ільменскія славяне, паўночныя ўсх.-слав. плямёны, якія ў 2-й пал. 1-га тыс.н.э. жылі ў басейне воз. Ільмень, у 10—13 ст. рассяляліся на Іжорскім плато, па р. Малога дасягалі Яраслаўскага Паволжа і Волга-Окскага міжрэчча. Займаліся земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам, будавалі наземныя зрубныя дамы з печамі-каменкамі. Асн. тыпам іх пасяленняў былі селішчы. Першыя гарадзішчы ўзніклі ў 8 ст.Найб.стараж. помнікі С. — пахавальныя сопкі з абрадам трупаспалення. У 9—10 ст. побач з сопкамі пашыраны курганы з трупаспаленнем. З пач. 11 ст. пераважаў пахавальны абрад з трупапалажэннем. Наяўнасць у сопках фінскіх элементаў пахавальнага абраду адлюстроўвае працэс славянізацыі мясц. фіна-угорскіх плямён. Лічаць, што продкі С. рухаліся ў Прыільменне праз землі балтаў, у якіх запазычылі іх звычай рабіць курганныя насыпы над нябожчыкамі. Этнавызначальныя рысы С. — ромба- і авальнашчытковыя скроневыя кольцы 11—14 ст. (на Беларусі падобныя рэчы знойдзены каля Радашковіч і ў Чапліне). У 9 ст. С. і крывічы разам з фінскім племем весь утварылі паліт. саюз. Цэнтр С. — г. Ноўгарад. Землі С. сталі ядром уладанняў Наўгародскай феад. рэспублікі.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНЕ́ЧНІК (Helianthus),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 70 (паводле інш. звестак да 110) відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Паўн. Амерыцы. Культывуюцца С. алейны, або аднагадовы (H. annuus), і тапінамбур. У пач. 16 ст. С. завезены ў Еўропу, дзе яго вырошчвалі як дэкар., а пазней агароднінную (насенне) культуру; у Расіі — з канца 17, як алейная — з сярэдзіны 19 ст. На Беларусі вырошчваюць С. алейны як харч., кармавую, меданосную расліну.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты (выш. ад 20 см да 4—6 м) з простымі ці разгалінаванымі ўверсе сцёбламі.
Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае, апушанае, чаранковае. Суквецці — адзіночныя кошыкі на верхавінках сцябла і яго бакавых галінак, дыяметрам 4—70 см, маюць да J тыс. кветак. Шэрагу відаў С. ўласцівы геліятрапізм (асобны выпадак фотатрапізму). Плод — сямянка. З насення С. алейнага атрымліваюць сланечнікавы алей, макуха і шрот — высокабялковы корм для жывёл, кошыкі суквеццяў перапрацоўваюцца на муку, разам з зялёнай масай ідуць на сілас. Харч., лек., тэхн., дэкар., кармавыя, меданосныя расліны.
А.М.Скуратовіч.
Сланечнік: 1 — агульны выгляд; 2 — спелы кошык; 3 — кошык у разрэзе; 4 — плады сланечніку (а — алейнага; б — прамежкавага; в — грызавога).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЯПНІ́ (Tabanidae),
сямейства насякомых падатр. прамашыўных караткавусых атр. двухкрылых. Больш за 3,5 тыс. відаў. Пашыраны амаль паўсюдна, найб. трапляюцца ў лясной, стэпавай і пустыннай зонах у вільготных мясцінах. Найб. актыўныя ў цёплыя сонечныя дні. Могуць быць пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб. На Беларусі 50 відаў з 8 родаў; найб. трапляюцца 2. з роду Tabanus (С. бычыны — T. bovinus, С. летні — T. schineri, С. шэры — T. bronius), а таксама дажджоўкі (Haematopota, або Chrysozona), залатавочкі (Chrysops), хібамітры (Hybomitra) і інш.
