1. Пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці, якое выклікае вясёлы настрой. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар.Колас.Толькі мы выйшлі на поле, я неяк незнарок азірнуўся і аж закрычаў ад радасці: за намі бегла [вавёрка] Люська!..Ляўданскі.// Весялосць, трыумф. І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці.Лынькоў.У першыя дні Саша са сваёй сястрычкай Лідай нават не ведалі, што рабіць ад радасці: насіліся з аднаго пакоя ў другі, заглядвалі ва ўмывальнік, ванную.Даніленка.//звычайнамн. (ра́дасці, ‑ей); чаго або якія. Прыемныя, вясёлыя перажыванні, выкліканыя чым‑н. Лапік ужо ў трэцім класе. Першыя школьныя радасці даўно прайшлі.Брыль.
2. Падзея, абставіны і пад., якія даюць асалоду, шчасце. Пачатак навучальнага года супаў з вялікай радасцю ў яе жыцці — Кацю прынялі ў рады Камуністычнай партыі.Грахоўскі.Схадзіць у госці да цёткі Тарэсі ў Лугаватую, паехаць з дзядзькам у Сыркінаў млын — было для дзяцей самай вялікай радасцю.С. Александровіч.
3.(звычайнасасловам «мая»). Разм. Ласкавы, пяшчотны зварот. [Лявон:] Дык пойдзем, мая радасць, я правяду цябе крышку.Козел.Краіна мая, радасць мая, Песня мая маладая! Па нівах тваіх, па тваіх гаях Сынава сэрца рыдае.Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
САУ́ДАЎСКАЯ АРА́ВІЯ, Каралеўства Саудаўская Аравія (араб. Аль-Мамляка аль-Арабія ас-Саудыя),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі на Аравійскім паўвостраве. Мяжуе на Пн з Іарданіяй, Іракам, Кувейтам, на ПдУ з Катарам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, на Пд з Йеменам і Аманам. На ПдЗ абмываецца Чырвоным м., на ПнУ — Персідскім зал. Пл. 2,24 млн.км² (паводле інш. звестак ад 1,6 млн.км² да 2,4 млн.км²; межы С.А. праходзяць па пустынях і дакладна не вызначаны). Нас. 22 023 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Эр-Рыяд. Краіна падзяляецца на 13 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння каралеўства (23 вер.).
Дзяржаўны лад. С.А. — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы і духоўны кіраўнік — кароль, які адначасова з’яўляецца прэм’ер-міністрам, галоўнакамандуючым узбр. сіламі і вярх. суддзёй. Выканаўчы орган — Савет Міністраў, членаў якога назначае кароль. Дзейнічае Кансультатыўны савет (90 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады), які выпрацоўвае рэкамендацыі ўраду па пытаннях сац.-эканам. развіцця краіны, дае заключэнні па прававых актах і міжнар. пагадненнях.
Прырода. Большую частку краіны займае пласкагор’е выш. ад 200—300 м на У да 1000—1300 м на З, складзена з крышт. парод. Уздоўж Чырвонага м. горы Асіра і Хіджаза з г. Джабаль-Сауда (3353 м), прыбярэжная раўніна Тыхама.
Каля Персідскага зал. нізіна Эль-Хаса. Ва ўнутр. раёнах пустыні Вялікі Нефуд, Малы Нефуд, Руб-эль-Халі. Вял. запасы нафты — 35,8 млрд.т (25% сусв. запасаў, 1-е месца ў свеце) і прыроднага газу (5-е месца ў свеце) на У, каля ўзбярэжжа і на шэльфе Персідскага зал. Ёсць жал., свінцова-цынкавыя, медныя, залатыя і сярэбраныя руды, каменная соль і інш. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны. Лета гарачае, сухое, зіма цёплая. Сярэдняя т-растудз. 10—20 °C, ліп. 30—35 °C. Ападкаў каля 100 мм за год, у гарах да 400 мм. Бываюць пясчаныя буры (самумы). Рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Гасп. значэнне маюць падземныя воды. Расліннасць пустынная і паўпустынная, разрэджаная. Характэрны паўхмызнякі (палын, астрагал) і травы; у аазісах — дрэвавая расліннасць (аравійская акацыя, міра, фінікавая пальма, фруктовыя дрэвы і інш). Для жывёльнага свету характэрны грызуны, змеі, яшчаркі, драпежныя птушкі. Сустракаюцца антылопы, газелі, дзікі асёл, гепарды, шакалы, гіены. Ёсць ачагі саранчы. Нац. парк Асір.
Насельніцтва. Каля 95% складаюць арабы, у т. л. каля 82% — саудаўскія арабы, каля 13% — арабы з Йемена, Амана, Іарданіі і інш. Жывуць таксама іранцы, афрыканцы, выхадцы з Пакістана і Індыі, групы еўрапейцаў і амерыканцаў. Карэннае насельніцтва падзяляецца на плямёны, ёсць качэўнікі-бедуіны і паўкачэўнікі. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 10 чал. на 1 км², у аазісах і прамысл. раёнах да 50—100 чал на 1 км², у пустынях каля 1 чал. на 1 км². У гарадах 85% насельніцтва. Найб. гарады (млн.ж., 1998): Эр-Рыяд — 2,6, Мекка — 1,5, Джыда — 1,5, Медына — 0,5. У прам-сці, буд-ве і здабычы нафты занята 25% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у кіраванні —40%, у абслуговых галінах —30%. У краіне працуе некалькі мільёнаў замежных рабочых.
