Каме́ль 1 ’ніжняя частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня’, ’перавязаны канец снапа, веніка і да т. п.’, ’аснова, тоўсты бок якой-небудзь рэчы’ (Нас., Маш., Мядзв., Бяльк., Сцяшк., ТСБМ, Гарэц., Бір. Дзярж.; КЭС, лаг.; Нік. Очерки; віц., Хрэст. дыял.; Федар. I; Растарг.; Сл. паўн.-зах.), ’каржакаваты, прысадзісты, здаровы чалавек’ (Др.-Падб.), камёлак ’тое ж аб дзецюку, аб кавалку дрэва’ (Нас., Бяльк., Юрч.), камлява́ты, камлякава́ты ’дужы, мажны’ (добр., Мат. Гом.; іўеў., Сцяшк. Сл.; віл., гродз., Сл. паўн.-зах.), шкл. камлюшок ’сцёрты венік’ (Мат. Маг.), камлі́, камле́, камлюкі́ ’валакно з ніжняй часткі трасты льну’, ’пачаскі з ніжняй часткі трасты льну’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. коме́ль, рус. раз., наўг. ка́мель, паўн.-рус., калуж., арл. ко́мель ’камель раслін, дрэў’, ’ствол дрэва’, перм. ко́мень ’ствол дрэва’; польск. аструдск., варм.-мазурск. komle ’пачаскі пасля першага часання жмені льну ад каранёў’. Такім чынам, лексема пашырана на прыбалт. арэале, і суф. ‑ель можна лічыць роднасным да ст.-прус. ‑elis, літ. ‑ė̃lis. Утворана ад komъ > ком, камя́к (гл.). Параўн. таксама літ. kamė́nas, kamíenas ’камель дрэва’, лат. kamans ’тс’. Літ-py гл. Фасмер, 2, 302, Шанскі, 2 (К), 228.

