Га́льштук (БРС). Непасрэднае запазычанне з польск. halsz tuk ’тс’, якое ўзята з ням. Halstuch ’хустка на шыю’ (аб фанетыцы слова, у прыватнасці аб пераходзе ням. ‑ch > ‑k у польск. мове, гл. Слаўскі, 1, 396). Форма, блізкая да бел., існавала калісьці і ў рус. мове: гальштук (гл. Шанскі, 1, Г, 20). У форме га́лстук, а́лстук гэта слова вядома ў сучасных бел. дыялектах, а таксама ў ст.-бел. мове (гл. Сцяц. Нар., 97–98, са спасылкай на слоўнік Гарбачэўскага). Невядома толькі, ці сучасныя дыялектныя бел. га́лстук, а́лстук працягваюць старыя бел. формы, ці гэта запазычанне новага часу з рус. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ганча́р 1 ’ганчар’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. гонча́р, укр. ганча́р, гонча́р, польск. garncarz, чэш. hrnčíř, балг. грънча́р, серб.-харв. грнчар, ст.-слав. гръньчар̑ь. Прасл. слова, якое з’яўляецца назвай дзеяча ад прасл. *gr̥nьcь ’гаршчок’, утворанай суфіксам *‑arь. Гл. Слаўскі, 1, 259; Фасмер, 1, 438; падрабязна Шанскі, 1, Г, 129; гл. таксама Трубачоў, Ремесл. терм., 192, 336. Неабгрунтавана Цімчанка (1, 508), які выводзіць укр. слова з польск. garncarz. Вытворнае: ганча́рня (Шат., Касп.).

Ганча́р 2 ’вілкі’ (Шатал.): «Вазьмі ганчара і ўстаў гаршчка ў печ». Адсюль відаць, што функцыянальна ганча́р 2, хутчэй за ўсё, гэта «сапсаванае», трансфармаванае ганча́рка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ніць ’ганіць, ганьбаваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк.). Укр. га́нити, рус. га́нить ’тс’ (толькі ў зах. і паўд. гаворках, гл. СРНГ, 6, 134–135), польск. ganić, чэш. haněti, haniti. Гэта слова сустракаецца толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (у паўднёвых славян няма). Паходжанне яго спрэчнае. Лічыцца роднасным са слав. дзеясловам *ganjati: *goniti: *gъnati ’гнаць, ганяць’. З іншага боку некаторыя этымолагі думаюць пра запазычанне з ням. (с.-в.-ням.) hōna або роднаснасць з *gadъ, *gaditi. Агляд версій гл. у Слаўскага, 1, 254–255. Шатэрнік (гл. заўвагу ў яго слоўніку), здаецца, хоча лічыць бел. слова запазычаннем з польск. ganić. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гардзі́на 1 (БРС). Рус. гарди́на ’тс’, укр. гарди́на. Запазычанне з ням. Gardine ’тс’ (франц. courtine). Гл. Фасмер, 1, 393. Шанскі (1, Г, 29) удакладняе, што ў рус. мове гэта слова (у форме гордина) было ўжо ў Пятроўскую эпоху і вядома, прынамсі, з 1709 г. Можна меркаваць, што бел. слова (як і ўкр.) запазычана непасрэдна з рус. мовы.

Гардзі́на 2 ’карціна, малюнак’ (Бяльк.). Азванчэннем зычных к і ц узнікла з карціна; пры гэтым, магчыма, пэўны ўплыў мела, здаецца, і асацыяцыя са словам тыпу рус. гарди́на (асацыяцыя, так сказаць, «па функцыі» або лепш «па месцу»: тое, што вісіць на сцяне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глабі́на ’аглобля’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. ґлабня́, гла́бка, агло́бля (аглабня, аглабіна). Гл. *globa, *globati, *globiti ў Трубачова, Эт. сл., 6, 131–134.