Даўж. да 3 см. Цела ўкрыта кароткімі валаскамі, крылы шырокія, моцныя. Лапкі ног з 3 прысоскамі. Брушка шырокае, пляскатае. Вусікі 3-членікавыя. Ротавыя органы ў самак колюча-сысучыя, лёгка праколваюць скуру пазваночных; у самцоў ліжучыя. Самкі пераважна крывасмокі капытных жывёл і чалавека. Самцы кормяцца сокамі раслін і інш. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у вадзе, муле, вільготнай глебе, гніючых рэштках раслін. Драпежныя, некат. дэтрытафагі.
Літ.:
Мяло И.И. Слепни и защита скота от них. Мн., 1968;
Олсуфьев Н.Г. Слепни // Фауна СССР. Л., 1977. Т. 7, вып. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОВАПАДО́БНЫЯ (Strigiformes),
атрад птушак. 2 сям.: савіныя, або совы нармальныя, і сіпухавыя (Tytonidae). 30 родаў, 144 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і некат. акіянічных астравоў. Жывуць ад тундры да пустынь і гор, большасць у лясах. На Беларусі 13 відаў з 10 родаў; 9 відаў у Чырв. кнізе: балотная сава, няясыці (2 віды), сіпуха, сплюшка, сычы (3 віды), пугач звычайны (гл.Пугачы). У Чырв. кнізе МСАП 21 від.
Даўж. цела да 84 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,5 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне мяккае, рыхлае. шэрае, бурае ці рыжаватае, з цёмнымі і светлымі плямамі і стракацінамі. Вочы вял., накіраваны ўперад, у большасці абкружаны тваравым дыскам з дробных пёраў. Зрок бінакулярны. Вушныя адтуліны вялікія. Шыя рухомая, галава паварочваецца на 180—270′’. Крылы шырокія, закругленыя, хвост кароткі. Дзюба кручкападобная, вострая, кароткая. Лапы моцныя, з вострымі і вял. кіпцюрамі, чатырохпальцыя. Цэўкі апераныя. Манагамы. Адкладваюць 4—5 (да 14) яец. Корм пераважна жывёльны. Гл. таксама Белая сава, Няясыць барадатая, Пугач рыбны. Літ.гл. да арт. Савіныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́МЧАТЫЯ (Marsupialia),
атрад млекакормячых інфракласа ніжэйшых звяроў (Metatheria). 2 падатр., 9 (16) сям., каля 250 відаў. Вядомы з ніжняга мелу Паўн. Амерыкі (каля 190 млн.г. назад). Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, а таксама на а-вах Вял. Зондскія, Тасманія, Н.Гвінея, у Паўд., Цэнтр. і Паўн. Амерыцы; акліматызаваны ў Н.Зеландыі. Насяляюць разнастайныя ландшафты і вадаёмы. Сярод інш. да С. адносяцца: апосумы, вамбат, каала, кенгуровыя, цэналеставыя. 33 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. ад 4 да 300 см, маса да 90 кг. Раслінаедныя, насякомаедныя, драпежныя, ёсць усёедныя. Размнажэнне ад 1 да некалькіх разоў за год. Самкі большасці відаў маюць вывадковую сумку (адсюль назва), у якую адкрываюцца саскі (2—6) малочных залоз. Дзіцяняты нараджаюцца слабаразвітымі і развіваюцца ў сумцы (да 250 сут), дзе прымацоўваюцца да саска, з якога малако выпырскваецца пры скарачэнні спец. мышцаў.
Літ.:
Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. М., 1973;
Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989;
Акимушкин И.И. Мир животных: Млекопитающие, или звери. 4 изд. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЭНІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,
адзін з асноўных відаў танца, які прызначаны для выканання на сцэне (у адрозненне ад бытавога танца). Гал. прыкмета С.т. — наяўнасць маст. вобраза, які ствараецца ўдасканальваннем выразных магчымасцей быт. і нар. танцаў. У стварэнні С.т. важная роля належыць харэографу-пастаноўшчыку, які выразнымі сродкамі танца надае пластыцы сцэн. твора новыя эстэт. якасці.