Каме́ль 2, мазыр. коме́ль ’бязрогая карова’ (З нар. сл.), каме́зы ’тс’ (смал., КЭС), камёзы ’лабаты, бязрогі’ (Гарэц., Др.-Падб.), камёзасць (Гарэц.). Укр. комо́лий, рус. комо́лый, коматый ’тс’, перм. комёл ’бязрогі бык’; ст.-польск. komoły, польск. gomoły, в.-луж. gomoły, чэш. komolý, chomolý, мар. gomoľa ’бязрогая карова’, славен. komȏł ’бязрогі’, komólčen ’локцевы’, серб.-харв. ко̀молац ’локцевая косць’. Прасл. komolъ роднаснае да komъ ’камяк’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-в.-ням. hamal, ст.-англ. hamola ’скалечаны’: ст.-грэч. κολοβός ’бязрогі’, хец. karmalussāi ’застацца пакалечаным, нерухомым’ (Махэк₂, 271; Фасмер, 2, 304; Слаўскі, 1, 315; Трубачоў, Эт. сл., 10. 174–175).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пліта́, плыта́, плі́тка ’вялікі плоскі камень або кавалак металу з роўнай паверхняй’, ’кухонная печ з канфоркамі’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ; навагр., астрав., воран., Сцяшк. МГ), ’засохлы камяк зямлі на засеяным полі’ (Яшк.), ’ссохлая луста зямлі, крыга’ (ТС), ’вялікі кавалак апрацаванай гліны’ (клец., ЖНС), плі́та ’вялікая крыга’ (лёзы., Яшк.), пліта́ ’тс’ (лёзн., ЛА, 2), ’памост ці камень на беразе рэчкі, дзе мыюць бялізну’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), ’вялікі кавалак сала’ (лун., мазыр., Шатал., ЛА, 4), плі́ты ’брыкет’ (Сцяшк. Сл.), пліта́ ’раскладка снапоў для малацьбы’ (рагач., ДАБМ, камент., 872), ’застаронак у гумне’ (кіраў., рагач., бабр., ЛА, 2), плі́та ’тарпа сена, саломы, снапоў’ (кіраў., Нар. сл.), пліта́ ’сцірта’, ’зляжалы пласт сена’ (рагач., гродз., Сл. ПЗБ; рэч., ЛА, 2), пліта́ ’касцёр дроў’, плі́та ’тс’ (асіп., жлоб., рагач., бабр., ЛА, 1), ст.-бел. плитка ’адзінка колькасці солі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. пли́та, рус. плита́ ’пліта’, стараж.-рус. плита ’кавалак каменя з плоскай паверхняй’, ’цэгла’, польск. plita (з бел.), płyta (з укр.), балг. пли́та ’цэгла’, магчыма, серб.-харв. пли̏тица ’плыткая міска’. Звычайна збліжаюць са ст.-грэч. πλίντος ’цэгла’ (Фасмер, 3, 283). Магчыма, некаторыя лексемы (напр., балгарская) узыходзяць да навагрэч. πλίθα ’цэгла з гліны і саломы’ (БЕР, 5, 354), аднак трэба прыняць пад увагу пашырэнне (усх.-слав. тэрыторыя) і суаднесці з літ. plytéti ’распасцірацца’, plìsti ’тс’, у такім выпадку можна гаварыць аб лексеме пліта́ як аб балтызме (Банькоўскі, 2, 610). Сюды ж плітня́к ’вапняковая ці пясчаная парода, якая лёгка раздзяляецца на пліты’, плітава́ць ’абчэсваць камень у выглядзе пліткі’ (Шат.), плі́тка ’кара’ ў выразе: пліткай узяцца ’пакрыцца струпамі’ (докш., Сл. ПЗБ), плі́ты ’прыступкі ганка з каменю’ (воран., Сцяшк. МГ), плітоўка ’расколатыя на кавалкі камяні’, плітоўнік ’малаток для расколвання камянёў на кавалкі’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Растаро́п 1 (рістаро́п, рыстаро́п) ’разуменне, развага’, ’чалавек цямкі, растропны, разумны’ (Бяльк.), растаро́па ’кемлівасць’, ’кемлівы’ (Юрч.), ’кемлівая, дасціпная, прабіўная асоба’ (капыл., Жыв. сл.), сюды ж растаро́пны ’кемлівы ў справах, упраўны’ (ТСБМ); параўн. укр. росторо́па ’цямкі, здагадлівы, кемлівы’, розторо́пний ’тс’, рус. росторо́пный ’кемлівы’, польск. roztropny ’кемны’. Узводзяць да прасл. *torp‑, першапачаткова ’паваротлівы, шустры’, параўн. грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’вярцець’, ст.-інд. trápatē ’саромецца; адварочвацца’, tr̥pás ’неспакойны’, гл. Фасмер, 3, 446 (з літ-рай). Брант (РФВ, 25, 30) лічыць роднаснымі літ. tar̃pti ’мець поспех, працвітаць’, tarpà ’працвітанне’. Згодна з Махэкам₂, 649, можа быць звязана з літ. stropė́ti ’быць старанным’, параўн. літ. stropà ’стараннасць, руплівасць’. Гл. таро́піцца ’старанна ўглядацца’. Сувязь з торап ’пуд, страх’ (гл.) магчыма праз прасл. *torpiti ’рабіць цвёрдым, акачанелым’ (параўн. атарапець, гл.) < *torpa ’зацвярдзенне, акачанеласць’ (гл. Сной у Бязлай, 4, 213). У такім выпадку прыстаўка рас- надае слову супрацьлеглае значэнне.

