РО́МЕР (Альфрэд Ізідар) (16.4.1832, Вільня — 24.1.1897),
жывапісец, графік, медальер, мастацтвазнавец. З роду Ромераў. Творчасць звязана з маст жыццём Беларусі і Літвы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у К.І.Русецкага; вучыўся ў Парыжы ў Л.Бана і ў Мюнхене ў А. фон Рамберга (1869—74). З канца 1850-х г. жыў у маёнтку Крэўна (цяпер Уценскі пав. Літвы). За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі зняволены. Пасля вызвалення працаваў у Мюнхене, Кракаве, Парыжы. З 1874 у маёнтку Каралінова (цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.), з 1884 у Кракаве. Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэліг. сюжэты. Творам уласцівы дакладны выразны малюнак, свабода і натуральнасць кампазіцыі. Сярод работ: партрэты маці (1872), бацькі, жонкі, Э.Ромера (1873), партрэт паўстанца 1863 года (1870-я г.), К.Русецкага, К.Эстрэйхера, Ф.Даноўскага, У.Лушчкевіча, скульпт. Яцунскага, жывапісца Швайніцкага і яго жонкі, М.Ромера, аўтапартрэты і інш.; бронз. медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, арх. помнікаў, карыкатуры. Гіст. і маст. каштоўнасць маюць этнагр. замалёўкі сялянскага побыту беларусаў: кампазіцыі «Сялянская хата», «Сялянская дзяўчынка», «Каля карчмы», «Сялянскі двор», «Перад вакзалам», малюнкі нар. касцюмаў. Выканаў шэраг размалёвак у правасл. і каталіцкіх храмах у в. Камаі Пастаўскага р-на і Пінску. Вывучаў нар. прыкладное мастацтва Беларусі, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЫФІ́ЗМ (ад лац. pacificus міратворчы),
антываенны міратворчы рух, які выступае супраць усіх войнаў, за раззбраенне. У аснове П. гуманіст. ідэя аб усеагульным братэрстве людзей. Асн. форма барацьбы за мір — перакананне і асабісты прыклад. Пацыфісты вядуць прапаганду, пераконваюць улады вырашаць ваен. праблемы шляхам перагавораў, адмаўляюцца ўдзельнічаць у любых насільных актах, арганізуюць масавыя акцыі, накіраваныя на мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. П., які зыходзіць не столькі з рэальнай паліт. практыкі, колькі з гуманіст. ідэалаў, нясе на сабе пэўны адбітак утапізму. Ен пашыраны ў розных пластах насельніцтва пераважна ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі: інтэлігенцыі, рэліг. настроеных міратворцаў, моладзі і інш. Першыя пацыфісцкія арг-цыі ўзніклі ў ЗША (1815) і Вялікабрытаніі (1816) як рэакцыя на напалеонаўскія і англа-амерыканскую (1812—14) войны. У 1848 адбыўся 1-ы міжнар. кангрэс пацыфістаў у Бруселі. Найб. развіцця П. дасягнуў у 1880—90-я г. Шматлікія міжнар. кангрэсы пацыфістаў заклікалі ўрады ўсіх краін да забароны войнаў, усеагульнага раззбраення і вырашэння міжнар. канфліктаў шляхам прымусовых трацейскіх судоў. Спробай увасобіць некаторыя ідэі П. стала дзейнасць Лігі Нацый (1919—46). Пасля 2-й сусв. вайны некаторыя пацыфісцкія арг-цыі ўключыліся ў Рух прыхільнікаў міру. У розныя часы віднымі дзеячамі П. былі або падзялялі яго ідэалы пісьменнікі Б. фонЗутнер, Л.М.Талстой, А.Барбюс, палітыкі М.К.Гандзі, М.Л.Кінг і інш.Гал. вынік дзейнасці П. да канца 20 ст. ў тым, што ідэя мірнага вырашэння паліт. праблем заняла трывалыя пазіцыі ў свеце, міратворчы рух, які ўключае П., аказвае значны ўплыў на глабальную палітыку.
Літ.:
Пацифизм в истории: Идеи и движения мира. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,
комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.
