ДАДЭКАФО́НІЯ (ад грэч. dōdeka дванаццаць + phōnē гук),
адзін з відаў кампазітарскай тэхнікі 20 ст.; метад стварэння музыкі, пры якім уся тканіна твора выводзіцца з серыі — своеасабліва арганізаваных 12 (часам і менш) гукаў храматычнай гамы. Узнікла на аснове т. зв. свабоднай атанальнасці. Эстэтычны сэнс выкарыстання Д. — дасягненне канструкцыйнага адзінства і лагічнай звязнасці пры адсутнасці класічных танальных адносін (гл.Мажорамінор). Метад серыйнай Д. распрацаваны К.Шонбергам (1921), удасканалены А.Вебернам і А.Бергам. Серыя мае 4 формы: першапачатковую, або прыму, ракаход (тоны ідуць у адваротным парадку), інверсію (інтэрвалы серыі дадзены ў абярненні), ракаходную інверсію. Кожная форма можа быць пачата з любога з 12 тонаў тэмпераванай сістэмы, увыніку атрымліваецца 48 раўназначных серыйных радоў. Серыя можа выкладацца гарызантальна, утвараючы меладычную лінію, вертыкальна, утвараючы акордыку, або ў розных камбінацыях рухаў. Вядомы разнавіднасці дадэкафоннай тэхнікі І.М.Гаўэра, А.Габы, Э.Кшэнека. Да Д. звяртаюцца многія сучасныя кампазітары, часта фрагментарна ў рамках танальна арганізаванай музыкі, у т. л.бел. В.Войцік, Г.Гарэлава, А.Гураў, У.Дарохін, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, С.Картэс, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Смольскі, А.Сонін, Р.Сурус і інш.
Літ.:
Денисов Э. Додекафония и проблемы современной композиторской техники // Музыка и современность. М., 1969. Вып. 6;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976;
Холопов Ю. Кто изобрел 12-тоновую технику? // Проблемы истории австро-немецкой музыки. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІЯ́Н (Messiaen) Аліўе Эжэн Праспер Шарль (10.12.1908, г. Авіньён, Францыя — 28.4.1992),
французскі кампазітар, муз. тэарэтык, арганіст, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1967). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1930). Вучань П.Дзюка (кампазіцыя), М.Дзюпрэ (арган). З пач. 1930-х г. арганіст сабора Ла-Трынітэ ў Парыжы. З 1936 уваходзіў у творчае аб’яднанне «Маладая Францыя». У 1941—42 у лагеры для ваеннапалонных, дзе напісаў «Квартэт на канец часу». З 1942 праф. Парыжскай кансерваторыі. Яго своеасаблівы стыль сфарміраваўся ў выніку ўзаемадзеяння розных культавых вучэнняў і муз.сістэм.Утэарэт. працах «Тэхніка маёй музычнай мовы» (1944) і «Трактат аб рытме» (1948) сфармуляваў новыя прынцыпы кампазіцыі, заснаваныя на складаных ладавых і рытмавых структурах. У творчасці адбіліся тэалагічныя ідэі і пошукі (фп. цыкл «Дваццаць поглядаў на маленькага Ісуса» і арк.-хар. твор «Тры маленькія літургіі божай прысутнасці», абодва 1944), вывучэнне традыцый нееўрап. культур — інд., яп., лац.-амер. (вак. цыкл «Яраві», 1945; сімфонія «Турангаліла» для хваляў Мартэно, фп. і арк., 1948), захапленне арніталогіяй, асабліва вывучэннем галасоў птушак («Каталог птушак» для фп., ударных і духавых, сшыткі 1—7-ы, 1956—58; «Экзатычныя птушкі» для фп., ударных і духавых інструментаў, 1956). Аўтар манум. оперы «Святы Францыск Асізскі» (паст. 1983; яго ж лібрэта, дэкарацыі і эскізы касцюмаў). Арганіст-імправізатар і піяніст, адзін з лепшых інтэрпрэтатараў уласных твораў. Сярод вучняў: П.Булез, Я.Ксенакіс, К.Штокгаўзен.
