Ба́йда1 ’барка, лайба’ (Гарэц.), рус. ба́йда ’баржа’, укр. ба́йда (паўдн.) ’від пласкадоннай лодкі’. Паводле Фасмера, 1, 107, сюды ж рус. байда́к ’баржа; брус’, байда́ра ’рачное судна’. Усе гэтыя словы лічацца запазычаннямі з усх. моў. Паводле Шанскага, 1, Б, 12, усе гэтыя словы ўтвораны ад ба́йда рознымі суфіксамі, а ба́йда < бадья ’пасудзіна’ (цюрк., параўн. бадзе́йка, бадзя́га). Параўн. ба́йда2 і байда́к.

Ба́йда2 ’паля’ (Нас., Гарэц.). Параўн. ст.-укр. (XVII ст.) байда ’паля, вялікае завостранае бервяно’, якое Цімчанка (50) лічыць запазычаннем з ням. Beute ’карыта; вулей’ (> польск. bajda ’начоўкі’). Гл. таксама Клюге, 71–72 (дзе прыводзяцца роднасныя герм. формы; між іншым са значэннем ’дошка; край лодкі, чаўна’). Усё ж такі паходжанне слова застаецца няясным. Параўн. яшчэ рус. дыял. байда́к ’тоўстая дошка для падлогі або столі’, якое Фасмер, 1, 107, звязвае з байда́к ’лодка’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́йкаць1 ’укалыхваць, люляць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’пагаворваць’ (Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне ад выклічніка бай‑бай, што азначае «ўкалыхванне дзяцей», і вядомага ва ўсіх усх.-слав. мовах (з тыповым у адвыклічнікавых утварэннях суфіксам ‑к). Ёль (IF, 57, 11) лічыць бай‑бай (як і англ. bye, bye ’тс’) гукапераймальным. Аднак не выключаецца сувязь з слав. *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць), параўн. Брандт, РОБ, 18, 28. Фасмер (1, 106, 140) дапускае абедзве магчымасці.

Ба́йкаць2 ’гаварыць што-н., плявузгаць’ (Юрч.), ’пагаворваць’ (Гарэц., Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне суфіксам ‑к‑ (частым у эмацыянальных дзеясловах) ад *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць). Суфікс ‑к‑ у слав. мовах меў значэнне фарманта дэмінутыўнасці ў дзеясловах (захаваўся як прадуктыўны, напр., у зах. гаворках укр. мовы, у зах. і паўд.-слав. мовах). З апошняй літ-ры гл. Чарнецкі, Мовознавство, 1970, 5, 42–48.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бар рэстаран, бар’ (БРС). Рус. бар, укр. бар. Запазычанне з англ. bar ’стойка’ (< франц.). Гл. Шанскі, 1, Б, 37. Падрабязна (з літ-рай) аб гісторыі і распаўсюджанні ў еўрапейскіх мовах гл. MESz, 1, 242.

Бар! (бар‑бар!) ’падзыўное слова для авечак’ (гл. ДАБМ, № 305, Лысенка, ССП). Рус. бар‑бар‑бар, барь‑барь‑барь, барька, ба́ря‑ба́ря ’тс’, ба́рька ’авечка’, ба́ря ’баран’. Звязана з баран (гл.). Адкрытым застаецца пытанне аб першапачатковасці выклічніка ці назоўніка. Фасмер (1, 123), Махэк₂ (54) лічаць, што спачатку быў выклічнік (Коржынэк, LF, 58, 430). Параўн. яшчэ альпійскія (паўн.-італ.) словы для абазначэння авечкі, барана: bera, bar і г. д. Трубачоў (Происх., 76) мяркуе, што выклічнікі — вытворныя ад назоўнікаў (так і MESz, 1, 249, дзе венг. bari! — падзыўное слова для авечак < bárány ’баран’). Параўн. бару́сік! Гл. таксама паралелі пад бірко́вы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бас1 ’бас; чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (БРС, Маш., Бяльк.). Рус. бас, укр. бас і г. д. Запазычанне з франц. basse або італ. basso (літаральна ’нізкі’). Праабражэнскі, 1, 19; Фасмер, 1, 129. Іначай Шанскі, 1, Б, 51, які на аснове гістарычных крыніц (рус. мовы) лічыць, што бас, прынамсі ў рус. мове, запазычана праз польск. bas (< італ.). Гл. яшчэ Клюге, 54 (тут і тлумачэнне слова як назвы інструмента); MESz, 1, 257. Сюды і бас (Браім, Весці АН БССР, 1973 (І), 128) ’кавалак дроту’. Параўн. бас2.