У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц.харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТЭ ((Goethe) Іаган Вольфганг фон) (28.8.1749, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.3.1832),
нямецкі пісьменнік, мысліцель і прыродазнавец; адзін з заснавальнікаў ням. л-ры новага часу. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Вучыўся ў Лейпцыгу (1765—68) і Страсбуры (1770—71). З 1775 жыў у Веймары. Першы зб. вершаў «Лейпцыгская кніга песень» (1769). Пад уплывам літ. руху «Бура і націск» напісаны драмы «Гёц фон Берліхінген» (1773), «Клавіга» (1774), «Стэла» (1775), сентыментальны раман «Пакуты маладога Вертэра» (1774). У 1786—88 і 1790 падарожнічаў па Італіі. Сябраваў з Ф.Шылерам, у канцы 1780-х г. разам з ім распрацаваў канцэпцыю т.зв. веймарскага класіцызму (трагедыі «Іфігенія ў Таўрыдзе», 1787; «Тарквата Таса», цыкл «Рымскія элегіі», абодва 1790). У гіст. драме «Эгмант» (1788) уславіў барацьбу за нац. незалежнасць. Яго негатыўныя адносіны да Французскай рэвалюцыі 1789—99 выявіліся ў «Венецыянскіх эпіграмах» (1790, выд. 1796), п’есе-памфлеце «Грамадзянін-генерал» (1793), скіраванай супраць рэв. насілля, і паэме-ідыліі «Герман і Даратэя» (1797). У паэме «Рэйнеке-Ліс» (1793) высмеяў феад. прыгнёт і дэспатызм. Класічны ўзор «рамана выхавання», спалучаны з сац. утопіяй, — «Гады вучэння Вільгельма Майстэра» (1795—96) і «Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра» (ч. 1—3, 1821—29). Праблемы фарміравання асобы і ўзаемаадносін чалавека і грамадства закрануты таксама ў аўтабіягр. кнігах «З майго жыцця. Паэзія і праўда» (ч. 1—4, выд. 1811—33) і «Італьянскае падарожжа» (т. 1—3, 1816—29). Цікавасць да Б.Усходу выявілася ў зб. інтымнай лірыкі, навеянай перс. паэзіяй, «Заходне-ўсходні дыван» (1819). Твор усяго жыцця Гётэ, выдатны маст. помнік ням. і сусв. л-ры — трагедыя ў вершах «Фауст» (ч. 1—2, 1808—31), якая падвяла вынік развіццю еўрап. асветніцкай думкі 18 ст. У ёй філас. роздум пра сэнс быцця, спрадвечнае імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сусвету, вера ва ўсепераможнасць працы і пазнання. Гётэ аўтар літ.-маст. даследаванняў («Да дня Шэкспіра», 1771; «Пра нямецкае дойлідства», 1773; «Пра нямецкі тэатр», 1812—13, і інш.), прыродазнаўчых прац («Вопыт аб метамарфозе раслін», 1790; «Вучэнне пра колер», 1810, і інш.).
Шырокую вядомасць набылі малюнкі Э.Дэлакруа да «Фауста». На творы Гётэ пісалі музыку: Л.Бетховен — да драмы «Эгмант» (1810), Ш.Гуно — оперу «Фауст» (1859), А.Бойта — оперу «Мефістофель» (1868), Ж.Маснэ — оперу «Вертэр» (1886), Г.Берліёз — араторыю «Асуджэнне Фауста» (1846). На бел. мову творы Гётэ перакладалі А.Барычэўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, Ю.Таўбін, В.Вольскі, С.Ліхадзіеўскі, А.Зарыцкі, В.Сёмуха, А.Лойка. І.Навуменка адзначыў тыпалагічныя паралелі асобных вобразаў і сцэн у творах Я.Купалы і Гётэ, падкрэсліваў значэнне «Фауста» для стварэння драм. паэм Я.Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане». Бел. мастак А.Кашкурэвіч даў новую маст. інтэрпрэтацыю вобразаў «Фауста». Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўкі опер «Фауст» Гуно (1950), «Вертэр» Маснэ (1959).
Тв.:
Бел.пер. — Рэйнеке-Ліс. Мн., 1940;
Спатканне і ростань: Выбр. лірыка. Мн., 1981;
Фауст: Трагедыя. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
У кн.: Ліхадзіеўскі С. Берасцянка жывых трывог. Мн., 1962;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М.; Л., 1932—49;
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1975—80;
Фауст. Мн., 1971;
Избр. произв.Мн., 1977.