Гісторыя. Аравійскі п-аў з’яўляецца радзімай семіцкіх плямён. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. большасць паўвострава засялялі стараж.-араб. плямёны. У 1-м тыс. да н.э. тут складаліся першыя дзяржавы: Мінейскае, Сабейскае, Хім’ярыцкае царствы. У 4—6 ст.н.э. ў Аравіі фарміравалася адзіная араб. народнасць адначасова з узвышэннем вобл. Хіджаз на З Аравіі. У пач. 7 ст. ў Хіджазе ўзнікла новая рэлігія — іслам, які здолеў аб’яднаць араб. плямёны. У выніку арабскіх заваяванняў створана вял. дзяржава — Арабскі халіфат (гл. Халіфат) са сталіцай у Медыне. Каля 660 халіф Муавія I перанёс сталіцу халіфата з Медыны ў Дамаск, пасля чаго Аравія страціла становішча цэнтра дзяржавы. У пач. 16 ст. туркі-асманы ўсталявалі кантроль над зах. р-намі Аравіі — Хіджазам і ч. Асіра, а ў 19 ст. англічане падпарадкавалі паўд. і ўсх. ўзбярэжжа. Але цэнтр. вобласці захавалі сваю незалежнасць. У пач. 18 ст. ў Недждзе, у аазісе Дэрыя, каля сучаснага Эр-Рыяда ўзнік эмірат на чале з дынастыяй Саўдыдаў, якую засн. Сауд (п. 1725). Яго сын Мухамед ібн Сауд у 1745 падтрымаў рэліг. рэфарматара Мухамеда ібн Абд-аль-Вахаба, заснавальніка рэліг.-паліт. руху вахабізму. Пад сцягам вахабізму Саўдыды аб’ядналі Неджд і заваявалі б.ч. Аравіі. У 1811—18 войскі правіцеля Егіпта Мухамеда Алі разграмілі дзяржаву вахабітаў. У 1842 Саўдыды аднавілі свой эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе (праіснаваў да 1891). У 1902 адзін з Саўдыдаў Абд-аль-Азіз адваяваў Эр-Рыяд і абвясціў сябе правіцелем вахабіцкай дзяржавы пад імем Ібн Сауда [1902—53]. У 1906 ён усталяваў уладу над усім Недждам, заваяваў Эль-Хасу (1913), Асір (1920) і Хіджаз (1925). У 1932 усе ўладанні Ібн Сауда абвешчаны каралеўствам С.А. З 1938 амер. кампанія «Арамка» пачала тут здабычу нафты, прыбыткі ад якой сталі пасля 2-й сусв. вайны асновай эканам. росквіту С.А. Потым каралеўствам кіравалі сыны Ібн Сауда: Сауд [1953—64], Фейсал [1964—75], Халед [1975—82] і Фахд [з 1982].
З 1964 пры Фейсале пераважная ўвага аддавалася развіццю нафтавай прам-сці, будаўніцтву інфраструктуры і г.д., усталяваны кантроль над здабычай нафты; пазіцыі С.А. ўзмацніліся ва ўсім мусульм. свеце. Яе ўрад аказвае вял.фін. дапамогу інш.мусульм. краінам. Ірана-іракская вайна 1980—88 падштурхнула Саўдыдаў да пошуку і замацавання сувязей з княствамі Перс. заліва. Яны сталі ініцыятарамі стварэння ў 1981 Савета супрацоўніцтва араб. дзяржаў Перс. заліва, які аказваў дапамогу Іраку ў вайне з Іранам. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 С.А. выступіла супраць іракскай акупацыі Кувейта і далучылася да шматнац. кааліцыі супраць Ірака. У знешняй палітыцы С.А. арыентуецца на ЗША і зах. краіны. С.А. — чл.ААН (з 1945), Лігі араб. дзяржаў (з 1945), Савета супрацоўніцтва араб. дзяржаў Перс. заліва (з 1981). Дыпламат. адносіны паміж С.А. і Рэспублікай Беларусь усталяваны 6.6.1997.
Гаспадарка. С.А. — індустр.-агр.краіна. Эканоміка змешанага тыпу, з важнай роляй і дзярж., і прыватнага сектараў. Гал.прамысл. кампаніі ў сумесным уладанні дзяржавы і замежных карпарацый. З 1970 краіна развіваецца па пяцігадовых планах. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 186 млрд.дол., па 8500 дол. на чал. Структура ВУП: прам-сць 47%, сельская гаспадарка 6%, сфера паслуг 47%. Аснову эканомікі складае нафтагазавая прам-сць. У 1998 здабыта 443 млн.т нафты (3-е месца пасля ЗША і Расіі; больш за 10% сусв. здабычы). Здабыча нафты эфектыўная, яна залягае неглыбока (да 2—3 тыс.м), маласярністая, свідравіны высокадэбітныя. Асн. радовішчы: Гавар, Абкайк, Сафанія, Маніфа і інш. на У краіны. Большая ч. прыроднага газу здабываецца на радовішчах Гавар, Сафанія, Зулуф. Працуюць 8 нафтаперапр. з-даў у Рас-Тануры, Рас-Хафджы, Джыдзе, Дахране, Эр-Рыядзе, Янбу, прадпрыемствы па звадкаванні газу на экспарт у Рас-Тануры, Абкайку, Янбу. Пераважная ч. нафты і прыроднага газу здабываецца дзярж. кампаніяй «Арамка» з удзелам амер. капіталу, кантроль над ёй ажыццяўляе дзярж.арг-цыя «Петрамін». Здабычу нафты вядуць таксама япона-араб. нафтавая кампанія АОС і амер. кампанія «Тэксака». На базе нафтагазавай сыравіны развіваецца вытв-сць аміяку, мачавіны, серы, полівінілхларыдаў, хім. угнаенняў, змазачных маслаў у Дамаме, Янбу, Джыдзе, Абкайку, Эль-Джубайлі. Вядзецца здабыча (пераважна замежнымі кампаніямі) золата, серабра, медзі, цынку, свінцу, кам. солі і інш.Вытв-сць электраэнергіі 110,1 млрд.кВт∙гадз (1998). Буйныя электрастанцыі ў Джыдзе, Эр-Рыядзе, Дамаме, Дахране, Мецы, Эт-Таіфе і інш. Электраэнергія шырока выкарыстоўваецца для апраснення марской і мінер. падземнай вады. З інш. галін прам-сці найб. развіты: металургічная (металург. камбінат у Эль-Джубайлі, сталеплавільны з-д у Дамаме, вытв-сць пракату ў гарадах на У краіны, алюмінію ў Янбу і Дамаме), машынабуд. і металаапр. (зборка грузавых і легкавых аўтамабіляў у Джыдзе і Эр-Рыядзе, вытв-сць кабелю і акумулятараў у Эр-Рыядзе, суднабудаванне ў Дамаме), цэм. (Джыда, Хуфуф, Эр-Рыяд, Янбу), тэкст. (вытв-сць свяшчэнных пакрывал для паломнікаў-мусульман, трыкатажу, швейных вырабаў; Джыда, Дамам), папяровая (Джыда, Дамам, Эр-Рыяд), буд. матэрыялаў, ваен., шкляная, запалкавая. У харч. прам-сці вылучаюцца малочная, мясная, кандытарская, алейная, вытв-сць безалкагольных напіткаў, перапрацоўка фінікаў. Саматужная і паўсаматужная вытв-сць адзення і абутку, шарсцяных тканін, сярэбраных і залатых упрыгожанняў, прадметаў рэліг. культу. Марское рыбалоўства (у 1999 вылаўлена 54,1 тыс.т рыбы), здабыча крабаў, крэветак, жэмчугу, каралаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 130 млн.га зямлі, у т. л. каля 4,5 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі (каля палавіны арашаецца), каля 125,5 млн.га пад пашай (паўпустыні і пустыні). Багарнае земляробства магчыма толькі ў гарах, найб. на ПдЗ (правінцыя Асір). Пануе буйное землеўладанне, якое спалучаецца з дробным землекарыстаннем. Гал. культура — пшаніца, валавы збор у 1998 2,4 млн.