1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.
2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл.Апорная геадэзічная сетка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУ́КА,
бел.нар. гульня. Гуляюць 2 каманды. Кожная выбірае вядучага. На пляцоўцы паміж камандамі праводзяць 2 лініі на адлегласці 30—40 м. Удзельнікі каманды «горада» па чарзе бітай кідаюць апуку (мяч памерам з тэнісны) у бок праціўніка (у «поле»). Калі гульцы «палявой» каманды зловяць мяч з лёту, каманды мяняюцца месцамі. Калі мяч не злоўлены, «палявыя» гульцы падхопліваюць яго і ад сваёй лініі кідаюць у гульца «гарадской» каманды, які ў гэты час павінен дабегчы да чужой лініі і вярнуцца да сваіх; калі мяч пападзе ў гульца, каманды таксама мяняюцца месцамі. Лакальныя назвы перагон, салавей, ілкі, лавец і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБІТРА́Ж МІЖНАРО́ДНЫ,
міжнародны орган па мірным вырашэнні спрэчак паміж дзяржавамі. Прадугледжаны многімі міжнародна-прававымі актамі, у т. л. Статутам ААН. Парадак фарміравання арбітражу міжнароднага і яго працэдура рэгулююцца Гаагскай канвенцыяй аб мірным вырашэнні міжнар. сутыкненняў 1907 і Узорнымі правіламі арбітражнага працэсу 1958. Ствараецца для разгляду адной або некалькіх спраў ці на пастаяннай аснове. Арбітраў выбіраюць самі дзяржавы — удзельніцы спрэчкі ў складзе 1 прадстаўніка ад кожнай з іх і прадстаўнікоў ад трэціх дзяржаў. Пастаянны міжнар. арбітражны орган — Пастаянная палата трацейскага суда, заснаваная ў Гаазе ў 1899. Бакамі ў арбітражным працэсе звычайна выступаюць дзяржавы, але могуць быць міжнар. арг-цыі або прыватныя фірмы, карпарацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛЬЯ (Batalha),
Санта-Марыя да Віторыя, каталіцкі кляштар у Партугаліі; помнік гатычнай архітэктуры і рэнесансу. Засн. ў 1385. Уключае касцёл (1388—1402, арх. А.Дамінгіш) з прыбудаванымі да яго «Капэлай Заснавальніка», залай капітула і каралеўскім клуатрам (крытая аркадная галерэя-абход; усе паміж 1402—38, арх. Х’ю). За алтаром касцёла — ратонда-маўзалей «Імперфейта» («Незакончаная капэла», пач. ў 1434, арх. Х’ю, з 1490 — арх. Баітак, М.Фернандыш і інш.) у экзатычным стылі «мануэліна» (ад імя караля Мануэла I). На Пд ад кляштара ўзнік г. Баталья з царквой у стылі «мануэліна» (1512, прыпісваюць Баітаку). Занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЗАРНІ́ЦА»,
царкоўна-грамадскі часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 1.9.1928 да 1.5.1929 у Вільні на бел. мове раз у 2 тыдні. Ставіў за мэту пераадолець адчужэнне правасл. Царквы на Беларусі ад нац.-вызв. імкненняў бел. народа, яго адраджэння. Шмат увагі аддаваў адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі. Пісаў пра рэліг. выхаванне моладзі. З мэтай развіцця нац. самасвядомасці і пашырэння асветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысціянства на Беларусі, царк. брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Брэсцкую унію 1596 і інш. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з рус. эмігранцкім, польск. перыядычным і бел. хадэцкім друкам. Выйшла 13 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ПРА́ЦЫ (БПП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў ліст. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. БПП дзейнічае на аснове захавання і развіцця традыцый і прынцыпаў с.-д. і рабочага руху. Асн. мэты — пабудова ў Рэспубліцы Беларусь дэмакр. грамадства, стварэнне прававой дзяржавы на прынцыпах духоўнай паліт. і эканам. свабоды чалавека, дабрабыту, маральнасці, сац. справядлівасці і згоды грамадзян. Выступае за аптымальнае спалучэнне рыначных механізмаў і дзярж. рэгулявання, за ўдзел работнікаў наёмнай працы ў кіраванні дзярж. справамі, у абарону правоў і інтарэсаў працоўных, за паліт. падтрымку прафс. руху. Арг-цыі БПП створаны ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Барысаве, Жодзіне, Асіповічах, Салігорску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1656,
пагадненне паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай пра спыненне ваен. дзеянняў і сумесную барацьбу супраць шведскай агрэсіі; падпісана 3.11.1656 у маёнтку Немежы пад Вільняй. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на землі Літвы і Польшчы ўварваліся (1655) Шведскія войскі Карла Х Густава. Баючыся ўмацавання Швецыі, рас. ўрад пачаў захады для прымірэння з Рэччу Паспалітай. На перагаворы прыбыла рас. дэлегацыя на чале з кн. М.І.Адоеўскім; дэлегацыю Рэчы Паспалітай узначальваў ваявода полацкі Я.Красінскі; пасрэднікам быў аўстр. дыпламат Алегрэці. Не дамовіўшыся пра ўмовы міру, дэлегацыі заключылі перамір’е і вырашылі пачаць сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́Маркава манастыра.
Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма (засн. ў 1633), знішчанага пажарам.
Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 5.6 да 25.10.1923 у Вільні на бел. мове. З мэтаю канспірацыі і з прычыны цэнзурных забарон выходзіла пад рознымі назвамі: «Наш сцяг» (5.6—12.8), «Падняты сцяг» (16.8), «Сцяг» (19.8), «Сцяг народа» (23.8) і інш. Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа, найперш сялянства, заклікала да еднасці паміж сялянамі і рабочымі, да больш актыўнай работы паслоў-беларусаў у сейме, паведамляла пра забастоўкі, выступала ў абарону паліт. вязняў. Шмат увагі аддавала бел.нац.-вызв. руху. Пісала пра паліт., эканам. і культ. пераўтварэнні ў БССР. Выйшаў 21 нумар. Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІ́ТЫ, амонаідэі (Ammonoidea),
надатрад вымерлых малюскаў кл. галаваногіх. Былі пашыраны ў дэвонскім і мелавым перыядах, дасягнулі росквіту ў сярэдзіне мезазойскай эры. Вядома каля 1,5 тыс. родаў і 5 тыс. відаў. Рэшткі аманітаў трапляюцца ўсюды ў марскіх адкладах. На Беларусі найб. поўна фауна аманітаў прадстаўлена ў Прыпяцкім прагіне ў адкладах верхняюрскай сістэмы.
Ракавіны 1 см — 2 м у папярочніку. Падзяляліся перагародкамі на самастойныя камеры, у адной з якіх размяшчалася цела. Астатнія былі запоўнены газам і злучаліся паміж сабою тонкім вырастам мяккага цела (сіфонам), які служыў рэгулятарам газавага ціску ў камерах. На галаве шчупальцы. Маглі жыць у бурнай прыбярэжнай паласе. Драпежнікі. Маюць стратыграфічнае значэнне.