Растаро́п 2 ’бездараж, распуцце’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк.), ’расталая дарога’ (мазыр., ГЧ), ’разводдзе’ (навагр., капыл., З нар. сл.; Мат. Маг.), ’гразкасць’ (Нас.), ’многа гразі; слата; бездараж’ (Янк. 3.), расторо́па ’гразь (вясною, восенню)’ (Нас.), ’слата’ (Сл. ПЗБ), растаро́пʼе ’гразь, слата, бездараж’ (Янк. 3.), растаро́піца ’слата’ (Сл. ПЗБ), ’бездарожжа’ (Нас., Яруш., Гарэц., Бяльк., Варл.); сюды ж растаро́піць (ръстаро́піць) ’растаць, набракнуць вадой, развесці (пра снег)’ (гарад., Нар. лекс.), растарапі́ць ’прыгатаваць’: зелле свінням растарапіла (Мат. Гом.), да апошняга параўн. рус. дыял. (комі, сіб.) расторо́пить ’разбавіць вадой ці інш.’, растаро́пило ’развязло (пра снег)’. Няясна. Зыходны дзеяслоў тыпу *тарапіць ’распускаць’ захаваўся ў вытворных, параўн. тарапя́нка ’страціўшая раўнавагу’ (гл.). Параўн. распу́ціца, роспуск 2 (гл.). Не выключана сувязь з літ. strópti ’зацвярдзець, падсохнуць’, тады зыходны дзеяслоў мог мець форму *рас‑(с)тарапіць з супрацьлеглым значэннем, параўн. папярэдняе слова. Гл. таксама ростарапень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каліта́ ’сумка для грошай, вялікі кашалёк’ (БРС, ТСБМ), ’грошы, багацце’ ’паходная торба, сумка’ (ТСБМ). У гаворках: ’мяшок, сумка’ (Нас., Булг.), ’мяшочак на грошы’, (Бяльк.), ’сумка’ (Грыг.), ’скураны мяшок на грошы’ (Касп.), скураны мяшэчак’ (касцюк., КЭС; Нік., Оч.), ’партманет’ (тураў., КЭС), ’мяшок’ (лун., Мат. дыял. канф.), ’кішэня ў скураным поясе (мяшочак)’ (Маш.), ’невялікая сумка на грошы’, ’скураная сумка, якая носіцца беларусамі пры скураным поясе, у якой захоўваецца крэмень, сталёвыя пласцінкі і трут’ (Мядзв.), у Сержпутоўскага слуц. і мазыр. значэнне не вельмі яснае: «расперазаўся ён, зняў каліту й лёг на пол спачынаць» (Сержп., 7), ’самаробны скураны мяшок на грошы’ (Чуд., Шн., Яруш.). Таксама шырока прадстаўленні ў беларускай мове памяншальная форма калітка. Укр. палес. калитка ’кашалёк; мяшочак для табакі, красала’, укр. калита ’мяшок з грашыма’, калитка ’скураны кашалёк’, рус. калита ’кашэль, сумка, мяшок, карман’, ст.-рус. калита (з XIV ст.), у гаворках адзначана на тэрыторыі, суседняй да беларускай: смал., арл., ярасл. ’разнавіднасць кашалька, скураны мяшочак на грошы і рознага роду дробязей (красала і інш.), які звычайна чапляецца да пояса’, валаг. ’кашалёк, сумка’, ’кішэня’. Польск. kaleta (з XV ст.) ’мяшочак для грошай’, а ў гаворках kalita, kalota, kalalka ’скураная кішэня: скураная сумачка’, літ. kolytà, лат. kalīte, с.-н.-ням. kalite ’каліта’. Лічыцца запазычаным з тур. даўнейшага kalita, chalita ’кашалёк, мяшочак на грошы’ (у тат., казах., алт. kalta ’кашалёк, кішэня, скураны мяшок’), якое як быццам бы з араб. charǐta ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 29, дзе і спасылка на літаратуру). Неабходна адзначыць, што дакладная цюрк. крыніца невядомая; Бернекер (1, 474) пісаў пра мяркуемае паўн.-тур. *qalita. Цікава адзначыць рус. урал. калита ’каліта’, якое можна разумець як сепаратнае запазычанне, непасрэдна звязанае з прыведзенай рус. лексікай. Лінгвагеаграфія слова, як відаць, выключае магчымасць запазычання кантактным шляхам. Магчыма, што гэта культурнае запазычанне ўжо пасля часоў Кіеўскай Русі, аднак даволі старое (параўн. ст.-рус. фіксацыю); з усх.-слав. моў (з беларускай) слова трапіла ў польск. і інш. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плот 1, плу͡от, плут, пліт, плыт, плет ’агароджа вакол чаго-н.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’паркан’ (Нас.; ТСБМ; Варл.), ’агароджа з жэрдак, пераплеценых галлём’ (Яруш., Сцяшк. МГ, Гарэц., Шпіл., Бес., Шушк., Выг., П. С.; Зн., дыс.; ДАБМ, к. 246; Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сл. Брэс.; івац., Жыв. НС); ’пляцень, агароджа з тонкіх кійкоў, пераплеценых лазой’ (Чуд.; Клім.; ЛА, 4), ’частакол’ (ЛА, 4); ’плот з жэрдак’ (усюды, апрача ўсх.-маг. і ўсх.-гом., ЛА, 4); плот ’застаўкі ад снежных заносаў на дарозе’ (Сцяшк. МГ), ’дубцы, галлё з якіх плятуць агароджу, кашы’ (Сцяшк. Сл., Сцяшк. МГ). Укр. пліт, рус. зах., паўд. плот, польск. płot, н.-луж. płot, в.-луж. płót, чэш., славац. plot, славен. plọ̑t, серб.-харв. пло̑т, макед. плот, балг. плет, ст.-слав. плотъ. Прасл. *plotъ ці *ploktъ (Трубачоў, Ремесл. терм., 163) — гэта іменнае вытворнае з о‑вакалізмам ад дзеяслоўнай асновы *plesti > пле́сці (гл.) < і.-е. *plektō з пашыральным суф. ‑t‑ пры больш старажытным *plekō, параўн. ст.-грэч. πλέκω ’плягу’. Мяркуецца, што *plesti першапачаткова адносіўся да пляцення з гнуткіх, тонкіх атожылкаў і галінак дрэваў. Аналагічнае паходжанне ням. Wand ’сцяна’ < winden ’плесці’ (Мерынгер, IF, 1904–1905, 17, 139 і наст.) ці манг. хэрэм ’сцяна’ < хэрэх ’звязваць, сплятаць’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 233). Сюды ж в.-дзв. плутуваць ’пераплятаць плот лазой’ (Сл. ПЗБ).