Літ.:
Барычэўскі А. Гётэ і ягоны Фауст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1;
Вильмонт Н. Гете: История его жизни и творчества. М., 1959;
Тураев С. Иоганн Вольфганг Гете. 2 изд. М., 1957;
Шагинян М. Гете. М.; Л., 1950;
Эккерман И.П. Разговоры с Гете в последние годы его жизни. М.; Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́МЕЛЬ (Ян) (1780, г. Елгава, Латвія — 30.8.1840),
бел. жывапісец, рысавальшчык. Скончыў Віленскі ун-т (1809) і выкладаў у ім (1809—20). У 1820—22 па лжывым абвінавачванні ў крымінальным злачынстве сасланы ў Сібір. З 1822 жыў у Мінску. Творчасць Д. сфарміравалася пад уплывам класіцызму. Майстар гіст. жанру: «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам» (абедзве 1820-я г.), «Хрышчэнне славян», «Чарнецкі пераплывае Піліцу», «Смерць Глінскага ў няволі», «Вызваленне Т.Касцюшкі з цямніцы» (1830-я г.), «Твардоўскі паказвае Сігізмунду Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю», «Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.», «Разбітыя войскі Напалеона на плошчы ратушы ў Вільні» і інш. Імкнуўся дакладна аднавіць рэальную карціну падзей. У 1820 выканаў эскізы і малюнкі на тэмы вайны 1812, у 1821—22 — шматлікія (некалькі альбомаў) малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры, партрэты («Група татар», «Партрэт Томаса дэ Берваля» і інш. з «Дзённіка падарожжа ў Сібір»), пейзажы («Захад сонца ў Табольску»), размалёўкі Евангелісцкага касцёла ў Табольску і касцёла бернардзінцаў у Томску. Аўтар жывапісных твораў на рэліг. сюжэты (сярэдзіна 1820-х — 1830-я г.): «Святая дзева з дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэнне святога Пятра», «Палажэнне ў труну», «Маленне аб чашы», «Спакушэнне Хрыста», «Агар у пустыні». Напісаў партрэты кн. Д.Радзівіла, графаў І.Храптовіча і К.Тышкевіча, рэктара Віленскага ун-та Ш.Малеўскага, ксяндза Ф.Галанскага, «М.Равіч з сынам», «А.Горват з жонкай», «Валатковіч з жонкай», дзярж. дзеячаў М.Спяранскага, С.Строганава, Е.Кабылінскага і інш. Партрэтам уласціва тонкая псіхал. характарыстыка, некаторыя (аўтапартрэт, партрэт праф. Я.Рустэма) маюць рысы рамантызму. Аўтар пейзажаў Мінска і яго ваколіц («Вадзяны млын», «Дрэвы пад вадой»).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в.Мн., 1974.
Я.Дамель. Аўтапартрэт.Я.Дамель. Партрэт І.Л.Храптовіча (копія карціны мастака І.Грасі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКАВАЯ ВАЙНА́», бліцкрыг (ням. Blitzkrieg ад Blitz маланка + Krieg вайна),
тэорыя вядзення войнаў, асноўным зместам якіх з’яўляецца дасягненне перамогі ў найкарацейшы тэрмін. Тэорыя створана герм. ген.-фельдмаршалам А. фонШліфенам і інш. ідэолагамі герм. мілітарызму і пакладзена ў аснову ваен. стратэгіі Германіі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. Найважнейшыя палажэнні тэорыі «М.в.»: апярэджванне праціўніка ў сканцэнтраванні і разгортванні войск; дасягненне поўнай перавагі ў сілах і сродках на гал. напрамку; забеспячэнне аператыўна-стратэг. раптоўнасці; дэзарганізацыя кіравання войскамі і тылу праціўніка; нанясенне максімальна магутнага першага ўдару з мэтай дасягнення ў пачатковых бітвах рашаючага поспеху; знішчэнне ўзбр. сіл праціўніка шляхам іх рассячэння і акружэння ў выніку імклівых дзеянняў мотапяхоты і танкаў. План Шліфена, упершыню прыменены ў 1914, пацярпеў крушэнне. У 1930-я г.