Глабіна́ глыбокае месца на рацэ; таўшчыня торфу на балоце’ (слаўг., Яшкін). У гэтым жа значэнні ўжываецца таксама глубыня́, глубачы́нь (слаўг., Яшкін, там жа, 49). Слова глабіна́ цікавіць нас тым, што ў ім адлюстроўваецца іншая фанетычная форма слова глуб‑окі, а іменна *glъb‑, якое дае глоб‑ (з вакалізацыяй ъ > о), а не глыб‑ (як гэта звычайна ў бел. і ўкр. мовах), г. зн. глабіна < *глъбіна (праз *глобіна). Параўн. таксама глабо́ка ’глыбока’ (Сл. паўн.-зах.) < *glъb‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дабрадзе́й (у розных знач.). Укр. добро́дій, рус. дыял. доброде́й, чэш. dobroděj, славац. dobrodej, польск. dobrodziej, ст.-слав. добродѣи. Прасл. *dobrodějь складанае слова: *dobrъ і вытворнае ад дзеяслова *dějati. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 42 (дзіўна, што тут наогул не прыводзіцца бел. матэрыял, ня гледзячы на тое, што ён добра засведчаны ў слоўніках); Слаўскі, 1, 151. Усё ж такі ў некаторых значэннях гэтага слова, магчыма, выяўляецца польскі ўплыў на ўсх.-слав. мовы (дакладней, у пэўных выпадках трэба лічыцца з магчымымі прамымі запазычаннямі з польск. мовы). Так, у значэнні ’васпан’ укр. і бел. словы, бясспрэчна, запазычаны з польск. dobrodziej з такой жа семантыкай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падглы́бціць ’прысвоіць’ (Касп.). Бліжэйшы славянскі адпаведнік — польск. дыял. gląbać ’хапаць, забіраць сабе; абдымаць’. Польск. слова роднаснае слав. globa, globiti (аб апошніх гл. Трубачоў, ЭССЯ, 6, 131 і наст.), параўн. бел. аглобля. Лаўчутэ абгрунтавана (Балтизмы, 103 і наст.) на аснове семантычнага і арэальнага крытэрыяў ставіць пытанне аб запазычанні польск. gląbać з балцкіх моў, параўн. літ. globti, glėbti ’укрываць, ухутваць; хапаць, прысвойваць’, лат. glabät ’берагчы, захоўваць’ і г. д. Што датычыць канкрэтнага статуса беларускага слова, то яно можа быць прэфіксальным утварэннем на беларускай глебе як ад польск. gląbać, так і ад літ. globti з дыялектнай зменай а > ы і падваеннем інфінітыўнага канчатку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каструбава́ты ’шурпаты’, ’шорсткі’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. коструба́тий ’шурпаты’, ’лахматы’. Параўн. і ў іншых слав. мовах: укр. ко́струб ’неахайны’, коструба́тий, чэш. kostrba ’узлахмачаная галава’, kostrbatý ’каравы, шурпаты’, польск. kostrubaty і г. д., Фасмер, 2, 349. Поўны агляд слав. форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 163, які выстаўляе праформы *kostrъba, *kostroma. Паводле Фасмера, 2, 349, звязана з рус. косте́рь і роднаснымі; Трубачоў выстаўляе зыходнае *kostra ’шкілет, касцяк’, ’кастрыца, адзеравянелая частка сцябла льну’. Слова *kostra роднаснае, паводле Трубачова, 159, славянскаму *kosterь. У аснове гэтых утварэнняў ляжыць слова *kostь (гл.). Параўн. яшчэ кастры́ва ’крапіва’, кастры́ца (гл.). Гл. таксама агляд Слаўскага, 2, 531–532.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катле́та ’катлета’ (ТСБМ, БРС). Рус. котле́та, укр. котле́та. Можна меркаваць, што непасрэднай крыніцай запазычання для бел. было рус. котле́та. У такой форме яно адзначаецца ўжо ў 1803 г. Запазычанне з франц. côtelette (ад côte ’рабро’). У канцы XVIII ст. рус. слова з’яўляецца ў крыніцах у форме, блізкай да франц. напісання (котелеты ’адбіўныя з мяса з рэбернай часткі’). Гл. Шанскі, 2, К, 359. Франц. пашырылася ў еўрапейскіх мовах (у прыватнасці, у ням.; параўн. ням. Kotelett, запазычанае да 1715 г.). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 352 (вельмі коратка). Лінгвістычная гісторыя слова і далейшыя этымалагічныя сувязі гл. у Клюге, 414.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́фля ’керамічны выраб для абліцоўкі сцен і печаў у выглядзе пліткі, вугла, часткі карніза’ (ТСБМ, БРС), ка́фля, ка́хля (Сл. паўн.-зах.), ка́хля ’кафля’ (Сцяшк. МГ, Нас., Бяльк., Касп., Шат.). Ужо ў ст.-бел. мове назіралася варыянтнасць форм гэтага слова. Гл. у Булыкі, Запазыч., 144: кафель, кафля, кахель, кахля ’кафля’. Параўн. рус. ка́хля, ка́фля (Фасмер, 2, 212). Непасрэднай крыніцай запазычання для слав. слоў з’яўляецца польск. kafel, kachel, kafla, kachla < ням. Kachel (далей крыніцай ням. слова было лац. *caccalus ’гаршчок’). Гл. Фасмер, 2, 212, Кюнэ, Poln., 61; Слаўскі, 2, 20, Шанскі, 2, К, 101–102; Булыка, Запазыч., 144.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)