СОВАПАДО́БНЫЯ (Strigiformes),

атрад птушак. 2 сям.: савіныя, або совы нармальныя, і сіпухавыя (Tytonidae). 30 родаў, 144 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і некат. акіянічных астравоў. Жывуць ад тундры да пустынь і гор, большасць у лясах. На Беларусі 13 відаў з 10 родаў; 9 відаў у Чырв. кнізе: балотная сава, няясыці (2 віды), сіпуха, сплюшка, сычы (3 віды), пугач звычайны (гл. Пугачы). У Чырв. кнізе МСАП 21 від.

Даўж. цела да 84 см, размах крылаў да 2 м, маса да 4,5 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне мяккае, рыхлае. шэрае, бурае ці рыжаватае, з цёмнымі і светлымі плямамі і стракацінамі. Вочы вял., накіраваны ўперад, у большасці абкружаны тваравым дыскам з дробных пёраў. Зрок бінакулярны. Вушныя адтуліны вялікія. Шыя рухомая, галава паварочваецца на 180—270′’. Крылы шырокія, закругленыя, хвост кароткі. Дзюба кручкападобная, вострая, кароткая. Лапы моцныя, з вострымі і вял. кіпцюрамі, чатырохпальцыя. Цэўкі апераныя. Манагамы. Адкладваюць 4—5 (да 14) яец. Корм пераважна жывёльны. Гл. таксама Белая сава, Няясыць барадатая, Пугач рыбны. Літ. гл. да арт. Савіныя.

Совападобныя: 1 — сава пячорная, або сыч трусіны; 2 — сычык-эльф, або сычык кактусавы; 3 — сава афрыканская лясная; 4 — сава вушастая.

т. 15, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)