ням. тэарэтыкі, у т. л. Э.Людэндорф, прадоўжылі развіццё асн. палажэнняў «М.в.», прапанаваўшы тэорыю «татальнай вайны», згодна з якой узмацнялася значэнне нечаканага нападу, больш маштабнага тэрору з мэтай запалохвання насельніцтва, своечасовай падрыхтоўкі і шырокага выкарыстання падрыўных сіл на тэр. праціўніка. У пач. 2-й сусв. вайны стратэгія «М.в.» забяспечыла Германіі поспех у Зах. Еўропе. У час Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45вял. значэнне ў зрыве плана «М.в.» мелі абарончыя аперацыі на Беларусі, у т. л.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941 і інш., а таксама Смаленская бітва 1941. Разгром ням.-фаш. войск пад Масквой азначаў поўны крах планаў «М.в.». У сучасных умовах асн. палажэнні «М.в.», мадыфікаваныя стратэгамі ЗША і НАТО, апрабаваны ў вайне супраць Ірака (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91) і інш. войнах. Яе рысы: нанясенне загадзя запланаваных, высокадакладных, выбіральных удараў па стратэг. аб’ектах на ўсёй тэр. праціўніка ў спалучэнні з масіраваным выкарыстаннем інфарм. і радыёэлектроннай барацьбы. Сродкамі ўзбр. процідзеяння стратэгіі «М.в.» з’яўляецца своечасовае стварэнне сукупнасці ўзаемадзейных рэгіянальных інфарм.-ўдарных груповак войск, павышэнне эфектыўнасці ППА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛО́ГІЯ РАСЛІ́Н,
раздзел батанікі, які вывучае форму і будову раслін, заканамернасці іх морфагенезу ў індывідуальным (антагенез), гіст. (філагенез) развіцці і пад уплывам фактараў знешняга асяроддзя. Уключае анатомію раслін, карпалогію, паліналогію, тэраталогію, цыталогію, эмбрыялогію раслін, арганаграфію (уласна М.р., апісвае знешнюю будову) і інш.Асн. метады даследаванняў: апісанне, параўнанне, эксперымент. Цесна звязана з сістэматыкай, філагенетыкай, фізіялогіяй і экалогіяй раслін, генетыкай, раслінаводствам. Даныя М.р. выкарыстоўваюць у геалогіі, лясной, сельскай гаспадарцы і інш.
М.р. зарадзілася ў 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст) і да сярэдзіны 18 ст. мела пераважна апісальны характар. Першыя тэарэт. абагульненні зроблены ў працах Н.Гру, М.Мальпігі, А.Чэзальпіна і інш. У 18 ст. К.Ліней удасканаліў марфал. тэрміналогію і выкарыстаў яе ў мэтах сістэматыкі раслін. Станаўленне М.р. як самаст. навукі звязана з працамі І.В.Гётэ (вучэнне аб метамарфозе, 1790; тэрмін «марфалогія») і А.П.Дэкандоля (заснавальнік параўнальнай М.р., 1-я пал. 19 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца антагенетычны (В.Ф.Б.Гофмайстэр, І.М.Гаражанкін, С.Г.Навашын, Э.Страсбургер, І.Д.Чысцякоў і інш.) і філагенетычны (А.Л.Тахтаджан, Ф.Э.Л. ван Тыгем, А.В.Эйхлер, В.Цымерман і інш.), кірункі параўнальнай і эксперыментальная М.р. (А.М.Бякетаў, К.І.Э. фонГебель, Г.А.Клебс, М.П Крэнке, М.Ф.Левакоўскі і інш.). У пач. 20 ст. ўзнікла экалагічная М.р. (І.Э.Вармінг, Гебель, Клебс, К.Раўнкіер), якая атрымала развіццё ў працах Б.А.Келера, Р.Я.Левінай, І.Р.Серабракова, Т.І.Серабраковай і інш.
На Беларусі марфал. даследаванні звязаны пераважна з удакладненнем таксанамічных прыкмет розных таксонаў раслін. Асобныя пытанні М.р. асвятляюцца ў працах супрацоўнікаў Ін-та эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.пед. ун-це, Брэсцкім ун-це і інш.