Прэмія Міжнар.муз. савета пры ЮНЕСКА 1985.
Літ.:
Мелик-Пашаева К.Л. Творчество О.Мессиана. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАФІ́ЗІКА,
раздзел астрафізікі, які вывучае фіз. працэсы ў касм. аб’ектах, што адбываюцца з удзелам нейтрына.
У Сусвеце адрозніваюць нейтрына: касмалагічныя (рэліктавыя), зоркавыя і касм. нейтрына вял. энергій. Рэліктавыя нейтрына знаходзіліся ў цеплавой раўнавазе з рэчывам на працягу ~I с пасля пачатку расшырэння Сусвету. Гарачы газ рэліктавых нейтрына з таго часу астыў, цяпер яго т-ра 1,9 К і сярэдняя энергія нейтрына ~5∙10−4эВ. Зоркавыя нейтрына ўзнікаюць ад 2 крыніц. Зоркі ў стацыянарным стане атрымліваюць сваю энергію ад ядз. рэакцый у асноўным т.зв. вадароднага цыкла (гл.Тэрмаядзерныя рэакцыі). Па свяцільнасці Сонца можна вылічыць агульны паток нейтрына, які роўны 1,8∙1038 нейтрына/с. Зоркі з масай, большай за масу Сонца ў 1,2—8 разоў, трансфармуюцца ў нейтронную зорку альбо чорную дзіру. Асн. механізм выпрамянення энергіі на завяршальных стадыях эвалюцыі такіх зорак — выпрамяненне нейтрына, утвораных уядз. рэакцыях. Пры гравітацыйным калапсе зоркі з масай, роўнай 2 масам Сонца, каля 15% усёй энергіі зоркі пераходзіць у энергію нейтрына. Энергія асобных нейтрына 10—12 МэВ, працягласць нейтрыннага імпульсу 10—20 с. Касмічныя нейтрына вял. энергій утвараюцца ў касм. аб’ектах увыніку сутыкнення касм. прамянёў з ядрамі атамаў ці з фатонамі малых энергій. Асн. галактычныя крыніцы нейтрына — падвойныя зоркі, маладыя абалонкі звышновых зорак, пульсары і чорныя дзіры.
Літ.:
Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Релятивистская астрофизика. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На Пн Мінскай і Пд Віцебскай абласцей, у складзе Мінскага ўзвышша. Абмежавана Нарачана-Вілейскай і Верхнебярэзінскай нізінамі на З і У, скразнымі далінамі рэк Вілія—Поня на Пн і Ілія—Гайна на Пд. Найб.выш. 296 м (упаўд.ч.). Частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў.
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. На фундаменце залягаюць адклады сярэдняга дэвону, перакрытыя антрапагенавай тоўшчай. Сярэдняя магутнасць антрапагенавых адкладаў 110—120 м. Прадстаўлены ледавіковымі, водналедавіковымі і міжледавіковымі (алювіяльнымі, азёрнымі, балотнымі, схілавымі) утварэннямі. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Сучасны градава-ўзгорысты і ўзгорыста-ўвалісты рэльеф узвышша сфарміраваўся ў выніку ледавіковай акумуляцыі ў час сожскага зледзянення і пазнейшай эразійна-дэнудацыйнай перапрацоўкі ў познім атрапагене і галацэне. Вылучаюцца 3 паласы град. Знешнія грады насыпныя, спадзістыя; унутраныя і цэнтр. з лускавата-насоўнымі і складкавымі гляцыядыслакацыямі. Трапляюцца озы і камы. На Пд, на прыўзнятых участках, рэльеф буйнаўзгорысты. Узвышша праразаюць стараж. лагчыны сцёку, якія часткова наследаваны сучаснымі рэкамі. На зах. схіле — рэкі Дзвінаса, Ілія (прытокі Віліі), на ўсх. — Гайна і Цна (бас. Бярэзіны). Даліны рэк неглыбокія, слабатэрасаваныя, месцамі забалочаныя. На р. Дзвінаса Плешчаніцкае вадасх. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад лесам 50% тэрыторыі, на Пнвял. хваёвыя і ялова-хваёвыя масівы, цэнтр.ч. пад яловымі зеленамошна-кіслічнымі лясамі з дамешкам шыракалістых парод, паўд.ч. — з участкамі ялова-хваёвых бруснічна-мохавых і чарнічных лясоў. У поймах рэк трапляюцца чорнаальховыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКО́Лрэлігійны,
рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, увыніку якога адбылося аддзяленне ад рус.правасл. царквы самаст.рэліг. плыні — стараабрадства. Зачэпкай для Р. з’явіліся рэформы 1653—60, праведзеныя патрыярхам Ніканам з мэтай павышэння аўтарытэту царквы і патрыяршаства і ўсталявання аднастайнасці ў царк. службе. Рэформа ліквідавала адрозненні паміж рус. і грэч. чынамі богаслужэння і прадугледжвала выпраўленні розначытанняў урус.царк. кнігах паводле грэч. узораў. Нікан шырока выкарыстоўваў богаслужбовую практыку правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, дзе адрозненняў ад грэч. царквы не было; святары і манахі з Беларусі і Украіны (напр., Сімяон Полацкі) актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні рэформы. Так 8-канцовы крыж быў заменены на 6-канцовы, 2-пальцавае хрышчэнне — 3-пальцавым, двайная (сугубая) алілуя — трайной і інш. Супраць новаўвядзенняў і за захаванне старой набожнасці выступіла частка духавенства на чале з пратапопамі Авакумам, Даніілам, Іванам Няронавым і інш. На царк. саборах 1654—55 і 1666—67 перамаглі прыхільнікі рэформ. Аднак праціўнікі перамен не падпарадкаваліся саборным пастановам і т.ч. «раскалолі» царкву (адсюль Р.). Раскольнікі падвяргаліся ганенням з боку патрыяршаства і царскай улады: іх высылалі на ўскраіны Расіі, знявольвалі ў турмы і манастыры, катавалі і каралі смерцю; шмат іх уцякло за мяжу, у т. л. на Беларусь. У 2-й пал. 17 ст. стараабрадства стала ідэйным сцягам самых розных апазіцыйных рухаў — ад антыфеад.-сялянскіх да кансерватыўна-баярскіх. Супярэчлівы характар, сац. неаднароднасць удзельнікаў Р. абумовілі наяўнасць розных па арганізацыі і ідэалогіі груповак стараабрадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),
тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.Л.Шлёцэрам і І.Г.Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл.Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.Усходу ў стараж.час.Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). Упач. 1-га тыс.н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў вынікуарабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял.тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЛА́,
кідальны снарад для стральбы з лука, арбалета, самастрэла, духавога ружжа і некат. відаў кідальных машын. Найб. распаўсюджаная С. для лука складалася з дрэўка даўж. да 120 см (з прамаслойнага дрэва ці трыснягу), наканечніка (з крэменю, косці, бронзы, жалеза), апярэння (з пер’я птушак, лісця дрэў і інш.), вушка (прылада для ўпору на цеціву, з косці ці рогу)’.
На тэр. Беларусі лук і С. вядомы з неаліту, пашыраны ўсх.-еўрап. тронкавыя С. з утулкавымі наканечнікамі. У 4—3 ст. да н.э. на Пд Беларусі ў выніку кантактаў са скіфамі з’явіліся бронзавыя наканечнікі С. з трыма і дзвюма лопасцямі. Да сярэдзіны 1-га тыс.н.э. трохлопасцевыя жалезныя наканечнікі вядомы на З Беларусі і ў Літве. У 10—11 ст. з пашырэннем кальчуг і інш.метал. даспехаў яны выйшлі з ужытку. З жал. веку да канца 18 ст. (да выцяснення агнястрэльнай зброяй) уваен. практыцы і для палявання выкарыстоўвалі С. з пляскатым наканечнікам. Гранёныя наканечнікі С. вядомы з канца 1-га тыс. н.э.
У наш час С. выкарыстоўваюцца для спарт.стральбы з лука.
