Падпісаны паміж Францыяй і яе саюзнікамі (Іспаніяй і Батаўскай рэспублікай) з аднаго боку і Англіяй — з другога 27.3.1802 у г. Ам’ен (Францыя). Завяршыў распад 2-й антыфранц. кааліцыі. Паводле яго Англія абавязвалася вярнуць Францыі і яе саюзнікам захопленыя ў іх калоніі (акрамя а-воў Цэйлон і Трынідад) і ачысціць ад сваіх войскаў в-аў Мальта, Францыя — вывесці войскі з Рыма, Неапаля і в-ва Эльба. Егіпет быў вернуты Турцыі. 13.5.1802 да дагавора далучылася Турцыя. Ам’енскі мірны дагавор стаў кароткай перадышкай у англа-франц. барацьбе за сусв. панаванне. Разарваны з прычыны адмовы Англіі вызваліць в-аў Мальта. 22.5.1803 ваенныя дзеянні аднавіліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕ́Р (А),
1) адзінка сілы эл. току; адна з сямі асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Названы ў гонар А.М.Ампера. Ампер — сіла нязменнага току, які пры праходжанні па двух бясконцых прамалінейных паралельных правадніках з малой плошчай папярочнага кругавога сячэння, што размешчаны на адлегласці 1 м адзін ад аднаго ў вакууме, выклікае сілу ўзаемадзеяння паміж імі, роўную 2∙10−7Н на і м даўжыні (абсалютны ампер). У якасці эталона карыстаюцца міжнар. амперам: нязменны ток, які выдзяляе з воднага раствору азотнакіслага серабра за 1 с 0,00118 г серабра. Міжнар. ампер роўны 0,99985 абсалютнага.
2) Адзінка магнітарухальнай сілы замкнёнага контуру і рознасці магн. патэнцыялаў магнітастатычнага поля ў СІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІТЭА́ТР (грэч. amphitheatron),
1) у Стараж. Рыме манументальнае збудаванне для публічных відовішчаў: баёў гладыятараў, цкавання дзікіх звяроў, масавых тэатралізаваных паказаў. Меў эліпсападобную ў плане форму, з арэнай пасярэдзіне, вакол якой ступенькамі ўзвышаліся месцы для гледачоў. Яго канструкцыйную аснову складала сістэма арак і слупоў, паміж якімі знаходзіліся галерэі і лесвіцы, напр., Рымскі Калізей.
2) Сучасныя амфітэатры выкарыстоўваюцца ў кінатэатрах, тэатр., цыркавых, спарт. будынках, маюць эліпсападобны, паўцыркульны сегментавы план. На аснове амфітэатра пабудаваны глядзельныя залы Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску, месцы для гледачоў у цырках Гомеля, Мінска, на мінскім стадыёне «Дынама» і інш.
Да арт.Амфітэатр. Старажытнарымскі тэатр у Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНЫХ АДНО́СІН ЗАКО́Н,
фіксуе залежнасць паміж аб’ёмам і зместам паняццяў: чым шырэйшы аб’ём паняцця, тым вузейшы яго змест, і наадварот. Калі аб’ём аднаго паняцця складае частку аб’ёму другога, то для іх зместу ўласцівыя адваротныя адносіны. Прынята лічыць, што першае вызначэнне гэтага закону належыць логікам Пор-Раяля (1660-я г.), але найб. вядомая фармулёўка дадзена І.Кантам. Адваротных адносін закон дае магчымасць тлумачыць лагічныя аперацыі абагульнення і абмежавання паняццяў. Калі ідуць ад паняццяў меншага аб’ёму да паняццяў большага аб’ёму, то за кошт звужэння зместу адбываецца іх абагульненне, калі ж ад паняццяў большага да меншага, то з-за пашырэння зместу адбываецца абмежаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЦКІ БОЙ 1942.
Адбыўся ў Вял.Айч. вайну паміжпартыз. атрадамі «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Э.Я.Чырлін), А.Ф.Каваленкі, І.Р.Жулегі, Капаткевіцкім (камандзір А.А.Жыгар) і ням.-фаш. акупантамі ў в. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. 17 лютага. Аперацыяй кіраваў Герой Сав. Саюза Ф.І.Паўлоўскі. Партызаны, знішчыўшы фаш. гарнізон у в. Валосавічы, накіраваліся да в. Азарычы, дзе размяшчаліся гарнізон ворага з 70 чал. і склады са збожжам для адпраўкі ў Германію. Раніцай партыз. атрады занялі зах. частку вёскі, ударныя групы атакавалі каравульнае памяшканне. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны без страт са свайго боку разграмілі гарнізон, захапілі зброю, раздалі насельніцтву 850 т збожжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІМУТ (ад араб. ас-сумут шляхі) нябеснага свяціла або зямнога прадмета, вугал паміж плоскасцю мерыдыяна пункта назірання і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз гэты пункт і свяціла ці прадмет. Адлічваецца ад напрамку на Пн па гадзіннікавай стрэлцы (0°—360°). Адрозніваюць азімут астранамічны (сапраўдны), утвораны плоскасцю астранамічнага мерыдыяна, што праходзіць праз лінію адвеса ў пункце назірання; геадэзічны — плоскасцю, якая праходзіць праз нармаль да зямнога эліпсоіда; магнітны — плоскасцю магнітнага мерыдыяна. Азімут — адна з каардынат сістэмы гарызантальных каардынат у астраноміі; вымяраецца вугламерным інструментам (тэадалітам і інш.). Магнітны азімут, адрозніваецца ад сапраўднага на велічыню схілення магнітнай стрэлкі.