Літ.:
Тахтаджян А.Л. Основы эволюционной морфологии покрытосеменных М.; Л., 1964;
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972;
Щербакова А.А., Базилевская Н.А., Калмыков К.Ф. История ботаники в России (дарвиновский период, 1861—1917 гг.). Новосибирск. 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЗААЛО́ГІЯ (ад палеа... + заалогія),
навука аб выкапнёвых жывёлах; раздзел палеанталогіі і заалогіі. Падзяляецца на П. беспазваночных (палеаэнтамалогія, палеамалакалогія і інш.) і П. пазваночных (палеаіхтыялогія, палеаарніталогія, палеатэрыялогія і інш.). Звязана з інш.біял. навукамі, гіст. геалогіяй, стратыграфіяй.
Рэшткі выкапнёвых жывёл вядомы са стараж. часоў. Шмат іх сабрана і апісана ў 16—18 ст. (Г.Агрыкала, франц. вучоны Б.Палісі, дацкі — Н.Стэна, англ. — Дж.Хантэр і інш.). Як навука П. ўзнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. (заснавальнік П пазваночных — Ж.Кюўе, беспазваночных — Ж.Б.Ламарк) і развівалася працамі А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучонага Ж.Л.Р.Агасіса, італьян. — Дж.Брокі, ням. — Р.І.Фішэра фон Вальдгайма і інш. У пасля-дарвінаўскі перыяд уклад у развіццё П. зрабілі Л.Дало, М.Ноймайр, Р.Оўэн, амер. вучоныя Дж.Лейдзі, О.Ч.Марш, Э.Коп, Г.Ф.Осбарн, ням. — К.А.Цытэль, рас. — Ю.А.Арлоў, У.А.Кавалеўскі, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, У.П.Амаліцкі, А.А.Барысяк, А.В.Мартынаў, С.М.Нікіцін, Дз.У.Обручаў, М.В.Паўлава, А.П.Паўлаў і інш.
На Беларусі П. развіваецца з 19 ст.Сістэм. даследаванні вядуцца з 1950-х г. у Бел. геолагаразведачным НДІ (да 1970 Геал.ін-тАНБССР), з 1970-х г. таксама ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (А.В.Фурсенка, В.С.Акімец, В.К.Галубцоў, С.Ф.Зубовіч, П.Ф.Каліноўскі, С.А.Кручак, А.М.Матузка, В.М.Мотуз, У.І.Назараў, В.І.Пушкін, В.В.Шчаглова і інш.). Вывучаюцца выкапнёвыя прасцейшыя, ракападобныя, малюскі, насякомыя, млекакормячыя і інш., у больш чым 250 месцах выяўлены рэшткі стараж. насякомаедных, рукакрылых, зайцападобных, грызуноў, драпежных, хобатных, няпарна- і парнакапытных.
Літ.:
Палеонтология беспозвоночных. М., 1962;
Антрапаген Беларусі. Мн., 1971;
Калиновский П.Ф. Териофауна позднего антропогена и голоцена Белоруссии. Мн., 1983;
Яго ж. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́М (Potsdam),
горад на У Германіі, каля паўд.-зах. ускраіны Берліна. Адм. ц. зямлі Брандэнбург. Каля 150 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Хафель. Прам-сць: маш.-буд. (буд-ва і рамонт цеплавозаў, рачных суднаў, дакладная механіка і оптыка, эл.-тэхн.), прыладабуд., тэкст., хім.-фармацэўтычная, паліграф., харчасмакавая. Кінастудыя. Астрафіз. абсерваторыя.
Засн. на мяжы 9—10 ст. як слав. паселішча, у пісьмовых крыніцах згадваецца з 993. Пасля 1150 пры Альбрэхце Мядзведзюзасн. зноў як ням. паселішча. З 1317 горад (гар. права з 1345). З 1416 уладанне Гогенцолернаў, з 1660 другая (пасля Берліна) рэзідэнцыя курфюрстаў Брандэнбурга, з 1701 — каралёў Прусіі. У 1838 П. злучаны чыг. лініяй з Берлінам. З 1875 навук.цэнтр. У мясц. палацы Цэцыліенгоф адбылася Патсдамская канферэнцыя 1945. У 1952—90 адм. ц.аднайм. акругі ГДР. У 1945—52 і з 1990 адм. ц. зямлі Брандэнбург. У 1991 засн. Патсдамскі ун-т.