Г.М.Сагановіч, У.П.Ксяндзоў.
Да арт.Страла: 1 — крамянёвы наканечнік стралы з гарадзішча Мыслі Капыльскага раёна (1—4 ст.); 2 — жалезныя наканечнікі стрэл з селішча Струга Столінскага раёна (7—9 ст.); 3 — страла з Паўночнай Індыі з чатырохлопасцевым апярэннем і доўгім шасцігранным наканечнікам для прабівання кальчугі; 4 — японская страла з вілападобным стальным наканечнікам; 5 — рытуальная страла індзейцаў племя сіу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРА́МЕНТ (ад лац. temperamentum належныя суадносіны частак, суразмернасць),
характарыстыка індывіда з боку яго дынамічных асаблівасцей: інтэнсіўнасці, хуткасці, тэмпу і рытму псіхічных працэсаў і станаў. Актыўнасць і эмацыянальнасць — кампаненты, якія прысутнічаюць у большасці класіфікацый і тэорый Т. Актыўнасць паводзін характарызуе ступень энергічнасці, імклівасці, хуткасці, а таксама маруднасці, інертнасці; эмацыянальнасць характарызуе асаблівасці працякання эмоцый, пачуццяў, настрояў і іх якасць. Адрозніваюць уласна Т. як пэўнае ўстойлівае спалучэнне псіхадынамічных якасцей, што праяўляюцца ў дзейнасці і паводзінах, і яго арганічную аснову. Вядомы 3 асн. сістэмы тлумачэнняў сутнасці Т. Першая (гумаральная) звязвае стан арганізма з суадносінамі розных вадкасцей, увыніку чаго вылучаюцца 4 тыпы Т.: сангвінічны, халерычны, меланхалічны, флегматычны (Гіпакрат, К.Гален і інш.). Другая (канстытуцыянальная) грунтуецца на адрозненнях у канстытуцыі арганізма (Э.Крэчмер, У.Шэлдан і інш.). Трэцяя звязвае Т. з дзейнасцю цэнтр.нерв. сістэмы Паводле вучэння І.П.Паўлава вылучаюцца 3 асн. ўласцівасці нерв. сістэмы (сіла, ураўнаважанасць, рухомасць узбуджальнага і тармазнога працэсаў) і 4 асн. іх спалучэнні (4 тыпы вышэйшай нерв. дзейнасці): моцны, ураўнаважаны, рухомы; моцны, ураўнаважаны, інертны; моцны, неўраўнаважаны; слабы. Першаму тыпу адпавядае Т. сангвініка, другому — флегматыка, трэцяму — халерыка, чацвёртаму — Т. меланхоліка. Даследаванні Б.М.Цяплова і У.Дз.Небыліцына паказалі, што колькасць камбінацый значна большая. Аднак 4 тыпы Т. як найб. абагульненыя выкарыстоўваюцца для вывучэння індывідуальнасці. Т. адносна ўстойлівы і амаль не мяняецца пад уздзеяннем асяроддзя і выхавання, аднак ён мяняецца ў антагенезе. Уласцівасці Т. могуць спрыяць або процідзейнічаць фарміраванню пэўных рыс асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРО́НДА (франц. fronde прашча),
грамадска-паліт. рух супраць абсалютызму ў Францыі ў 1648—53. Назвы «Ф.» і «франдзёры» яго ўдзельнікі прынялі з пагарды да 1-га міністра Францыі Дж.Мазарыні, які здзекліва параўнаў іх з падлеткамі, што дапякалі паліцыю стральбой з дзіцячых прашчаў (фронд). Ф. выклікана бедствамі Трыццацігадовай вайны 1618—48 і жорсткай падатковай палітыкай Мазарыні, якога падтрымлівала каралева-рэгентка пры малалетнім Людовіку XIV Ганна Аўстрыйская. На 1-м этапе Ф. (1648—49) Парыжскі парламент і звязаныя з ім колы буржуазіі аб’ядналіся ў барацьбе супраць абсалютызму з антыфеад. рухам нар. мас Парыжа. Спроба Мазарыні арыштаваць лідэраў апазіцыі выклікала ў Парыжы паўстанне 26—27.8.1648. Мазарыні паспешліва заключыў Вестфальскі мір 1648. Каралеўскія войскі да сак. 1649 трымалі Парыж у аблозе. Увыніку кіраўнікі Ф. пайшлі на пагадненне з каралеўскім дваром. Т.