САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 3 км на ПдЗ ад р.п. Сасновы Бор. Адкрыта ў 1973, распрацоўваецца з 1973. Пл. нафтаноснасці 11 км². Паклады нафты прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону. Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны, паміж Давыдаўскім і Асташкавіцкім радовішчамі. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 2726—3291 м. Пароды-калектары — кавернава-порава-трэшчынныя даламіты і даламітызаваныя вапнякі. Нафта маласмалістая, маласярністая, парафінавая, шчыльн. 784—865 кг/м³. Пач.геал. запасы — 3,5 млн.т, здабываемыя — 1,4 млн.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФАНІ́Я, Сафанія-Хафджы,
газанафтавае радовішча ў паўд.-зах. частцы Персідскага зал., у тэр. водах Саудаўскай Аравіі і зоны, падзеленай паміж Саудаўскай Аравіяй і Кувейтам; самае вял. марское газанафтавае радовішча ў свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1951, распрацоўваецца з 1957. Пач.прамысл. запасы нафты 3,45 млрд.т, газу 3,27 млрд.м³. Паклады нафты ў пародах мелавога ўзросту на глыб. 1500—3360 м. Паклады газу ў вапняках палеагенавага (эацэнавага) узросту на глыб. 600—900 м. Шчыльн. нафты 0,87—0,89 г/см³, мае серу (2—3%). Цэнтр здабычы — нас. пункт Сафанія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯБІЯЛО́ГІЯ,
галіна навукі, якая выкарыстоўвае метады эвалюц. біялогіі ў аналізе сац. жыцця. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст. пры вывучэнні паводзін жывёл і іх згуртаванняў. Асн. праблемы С. выкладзены амер. энтамолагам Э.Уілсанам у кн. «Сацыябіялогія. Новы сінтэз» (1975). Спрабуе тлумачыць паводзіны індывіда, зыходзячы з яго генет. праграмы.
З-за падабенства ў паводзінах жывёл і чалавека С. праводзіць прамую аналогію паміж імі. Лічаць, што паводзіны чалавека абумоўлены прыродным адборам і запраграмаваны генетычна; спрабуе ўводзіць у грамадскія навукі метады біял. навук, якія дазваляюць прадказваць паводзіны людзей; не адмаўляе таксама ролі навакольнага асяроддзя, навучання, культ. традыцый і Генет. схільнасці індывіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАНАСЕ́КСКІ ДАГАВО́Р 1895 Заключаны паміж Японіяй і Кітаем 17 крас. ў г.Сіманасекі (Японія) у выніку паражэння Кітая ў япона-кітайскай вайне 1894—95. Паводле яго Кітай адмовіўся ад свайго сюзерэнітэту над Карэяй, перадаў Японіі а-вы Тайвань і Пэнхуледао, Ляадунскі п-аў, выплаціў Японіі кантрыбуцыю, адкрыў для яп. гандлю шэраг кіт. партоў, абавязаўся заключыць з Японіяй гандлёвы дагавор (падпісаны ў 1896, даў Японіі тыя ж прывілеі, што і еўрап. краінам). 23.4.1895 Расія, Германія і Францыя запатрабавалі ад Японіі адмовіцца ад анексіі Ляадунскага п-ва. Японія прыняла гэта патрабаванне ў абмен на павышэнне Кітаем кантрыбуцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ФІЯ,
назва Паўн. Прычарнамор’я ў 7—2 ст. да н.э. ў творах ант. аўтараў. Тэр. С. займала стэпы паміж вусцямі Дуная і Дона — раёны Паўн. Прычарнамор’я і стэпавы Крым. Была заселена ўласна скіфскімі (гл.Скіфы) і няскіфскімі плямёнамі, блізкімі скіфам па культуры, ладзе жыцця і палітычна залежнымі ад іх. У 5—4 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. існавала Скіфская дзяржава на чале з царом. Стараж.-грэч. гісторык Герадот уяўляў С. як квадрат з бакамі працягласцю ў 20 дзён дарогі. Пасля заняцця С. сарматаміПаўн. Прычарнамор’е стала наз. Сарматыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДА́НАЕ СЛО́ВА, кампозіт,
слова, утворанае шляхам злучэння двух ці некалькіх слоў або ўтваральных асноў (гл.Словаскладанне). Асновы злучаюцца інтэрфіксамі — галоснымі «а», «о», «е», «я» («вадохрышча», «глыбокапаважаны», «палявод») або непасрэдна («двухмесны», «сабекошт»). Шырока прадстаўлены сярод назоўнікаў і прыметнікаў, радзей — сярод дзеясловаў і прыслоўяў. Адносіны паміж кампанентамі С.с. суадносныя са злучальнымі («беларуска-нямецкі») або падпарадкавальнымі («дрэваапрацоўка») адносінамі ў свабодных сінтакс. словазлучэннях. Шматскладовыя С.с. могуць мець дадатковы націск («рыбало́ў», але «ле́санарыхто́ўшчык»). Да С.с. адносяцца і падваенні («сіні-сіні», «ледзь-ледзь»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫЖАВА́ННЕ,
аб’яднанне генет. матэрыялу розных клетак у адной клетцы; адзін з метадаў селекцыі. У раздзельнаполых арганізмаў С. адбываецца ў выніку зліцця спецыялізаваных клетак (гамет) і ўтварэння зіготы. У шэрагу аднаклетачных эўкарыётаў і пракарыётаў — шляхам часовай кан’югацыі, пры якім адбываецца ўзаемны ці аднабаковы перанос генет. матэрыялу паміж клеткамі. У культуры клетак і ў некат. аднаклетачных арганізмаў здольныя злівацца неспецыялізаваныя клеткі. Адрозніваюць зваротнае С. (бекрос), аналітычнае, рэцыпрокнае, блізкароднаснае (інбрыдзінг, інцухт), няроднаснае (аўтбрыдзінг), цыклічнае і інш. Формы і сістэма пэўнага С. выкарыстоўваюцца ў генет. аналізе, пры развядзенні і селекцыі жывёл і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НСКАЯ НУМАРА́ЦЫЯ,
спосаб запісу лікаў з дапамогай літар славянскіх алфавітаў. Выкарыстоўвалася ў Расіі як асн. да 18 ст.
Для надання літарам значэнняў лічбаў над імі ставіўся спец. знак — цітла (над кожнай літарай запісанага ліку, толькі над першай з іх ці над усім лікам). У лікаў, большых за 10, лічбы запісваліся злева направа ў парадку змяншэння дзесятковых разрадаў (часам пры запісе лікаў ад 11 да 19 адзінкі запісваліся раней 10). Для абазначэння больш высокіх разрадаў (тысяч і больш) ставіліся дадатковыя знакі.
Славянская нумарацыя: а — адпаведнасць паміж лічбамі і літарамі; б — прыклады запісаў лікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
катэгары́чны
(лац. categoricus, ад гр. kategorikos = які сцвярджае)
рашучы, безагаворачны (напр. к-ае патрабаванне);
к-ае суджэнне — лагічнае суджэнне тыпу «А ёсць Б», у якім адносіны паміж суб’ектам і прэдыкатам не абмяжоўваюцца якімі-н. умовамі (параўн.дыз’юнктыўны).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ізаба́ры
(ад іза- + гр. baros = цяжар, ціск)
1) ізалініі атмасфернага ціску ў пэўны момант;
2) лініі на дыяграме, якія паказваюць залежнасць паміж фізічнымі велічынямі пры пастаянным ціску;
3) атамныя ядры розных хімічных элементаў з аднолькавым масавым лікам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)