У 17—18 ст. адбудаваны як ваен. горад з палісадамі і манум. варотамі. Моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну, адноўлены. Сярод помнікаў стылю барока: «Галандскі квартал» (1737—42), ратуша (1753), Брандэнбургскія вароты (1770). У палацава-паркавым ансамблі Сан-Сусі спалучэнне позняга барока, ракако і ранняга класіцызму; уключае рэгулярны франц. парк, палац (1745—62, арх. Г. фон Кнобельсдорф, прыбудовы 19 ст.), «Кітайскі чайны домік» (1754—56), карцінную галерэю (1755—62), «Павільён з драконамі» (1770) і інш. Ёсць пейзажны англ. парк з палацам Шарлотэнгоф (1826—29, класіцызм) і «Рымскімі лазнямі» (1828—44, абодва арх. К.Ф.Шынкель). Комплекс палацаў і паркаў П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Найб. значнае збудаванне 20 ст. — абсерваторыя (вежа Эйнштэйна, 1920—21, арх. Э.Мендэльзон). Музей першабытнай і стараж. гісторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РДЭР ((Herder) Іаган Готфрыд фон) (25.8.1744, г. Морунген, цяпер г. Моранг, Польшча — 18.12.1803),
нямецкі філосаф, літаратуразнавец, пісьменнік. Ідэолаг літ. руху «Бура і націск». У 1764—69 пастар у Рызе, з 1776 — у Веймары. Сябар І.В.Гётэ. Яго філас. дзейнасць — новы этап асветніцтва ў Германіі, яго літ. дзейнасць паўплывала на ням. рамантызм. Абагульніўшы дасягненні прыродазнаўчых навук і філасофіі 18 ст., абгрунтоўваў ідэю пра адзінства матэрыі і формы пазнання, крытэрыі прасторы і часу выводзіў з вопыту, сфармуляваў і адстойваў прынцып гуманізму. Ідэі прагрэсу надаваў усеагульны змест і выводзіў з арганічнага адзінства прыроды і грамадства. У творы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (т. 1—4, 1784—91) выклаў сваё вучэнне, паводле якога паступальнае развіццё ўласціва ўсёй прыродзе, у т. л. і чалавеку. Паводле Гердэра, пасля смерці чалавека жыццё душы працягваецца і набывае формы вышэйшага быцця, недасягальныя для чалавечага розуму. Гердэр указваў на разнастайнасць творчых праяў чалавека ў розных народаў, падкрэсліваў нац. самабытнасць, раўнацэннасць розных культур. Палеміцы з І.Кантам «крытычнага перыяду» прысвечаны «Метакрытыка крытыкі чыстага розуму» (1799) і «Калігона» (ч. 1—3, 1800). У трактаце «Даследаванне пра паходжанне мовы» (1772) крытыкаваў тэалагічныя погляды на грамадскія з’явы і развіў вучэнне пра мову як прадукт чалавечага розуму. У літ.-крытычных працах «Пра найноўшую нямецкую літаратуру. Фрагменты» (1767—68) і «Крытычныя лясы» (1769) сфармуляваў гіст. падыход да мастацтва. Асаблівае значэнне для шцюрмерскай эстэтыкі мела яго праца «Шэкспір» (выд. 1773). У зб. «Народныя песні» (1778—79; 2-е выд. «Галасы народаў у песнях», 1807) змясціў пераклады нар. песень свету. Аўтар зб. «Раскіданыя лісткі» (1785—97), «Старых баек з новым выкарыстаннем» (1795—96), драматызаваных аповесцей «Брут» (1774), «Эон і Эоніс» (1801), «Раскаваны Праметэй» (1802), пералажэнняў рамансаў пра Сіда (1803) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Сид. Пб., 1922;
Избр. соч. М.; Л., 1959;
Идеи к философии истории человечества. М., 1977.
Літ.:
Гайм Р. Гердер, его жизнь и сочинения: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1888;
Гулыга А. В.Гердер. 2 изд. М., 1975;
Банникова Н.П. Гердер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;