т, ураджайнасць 40,9 ц з 1 га. Вырошчваюць таксама ячмень, проса і сорга, кукурузу, люцэрну (на корм жывёле), агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, гранаты, міндаль, інжыр, персікі і інш.), вінаградарства, вырошчванне фінікавых пальмаў (штогадовы збор фінікаў каля 400 тыс.т) і кававых дрэў. Жывёлагадоўля пашавая, пераважна качавая і паўкачавая; у асн. гадуюць буйн. раг. жывёлу, вярблюдаў, авечак, коз. У 1999 пагалоўе склала (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 0,3, авечак 8, коз 4,4, вярблюдаў 0,4. Птушкагадоўля (у 1999—125 млн. курэй). У 1998 С.А. пакрывала свае патрэбы ў харч. прадуктах за кошт уласнай вытв-сці на 70%, у т. л. пшаніцай, фінікамі, мясам птушкі на 100%, інш. збожжавымі на 50%, агароднінай на 83%, фруктамі на 66%, малочнымі прадуктамі на 55%, мясам на 48%. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. аўтадарог 162 тыс.км, у т. л. 69,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; чыгунак 1390 км, магістральных нафтаправодаў 6,4 тыс.км, газаправодаў 2,2 тыс.км. У краіне 1,7 млн. легкавых аўтамабіляў, 1,2 млн. грузавых і аўтобусаў, 72 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнар. (Эр-Рыяд, Джыда, Дахран). Гал. парты: Дамам, Эль-Джубайль, Дуба, Джыда, Джызан, Рас-Танура, Янбу. Экспарт у 1999 склаў 48 млрд.дол., імпарт 28 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (90%) і звадкаваны газ (каля 9%), у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, хімікаты, трансп. сродкі, тэкстыль. Гал.гандл. партнёры: ЗША (15% экспарту, 21% імпарту), Японія (адпаведна 17% і 9%), Францыя (4% і 5%), Рэспубліка Карэя (11% экспарту), Вялікабрытанія (9% імпарту), Германія, Сінгапур, Індыя, Італія і інш. Колькасць турыстаў у 1998 больш за 3,8 млн.чал., у т. л. больш за 2 млн. паломнікаў па святых месцах ісламу (Мекка і Медына), даход ад турызму 1,46 млрд. долараў. С.А. — краіна-донар. Яна аказвае эканам. дапамогу многім слабаразвітым краінам (пераважна мусульманскім), удзельнічае ў фінансаванні міжнар. фондаў развіцця. Грашовая адзінка — саудаўскі рыял.
Літ.:
Васильев А.М. История Саудовской Аравии (1975 г. — конец XX в.). 2 изд. М., 1999;
Holden D, Richard G. The House of Saud. New York, 1981;
Zacey R. The Kingdom: Arabia and the House of Saud. New York, 1981.
У.С.Кошалеў (гісторыя), П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Саудаўскай Аравіі.Да арт.Саудаўская Аравія. Горад Эль-Катыф.Да арт.Саудаўская Аравія. Аўтадарога Мекка—Таіф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зямля́ж.
1.Érde f -; Érdball m -s;
абаро́т вако́л зямлі́Érdumkreisung f -, -en, Érdumrundung f -, -en;
адле́гласць ад зямлі Entférnung von der Érde;
2. (суша) Féstland n -(e)s, féstes Land;
3. (глеба) Érde f, (Érd)boden m -s;
4. (уладанне) Land n -es, Grund m -(e)s, Grund und Bóden, Grundstück n -(e)s -e;
5. (краіна) Land n -(e)s, Länder;
дзяржа́ўная зямля Stáatsland n;
грама́дская зямля Geméindeland n;
паме́шчыцкая зямлягіст. Gróßgrundbesitz m -es;
прысядзі́бная зямля Hófland n;
нічы́йная зямля Níemandsland n;
цалі́нная зямля Néuland n
Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ ІСПА́НСКІХ КАЛО́НІЙ У АМЕ́РЫЦЫ 1810—26,
вызваленчая вайна лац.-амер. калоній супраць ісп. панавання. Эканам. абмежаванні, немагчымасць атрымаць аўтаномію калоній у межах ісп. манархіі, малое прадстаўніцтва ў картэсах (ад 15-мільённага насельніцтва калоній 9 дэпутатаў, ад 12-мільённай Іспаніі 36) і інш. выклікалі незадаволенасць у крэолаў. У 1808—09 адбыліся антыісп. ўзбр. выступленні, задушаныя калан. ўладамі. Вайна пачалася ў 1810 паўстаннямі ў Каракасе, Буэнас-Айрэсе, Багаце і інш. буйнейшых цэнтрах Лац. Амерыкі, дзе была ліквідавана ісп. адміністрацыя і створаны часовыя рэв. ўрады — хунты. На 1-м этапе вайны (1810—18) адным з цэнтраў рэв. барацьбы была Венесуэла, у паліт. жыцці якой мела ўплыў «Патрыятычнае т-ва» (кіраўнік Ф.Міранда, адзін з гал. членаў С.Балівар). Аднак з-за адсутнасці сродкаў, зброі і падтрымкі насельніцтва першая (1811—12) і другая (1813—14) Венесуэльская рэспублікі палі. У «Пісьмах з Ямайкі» (1815) Балівар выклаў новую праграму вызв. руху (барацьба за адмену рабства, надзяленне зямлёй салдат вызв. арміі). Створаная ім на востраве каля берагоў Венесуэлы рэв. армія ў 1816 уступіла ў краіну і нанесла паражэнне ісп. войскам. У Мексіцы ў 1810—15 вайна набыла характар масавага сял. паўстання (кіраўнік М.Ідальга) — захопліваліся крэольскія латыфундыі, вярталіся землі індзейцам. Паўстанцы занялі некалькі буйных гарадоў і наблізіліся да Мехіка. Пасля паланення і расстрэлу іспанцамі Ідальга рух узначаліў яго паплечнік Х.М.Марэлас. У 1813 абвешчана незалежнасць, у 1814 прынята канстытуцыя рэспублікі. Аднак у 1815 іспанцы разграмілі паўстанцаў, пакаралі смерцю Марэласа і часова аднавілі ў Мексіцы калан. рэжым. На 2-м этапе вайны (1819—26) вызв. армія Балівара здзейсніла паход праз высакагорныя перавалы Андаў у Новую Гранаду, разграміла ісп. войскі ў бітве каля г. Баяка (1819), разам з войскамі новагранадскага ген. Ф.Сантандэра ўступіла ў сталіцу Багату і вызваліла ўсю тэр. краіны. На пач. 1821 поўнасцю вызвалена Венесуэла. Было абвешчана стварэнне аб’яднанай дзяржавы Вял. Калумбія (Венесуэла, Новая Гранада, Панама і, пасля вызвалення, Эквадор). У Мексіцы з 1820 пасля задушэння сял. руху барацьбу вялі крэолы-сепаратысты на чале з А.Ітурбідэ, які пасля выгнання іспанцаў у 1821 абвясціў сябе імператарам. Пасля яго звяржэння краіна абвешчана незалежнай федэратыўнай рэспублікай (1824). У 1824 ісп. войскі разгромлены ў Перу. У 1826 завершана вызваленне Верхняга Перу (названа ў гонар Балівара Балівіяй), апошнія ісп. войскі выцеснены з узбярэжжа Чылі і Перу. У ходзе вайны праведзены асобныя дэмакр. рэформы, аднак не вырашана агр. пытанне. Пад уладай Іспаніі засталіся толькі Куба і в-аў Пуэрта-Рыка.
