кірунак у зах. сацыялогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., звязаны са спробамі тэарэт. абгрунтаваць сутнасць і развіццё грамадства на аснове аналогіі з прыродай жывога арганізма. Абапіраючыся на дасягненні біялогіі (клетачнай будовы арганізмаў і эвалюцыйнай тэорыі Дарвіна), імкнулася, каб сацыялогія заняла прамежкавае месца паміж прыродай чалавека і чалавечым грамадствам. Асобныя прынцыпы такой тэорыі вядомы яшчэ ў сац.-філас. канцэпцыях Платона, Арыстоцеля, Гобса, Мантэск’е і інш. У поглядах Кона і Спенсера ідэя біял. рэдукцыянізму набыла больш выразны сацыялагічны характар. Класічныя прадстаўнікі школы А.Шэфле (Германія), Р.Вормс і А.Эспінас (Францыя), П.Ліліенфельд (Расія) сцвярджалі, што грамадства і ёсць арганізм, атаясамліваючы чалавека з клеткай, сац. інстытуты з яго органамі (напр., урад з галаўным мозгам, трансп. зносіны з кровазваротам, сувязь з нерв. сістэмай і г.д.). Сац. канфлікты яны зводзілі да хвароб, а іх прафілактыку і лячэнне звязвалі з «сацыяльнай гігіенай». Падобныя аналогіі стваралі бачнасць тэарэт. вырашэння сац. праблем, але не давалі адказаў на шматлікія пытанні, з якімі сутыкаліся і навукоўцы, і практыкі (палітыкі, эканамісты, кіраўнікі і г.д.). Таму да пач. 20 ст. ідэі арганічнай школы саступілі месца больш строгім тэарэт. канцэпцыям, якія арыентуюцца на вывучэнне грамадства як больш складанай і самаст. сістэмы.
Літ.:
Вормс Р. Биологические принципы в социальной эволюции: Пер. с фр. Киев, 1912;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГАЛАГРА́ФІЯ,
галіна галаграфіі, у якой разглядаюцца заканамернасці пераўтварэння і апрацоўкі хвалевых палёў на аснове нелінейнага ўзаемадзеяння з рэчывам некалькіх кагерэнтных хваль. Выкарыстоўваецца для стварэння аптычных, оптаэлектронных і інтэгральна-аптычных элементаў з вял. хуткадзеяннем, лазераў з размеркаванай адваротнай сувяззю і інш.
Д.г. сфарміравалася як навук. кірунак у выніку сінтэзу ідэй класічнай галаграфіі і нелінейнай оптыкі; заснавана на ўзаемадзеянні некалькіх кагерэнтных хваль, якое ўзнікае пры праходжанні іх праз нелінейнае асяроддзе (крышталь, паўправаднік, вадкасць, пара металаў і інш.). Напр., 2 (ці больш) кагерэнтныя пучкі святла падаюць на паверхню нелінейнага асяроддзя пад аднолькавымі вугламі да яе і перасякаюцца ў ім. Створаная інтэрферэнцыйная карціна запісваецца ў асяроддзі ў выглядзе перыяд. структуры (рашоткі), на якой гэтыя ж пучкі дыфрагуюць (самадыфракцыя), што змяняе параметры пучкоў, і таму запісаная рашотка таксама змяняецца па глыбіні асяроддзя. Галаграмы запісваюцца ў асяроддзях з рознымі тыпамі нелінейнасці (рэзананснай, стрыкцыйнай, камбінацыйнай і інш.). Д.г. пашырае магчымасці кіравання светлавымі пучкамі, рэалізуе новыя прынцыпы рэгістрацыі і ўзнаўлення эл.-магн. хваль.
На Беларусі даследаванні па Д.г. распачаты ў 1968 у Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам А.С.Рубанава і Б.І.Сцяпанава. Адкрыта новая фіз. з’ява — абарачэнне хвалевага фронту (1970, пры 4-хвалевым узаемадзеянні; 1978, пры суперлюмінесцэнцыі). Работы ў галіне Д.г. і яе дастасаваннях вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕ́РСІЯ ХВАЛЬ,
залежнасць фазавай скорасці распаўсюджвання монахраматычных хваль у рэчыве (або паказчыка пераламлення рэчыва) ад частаты іх ваганняў. Назіраецца для хваль любой прыроды, у т. л. пры распаўсюджванні хваль у накіроўных сістэмах (напр., хваляводах); вядзе да скажэння формы сігналу (напр., гукавога імпульсу) пры распаўсюджванні ў асяроддзі; хвалі розных частот на мяжы двух асяроддзяў пераламляюцца па-рознаму і інш. На Д.х. заснаваны прынцыпы дзеяння многіх радыётэхн., аптычных і інш. прылад: спектральных, рэфрактометраў, антэн з частотным сканіраваннем дыяграм накіраванасці і інш.