С.т. бярэ пачатак у фалькл. мастацтве народаў свету. Яго ўзнікненне звязана са з’яўленнем прафес. мастацтва. Ужо ў антычнасці адбыўся яго падзел на ўласна танец і пантаміму. Сучасная сістэма С.т. з падзелам на класічны танец і характарны танец, пачала складвацца ў эпоху Адраджэння; яна развіваецца, удасканальваецца і ўбірае ў сябе элементы інш. пластычных і танц. сістэм (бальнага танца, драм. пантамімы, свабоднай пластыкі, сучаснай харэаграфічнай мовы). Асн. віды сучаснага С.т.: класічны, нар.-сцэнічны, танец мадэрн, джаз-танец і інш.
На Беларусі С.т. развіваўся ад пачатковых форм у творчасці скамарохаў. Больш дасканалых форм ён дасягнуў у балетных спектаклях прыгонных т-раў 18—19 ст., у паказах трупы І.Буйніцкага ў пач. 20 ст. У наш час пашыраны ў Нац. т-ры балета Беларусі, у дзейнасці прафес. і аматарскіх харэаграфічных калектываў розных маст. кірункаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАМБО́Н (італьян. trombone ад tromba труба),
медны духавы муштуковы нетранспануючы муз. інструмент. Мае шырокія мензуру і канічны раструб, які ў вузкай частцы злучаны з рассоўным механізмам, што ўключае 2 нерухомыя трубкі (штангі), на якія насоўваецца U-падобная куліса. Рухомае прыстасаванне забяспечвае храматычны гукарад. Існуюць Т. рассоўны (цугтрамбон) і вентыльны. 6 разнавіднасцей — ад сапрана да кантрабаса. У наш час выкарыстоўваюцца тэнаравыя і тэнарава-басовыя, радзей басовыя Т. Ужываецца пераважна як арк. (Т. складае самаст. групу ў традыц. складзе эстр. аркестра «big band», эстр.-сімф.), зрэдку як сольны інструмент.
Продкам Т. лічыцца стараж.-рым. букцына (з сям’і труб). У інш. краінах Еўропы вядомы з 15 ст. Сям’я Т. сфарміравалася ў 16 ст.
На Беларусі Т. вядомы з 18 ст. ў складзе езуіцкіх капэл, з 19 ст. — у аматарскіх аркестрах навуч. устаноў: Гомельская муз. школа (Мацей Красоўскі, Ян Сураж), Мінская мужчынская гімназія (Восіп Шаскольскі), 1-е Мінскае гар. 4-класнае вучылішча (Шыменеў); духавога аркестра Мінскага вольна-пажарнага т-ва, ваен. аркестраў. З пач. 20 ст.пашыраны ў прафес. і аматарскіх аркестрах, ансамблях.
Літ.:
Вилковир Е. Практический курс инструментовки для духового оркестра. М., 1963;
Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Л., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАПРАВО́ДНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту, які ажыццяўляе перадачу на адлегласць вадкіх, газападобных ці цвёрдых прадуктаў па трубаправодах. Прызначаны для транспарціроўкі газу (газаправод), нафты і нафтапрадуктаў (нафтаправод), цвёрдых матэрыялаў (гідраўлічны транспарт, пнеўматычны транспарт). У залежнасці ад прызначэння і тэр. размяшчэння адрозніваюць Т.т. магістральны і прамысловы (найб.пашыраны). Прамысловы выкарыстоўваецца для транспарціроўкі грузаў, якія перадаюцца па трубах у межах прадпрыемства для працягу тэхнал. працэсу. Да магістральнага Т.т. належаць газа- і нафтаправоды, па якіх транспарціруюцца прадукты ад месца здабычы да месца перапрацоўкі і спажывання (заводы, марскія парты). Па магістральных прадуктаправодах транспарціруюцца гатовыя нафтапрадукты (бензін, дызельнае паліва і інш.) з заводаў у раёны спажывання. Да Т.