Траста́ ‘прамая салома’ (Лекс. Бел. Палесся), ‘сцябло льну, канапель пасля мачэння, ляжання на лугах ці на льнішчы, з якога атрымліваюць валакно для пражы’ (ТСБМ, БелСЭ, 10), троста́ ‘саломка льну’: јак он нетʼорты (Уладз.); ‘кастрыца’ (Горбач, Зах.-пол. гов.); сюды ж траста́ ‘дранка’ (Сл. ПЗБ), ‘галлё’: масты памашчу з тонкае трасты (лоеў., Песні нар. свят, 28); трыста́ ‘водмель на возеры, парослая трыснягом або чаротам’ (Нік., Оч.), трасцё ‘трыснёг, чарот’ (Тур., Сл. ПЗБ), ст.-бел.тростье, тростие ‘трысцё’ (ГСБМ). Параўн. укр.треста́ ‘апрацаваная саломка льну, канопляў’ (паводле ЕСУМ, 5, 631 — з рускай мовы), рус.треста́ ‘сцябло каноплі ці льну пасля высушвання’, ‘чарот’, рус.пск.троста́, триста́ — зборная назва для балотных каленчатых раслін, трестье́, тростье́ ‘тс’, стараж.-рус.тростіе ‘зараснік трыснягу’: Игоръ‑князъ поскочи горностаемъ къ тростію (Слова аб паходзе Ігаравым); сюды ж, відаць, і ўкр.дыял.трі́ще ‘хмыз, дубцы’, а таксама балг.дыял.тр́с̥та ‘высякаць хмызняк і маладняк у высокім лесе’ (БД, 4, 146). Прасл.*trьsta Трубачоў (Ремесл. терм., 85) прапануе звязаць з *treskati (гл. трэск) з магчымым чаргаваннем, ‑sk‑/‑st‑, як у пускать — пустить (гл. пускаць, пусціць), параўн. траска́2, у такім выпадку рэалізуецца мадэль ‘раздзіраць’ — ‘плясці’ > ‘назва расліны, што ўжываецца для пляцення’ (Мяркулава, Очерки, 57), у тым ліку і назва іншых матэрыялаў для тых жа мэт. Сюды ж трасца́ ‘траста’ (ТС), якое з памяншальнай формы ⁺трастьца́ > трасцьца́ > трастца́.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́РМІЯ КРАЁВА (АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),
падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр.б.СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.Равецкі, Т.Камароўскі, Л.Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс.чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав.партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр.Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАВУЧА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА,
навучальна-адміністрацыйная адзінка ў Рас. імперыі ў 1829—50. Цэнтр знаходзіўся ў Віцебску. Утворана 17.1.1829 пасля рэарганізацыі Віленскай навучальнай акругі. Напачатку ў склад акругі ўваходзілі Віцебская і Магілёўская, з 1831 Мінская, з 1832 Гродзенская, Віленская губ. і Беластоцкая вобласці. Рэформы асветы ў акрузе праводзіліся ў адпаведнасці са «Статутам гімназій і вучылішчаў павятовых і прыходскіх» (1828) і «Дадатковымі пунктамі да статута навучальных устаноў у дачыненні да Беларускай навучальнай акругі» (1829). Апошні дакумент прадугледжваў уключэнне ў курс прыходскіх вучылішчаў навучанне «мясцовай мове». Пераўтварэнне навуч. сістэмы праводзілася з мэтай ліквідацыі польск. паліт. і культ. ўплыву. Навуч. ўстановы выключаліся з падпарадкавання каталіцкаму духавенству, замест польск. мовы ўводзілася руская. За час існавання Беларускай навучальнай акругі на яе тэр. створана 6 гімназій, 17 пав. вучылішчаў, 160 пач. школ і 29 пансіёнаў. У 1834 адкрыта першая на Беларусі Віцебская настаўніцкая семінарыя. У 1848 адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут — першая вышэйшая навуч. ўстанова ў Беларускай навучальнай акрузе. У 1840 на 4630 тыс. жыхароў акругі прыпадала 11,9 тыс. вучняў, з іх 65,2% складалі дзеці памешчыкаў, духавенства, чыноўніцтва, 18,5% — дзеці сялян, 16,3% — дзеці мяшчан, рамеснікаў і інш.; у школах працавалі 553 настаўнікі. Пасля ліквідацыі акругі (2.5.1850) навуч. ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ. аднесены да адноўленай Віленскай навуч. акругі, навуч. ўстановы Віцебскай і Магілёўскай губ. — да Пецярбургскай навучальнай акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам), каардынацыйны прадстаўнічы орган бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ.дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел.паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел.сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-вабел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел.навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.А.Тарашкевічам, С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел. насельніцтва Зах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́Н (франц. béton ад лац. bitumen горная смала),
штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).
Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.
На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР МАКЕДО́НСКІ, Аляксандр III Вялікі (Alexandros ho Megas; 21.7.356 да н.э., г. Пела — 10.6.323 да н.э.),
цар Македоніі [336—323], славуты палкаводзец і дзярж. дзеяч стараж. свету. Сын Філіпа II. Выхавальнікам яго быў Арыстоцель. Упершыню вызначыўся ў бітве пры Херанеі (338). У 336—335 расправіўся з прэтэндэнтамі на трон і аднавіў макед. панаванне ў Грэцыі. У 334 — пач. 327, каб пераадолець эканам. і сац. крызіс грэч. гарадоў-дзяржаў (полісаў), здзейсніў паходы супраць перс. дзяржавы. Пасля перамог на р. Гранік (334), пры Ісе (333), Гаўгамелах (331) і інш. падпарадкаваў сабе царства Ахеменідаў, захапіўшы велізарныя багацці. У 329—328 заваяваў Сярэднюю Азію. З вясны 327 да 325 ажыццявіў інд. паход, заняў Пенджаб (бітва каля р. Гідасп у 326), імкнуўся дасягнуць даліны р. Ганг, але, змушаны войскам, вярнуўся ў заваяваны раней Вавілон, зрабіў яго сталіцай сваёй дзяржавы. Раптоўна памёр. Паходы Аляксандра Македонскага спрыялі ажыўленню гандл. абмену паміж Усходам і Захадам, станаўленню эліністычнай матэрыяльнай і духоўнай культуры (заснаваны больш за 70 гарадоў, у т. л.Александрыя, Герат, Кандагар). Створаная ім самая вялікая стараж. дзяржава (ад Балкан у Еўропе да Індыі і паўд. граніц Егіпта), пазбаўленая цесных унутр. сувязяў, развалілася пасля яго смерці. На яе тэр. ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.
Літ.:
Шифман И.Ш. Александр Македонский. Л., 1988;
Бойназаров Ф.А. Проблемы традиции и современности: Образ и личность Александра Македонского. М., 1990;
Маринович Л.П. Греки и Александр Македонский: К проблеме кризиса полиса. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНАРЭ́Я (ад а... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),
адсутнасць менструацый на працягу 6 і больш месяцаў у палаваспелых жанчын (ад 15—16 да 45 гадоў). Абумоўлена недастатковасцю гармонаў, якія дзейнічаюць на палавыя органы жанчыны, або неўспрымальнасцю палавых органаў да гармонаў. Фізіялагічная аменарэя назіраецца да палавой спеласці, у перыяд цяжарнасці, лактацыі і ў клімактэрычны перыяд. Пры несапраўднай аменарэі менструальны цыкл нармальны, але кроў не выходзіць вонкі з прычыны заган развіцця палавых органаў (адсутнасць похвы або шыйкі маткі, адтуліны ў дзявоцкай пляве і інш.). Пры сапраўднай паталагічнай аменарэі адсутнічаюць цыклічныя змены ў палавых органах, фізіял. працэсы выспявання фалікулаў і яйцаклеткі, што выклікае бясплоднасць; парушана функц. сістэма рэгуляцыі менструальнай і ў цэлым генератыўнай функцыі жанчыны (гіпаталамус—гіпофіз—перыферычныя залозы—палавыя органы). Адрозніваюць аменарэю паталагічную першасную (менструацыі не было ні разу ў жыцці), абумоўленую паталогіяй выспявання яечнікаў, наднырачнікаў, шчытападобнай залозы, маткі, а таксама гіпаталама-гіпафізарнай вобласці і вышэйшых аддзелаў ц. н. с. Развіваецца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў на арганізм жанчыны ў перыяд унутрывантробнага развіцця і адразу пасля родаў. Аменарэя паталагічная другасная (менструацыя была хоць адзін раз) звязана таксама з захворваннямі органаў — звёнаў рэгуляцыі менструальнай функцыі ў выніку запаленчых, функцыян., арган. (пухліны) пашкоджанняў, нервова-псіхічных стрэсаў і інш. у перыяд палавой сталасці. Папярэднічае хваробе гіпаменструальны сіндром: менструацыі (пасля нармальных) рэдкія, кароткія, з мізэрным крывацёкам. Для лячэння неабходна спец. абследаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАКА́ЛІПСІС (грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),
1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.