Плот 2, плыт, плытюх, плытюга́ ’хлус, балбатун, пляткар’ (Клім.; пін., Сл. Брэс., Нар. лекс.; івац., Жыв. НС). Да пле́сці (гл.). Паводле Банькоўскага (2, 607), пераход ’плесці’ > ’выдумляць, хлусіць’ — польская спецыфіка. Аднак параўн. рус. арх. плоти́ть ’хлусіць, вярзці лухту’ і фразеалагізм плести плетень ’гаварыць бязглуздзіцу’.

Плот 3 ’плыт’ (Сцяшк. Сл.; ваўк., Сцяшк. МГ; вільн., астрав., Сл. ПЗБ). Да плыт 1 (гл.). Сюды ж плот ’спосаб укладкі лёну і канапель для вымочвання’ (калінк., мазыр., Уладз.).

Плот 4 ’кнот, зроблены з напаўспаленых акрайкаў палатна’ (Мік.). Відаць, да пле́сці (гл.), г. зн. ’сплецены з акрайкаў палатна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МОСТ,

збудаванне, якое пракладвае шлях над перашкодай. Узводзяць цераз рэкі і інш. вадацёкі (уласна М.), цераз дарогі (пуцеправоды), яры і цясніны (віядукі), а таксама замест насыпаў і плацін (эстакады). Паводле прызначэння адрозніваюць пешаходныя, аўтадарожныя, чыгуначныя масты, сумешчаныя, для водазабеспячэння (акведукі), пропуску водных шляхоў (М.-каналы), газа- і нафтаправодаў; паводле працягласці бываюць малыя (да 25 м), сярэднія (25—100 м), вялікія (больш за 100 м), пазакласныя (больш за 500 м, у якіх ёсць пралёты болей за 100 м); паводле канструкцыі — арачныя, бэлечныя масты, вантавыя масты, вісячыя масты, рамныя масты, камбінаваныя. Асобную групу ўтвараюць наплаўныя масты, развадныя масты, зборна-разборныя, а таксама масты ваенныя.

М. падзяляюць таксама на: адно-, двух- і шматпралётныя; з яздой па версе, па нізе, па сярэдзіне; нізка- і высакаводныя; жалезабетонныя, стальныя, сталежалезабетонныя, бетонныя, драўляныя (пераважна часовыя). М. звычайна складаецца з пралётных канструкцый і апор (прамежкавых быкоў і канцавых устояў). Апоры М. бываюць масіўныя, ражавыя, па́левыя, на па́левых абалонках, апускных калодзежах і кесонах; устоі спалучаюць М. з земляным палатном дарогі. На пралётнай канструкцыі размяшчаюць праезную ч., пешаходныя праходы, трубаправоды. Асн. параметры М.: агульная даўжыня, даўжыня пралётных канструкцый, шырыня праезнай ч. і тратуараў, падмаставы габарыт. Будуюць па тыпавых або індывід. праектах, выпрабоўваюць на статычныя і дынамічныя нагрузкі. Будаваць М. (драўляныя і каменныя) пачалі са стараж. часоў, на Русі — з 10 ст. драўляныя (пераважна наплаўныя), з пач. 16 ст. — каменныя. Першы метал. (чыгунны) М. пабудаваны ў Англіі ў 1779, у Расіі — у 1784 у Пецярбургу; вял. ланцуговы М. — у 1847—53 у Кіеве. З пач. 20 ст. значнае пашырэнне набылі жалезабетонныя М. З пач. 19 ст. пачалі будаваць вісячыя масты, пралёты іх хутка павялічваліся. У 1937 цераз праліў у Сан-Францыска (ЗША) пабудаваны унікальны вісячы М. з пралётам 1281 м. У тэорыю і практыку мостабудавання значны ўклад зрабілі працы рас. і сав. вучоных М.​А.​Белялюбскага, Дз.​І.​Жураўскага, С.​В.​Кербедза, Л.​Ф.​Нікалаі, Я.​А.​Патона, Р.​П.​Перадзерыя, Л.​Дз.​Праскуракова, Ф.​С.​Ясінскага; Э.​Фрэйсінэ (Францыя), Р.​Маяра (Швейцарыя) і інш.