Бас2 ’пас, шнур у самапрадцы’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Можна меркаваць, што яно ўзнікла азванчэннем з пас (гл.). Але не выключаецца, што яно таго ж паходжання, што і бас ’чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (гл. бас1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бе́раг (агляд значэнняў слова гл. ў Яшкіна). Рус. бе́рег, укр. бе́ріг, польск. brzeg, чэш. břeh, ст.-слав. брѣгь, балг. бряг, серб.-харв. бре̑г і г. д. Прасл. bergъ ’бераг; узгорак, гара’. Гэта слова звязана з ст.-в.-ням. berg ’гара’, авест. barəzah‑ ’гара, вышыня’, ст.-інд. br̥hant‑ ’высокі’, авест. bərəzant ’высокі’, ірл. brí ’гара’ і г. д. Паколькі некаторыя і.-е. мовы сведчаць пра ‑g̑h‑ у гэтым слове (гэта дало б слав. *berzъ), то ёсць версія пра запазычанне слав. слова з герм. моў, але ёсць аргументы і супраць. Гл. Мейе, RS, 2, 69; Траўтман, 30; Ягіч, AfslPh, 30, 457; Бернекер, 49; Машынскі, Pierw., 157; Брукнер, 44; Слаўскі, 1, 46; Фасмер, 1, 153. Параўн. яшчэ бе́раг, ’каляровая палоска на краі хусткі’ (Сцяц. Нар.), ’край пасудзіны, тканіны’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’узлесак’ (Жд.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маска́ль1, мъскаль ’мянушка салдата царскай арміі на былой тэрыторыі Рэчы Паспалітай’ (Грыг., Шпіл., Дасл. (Гродна), Др.-Падб., Мал., Нас., Шат., ТС), ’рускі’ (Касп.), ’рускі стараабрадзец’ (Растарг.), маскоўка ’жонка салдата’ (петрык., хойн., Мат. Гом.), ’стараабрадка’ (Растарг.). Укр. моска́ль, московка, моско́вець, москва́ = москаль, рус. смал. моска́ль ’рускі стараабрадзец’. З польск. moskal, якое з тапоніма Масква (Фасмер, 2, 661; Кюнэ, 78). Да гэтай назвы адносіцца масква́ ’рускія салдаты’, ’рускія цесляры’, ’рускі купец’ (Нас.), маскоўка ’сякера рускай фабрыкі’, маскоўшнына ’мадэпалам’ (Нас., Бяльк.). Аб паходжанні назвы ракі і горада Масквы гл. Трубачоў (БСИ, 1981, 28–30).

Маска́ль2, маскале́ (мн.) ’падасінавік’ (навагр., Жыв. сл.; беш., Нар. сл.). Рус. перм. моска́ль ’баравік’. Паводле формы да маскаль1, аднак матывацыя наймення застаецца няяснай. Аналагічна гом. маска́ль, мыска́ль ’матылёк Libellula’ (параўн. таксама славац. žandár, польск. szandar ’тс’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́сла, ма́сло ’харчовы тлушч са смятанкі ці смятаны’, ’мінеральнае тлустае рэчыва’ (ТСБМ, Бес., Яруш., Вешт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. ма́сло, ст.-рус. масло, польск. masło, н.-луж. masło, чэш. maslo, славац. maslo, славен. máslo, серб.-харв. ма̏сло, макед. масло, ст.-слав. масло ’масла’. Прасл. maslo < maz‑slo, утворанае ад mazati ’мазаць’ (гл.) (Бернекер, 2, 23; Фасмер, 2, 578). Масла, выкарыстоўвалася старажытнымі славянамі як мазь, якой націралі цела, валасы; некаторыя народы ім мазалі калёсы. Аналагічна ў германцаў: ст.-в.-ням. ancho ’масла’, роднаснае да лац. unguentum ’мазь’ (Махэк₂, 353). Сюды ж ма́слены ’які з масла, падобны на масла’ (ТСБМ, Кліх), ’ліслівы’, ма́сліцца ’блішчаць, ільсніцца’, ’лашчыцца’, ’валаводзіцца, няньчыцца, цацкацца’, ма́сліць ’задобрываць, схіляць ласкамі і падарункамі’ (Нас., ТСБМ; жлоб., Нар. словатв.) і ўтворанае ад якаснага прыметніка масленіцца (Васілеўскі, БЛ, 10, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мат1 ’брыдкая лаянка’ (ТСБМ, Растарг., ТС), ма́та ’тс’ (ТС), ’голас’ (Нас., Бяльк.), ма́тавы голас ’роспачны, адчайны’ (Нас.), сесці ма́том ’не крануцца ў рост, не расці’ (напр., цыбуля) (ТС). Рус. пск., цвяр., смал., ярасл., арханг. мат ’крык, моцны голас’, наўг., валаг. ма́том ’вельмі моцна, вельмі многа’, наўг., ’мат’, ’прывід, страшыдла’, вяц. ’дурны’, матом ’адчайна, смела’. Бел.-рус. ізалекса. Паводле Мартынава (Бел.-рус. ізал., 70), лексема мат — запазычанне з гоц. moþs ’лютасць, шаленства, унутраная духоўная сіла’. Параўн. таксама ст.-англ. mōd ’смеласць’ і ст.-ісл. mōðr ’роспач’, ням. mit wildem Mut = рус. лихим матом.