ч. «Парламенцкая Ф.» скончылася, але ў пач. 1650 грамадскую апазіцыю абсалютызму ўзначалілі арыстакратычныя прыдворныя колы («Ф. прынцаў»), якія дамагаліся толькі выгад для сябе ў выглядзе грашовых выплат, пасад і інш. (адсюль выраз «франдзіраваць» — знаходзіцца ў няпоўнай, непрынцыповай апазіцыі). У 1651 франдзёры-арыстакраты дамагліся адстаўкі і высылкі Мазарыні, але неўзабаве ён вярнуўся з наёмнымі войскамі. Пачалася спусташальная міжусобная вайна, падчас якой «Ф. прынцаў» карысталася ваен. дапамогай Іспаніі. У 1652—53 каралеўскія войскі нанеслі шэраг паражэнняў франдзёрам і іспанцам. Адначасова Мазарыні шляхам падачак і ўступак дамогся прымірэння з большасцю знатных франдзёраў. Да сярэдзіны 1653 антыфеад. рух у Парыжы. Бардо і інш. месцах падаўлены. Паражэнне Ф. спрыяла ўстанаўленню ў наступныя гады неабмежаванага самадзяржаўя Людовіка XIV.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАБІ́НЦЫ,
прадстаўнікі радыкальнай паліт. плыні (фактычна — партыі) у Францыі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99, члены Якабінскага клуба, што засталіся ў ім пасля адыходу жырандыстаў. Лідэры: М.Ф.М.І.Рабесп’ер, Ж.П.Марат, Ж.Ж.Дантон, Л.А.Л.Сен-Жуст і інш. Былі выразнікамі інтарэсаў рэв.-дэмакр. буржуазіі, якая выступала ў саюзе з сялянствам і гар.плебействаму абарону заваяванняў рэвалюцыі і за яе далейшае развіццё. Найб. паслядоўныя Я. імкнуліся стварыць рэсп. грамадства з поўнай паліт. роўнасцю грамадзян, без кантрастаў галечы і багацця, але адвяргалі крайні радыкалізм «шалёных». У перыяд якабінскай дыктатуры (чэрв. 1793—ліп. 1794) узмацнілася барацьба паміж «правымі», або «памяркоўнымі» (Дантон, К.Дэмулен і інш.) і «крайнімі» (П.Г.Шамет, Ж.Р.Эбер і інш.) Я. «Правыя», звязаныя з «новай» буржуазіяй, выступалі за аслабленне рэжыму дыктатуры і асабліва рэв. тэрору; «крайнія» — выразнікі ідэй гар. нізоў — патрабавалі ўзмацнення рэпрэсій супраць спекулянтаў і раздзелу маёмасці ворагаў рэвалюцыі сярод незаможнага насельніцтва, змагаліся з каталіцкай царквой. Большасць Я. ішла за групоўкай Рабесп’ера, якая, скарыстаўшы заклік Эбера да новага нар. паўстання, дамаглася ў сак.—крас. 1794 смяротнага пакарання лідэраў «крайніх», а неўзабаве расправілася з Дантонам і інш. лідэрамі «правых». Гэта адштурхнула ад Я. «новую» буржуазію і значную частку нар. нізоў, стварыла ўмовы для звяржэння якабінскай дыктатуры ў вынікутэрмідарыянскага перавароту (27—28.7.1794) і закрыцця Якабінскага клуба (12.11.1794). Спробы Я. аднавіць сваю дзейнасць у 1795—96 і 1798—99 падаўлены Дырэкторыяй. У канцы 18 — пач. 19 ст. тэрмін «Я.» набыў па-за межамі Францыі значэнне хадзячай назвы для абазначэння ўвогуле рэвалюцыянераў і радыкальных рэфарматараў.