Многія М. з’яўляюцца помнікамі дойлідства і інж. мастацтва. М. стараж.-рым. дасягнулі адзінства архітэктуры і інжынерыі: выразная архітэктоніка масіўнай шматарачнай канструкцыі, амаль пазбаўленай дэкору, надавала ім выгляд суровай магутнасці (М. Алькантара цераз цясніну р. Таха ў Іспаніі, 98—106 н.э., будаўнік Гай Юлій Лацэр). Найб. пашыраныя да сярэдзіны 19 ст. каменныя М. мелі масіўныя ўстоі і пралёты, што стварала ўражанне ўстойлівасці і надзейнасці. Метал. М. сталі менш грувасткімі і набылі ажурнасць сілуэта (М. цераз р. Дору ў г. Порту ў Партугаліі, 1881—85, інж. А.​Г.​Эйфель). Яны паўплывалі на стылістыку М. 20 ст. Вял. пластычнай выразнасцю адметныя жалезабетонныя М. Іх дынамічнасць і зрокавая лёгкасць форм надаюць буйным збудаванням своеасаблівую элегантнасць (М. цераз р. Арв у Швейцарыі, 1936, інж. Р.​Маяр). Арыгінальныя сілуэты М. істотна ўплываюць на арх. аблічча горада (напр., М. ў Празе, Будапешце, Пецярбургу, Кіеве і інш.).

Сярод найб. значных і прыгожых М.: цераз р. Дзебед каля манастыра Санаін у Арменіі (1192), цераз р. Эльба ў г. Дрэздэн (Германія; 1260), Карлаў М. у Празе (1357), Санта-Трыніты ў Фларэнцыі (Італія; 1567), вісячы Бруклінскі М. у Нью-Йорку (1869—83), Таўэрскі ў Лондане (1886—94), чыг. арачны Мюнгстэнскі цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген (Германія; 1897, выш. каля 107 м), цераз р. Св Лаўрэнція ў г. Квебек (Канада; 1899—1917, пралёт 549 м), Вял. Маскварэцкі ў Маскве (1938), Патона ў Кіеве (1951), цераз праліў Басфор (Турцыя; 1973), цераз эстуарый Хамбер на У Вялікабрытаніі (даўж, 1410 м, 1981). Шэдэўрам цяслярнага мастацтва з’яўляюцца драўляныя рыштаванні і кружала Чортавага М. на аўтамагістралі Гера—Іена ў Германіі (1937). Самыя высокія М.: у свеце — на выш. 321 м перасякае Каралеўскі каньён у штаце Каларада, ЗША (пралёт 218 м, 1929), у Еўропе — М. «Еўропа» (выш. 190 м, даўж. 820 м) цераз р. Зіль у г. Інсбрук, Аўстрыя (1959—63). Найб. колькасць М. у г. Гамбург (Германія) — 2,5 тыс., у С.-Пецярбургу — каля 800, у т. л. М. Анічкаў, Банкаўскі, Ільвіны мосцік і інш. У Еўропе захавалася некалькі забудаваных М.: Лонданскі цераз р. Тэмза (1209; да 14 ст. ўяўляў сабой своеасаблівы гар. квартал з 5-павярховымі дамамі), у Парыжы на М. Мянялаў асталяваліся банкіры; М. Понтэ-Векіо ў Фларэнцыі (Італія) з ювелірнымі крамамі; М. крамнікаў у г. Эрфурт (Германія) пабудаваны ў 1325 цераз р. Гера, дзе абапал яго стаяць 34 адрэстаўрыраваныя 2- і 3-павярховыя фахверкавыя дамы. Сярод вядомых стваральнікаў М.: у Англіі Т.​Тэлфард, А.​Дэрбі, Дж.​Уілкінсан, Р.​Стэфенсан, у Францыі Эйфель, у Італіі Л.​Б.​Альберці, Б.​Аманаці, у Швейцарыі І.​У.​Грубенман, у ЗША В.​Роблінг і яго сын Дж.​А.​Роблінг, Дж.​Фінлей, на Украіне Я.​А.​Патон.