Мат2 ’становішча ў шахматнай гульні’, ’безнадзейнае становішча’ (ТСБМ). З польск. ці рус., у якія праз ням. matt, schachmatt ці франц. échec et mat ’шах і мат’ < араб. eš šâh mât ’кароль памёр’ (Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 579).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́чаха, ма́чыха, ма́ччыха, ма́чоха, ма́чэха, ма́чуха ’няродная маці’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Бес.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.). Укр. мачоха, рус. ма́чеха, ма́чиха, ст.-рус. мачеха, мачиха, мащеха; польск., луж. macocha, каш. macecha, чэш. macecha, macocha, славац. macocha, славен. máčeha, серб.-харв. ма̏ћеха, ма̏ћаха, ма̏ћуха, макед. маштеа, маќеа, маќева, балг. ма́штеха, маштиха. Прасл. matjexa, якое з mati, утворана пры дапамозе экспрэсіўных суфіксаў ‑exa, ‑oxa, ‑uxa, ‑ixa (Фасмер, 2, 586; Бязлай, 2, 159). Аднак Зомер (IF, 11, 54) мяркуе, што зыходнай формай будзе параўнальная ступень лексемы māter‑*matrjesī. Бел. мачоха ’мачаха’ (Кліх, Маш.) мае націск на ‑о‑ пад уплывам польск. мовы. Сюды ж драг. ма́чоха ’трама’ (Нар. сл.), малар. ’самая тоўстая лёстка ў драбіне воза’ (Нар. словатв.) і ма́чоха, ма́чуха ’папярочны край берда’ (Уладз.), паўд.-гом. ма́тчыха, ма́чуха ’тс’ (ЛАПП).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́жды ’паміж’ (Жд. 1, Ян.; смарг., Сл. ПЗБ), ме́жду, мі̂е́жду, мі́жду ’тс’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), мі́жды (кліч., Жыв. сл.; пух., Сл. ПЗБ; ушац., Нар. лекс.), мі́жда ’тс’ (Ян., Нар. Гом., Бяльк.). Укр. міждо, міжда ’тс’ рус. между, пск. межды, смал., арл., перм. ме́жда, межда́, ст.-рус. между (междю) і междо, межды, межди. Запазычаны з ц.-слав. междоу, якое са ст.-слав. междоу ’тс’ — старая форма меснага склону парнага ліку (medju) лексемы medja > мяжа́ (гл.). Параўн. таксама меж (Карскі 2–3, 431; Бернекер, 2, 31; Фасмер, 2, 592; ESSJ SG, 1, 108–110). Мена канчаткаў абумоўлена, відаць, рознымі прычынамі: пераразлажэннем прыназоўніка на меж і да, кантамінацыяй форм міжы і между ці ўспрыманнем канчаткаў ‑да, ‑ды як даўніх часціц прыслоўяў і прыназоўнікаў прасл. da/de/du/dy. Сюды ж мікратапонімы міждарожжа, (па)міждурэчча, паміждарэчча (слаўг., Яшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)