Літ.:
Линч Дж. Революции в Испанской Америке, 1808—1826: Пер. с англ.М., 1979;
Глинкин А.Н. Дипломатия Симона Боливара. М., 1991.
У.Я.Калаткоў.
Да арт. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. С.Балівар падпісвае Асноўны закон аб утварэнні федэратыўнай рэспублікі Калумбія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛАў палітэканоміі,
1) кірунак, што ўзнік у Германіі ў 1840—50-я г. Гістарычная школа адмаўляла наяўнасць аб’ектыўных законаў эканам. развіцця грамадства, поўнасцю ігнаравала першаступеннае значэнне вытв. адносін у сістэме капіталіст. ўзнаўлення, абмяжоўвалася вывучэннем пераважна сферы абарачальнасці, капіталіст. рынку. Для яе характэрна нагрувашчванне апісанняў гіст. фактаў без іх тэарэт. аналізу і раскрыцця прычын сувязей і залежнасцей. Прадстаўнікі гэтай школы выступалі з абаронай феад. зямельных правоў і дваранска-бюракратычных прывілеяў прускага дваранства, прыватнай уласнасці. Каля яе вытокаў стаяў Ф.Ліст, які крытычна ставіўся да класічнай англ. школы з-за спробы стварэння універсальнай эканам. тэорыі «для ўсіх часоў і народаў». Ён лічыў, што кожная краіна ідзе самаст.эканам. шляхам. Падобныя думкі выказвалі прадстаўнікі 1-й хвалі гістарычнай школы (В.Рошэр, Б.Гільдэбранд, К.Кніс). Паводле Рошэра, нават ландшафт і клімат надаюць каларыт нац. эканоміцы. Гільдэбранд адмаўляў абстрактны метад у навуцы наогул, аддаваў перавагу эмпірычным даследаванням, статыстыцы, папракаў А.Сміта за ігнараванне прававых, этнічных і рэліг. адрозненняў, уласцівых кожнай нац. эканоміцы. Такое перакананне сведчыць аб сінкрэтызме тагачаснай эканам. навукі, вымушанай карыстацца метафіз. метадалогіяй аналізу рэчаіснасці. У 1870-я г. ўзнікла 2-я хваля гістарычнай школы, прадстаўнікі якой (Г.Шмолер, К.Бюхер, Л.Брэнтана) яшчэ больш асцярожна ставіліся да праблемы эканам. законаў і тэорый, адмаўлялі магчымасць стварэння законаў на падставе дэдуктыўных разважанняў. На падставе вучэння гістарычнай школы ішло фарміраванне светапогляду навукоўцаў 20 ст. (М.Вебер, В.Зомбарт і інш.).
2) Гістарычная школа ў фалькларыстыцы, кірунак рус. фалькларыстыкі канца 19 — пач. 20 ст. Склалася ў выніку крызісу, міфалагічнай школы і кампаратывізму. Тэарэт. асновы гістарычнай школы сфармуляваў У.Ф.Мілер у «Нарысах рускай народнай славеснасці» (т. 1, 1897), развіты і дапоўнены ў працах М.Н.Спяранскага, К.Шамбінагі, Б.М.Сакалова. Прадстаўнікі гістарычнай школы імкнуліся пазнаць гіст. побыт народа, суаднесці факты, падзеі, імёны, узноўленыя ў нар. паэзіі, з рэальнымі, што мелі месца ў мінулым жыцці. У рэканструкцыі эпічных цыклаў яны ішлі ад твораў пазнейшага паходжання да больш ранніх, старажытных. Адхіленні ў былінным тэксце ад гіст. падзей лічылі за скажэнні, унесеныя вусным пераказам. Вял. значэнне надавалі індывідуальнаму пачатку ў фальклоры, у некат. выпадках абсалютызавалі яго. Недаацэньваючы ролю нар. мас у стварэнні духоўных каштоўнасцей, прыпісвалі паходжанне былін выключна княжацка-дружыннаму асяроддзю. Школа мела прыхільнікаў у Чэхаславакіі, Даніі, Германіі. У бел. фалькларыстыцы гіст. падыход да вусна-паэт. творчасці абазначыўся ў сярэдзіне 1840-х г. у працы І.Храпавіцкага «Беглы погляд на паэзію беларускага народа». Ідэі гістарычнай школы падзялялі М.Янчук і Я.Карскі. Як кірунак гістарычная школа распалася ў сярэдзіне 1920-х г.
Літ.:
Левита Р.Я. История экономических учений: Полный краткий курс. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Comores),
Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы (франц. République Fédérale et Islamique des Comores, араб. Джумхурыя аль-Кумур аль-Ітадыя аль-Ісламія), дзяржава на З астравах з групы Каморскіх а-воў у Індыйскім ак. каля паўн. ўвахода ў Мазамбікскі праліў. Складаецца з 3 федэральных акруг. Пл. 1862 км². Нас. 589,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г. Мароні (в-аў Нгазіджа). Афіц. мовы — французская і арабская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.А. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. орган — Федэральная асамблея (38 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якіх назначае прэзідэнт. Мясц. органы ўлады — губернатары астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і саветы астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады).