т. адносяцца таксама нафтабазавыя, унутрыпрамысловыя нафта-, газа-, прадуктаправоды, гарадскія газаразмеркавальныя, водаправодныя і каналізацыйныя сеткі і г.д. Вядучая краіна ў галіне Т.т. Японія. На Беларусі агульная працягласць магістральных нафтаправодаў рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні 3 тыс.км, прадуктаправодаў 1,4 тыс.км, газаправодаў 6,7 тыс.км. размеркавальных газаправодаў 22 тыс.км (2002). Будуецца газаправод Ямал—Еўропа, першы ўчастак (209 км) здадзены ў эксплуатацыю (1999). Удзельная вага Т.т. ў агульным грузаабароце краіны 58% (2001). Схему магістральных нафтаправодаў гл. ў арт.Нафтаправод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ХВЕРК (ням. Fachwerk ад Fach панэль, секцыя + Werk збудаванне),
тып каркаснай канструкцыі пераважна малапавярховых жылых і грамадскіх будынкаў, нясучымі элементамі якой з’яўляюцца стойкі, рыгелі, раскосы. Каркас сцяны фахверкавай пабудовы засн. на трывалай сувязі гарыз. і верт. драўляных брусоў, злучаных раскосамі з брусоў, металу, жалезабетону; прамежкі паміж канстр. элементамі запаўняюцца каменнем, цэглай, глінай, саманам і інш., што робіць буд-ва больш танным, надзейным, надае будынкам выразнае арх. аблічча. Пашыраны ў 14—17 ст. у краінах Еўропы. Комплексы фахверкавых дамоў, ратуш, гасп. пабудоў найб. захаваліся ў невял. гарадах Германіі. Канстр. ідэя Ф. ў мадыфікаваным выглядзе выкарыстоўваецца і ў сучасным жылым і прамысл. буд-ве. На Беларусі Ф. вядомы з 16 ст. пад назвай «прускі мур». У кліматычных умовах Беларусі сцяна з Ф. не забяспечвала неабходных цеплатэхн. характарыстык, таму найб. пашырэнне Ф. меў у верхніх, адкрытых для агляду, ч. будынкаў: вежа для гадзінніка на школе ў г. Паставы (18 ст.), шчыты жылых дамоў у в. Гарадзец Шаркаўшчынскага р-на, свірна ў в. Опса Браслаўскага р-на (19—20 ст.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́СФАРУ АКСІ́ДЫ,
хімічная злучэнні фосфару з кіслародам. Найб.пашыраны гексааксід тэтрафосфару (P4O6) і дэкааксід тэтрафосфару (P4O10).
Гексааксід тэтрафосфару — белыя камякі або крышталі, з непрыемным пахам, шчыльн. 2135 кг/м³, tпл — 23,9 °C, tкіп — 174 °C. Пры т-ры больш за 200 °C раскладаецца з частковым адшчапленнем элементарнага (чырв.) фосфару і розных аксідаў (P4O8, P4O10). Добра раствараецца ў арган. растваральніках (напр., бензоле). У звычайных умовах павольна акісляецца да дэкааксіду тэтрафосфару; яго халодныя водныя растворы — фосфарныя кіслоты. Утвараецца пры спальванні фосфару з абмежаваным доступам сухога паветра. Выкарыстоўваецца ў арган. сінтэзе. Дэкааксід тэтрафосфару — бясколернае аморфнае, шклопадобнае або крышт. рэчыва. Мае 2 метастабільныя крышт. мадыфікацыі (Н-форма, О-форма), якія адрозніваюцца шчыльнасцю, т-рамі плаўлення і кіпення. Вельмі гіграскапічны (Н-форма паглынае ваду з выбухам; эфектыўны асушальнік). З сухім і вільготным аміякам утварае фасфаты амонію. Пад уздзеяннем святла люмінесцыруе. У прам-сці атрымліваюць спальваннем элементарнага фосфару ў лішку сухога паветра з наступнай кандэнсацыяй цвёрдага прадукту з пары. Выкарыстоўваецца ў арган. сінтэзе і вытв-сці фасфатнага шкла, прамежкавы прадукт у вытв-сці фосфарнай к-ты тэрмічным спосабам і інш. Ф.а. таксічныя, раздражняюць слізістыя абалонкі, выклікаюць апёкі скуры, ГДК у атм. паветры 0,05 мг/м³.