Да арт.Азімут. А — азімут сапраўдны; Д — магнітнае схіленне; Ам — азімут магнітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЕў хіміі,
працэс злучэння якога-н. рэчыва з кіслародам; хімічная рэакцыя, пры якой адбываецца адыманне электронаў ад атамаў, пераразмеркаванне электроннай шчыльнасці паміж атамамі (гл.Акісленне-аднаўленне). Ступень акіслення не заўсёды адпавядае валентнасці атама і можа быць адмоўнай або дадатнай велічынёй. Сярод працэсаў акіслення вылучаюцца: акісленне арган. злучэнняў, у т. л. нафтапрадуктаў, акісленне металаў і акісленне біялагічнае. Сучаснае разуменне механізма акіслення арган. злучэнняў засн. на пераксіднай тэорыі, паводле якой з кіслародам рэагуюць злучэнні, што папярэдне перайшлі ў актыўны стан (гл.Пераксіды арганічныя). Пачатковая стадыя акіслення — ланцуговая хімічная рэакцыя. Актыўныя акісляльнікі — кісларод O2, азон O3, пераксід вадароду H2O2, хлор Cl2, фтор F2, перманганат калію KMnO4 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКМЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1331.
Адбылася паміжліт.-бел. войскам ВКЛ і рыцарамі Тэўтонскага ордэна на р. Акмяна (Паўн. Літва). Ням. рыцары, уварваўшыся ў Жамойць, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Жмудзіны папрасілі дапамогі ў ВКЛ. Вял.кн. Гедзімін сабраў войска з літ., полацкіх і новагародскіх дружын і даў бой рыцарам на чале з Генрыхам фон Плокам. Дзякуючы добраму размяшчэнню войскаў (наперадзе татарская конніца, пасярэдзіне літ. воіны, на флангах і ў рэзерве бел. дружыны) Гедзімін разбіў ворагаў і прымусіў іх уцякаць. Мясц. насельніцтва, гвалтоўна ўключанае ў тэўтонскае войска, у час бою перайшло на бок Гедзіміна. Акмянская бітва на пэўны час прыпыніла ням. агрэсію на землі ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКАЕ ХА́НСТВА,
татарская феад. дзяржава са сталіцай у Астрахані. Узнікла ў выніку распаду Залатой Арды, адасобілася ў 1459—60. Асн. занятак насельніцтва — качавая жывёлагадоўля, паляванне, рыбалоўства. Уладу хана абмяжоўвалі феадалы. Падданае насельніцтва плаціла хану ясак. Барацьба за Астраханскае ханства паміжКрымскім ханствам і Нагайскай Ардой прывяла ханства да збліжэння з Расіяй і падпісання ў 1533 саюзнага дагавора. У 1554 рас. ўрад, зацікаўлены ў выхадзе да Каспійскага м., з дапамогай войска паставіў на чале Астраханскага ханства свайго васала Дэрвіш-Алі. Намаганне апошняга выйсці з-пад залежнасці ад Масквы выклікала новы паход рас. войскаў. У 1556 Астраханскае ханства далучана да Рас. дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЫ́ЛЬ ((Avril) Філіп) (21.7.1654, г. Ангулем, Францыя — студз. 1698),
французскі падарожнік. Як манах-езуіт пасланы для місіянерства ў Кітай. Праз Турцыю і Іран дабраўся да Астрахані (1685—86), адтуль да Масквы. Не атрымаўшы дазволу на выезд у Кітай, высланы праз Беларусь у Польшчу. Зноў вярнуўся ў Расію і зноў не атрымаў дазволу на праезд у Кітай. Вярнуўся ў Францыю, у 1692 выдаў кнігу пра свае падарожжы, у якой апісаў жывёльны свет Беларусі, пасяленні палонных з Рэчы Паспалітай, у т. л. з Беларусі, «паміж Волгай і Масквой».
Літ.:
Пирлинг П. Французский иезуит в Москве в XVII столетии // Рус. старина. 1902. № 9.