Д.х. абумоўлена спазненнем водгуку асяроддзя пры ўзаемадзеянні яго з пераменным (у часе) полем хвалі; канкрэтны выгляд дысперсійнай залежнасці для розных тыпаў хваль розны і можа быць знойдзены на аснове квантава-мех. даследаванняў працэсу ўзаемадзеяння поля хвалі з часціцамі асяроддзя. Д.х. суправаджаецца паглынаннем, пры гэтым вызначана інтэгральная сувязь паміж паказчыкам пераламлення і каэфіцыентам паглынання як функцыямі частаты (суадносіны Крамерса—Кроніга). Адрозніваюць Д.х. нармальную (удалечыні ад вобласці паглынання асяроддзя) і анамальную (у межах гэтай вобласці). Звычайна назіраецца дадатная Д.х. (у нармальнай вобласці паказчык пераламлення расце з ростам частаты, у анамальнай — спадае). Пры асаблівых умовах, калі значная частка атамаў рэчыва знаходзіцца ва ўзбуджаным стане, узнікае адмоўная Д.х.: па-за вобласцю паглынання паказчык пераламлення спадае, унутры — расце.
Літ.:
Уизем Дж.Б. Линейные и нелинейные волны: Пер. с англ.М., 1977;
Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ З’ЕЗД КП(б)Б (аб’яднаўчы). Адбыўся 4—6.3.1919 у Вільні. Прысутнічалі 159 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам ад 17 636 камуністаў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, ч. Ковенскай і Сувалкаўскай губ. Парадак дня: даклады ЦБКП(б)Б і ЦК КП(б)ЛіЗБ (В.Г.Кнорын, А.І.Вайнштэйн-Браноўскі); аб’яднанне Кампартыі Беларусі і Кампартыі Літвы і Зах. Беларусі; III Камуніст. Інтэрнацыянал (В.С.Міцкевіч-Капсукас); арганізац. пытанне; Саветы і партыя (І.І.Рэйнгольд); работа на вёсцы; ваен. пытанне; праграма Камуніст. партыі (А.Ф.Мяснікоў); выбары кіруючых органаў. Скліканне з’езда было абумоўлена ўтварэннем Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел). З’езд ухваліў утварэнне Літбела і пастанавіў аб’яднаць Кампартыю Беларусі і Кампартыю Літвы і Зах. Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] «як неад’емную частку РКП(б)». Зацвердзіў «Палажэнне па арганізацыйным пытанні», у якім вызначалася структура пабудовы КП(б)ЛіБ. У тэзісах «Саветы і партыя» замацоўваліся прынцыпы, формы і метады парт. кіраўніцтва Саветамі. З’езд прыняў тэзісы па ваен. пытанні, у якіх падкрэслівалася неабходнасць строгага класавага прынцыпу фарміравання Чырв. Арміі. Была прынята рэзалюцыя аб Камуніст. саюзе моладзі. Выбраў ЦК КП(б)ЛіБ у складзе 15 чл., дэлегатаў на VIII з’езд РКП(б) — 18 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. (1918—1927). Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,
адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.
Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.Крык і С.Брэнер, М.Нірэнберг, С.Ачоа, Х.Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОНТРРЭФО́РМЫ»,
заканадаўчыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі ў 1880 — пач. 1890-х г., накіраваныя на абмежаванне і перагляд бурж. рэформ 1860—70-х г., на ўмацаванне ўлады самадзяржаўя і дваран. 27.8.1882 прыняты часовыя правілы аб друку, якія ўводзілі т. зв. «карную цэнзуру». У 1884 новы універсітэцкі статут скасаваў аўтаномію ВНУ. У 1885 заснаваны Дваранскі зямельны банк з мэтай падтрымкі дваранскага землеўладання. У 1886 уведзены абмежаванні сямейных падзелаў для сялян і закон аб найме с.-г. рабочых. У 1887 павышаны цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе. Цыркуляр ад 18.7.1887 аднавіў у пачатковых і сярэдніх школах саслоўныя прынцыпы. 12.7.1889 прыняты закон аб земскіх начальніках, скасаванні ін-та міравых судоў і ўстанаўленні кантролю павятовых прадвадзіцеляў дваранства над павятовымі з’ездамі земскіх начальнікаў. У 1889 з вядзення суда прысяжных забраны шэраг судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) і абмежавана публічнасць судоў. 12.6.1890 ўведзены саслоўныя курыі для выбаршчыкаў, сяляне былі пазбаўлены права непасрэднага выбару земскіх гласных. Законам ад 11.6.1892 ніжэйшыя слаі выключаны з гарадскіх выбаршчыкаў. На Беларусі, дзе ў сувязі з паўстаннем 1863—64 дзейнічаў рэжым выключных законаў, «К.» ўводзіліся пазней і з істотнымі адступленнямі. Напр., суд прысяжных і судовыя статуты тут ўведзены ў 1883, ін-т земскіх начальнікаў — у 1900 і толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. Земскае палажэнне 1890 наогул не было пашырана На Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СІНГ ((Lessing) Готхальд Эфраім) (22.1.1729, г. Каменц, Германія — 15.2.1781),
нямецкі пісьменнік і тэарэтык мастацтва, філосаф; адзін з заснавальнікаў ням. класічнай літаратуры. Магістр вольных навук (1751). Чл.-кар. Берлінскай АН (з 1760). Вучыўся ў Лейпцыгскім (1746—48) і Вітэнбергскім (1748) ун-тах. Адзін з арганізатараў Гамбургскага нац. тэатра (1767—68). Дэбютаваў п’есамі «Малады вучоны» (1747), «Вальнадумец» (1749), а таксама анакрэантычнымі вершамі (зб. «Дробязі», 1751). У «Пісьмах пра найноўшую літаратуру» (1759—65) выступіў за нац. самавызначэнне л-ры, у трактаце «Лаакоан, ці Пра межы жывапісу і паэзіі» (1766) выклаў прынцыпырэаліст. мастацтва, у кн. «Гамбургская драматургія» (т. 1—2, 1767—68) залажыў тэарэт. асновы драмы. У барацьбе з класіцызмам стварыў першую ў ням. л-ры «мяшчанскую» драму «Міс Сара Сампсан» (1755) і камедыю з нац. характарамі «Міна фон Барнхельм» (1767), у якой рысы камізму пераплятаюцца з чуллівасцю і сцвярджэннем высокага грамадз. бюргерскага ідэалу. Вяршыня драматургіі Л. — трагедыя «Эмілія Галоці» (1772), адзначаная глыбокім псіхалагізмам і вастрынёй сац. канфліктаў, пафасам тыранаборства, абароны годнасці і свабоды асобы. У філас. драме «Натан Мудры» (1779) выступіў супраць рэліг. фанатызму, за роўнасць людзей усіх канфесій. У філасофіі Л. — адзін з пачынальнікаў матэрыяліст. традыцыі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Папковіч.
Тв.:
Рус.пер. — Драмы. Басни в прозе. М., 1972;
Избранное. М., 1980.
Літ.:
Стадников Г.В. Лессинг: Лит. критика и худож. творчество. М.; Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́СТВА (грэч. monachos адзінокі, пустэльнік),
лад жыцця рэліг. асобы або суполкі аднаверцаў (група, абшчына, брацтва), заснаваны на прынцыпах аскетызму (адрачэнне ад маёмасці, шлюбу, свецкіх уцех), на свядомым падпарадкаванні суровай дысцыпліне, а таксама дуалістычным супрацьпастаўленні зямнога і нябеснага, духоўнага і цялеснага, добрага і злога пачаткаў. Ідэя М. бярэ пачатак у брахманізме, будызме, егіпецкім кульце Серапіса і інш. у сярэдзіне 1-га тыс. да н.э., але адметнае ўвасабленне назіраецца ў хрысціянстве, дзе выпадкі манаскага служэння пачаліся ў 2 ст.н.э. Шырокае распаўсюджанне хрысц. М. пачалося з 4 ст.