Прырода. А-вы Нгазіджа (Гранд-Камор, пл. 1146 км²), Нджуані (Анжуан, пл. 424 км²) і Мвалі (Махелі, пл. 290 км²) вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, трахітаў, фаналітаў, абкружаны каралавымі рыфамі. Цэнтр.ч. кожнага вострава занята слабарасчлянёным горным вулканічным масівам, на ўзбярэжжах — невял. нізіны. Шмат дзеючых вулканаў. Вышэйшы вулкан Картала (2560 м) на в-ве Нгазіджа апошні раз вывяргаўся ў 1977. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны мусонны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра вагаюцца ад 24 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1100 мм у цэнтр. частцы а-воў да 3000 мм на наветраных схілах. Порыстыя вулканічныя грунты і глебы прапускаюць ваду; рэк і ручаёў няма. Ёсць некалькі невял. прэсных азёр у кратэрах нядзеючых вулканаў. У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. У верхніх частках схілаў — трапічныя лясы з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі, ніжэй — участкі саваннаў і хмызнякі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Больш за 75% складае народ анталаутра (каморцы) — змешаная этнічная група нашчадкаў малагасійцаў, арабаў і афрыканцаў. Ёсць нядаўнія выхадцы з Афрыкі і Мадагаскара (па 5%), арабы з Амана і Йемена (7%), выхадцы з Індыі (3%), малайцы (2%), еўрапейцы (пераважна французы, грэкі, італьянцы) і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Сярэдняя шчыльн. 317 чал. на 1 км², на в-ве Нгазіджа больш за 400 чад., на в-ве Мвалі каля 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 31% насельніцтва, у г. Мароні 30 тыс.ж. (1992). Каля 80% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. Ісламізаваны з 11 ст. У 1503 адкрыты партугальцамі. З сярэдзіны 19 ст. — уладанне Францыі (з 1843 — в-аў Маёта. з 1866 — астатнія астравы), з 1886 пратэктарат, з 1912 калонія (у 1914—16 адміністрацыйна падпарадкавана Мадагаскару). У 1947 атрымалі адм. аўтаномію (статус «заморскай тэр.» Францыі), пацверджаную на рэферэндуме 1958, у 1962 — шырокую ўнутр. аўтаномію. На рэферэндуме 1974 жыхары архіпелага (за выключэннем в-ва Маёта, дзе пражывае хрысц. насельніцтва) выказаліся за незалежнасць (абвешчана 6.7.1975). Прэзідэнтам стаў А.Абдала. У 1976 незалежнасць К.А. прызнала Францыя (Маёта па выніках рэферэндуму 1976 засталася ў яе ўладанні). У 1976—78 улада ў краіне належала Ваен.-паліт. дырэкторыі. У 1978 у выніку дзярж. перавароту прэзідэнтам зноў стаў Абдала; прынята новая канстытуцыя, абвешчана Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У ліст. 1989 прэзідэнт Абдала забіты. Кіраўніком дзяржавы ў сак. 1990 выбраны С.М.Джахар. У вер. 1995 пасля спробы дзярж. перавароту, зробленай замежнымі наёмнікамі, Джахар пакінуў пасаду. У кастр. 1996 на архіпелаг уведзены франц. войскі, якія прымусілі кіраўнікоў перавароту здацца. У сак. 1997 прэзідэнтам выбраны М.Такі Абдул-Карым. К.А. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць партыі Каморскі саюз за прагрэс, Нац. саюз за дэмакратыю на Каморах, апазіцыйная Форум за нац. вызваленне і інш.
Гаспадарка. К.А. — слабаразвітая агр.краіна. Валавы ўнутр. прадукт у 1994 склаў 370 млн.дол. ЗША. Доля ў ім сельскай і лясной гаспадаркі, рыбалоўства каля 40%, прам-сці каля 4%. На 1 чал. ў год прыпадае каля 630 дол. ЗША. Асн. галіна — земляробства, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур. Апрацоўваецца каля 42% тэрыторыі, пад пашай і лугамі каля 7%. Гал. культуры: эфіраалейныя (цытранэла, іланг-іланг, лімонная мята, базілік, язмін і інш.) — збор каля 50—100 т у год, ваніль — каля 1000 т, гваздзіка — каля 1200 т. Па зборы гэтых культур краіна займае 1—2-е месца ў свеце. Вырошчваюць какосавую пальму (каля 60 тыс.т какосавых арэхаў штогод), бананы, каву, какаву, цукр. трыснёг, сізаль, ананасы. 3 харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, ямс, кукуруза, батат, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 50 тыс. галоў), коз (каля 60 тыс. галоў), авечак, аслоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы і морапрадуктаў штогод). Нарыхтоўка драўніны. Вытв-сць электраэнергіі 17 млн.кВт∙гадз (1995). Здабыча вулканічнага туфу (пуцалану) і выраб цэменту (в-аў Нгазіджа). Прадпрыемствы: тэкст., мылаварныя, дрэваапр., па вытв-сці безалкагольных напіткаў, быт. і харч. тавараў, эфірных алеяў, экстрактаў з ванілі, язміну і інш. Развіты разнастайныя саматужныя рамёствы, асабліва ганчарства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Гал. порт — Мароні, паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт — 13,7 млн.дол., імпарт — 40,9 млн.дол. (1993). Дэфіцыт часткова кампенсуецца дапамогай міжнар. арг-цый, араб. нафтаздабыўных краін, Францыі, паступленнямі ад каморцаў, што працуюць за мяжой. У экспарце пераважаюць ваніль. гваздзіка, эсенцыя іланг-ілангу, копра, у імпарце — нафтапрадукты, харч. тавары, машыны і абсталяванне. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Германія, Кітай. Грашовая адзінка — каморскі франк.
І.Я.Афнагем (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Каморскіх Астравоў.Да арт.Каморскія астравы. Возера ў кратэры вулкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ТАМЕ́ І ПРЫ́НСІПІ (São Tomé e Príncipe),
Дэмакратычная Рэспубліка Сан-Таме і Прынсіпі (República Democrática de São Tomé e Principe), дзяржава на а-вах Сан-Таме (пл. 836 км²), Прынсіпі (пл. 128 км²) і інш. у Гвінейскім зал., каля зах. берагоў Афрыкі. Пл. 1 тыс.км². Нас. 154,9 тыс.чал. (1999). Сталіца — г. Сан-Таме. Дзярж. мова — партугальская. Падзяляецца на 2 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліп.).
Дзяржаўны лад. С.-Т. і П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. орган — Нац. народны сход (55 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гады. Выканаўчая ўлада — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе астравоў, складзеных пераважна з базальтаў, вылучаюцца вулканічныя конусы (выш. да 2024 м на в-ве Сан-Таме, да 821 м на в-ве Прынсіпі). На в-ве Прынсіпі клімат экватарыяльны вільготны, на в-ве Сан-Таме — пераходны да трапічнага з дажджлівым (кастр. — май) і сухім (чэрв. — вер.) сезонамі. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на ўзбярэжжах да 2000—3000 мм у гарах. Натуральная расліннасць — густыя вільготна-экватарыяльныя лясы з кашт. пародамі дрэў (у т. л. эбенавае дрэва), ёсць другасныя хмызнякі, у вусцях рэк — мангравыя зараснікі. У жывёльным свеце шмат птушак і насякомых. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Жывуць сантамійцы (саманазва тонгаш), нашчадкі афрыканцаў-рабоў, вывезеных у 15—16 ст. з краін Зах. і Паўд. Афрыкі, часткова афрыкана-партугальскія метысы. Ёсць невял. групы партугальцаў і нядаўніх эмігрантаў з краін Зах. Афрыкі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць пратэстанты; захоўваюцца мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. 155 чал. на 1 км². 95% нас. пражывае на в-ве Сан-Таме, дзе на ўзбярэжжы шчыльн. больш за 300 чал. на 1 км² У гарадах жыве каля 40% нас., у т. л. ў г. Сан-Таме каля 50 тыс.ж. Большая ч. насельніцтва занятая ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. На момант адкрыцця ў 1470—71 партуг. мараплаўцамі Ж. ды Сантарэнам і П.Эшкабарам астравы былі незаселены. З 1485 пачалася іх каланізацыя партугальцамі. У пач. 16 ст. тут створаны плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі, найб. з Анголы. Рабы часта ўзнімалі паўстанні, найбуйн. з іх адбылося ў 1595—96. Змешанае насельніцтва (мулаты) было свабоднае, але непаўнапраўнае. Пасля скасавання ў 1875 рабства гал. галіной эканомікі стала вытв-сць какавы і кавы. У 1951 астравы атрымалі статус заморскай тэрыторыі, а ў 1972 — мясц. аўтаноміі Партугаліі. У 1953 адбылося паўстанне ў падтрымку незалежнасці краіны, якое было задушана партуг. войскамі. З 1960 барацьбу за незалежнасць астравоў вёў створаны ў эміграцыі К-т за вызваленне С.-Т. і П. (з 1972 — Рух за вызваленне, РВСТП). Пасля рэвалюцыі ў Партугаліі (крас. 1974) новы партуг. ўрад прызнаў незалежнасць астравоў.