На Беларусі драўляныя М. вядомы з 10—11 ст. Іх будавалі цераз рэкі, каналы, балоты, замкавыя равы і інш. Яны мелі 2 асн. апорныя канструкцыі — на палях і ізбіцах. Замкавыя М. падымаліся на спец. ланцугах (узводах). У 1567 у Гродне цераз Нёман пабудаваны драўляны М. з каменнымі падпорамі. У 18—19 ст. узведзены каменныя арачныя М. ў Брэсце, Віцебску і інш. Шэраг чыг. М. пабудаваны з пракладкай Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі (участак Парэчча—Гродна ўведзены ў эксплуатацыю ў 1862) і ўчастка Смаленск—Брэст (у 1871). У 1950—80-я г. пабудаваны: М. цераз р. Зах. Дзвіна ў Віцебску, цераз р. Дняпро ў Магілёве і Рэчыцы (усе арх. В.​Ладыгіна), цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны і вул. М.​Багдановіча ў Мінску, пуцеправоды цераз яр Дзебра ў Магілёве і чыгунку станцыі Мінск-Пасажырскі ў Мінску і інш. На Беларусі больш за 4600 аўтадарожных і каля 2000 чыг. М. (1999). Найб. М. цераз р. Прыпяць каля г. Мазыр Гомельскай вобл. даўж. 947 м пабудаваны ў 1995.

Літ.:

Кётэ Р. Мосты: Пер. с нем. [М., 1991].

І.​І.​Леановіч, Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Карлаў мост у Празе. 1357.
Таўэрскі мост у Лондане. 1886—94.
Мюнгстэнскі чыгуначны арачны мост цераз даліну р. Вупер каля г. Золінген. Германія. 1897.
Драўляныя рыштаванні і кружала «чортавага» моста на аўтамагістралі Гера—Іена. Германія. 1937.
Мост цераз р. Заходняя Дзвіна ў Віцебску. 1953—55.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),

паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.

Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.

На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛ гал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.

У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел. сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял. Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп. дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс. аддз. сувязі (1999).

Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав. ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер. — ліст. 1939). У Вял. Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.

Літ.:

Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;

Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.

У.​К.​Зарзмскі (ваен.), Л.​Л.​Коласаў.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКА́,

адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз. вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз. рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз. вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл. бас. больш за 50 тыс. км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл. бас. 2—50 тыс. км²) і малая Р. (пл. бас. да 2 тыс. км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.​І.​Львовіча, П.​С.​Кузіна, Б.​Дз.​Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс. км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).

На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс. км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс. км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс. км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн. т завіслых наносаў і каля 6,5 млн. т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл. Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл. Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.

Літ.:

Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;

Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;

Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
Назва Даўжыня,
км
Плошча
басейна,
тыс. км
Сярэднегадавы
расход вады,
м/с
Найбольшыя рэкі свету
Ніл (ад вытоку р. Кагера) 6671 2870 2,6 тыс. (каля г. Асуан)
Амазонка (ад вытоку р. Мараньён) 6400 7180 220 тыс.
Місісіпі (ад вытоку р. Місуры) 5970 3230 19 тыс.
Янцзы 5800 1808 34 тыс.
Об (ад вытоку р. Іртыш) 5410 2990 12,7 тыс.
Хуанхэ 4845 771 2 тыс.
Парана (з р. Уругвай) 4380 2663/2970 17,5/23 тыс.
Меконг 4500 810 13,2 тыс. (каля г. Пнампень)
Амур (ад вытоку р. Аргунь) 4440 1855 10,9 тыс.
Лена 4400 2490 16,5 тыс.
Конга (ад вытоку р. Луалаба) 4320 3700 46 тыс.
Макензі (разам з р. Піс ад вытоку р. Фінлі) 4250 1804 11 тыс.
Нігер 4160 2092 9,3 тыс.
Енісей (ад вытоку р. М.​Енісей) 4102 2580 19,8 тыс.
Мурэй (ад вытоку р. Дарлінг) 3750 1057 0,47 тыс.
Волга 3530 1360 7,71 тыс.
Найбольшыя рэкі Беларусі
Дняпро, увесь 2145 504 1670
у межах Беларусі 689 118 583
Нёман, увесь 937 98,2 685
у межах Беларусі 459 35 214
Зах. Дзвіна, уся 1020 87,9 666
у межах Беларусі 328 33,1 441
Прыпяць, уся 761 121 450
у межах Беларусі 500 52,7 383 (каля г. Мазыр)
Сож, увесь 648 42,1 219
у межах Беларусі 485 21,5 219
Бярэзіна 613 24,5 142
Рака Мухавец у г. Брэст.