Прынцыпы ўстрымання і самаадрачэння пераняты ад секты эсеяў; неаплатанізм узбагаціў М. ідэяй ачышчэння духа праз адмову ад цялесных асалод. На працягу стагоддзяў М., апрача рэліг., выконвала і свецкія функцыі: стварала летапісныя і літ. фонды, займалася навук. дзейнасцю, пашырала пісьменства. М. мае адметнасці ў розных канфесіях. Правасл. М. з’яўляецца наследнікам традыцый і ідэалаў першапачатковага хрысціянства. Прыняцце ў манахі суправаджаецца абрадам «пастрыжэння»: пры гэтым неафіт атрымлівае новае імя і спецыфічнае адзенне чорнага колеру (сімвал стрыманасці і смутку). Існуе іерархія М.: расафор, маласхімнік і велікасхімнік; з М. складаецца кіраўніцтва царквы — епіскапат. Каталіцкая царква пайшла па лініі стварэння ордэнаў манаскіх. Пратэстантызм не мае М. У будызме існуе інстытут М. ў выглядзе мноства буйных манастыроў (віхара). У ісламе ў межах містычнай плыні — суфізму, дзейнічаюць т.зв. тэке (манастыры, дзе жыве частка дэрвішаў).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБЫЛІ́ЦЫ,
фальклорныя празаічныя і вершаваныя творы жартоўнага характару, рознай жанравай прыналежнасці, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць са знарочыстым парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычынна-выніковых сувязей і г.д., чым ствараюць поўны недарэчнасцей маст. малюнак свету. Для іх характэрны сатыра, дасціпны гумар, гратэск, гіпербалізацыя. Прынцыпы небылічнасці часта выкарыстоўваюцца ў жартоўных і вясельных песнях, дзіцячым фальклоры, выслоўях, зрэдку ў баладах і былінах: «Нашы сваты ды ня ехалі, // Нашы сваты ды пяшком ішлі, // Маладога ды мяшком няслі»; «Пашый жа мне, мілы, з пяску чаравічкі. // Насучы мне дратвы з дажджавых кропляў». У некат. выпадках Н. могуць быць гал. сюжэтаўтваральным элементам. Уключаюцца, напр., у казку як яе частка. Элементы Н. могуць быць таксама ў казачных зачынах і канцоўках. Паказальнікі казачных сюжэтаў фіксуюць сюжэты і матывы Н. пад № 1875—1999. Вядомыя бел. казкі пра мужыка, што лётаў на журавах, пра чалавека, што выбраўся з багны, цягнучы сябе за чуб, і інш.Асн. змест вершаваных Н. у гульні недарэчнасцямі, што ўзнікаюць пры перастаноўках (метатэзе) рознага характару. Вершаваныя Н., «Н.-скамарошыны» часта спяваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДАКАРЫСТА́ННЕ,
сукупнасць усіх форм і відаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, уздзеяння чалавецтва на геаграфічную абалонку Зямлі і мерапрыемстваў па захаванні прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў грамадскай вытворчасці. Паводле накіраванасці і эфектыўнасці ўздзеяння на прыроду П. падзяляюць на рацыянальнае і нерацыянальнае. Рацыянальнае П. забяспечвае эканомную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў і ўмоў, раўнавагу паміж эканам. развіццём грамадства і ўстойлівасцю навакольнага асяроддзя, захаванне здароўя людзей, ахову і ўзнаўленне эстэт. уласцівасцей ландшафтаў, урадлівасці глебы, чысціні паверхневых і падземных вод, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш. Нерацыянальнае П. выклікае зніжэнне якасці і спусташэнне прыродных рэсурсаў, узнаўленчых сіл прыроды, пагаршэнне і забруджванне навакольнага асяроддзя. Бывае таксама інтэнсіўнае П. — эксплуатацыя прыродных рэсурсаў з хуткасцю, блізкай да хуткасці іх самааднаўлення (для аднаўляльных рэсурсаў), або эксплуатацыя значнай ч. агульнага запасу неаднаўляльных рэсурсаў; і экстэнсіўнае П., калі аднаўляльныя прыродныя рэсурсы выкарыстоўваюцца з хуткасцю значна меншай, чым хуткасць іх самааднаўлення, а неаднаўляльныя — выкарыстоўваюцца ў нязначнай ч. ад іх агульнага запасу. Таксама П. — комплексны навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў грамадствам, узаемаадносіны паміж прыроднымі рэсурсамі і ўмовамі жыцця і дзейнасці чалавека, аптымізацыю гэтых адносін і мерапрыемствы па захаванні і ўзнаўленні асяроддзя жыцця. П. ўключае элементы прыродазнаўчых, грамадскіх і тэхн. навук, дзе гал. значэнне мае аналіз антрапагенных уздзеянняў на прыроду з пункту гледжання захавання прыроды і здароўя людзей. Гл. таксама Прыродаахоўныя нормы, Прыродных рэсурсаў кадастр.