12.7.1975 абвешчана Дэмакр. Рэспубліка С.-Т. і П., а лідэр РВСТП М.Пінту да Кошта стаў яе першым прэзідэнтам. У краіне быў усталяваны аднапартыйны рэжым РВСТП і абвешчаны курс на сацыяліст. будаўніцтва і супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі. Цяжкае эканам. становішча ў 1980-я г. прымусіла ўрад С.-Т. і П. пачаць збліжэнне з краінамі Захаду і лібералізацыю паліт. і эканам. жыцця. У жн. 1990 прынята канстытуцыя краіны, якая ўвяла прамыя прэзідэнцкія выбары, шматпартыйнасць і грамадз. свабоды. На першых свабодных выбарах у студз. 1991 перамагла апазіцыя, лідэр якой М.Траваада ў сак. 1991 абраны прэзідэнтам краіны. У 1990-я г. ажыццёўлены рынкавыя рэформы ў эканоміцы, але эканам. становішча краіны застаецца складаным. Яна моцна залежыць ад замежнай эканам. дапамогі. С.-Т. і П. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Рух за вызваленне С.-Т. і П., Партыя дэмакр. канвергенцыі — група незалежнае дэмакр. дзеянне, кааліцыя дэмакр. апазіцыі.
Гаспадарка. Слабаразвітая с.-г.краіна монакультурнай арыентацыі. Штогадовы даход на 1 чал. 1100 дол. Сельская гаспадарка дае 23% даходаў краіны, прам-сць — 19%, абслуговыя галіны — 58%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс.га зямлі. Каля 10 тыс.га пастаянна арашаецца. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць дзярж. плантацыі. Гап. культура — какава, займае каля 28 тыс.га, штогадовы збор каля 10 тыс.т. Інш. экспартныя культуры: кава, какосавая і алейная пальмы, бананы, ваніль, карыца, перац, кола, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы на невял. плошчы вырошчваюць маніёк, ямс, фасолю, проса, кукурузу, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (асабліва хлебнае дрэва і папайя, або дыннае дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба, пад лугамі і пашай каля 1 тыс.га. Пераважае гадоўля буйн. раг. жывёлы (каля 3 тыс. галоў) і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства, лоўля чарапах і васьміногаў. З галін прам-сці найб. развіты харч. (мукамольная, алейная, рыбаперапрацоўчая, піваварная), тэкст., мылаварная, лесапільная і дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн.кВт∙гадз (1998) на невял. цеплавых электрастанцыях і ГЭС. Саматужныя промыслы і рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. На астравах 320 км аўтадарог, у т. л. 218 км з цвёрдым пакрыццём. Асн. парты Сан-Таме і Санту-Антонью, 2 аэрапорты, у т. л.міжнар. на в-ве Сан-Таме. У 1997 экспарт склаў 5,3 млн.дол., імпарт 19,2 млн.дол. У экспарце пераважаюць какава (90%), кава, пальмавы алей, копра, рыбапрадукты; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: Партугалія, Нідэрланды, Францыя. Турызм. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін, на 1995 яна склала 57,3 млн.дол. Грашовая адзінка — добра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сан-Таме і Прынсіпі.Да арт.Сан-Таме і Прынсіпі. Ландшафт на востраве Сан-Таме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАМБІ́К (Moçambique),
Рэспубліка Мазамбік (República de Moçambique), дзяржава на ПдУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на З з Малаві, Замбіяй і Зімбабве, на ПдЗ з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У абмываецца Мазамбікскім пралівам Індыйскага ак.Пл. 802 тыс.км². Нас. 18 641 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г.Мапуту. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. М — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу прадстаўнікоў, які складаецца з 250 дэпутатаў, выбраных насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прызначаны прэзідэнтам урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. М. выцягнута ўздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. на 3 тыс. км. Берагавая лінія на Пн ад г. Мазамбік расчлянёная, берагі невысокія, але скалістыя і стромкія, на Пд — нізкія, плоскія, забалочаныя, з пясчанымі пляжамі і мангравымі зараснікамі. Усх. частка краіны занята ўзгорыстай, месцамі забалочанай Мазамбікскай нізінай (шыр. ад 80 км на Пн да 400 км на Пд). На Пн размешчана частка Усх.-Афр. пласкагор’я з плато Ньяса і Мазамбікскім (выш. да 2419 м), на З — плато Матабеле (г. Бінга, 2436 м — найвышэйшы пункт М.), складзеныя з гранітаў і гнейсаў, моцна парэзаныя рачнымі далінамі. Уздоўж мяжы з ПАР — вулканічныя горы Лебомба. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., танталавыя, тытанавыя, медныя, берыліевыя, і літыевыя руды, баксіты, фасфарыты, золата, прыродны газ, азбест, вапнякі, мармур, каштоўныя камяні. Клімат на Пн субэкватарыяльны, на Пд трапічны. Сярэднія т-ры студз. на Мазамбікскай нізіне 26—30 °C, ліп. 15—20 °C, на пласкагор’і — ніжэй на 3—5 °C. Ападкаў за год 750—1000 мм на пласкагор’і і на Пд Мазамбікскай нізіны, да 1500 мм на Пн. Вільготны сезон з ліст. да крас.—мая. Буйныя рэкі: Замбезі, Лімпопа, Саві, Рувума, парожыстыя на плато і суднаходныя на нізіне. У межах М. ўсх. бераг воз. Ньяса (Малаві). Вадасховішча Кабора-Баса. Пераважаюць чырвона-бурыя глебы саваннаў, на паўн. плато — карычнявата-чырвоныя глебы сухіх лясоў, у далінах рэк — алювіяльныя. Расліннасць — саванны, на Пн рэдкалессі, на высокіх участках плато горныя лясы, па берагах буйных рэк вечназялёныя галерэйныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў; шматлікія віды пальмаў. У жывёльным свеце сланы, антылопы, зебры, насарогі, львы, леапарды, гіены і інш.Нац. паркі: в-ваў Мазамбік (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Гарангоса, Баньіне, Зінаве, Базарута, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 99,6% складаюць народы моўнай сям’і банту. на ПнУ краіны жывуць макуа, на Пд ад ракі Саві — тсонга, у бас.р. Замбезі і ў раёне воз. Ньяса — малаві, у міжрэччы Саві і Замбезі — шона. Выхадцы з Еўропы і Азіі жывуць пераважна ў гарадах (партугальцы, індыйцы, пакістанцы). Асн. частка афр. насельніцтва (50%) — прыхільнікі мясц.традыц. культаў, 30% — хрысціяне (католікі), 20% — мусульмане. Прырост насельніцтва 2,6%. Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены раёны на Пд і ўздоўж узбярэжжа. У гарадах жыве 35% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Мапуту — больш за 1200, Бейра — каля 350, Нампула — каля 250.
