падсы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пяе; зак.
1. што і чаго. Насыпаць дадаткова, насыпаючы, падбавіць. Падсыпаць вугалю ў топку. Падсыпаць солі ў суп. / у безас. ужыв. Цяпер, пры марозіку, усё тут сцвярдзела, зраўнялася, потым яшчэ сняжку нядаўна падсыпала. Кулакоўскі. // Усыпаць, насыпаць употай, з пэўным намерам. Падсыпаць атруты.
2. што і чаго. Насыпаць пад каго‑, што‑н. Я выпраг з калёс, [каня], завёў яго ў стайню. Падсыпаў пад пысу аўса. Сачанка. Суддзя круціўся на крэсле, нібы пад яго падсыпалі жменю іголак. Лынькоў.
3. што. Зрабіць крыху вышэйшым, насыпаўшы дадаткова пяску, зямлі і пад. [Мацей:] — Эй, гаспадар! Не лянуйся, прызбу падсып, лавачку змайструй... Краўчанка.
4. перан.; каму. Разм. Пабіць, строга пакрытыкаваць каго‑н. — Правільна, дзед! Падсып яму... Хай пацярэбіцца... — Крый яго! Пташнікаў.
•••
Падсыпаць перцу (солі) — добра даняць, дапячы каму‑н. іроніяй, едкім словам.
падсыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да падсы́паць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́ліца, ‑ы, ж.
Цяжкая дубіна з патоўшчаным канцом, якая ў старажытныя часы служыла зброяй.
палі́ца, ‑ы, ж.
1. Дошка або некалькі дошак, прымацаваных да сцяны або ўнутры шафы для размяшчэння кніг, пасуды і пад. Над сталом у акуратнай, зашклёнай раме вісеў вялікі партрэт Шота Руставелі, на паліцы ляжалі стопкі кніг, па выгляду многа ўжо чытаных. Самуйлёнак. На паліцах крамы — шапкі, кірзавыя боты, скрынкі цукерак, пернікаў. Ракітны. // Разм. Верхняя лаўка для ляжання або для багажу ў чыгуначным вагоне. Дзяцей набілася поўнае купэ. А некалькі хлапчукоў умудрыліся залезці нават на багажныя паліцы. Хомчанка. У самым канцы.. [Балашоў] знайшоў незанятую верхнюю паліцу, ускінуў на яе маленькі фанерны чамаданчык і пачаў умошчвацца на начлег. Грахоўскі.
2. Спец. Частка плуга, якая аддзяляе і пераварочвае падрэзаны лемяшом пласт зямлі; адвал. // Прыстасаванне ў некаторых сельскагаспадарчых машынах.
•••
Класці зубы на паліцу гл. класці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́ць, пару, пораш, пора; незак., каго-што.
1. Калоць, тыкаць чым‑н. вострым. — Капешка саломы на гумне стаяла, дык.. [немцы] шомпаламі яе поруць, партызан шукаюць. Сіняўскі. Каця прыкладам пачала пароць снег, выкапала нейкі каменьчык. Карпюк. // Разбураць, спорваць, зрываць. Пеця расказваў мне, як некалі пароў ён гнёзды на ліпах у былым панскім маёнтку. Мыслівец.
2. Разразаць ніткі, якімі што‑н. зашыта; распорваць, расшываць. Пароць старую адзежыну.
3. Разм. Бадаць. Каровы поруць адна адну.
4. Колючы, тыкаючы чым‑н., прымушаць вылезці адкуль‑н.; выпорваць. Да Толі з Алесем прыходзілі яшчэ Валодзя і Сцёпка, і разам яны паролі тых трусоў з малінніку тычкамі. Брыль. // Выганяць, праганяць. [Антось:] — Калі б мелі свой кавалачак зямлі, то.. — ніхто не пароў бы, з месца не гнаў бы. С. Александровіч.
•••
Глупства пароць — гаварыць, рабіць абы-што.
Пароць гарачку — рабіць што‑н. неабдумана, паспешліва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што і без дап.
1. Узараць нанава, яшчэ раз. — Ніхто не паедзе скародзіць таго поля, пераараць перш трэба, — толькі ўсяго і сказаў Якім, падтрымліваючы хлопцаў. Дуброўскі. Усякага чалавека пашкадуе зіма, нават неахайных трактарыстаў, якія дапусцілі агрэхі пры ворыве, нават няўпраўных брыгадзірам, якія не паспелі пераараць бульбу. Ермаловіч.
2. Прыараць у час ворыва частку чужога поля. Невядома праз што пасварыўся ён са сваім братам, які жыў па суседству; можа, той пераараў калі яго мяжу ці залез касой у Язэпаву траву. Шахавец.
3. Правесці баразну ўпоперак чаго‑н. Пераараць дарогу. □ А для гэтага трэба было да ўсходу сонца пераараць упоперак Нёман, яго дно, ды каб саху не конь і не валы цягнулі, а самі жанчыны. Колас.
4. і чаго. Узараць усё, многае. Колькі чаго перавазілі, колькі зямлі перааралі, перабаранавалі?.. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Злучыць з чым‑н., прымацаваць да чаго‑н. коўкай або надзеўшы ланцуг. Прыкаваць ложак да падлогі. □ — Толькі, — кажа леў, — ты не адарвеш ланцугоў, якімі мяне да студні прыкавалі. Якімовіч.