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лут 1, луток ’маладая ліпа, сук з ліпы, парастак, лазовы дубец, з якіх можна зняць кару на лыкі’, лу́цік, лу́цце ’скрутак лыка’, ’маладыя тонкія ліпы’, ’кара ліпы’ (Сержп. Грам., Нас., Нік. Очерки, Мікуц., Мядзв., Маш., Янк. БП, Шат., Шн. 1, Шн. 2, Дразд., Гарэц., Бяльк., Касп., Сцяшк. Сл., Шатал., Дэмб. 2, Янк. 1, ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; КЭС, лаг.; рэч., Нар. сл.; маз., З нар. сл.), тураў. лут і «гіперправільнае» лыт (у гэтых гаворках звычайна ы > у: мы́ла > му́ло) ’тс’ (ТС), луце́ц ’закручаны лут’ (КЭС, лаг.), лях. луток, лу́цік, віл. луце́ц ’ручка ў касе’ (Сл. ПЗБ). Укр. лут, лу́ття́ ’луцце’, закарп. лути́на ’дубец’, рус. лут, луть ’лыка, кара ліпы’, лута́ ’ліпа’, лутьё ’маладыя ліпкі’, польск. łęt ’дубец’, łęty, каш. łęta, łątë ’бульбоўнік’, славін. łąt ’кій’, мар. lut ’лыка’, loutka, серб.-харв. lȕtka ’лялька’. Прасл. паўн. lǫtъ, lǫta ’лыка’, ’маладая ліпа’ (Слаўскі, 5, 116–117; Фасмер, 2, 536; Урбуціс, Etiudai, 15), роднаснымі да якіх з’яўляюцца літ. lánta ’венік для лазні’, lentà ’дошка (спачатку ліпавая)’, ст.-в.-ням. linta, linda ’ліпа’, новав.-ням. lind ’лыка’, лац. lentus ’гнуткі, павольны’, алб. landë, lëndë ’лес — будаўнічы матэрыял’. Сюды ж лутовы ’лыкавы’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Гл. яшчэ луці́ца.

Лут 2, лу́цік, лу́тка, лу́ткі ’вушак, бакавы стаяк асады дзвярэй і акон’ (Касп., Бяльк., Растарг., Мядзв., Нар. Гом., Юрч. Вытв., Мат. Гом., Мат. Маг.; рас., талач., Шатал.), ’шырокая дошка ў ніжняй частцы аконнага праёма’ (Яшкін, Бел. лекс., 166). Укр. лу́тка, рус. бран., смал., кур., калуж. лу́тка ’вяршнік’, ’бакавая частка шуфляды акна’. Да лут 1. Утварылася ў выніку пераносу значэння ’лут’ > ’друк’ > ’дошка’ > ’стаяк асады, вяршнік’ (параўн. паморск. łąt ’кій, друк’, літ. lentà ’дошка’. Гл. таксама луці́ца.

Лут 3 ’укормлены, але не тлусты чалавек’ (полац., Нар. лекс.), як лу́т ’тоўсты, укормлены’ (пух., Сл. ПЗБ; Ян.), ’гультай, лежань’ (Дразд., Гарэц., ТС), луця́ро ’тс’ (ТС), мазыр. лу́цік ’добра дагледжанае парася’, лу́тковуй ’тлусты’ (З нар. сл.); укр. харк. луца́к, луца́н ’таўстатвары чалавек’. Балтызм. Параўн. літ. lùtis ’тоўсты, на кароткіх нагах’, ’няўклюда’, паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 2, 690), яшчэ і ’ўкормлены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спор 1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор 2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор 3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор 1. Параўн. спарыння, спарыш 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)