Гісторыя Найб.стараж. насельніцтва М. — бушмены і гатэнтоты, выцесненыя ў 5—8 ст. плямёнамі банту. З 8 ст. сюды праніклі арабы, якія заснавалі на ўзбярэжжы М шэраг гандл. цэнтраў. Да пач. 2-га тыс. ў міжрэччы Замбезі — Лімпопа склалася дзярж. ўтварэнне Манаматапа (захаваліся рэшткі збудаванняў з вял. гранітных блокаў), якое адыгрывала важную ролю ў араба-суахілійскім гандлі. У 1498 М. наведаў партуг. мараплавец В. да Гама. Да сярэдзіны 16 ст. партугальцы захапілі шэраг апорных пунктаў на ўзбярэжжы М. Яны навязалі няроўныя дагаворы правіцелям Манаматапы, якая прыйшла ў заняпад і распалася ў пач. 18 ст.; у 16—19 ст. адсюль вёўся вываз рабоў на плантацыі ў Бразілію. У 1752 партуг. ўладанні ў паўд.-ўсх. Афрыцы аб’яднаны ў адзімую калонію М. На працягу 19 ст. партугальцы вялі ўпартую барацьбу з дзяржавай Ватуа ў міжрэччы Лімпопа — Пунгве, якая была заваявана ў пач. 20 ст. У 1951 М. абвешчаны «заморскай правінцыяй» Партугаліі, у 1972 — яе «заморскім штатам». Грамадз. правамі карысталася толькі невял. група т.зв. «асіміляваных» афрыканцаў. У 1962 на базе нац.-вызв.афр. арг-цый створаны Фронт вызвалення М. (ФРЭЛІМО) на чале з Э.Мандлане (з 1969 — С.Машэлам). У 1964 ФРЭЛІМО пачаў узбр. паўстанне супраць партуг. панавання і да 1974 кантраляваў значную ч. М. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі ў вер. 1974 паміж новымі ўладамі і ФРЭЛІМО падпісаны дагавор аб стварэнні пераходнага ўрада М. 25.6.1975 абвешчана Нар. Рэспубліка М. (НРМ), прэзідэнтам якой стаў Машэл. У 1977 ФРЭЛІМО ператвораны ў партыю ФРЭЛІМО — «авангардную марксісцка-ленінскую партыю». Быў заключаны дагавор аб дружбе з СССР (1977), узяты курс на пабудову ў М. сацыялізму, нацыяналізаваны прыватныя прадпрыемствы, створаны кааператывы. На практыцы гэта прывяло да пагаршэння эканам. становішча М. і росту незадаволенасці, што падштурхнула апазіцыю да стварэння на тэр.Паўд. Радэзіі (цяпер Зімбабве) Мазамбікскага нац. супраціўлення (РЭНАМО) на чале з А.Длакамам, якое пачало ўзбр. барацьбу супраць рэжыму ФРЭЛІМО. У выніку ваен. дзеянняў 1977—92 загінула больш за 1 млн. мазамбікцаў і каля 2 млн. сталі бежанцамі. Урад быў вымушаны пачаць рыначныя эканам. рэформы, якія паглыбіліся з прыходам да ўлады ў 1986 Ж.А.Чысана. У 1989 ФРЭЛІМО адмовілася ад ідэалогіі марксізму-ленінізму. З 1990 дзейнічае новая канстытуцыя, паводле якой уведзена шматпартыйнасць, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. У кастр. 1992 падпісана пагадненне з РЭНАМО пра спыненне агню і ператварэнне апошняй у паліт. партыю. На ўсеагульных выбарах перамагла ФРЭЛІМО, Чысана зноў выбраны прэзідэнтам М. Дзейнічаюць паліт. партыі: партыя ФРЭЛІМО, Мазамбікскае нац. супраціўленне (РЭНАМО), Дэмакр. саюз. М. — член ААН (з 1975), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці (з 1995).