2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЕ́ЎСКІЯ,
удзельнікі вызв. руху ў Беларусі і Літве ў сярэдзіне 19 ст. і паўстання 1863—64. Дзеці дробнага шляхціца Дамініка Далеўскага, які валодаў фальваркам Кункулка ў Лідскім пав.
Францішак (1825, фальварак Руднікі Лідскага пав. — 25.4.1904), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849—60 у турме, на катарзе і ў ссылцы ў Сібіры. Напярэдадні і ў час паўстання адзін з кіраўнікоў партыі «белых», чл.Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. У чэрв. 1863 арыштаваны, засуджаны на 20 гадоў катаргі. З 1883 у Варшаве.
Аляксандр (24.1.1827, Кункулка — 26.4.1862), адзін са стваральнікаў Братняга саюза літоўскай моладзі. У 1849 арыштаваны, у 1850—58 на катарзе, у сібірскай ссылцы. Памёр у Вільні ад сухотаў неўзабаве пасля вяртання на радзіму.
Канстанцін (1837, Кункулка — 27.5.1871). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, каморнік. Удзельнік паўстання 1863—64 на Ковеншчыне — змагаўся ў атрадах З.Серакоўскага, І.Ляскоўскага, А.Мацкявічуса, камандаваў асобным атрадам, паранены. Потым у эміграцыі. У час Парыжскай камуны 1871 расстраляны версальцамі.
Цітус (13.5.1840, Кункулка — 11.1.1864), удзельнік рэв. студэнцкага руху ў Маскве і Пецярбургу, дзе вучыўся ва ун-тах. З лета 1863 найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем. Арыштаваны, публічна расстраляны на Лукішскай плошчы ў Вільні.
Апалонія (1841, Кункулка — пасля 1915), жонка Серакоўскага. У час паўстання 1863—64 выслана ў Ноўгарад. З 1867 у Варшаве, займалася грамадскай дзейнасцю. Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМ’Е́ ((Daumier) Анарэ Віктар’ен) (26.2.1808, г. Марсель, Францыя — 11.2.1879),
французскі графік, жывапісец і скульптар. З 1814 жыў у Парыжы, у 1820-я г. браў урокі жывапісу і малюнка, вучыўся мастацтву літаграфіі. Аўтар вострагратэскавых карыкатур на кіруючыя вярхі грамадства, у т. л. на караля Луі Філіпа. Асновай для серыі літаграфічных партрэтаў-шаржаў «Славутасці залатой сярэдзіны» (1832—33) сталі скульпт. эскізы-бюсты паліт. дзеячаў (1830—32, захавалася 36 бюстаў). У літаграфіях 1834 Д. выкрываў бяздарнасць і своекарыслівасць улад («Заканадаўчае чэрава», «Усе мы сумленныя людзі, абдымемся»), ствараў вобразы рабочых («Сучасны Галілей», «Вуліца Транснанен 15 красавіка 1834 года» і інш.). Пасля забароны ў 1835 паліт. карыкатуры Д. звярнуўся да быт. сатыры: серыя «Карыкацюрана» (1836—38), «Лепшыя ў жыцці» (1843—46), «Добрыя буржуа» (1846—49). У перыяд і паслярэв. 1848—49 стварыў (спачатку ў статуэтцы, потым у шэрагу літаграфій) абагульнены вобраз паліт. прайдзісвета Ратапуаля. У жывапісе Д. па-наватарску пераасэнсоўваліся традыцыі рамантызму, трагічная велічнасць спалучалася з гратэскам, драма з сатырай, вострая характарнасць вобразаў са свабодай пісьма, смелай абагульненасцю формаў, выразнасцю пластыкі і светлавымі эфектамі. У яго карцінах адлюстраваліся пафас рэв. барацьбы («Паўстанне», каля 1848), прыгажосць простага чалавека («Прачка», каля 1859—60); улюбёнымі матывамі жывапісу былі цырк, тэатр, вандроўныя камедыянты: «Меладрама» (каля 1856—60), «Крыспэн і Скапэн» (каля 1860), серыя карцін «Дон Кіхот» (каля 1868) і інш.