» І.​Штрауса). Шмат выступала ў канцэртах, у т. л. з творамі бел. кампазітараў.

Літ.:

Жураўлёў Д. Соф’я Друкер // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Дз.​М.​Жураўлёў.

С.Ю.Друкер.
С.Друкер у ролях Адаркі (злева) і Тоскі.

т. 6, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭКТЫ́ЎНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

літаратурныя творы, сюжэты якіх пабудаваны на раскрыцці загадкавай тайны, звязанай са злачынствам. Традыцыйна вызначаецца як адгалінаванне прыгодніцкай літаратуры. Зараджэнне Д.л. звязваюць з імёнамі амер. пісьменніка Э.По («Забойства на вуліцы Морг», 1841) і англ. У.​Колінза («Месячны камень», 1868). По быў пачынальнікам інтэлектуальнага (паказ працэсу расследавання злачынства), Колінз — прыгодніцкага (нанізванне драм. эпізодаў) сюжэтных тыпаў дэтэктываў. Значны ўклад у развіццё Дл. зрабілі А.​К.​Грын (ЗША), Э.​Габарыо, Г.​Леру (Францыя), асабліва А.К.Дойл (Вялікабрытанія), які стварыў вядомы вобраз прыватнага дэтэктыва Шэрлака Холмса. З імем англ. пісьменніка Г.К.Чэстэртана звязана паяўленне т.зв. «інтуітыўнага дэтэктыва», заснаванага на здагадцы і інтуітыўным пранікненні ў псіхіку злачынцы. Найб. поспеху ў развіцці такога роду дэтэктыва дасягнулі А.Крысці і Ж.Сіменон. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе пашырыўся т.зв. «чорны раман», у аснове якога апісанне самога злачынства са сцэнамі забойстваў, насілля і інш. (М.​Спілейн, С.​Адамс, ЗША). Сярод рус. пісьменнікаў у жанры дэтэктыва працавалі А.​Р.​Адамаў, Ю.​С.​Сямёнаў, браты А.А. і Г А.​Вайнеры і інш. У бел. л-ры дэтэктыў у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Прыкладам гіст. дэтэктыва з’яўляецца раман У.​Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Творы з дэтэктыўным сюжэтам пішуць М.​Чаргінец, К.​Тарасаў і інш.

В.​І.​Атрашкевіч, М.​Р.​Міхайлаў.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)