Гаспадарка. М. — аграрная краіна. З 1987 адбываецца пераход да рыначных адносін у эканоміцы. Праграма эканам. аднаўлення накіравана на развіццё сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай і лёгкай прам-сці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. каля 670 дол. ЗША (1994). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае 46% ВУП. У ёй занята каля 80% эканам. актыўнага насельніцтва. Апрацоўваецца каля 4% тэрыторыі, пераважае лядна-агнявое земляробства. Асн. экспартныя культуры: бавоўнік (вырошчваюць у правінцыях Замбезія, Нампула, Сафала, Кабу-Дэлгаду), арэх кэш’ю (уздоўж узбярэжжа), цукр. трыснёг (даліна Замбезі), цытрусавыя, чай, какосавая пальма, сізаль, джут, тытунь. Для ўнутр. патрэб вырошчваюць кукурузу (збор 734 тыс. т, 1995), рыс (113), сорга (243), батат (72), маніёк (4,2 млн. т), арахіс, сланечнік, бананы, памідоры, фасолю, садавіну. Асн. відамі харчавання краіна забяспечвае сябе толькі на 10%. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ (Газа, Мапуту). Пагалоўе (млн. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 1,28, авечак — 0,21, коз — 0,38, свіней — 0,16. Вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — 38, свініны — 13, мяса птушкі — 29, каровінага малака — 59, казінага малака — 10. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Улоў рыбы і крэветак каля 30 тыс. т штогод. Развіта лясная гаспадарка, у т. л. нарыхтоўка драўніны каштоўных парод дрэў (эбенавае, жалезнае, ружовае). На долю прам-сці прыпадае каля 27% ВУП. У сувязі са спадам вытв-сці большая ч. прадпрыемстваў працуе на 10—40% магутнасці. Вядучая галіна — горназдабыўная. Вядзецца здабыча (тыс. т) каменнага вугалю — каля 30, баксітаў — каля 20, танталавай і жал. руды, каштоўных і паўкаштоўных камянёў (гранат, ізумруд, аквамарын, тапаз і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 465 млн. кВт гадз пераважна на ГЭС. Больш за 50% электраэнергіі экспартуецца з ПАР. Харч.прам-сць (цукр., алейная, мукамольная, кансервавая, рыбная, мясная) працуе на мясц. сыравіне. Асн. цэнтры: Мапуту, Бейра, Шымойо. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (перапрацоўка і вытв-сць вырабаў з бавоўны, копры, сізалю, джуту), трыкат., абутковая. Прадпрыемствы ў Шымойо, Нампуле, Мапуту, Бейры, Накале. Хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць угнаенняў, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, сернай к-ты, аўтапакрышак) у Мапуту і Бейры. Дрэваапр.прам-сць развіта ў Мапуту, Бейры, Нампуле (мэблевая) і ў Іньямінзе (цэлюлозна-папяровая). Ёсць невял. прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. прам-сці па вытв-сці і рамонце трансп. сродкаў. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент) у Мапуту, Накале і інш.Даўж. чыгунак 4 тыс. км, аўтадарог 36 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5 тыс. км, водных шляхоў 3,8 тыс. км. Асн.трансп. магістралі служаць для транзітных перавозак паміж партамі М. і суседнімі краінамі. Гал. марскія парты: Мапуту, Бейра, Накала, Келімане. Міжнар. аэрапорты ў Мапуту і Бейры. Нафтаправод Бейра—Мутарэ (Зімбабве). Экспарт (150 млн.дол. ЗША, 1994): крэветкі, арэхі кэш’ю, бавоўна, цукар, копра, чай, цытрусавыя, драўніна, каксавальны вугаль, танталавы канцэнтрат.
Імпарт (1 млрд.дол. ЗША, 1994): нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, прамысл. сыравіна, тэкстыль, спажывецкія і харч. тавары. Асн.гандл. партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, Партугалія, Іспанія. Важнай крыніцай валютных паступленняў з’яўляюцца пераводы ад мазамбікцаў, якія працуюць у ПАР, і зборы ад транзітных грузаў. Грашовая адзінка — метыкал.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Мазамбіка.Да арт.Мазамбік. Цэнтральная частка г. Мапуту.
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
БЫТАВО́Й ХІ́МІІ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, прадукцыя якой прызначана для гасп.-быт. патрэб. Выпускае больш за 100 найменняў тавараў і таварных груп, у якасці сыравіны выкарыстоўвае прадукцыю хім., нафтахім., харч. і інш. галін прам-сці і некат. с.-г. прадукты. Уключае вытв-сць сродкаў мыйных, паліравальных, клеючых, для чысткі, вывядзення плям, адбельвання, падсіньвання і падкрухмальвання вырабаў з тканін, барацьбы з быт. насякомымі і грызунамі, аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, догляду вырабаў са скуры і замшы, фотахімікатаў, лакафарбавых матэрыялаў, мінер. угнаенняў, вырабаў з пластмасаў, сухога спірту, парафінавых і ёлачных свечак, антыфрызу і інш.
Узнікненне і развіццё бытавой хіміі прамысловасці звязана са станаўленнем хім. прамысловасці. Асн.ч. прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці складаюць мыйныя сродкі. Сусветная вытв-сць іх у 1992 склала больш за 20 млн.т, каля 4 кг на душу насельніцтва (найб. у Бельгіі, 44 кг). У 10 найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць краіны Амерыкі, Еўропы і Азіі (гл.табл. 1). Найб. вядомыя ў свеце кампаніі па вытв-сці тавараў быт. хіміі «Проктэр энд Гэмбл» (ЗША), «Юнілевер» (Нідэрланды), «Міні Бэст» (Германія), «Кампазіл» (Бельгія), «Коніка» (Японія) і інш.
У Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, як самаст. галіна аформілася ў 1965. Прадукцыю быт. хіміі выпускаюць больш за 30 прадпрыемстваў. Найб. з іх ВА«Брэстбытхім», Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Барысаўскі з-дбыт. хіміі, Лідскае акц.т-ва «Лакафарба». У галіне дзейнічаюць ВА «Нафтан» (Наваполацк), Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Пухавіцкі з-д горнага воску, Пінскі з-д штучных скур, з-ды пластмасавых вырабаў (Гомель, Барысаў, Рудзенск), «Тэрмапласт» (Рэчыца), «Металапластмасы» (Ляхавічы), ВА «Белпласт» (Пінск), «Паліміз» (Барысаў), «Эмальпосуд» (Слуцк, Гомель), гумавых (Крычаў) і гумава-тэхн. вырабаў (Капыль), быт. хіміі (Калінкавічы), камбінаты буд. матэрыялаў (Пухавічы, Кобрын, Даманава) і інш.Удз. в.хім. прадукцыі сярод прадметаў ужытку (група «Б») складае 2,4% (1993). Пра асн. віды прадукцыі бытавой хіміі прамысловасці ў Беларусі гл.табл. 2.
В.М.Сасноўскі.
Табліца 1 Найбуйнейшыя краіны-вытворцы сінтэтычных мыйных сродкаў (1992)
Краіна
Агульная вытв-сць, тыс.т
На душу насельніцтва, кг
ЗША
4000
16
Вялікабрытанія
1575
28
Францыя
1530
26
Італія
1500
27
Кітай
1462
1,3
Іспанія
1350
35
Японія
1055
9
ФРГ
930
13
Мексіка
880
10
Расія
511
3,4
Табліца 2 Вытворчасць тавараў бытавой хіміі ў Беларусі
Наменклатура тавараў
гады
1985
1990
1994
Тавары быт. хіміі, у млрд.руб.
71,1
121,1
70,9
у тыс.т
104
271
29
у т.л. мыйныя сродкі
36
38
6
3 іх сінтэтычныя
30
31
5
сродкі для адбельвання, падсіньвання, падкрухмальвання вырабаў з тканін
2,6
3,5
1,0
сродкі для чысткі
7,2
9,6
3,1
сродкі догляду аўтамабіляў, матацыклаў і веласіпедаў
—
3,5
2,4
сродкі супраць быт. насякомых, грызуноў і для дэзінфекцыі
1,5
1,1
0,1
сродкі для аховы раслін садоў і агародаў
0,5
1,1
0,1
мінер. ўгнаенні
26
162
0,7
лакафарбавыя матэрыялы
17
34
7
Да арт.Бытавой хіміі прамысловасць. Вытворчасць аэразольных прэпаратаў на Брэсцкім заводзе бытавой хіміі.