2. перан. Прымусіць каго‑н. застацца ў якім‑н. стане, у якім‑н. месцы. Трэшчына косці прыкавала надоўга дзяўчыну да пасцелі. Васілевіч. «Пабягу назад», — падумаў Віця, але ўпартасць і цікаўнасць прыкавалі яго да месца. Чарнышэвіч. Устаў і Сцяпан, але страх, жывёльны страх, ад якога дрыжалі ўсе мускулы цела, .. зноў прыкаваў яго да зямлі. Дуброўскі.
3. перан. Прымусіць быць пакіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра ўвагу, погляд і пад.). [Валя] неяк адразу прыкавала да сябе ўвагу, чуць і бачыць яе было вельмі прыемна. Ермаловіч. Зорка загарэлася, заіскрылася, прыкаваўшы .. [Сашын] позірк. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
п’я́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; нецвярозы. Быў [Падбярэцкі] сёння з самай раніцы вясёлы і рухавы — недзе ўжо справіўся выпіць, не дома: з дому ён ніколі п’яны не прыходзіў. Пташнікаў. З боку Камароўкі, віхляючыся і матляючы рукамі, плёўся п’яны немец. Новікаў. / у знач. наз. п’я́ны, ‑ага, м.; п’я́ная, ‑ай, ж. На доўгіх лавах у хаце і ў сенцах на зямлі сядзяць п’яныя. Бядуля.
2. Уласцівы захмялелым, нецвярозым людзям. — Гэй ты, малпа! Падай рому! — пачуў .. [Манг] ля сябе п’яны голас. Маўр. З-за ельнічку даносілася чужая п’яная песня з выкрыкамі. Мележ.
3. Які прыводзіць да стану ап’янення; п’янкі. Намяшаў.. [цар] тры кубкі віна салодкага з п’яным. Якімовіч. // Які прыводзіць да стану, падобнага ап’яненню. Бэзу кусты сіняву разлілі каля хаты. Водарам п’яным мае патрывожылі сны. Тарас.
•••
З п’яных вачэй гл. вока.
Пад п’яную руку гл. рука.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Іграючы сумесна, выканаць (музычны твор, тэатральную п’есу). Разыграць квартэт. Разыграць спектакль. // У каманднай гульні выканаць якую‑н. камбінацыю. Разыграць мяч.
2. Давесці якую‑н. гульню да канца, прымяняючы тыя або іншыя спосабы, хады і камбінацыі. Разыграць сіцыліянскую абарону.
3. Прысудзіць або размеркаваць шляхам латарэі, жэрабя і пад. Як падраслі .. [дзедавы] сыны, ён чатыры дзесяціны зямлі пароўну падзяліў на трох сыноў, а будынкі разыграў, хто які выцягне. Кавалёў.
4. Прадставіць што‑н. як рэальнае; састроіць з сябе каго‑, што‑н. — Ён нічога пра ўцёкі не гаварыў! — разыграў шчырую нявіннасць брат і нават узняў плечы: — Я сам здзівіўся, калі яго не стала! Карпюк. Сальнікава ўдала разыграла ролю стомленай, няшчаснай жанчыны. Пятніцкі.
5. Разм. Паставіць у недарэчнае становішча шляхам падману; абдурыць. — Можа, разыграў хто Васількова, падрабіўшы дырэктарскі голас? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассе́яцца, ‑сеецца; зак.
1. Сеючыся, падаючы, рассыпацца ў розныя бакі, папасці ў розныя месцы. І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Што гэта? [Лебядзіны] пух рассеяўся па зямлі? Бядуля.
2. Стаць рассеяным (у 3 знач.). Пучок святла рассеяўся.
3. Разысціся, разбегчыся ў розныя месцы, у розныя бакі. Пасля немцы зніклі, яны рассеяліся за дрэвамі, кустамі і сценамі і адтуль стралялі. Чорны. Натоўп на вуліцы паволі рассеяўся. Брыль. // Паступова радзеючы, знікнуць, разысціся (пра туман, дым і пад.). Туман, які нядаўна ахінаў вяршаліны бяроз на тым баку вуліцы, нечакана рассеяўся. Алешка. Калі дым рассеяўся, варожай пяхоты ў ляску ўжо не відно было. Кулакоўскі. // перан. Прайсці, знікнуць (пра якое‑н. пачуццё). І не сплюшчыць мне воч, І трывога мая не рассеецца: Хіба жарты — усю ноч салаўі за аселіцай! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́мень, ‑меня і раме́нь, ‑мня, мн. рамяні, ‑ёў; м.
1. Доўгая паласа вырабленай скуры. За плячыма была вялікая паходная сумка, на рэмені вісела стрэльба. Самуйлёнак. Моцна скруцілі Міколу рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. // Скураны пояс, папруга. Стары туга падпяразваўся рэменем, акуратна заліў сваю бараду і выглядаў куды маладзейшым за свае гады. Шчарбатаў. Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай .. паставе. Ваданосаў.
2. Доўгая паласа вырабленай скуры або моцнай тканіны, якая служыць для перадачы руху ад аднаго шківа да другога. Прывадны рэмень.
3. толькі мн. (рамяні́, ‑нёў). Прыстасаванне для ўвязвання і пераноскі ручнога багажу, якое ўяўляе сабой дзве злучэння перамычкай палоскі скуры або моцнай тканіны са спражкамі. А на іншых ложках — яны яшчэ пахлі свежай фарбай, — ляжалі перавязаныя рамянямі клумкі. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаго́ддзе, ‑я, н.
1. Прамежак часу ў сто гадоў; век. Дваццатае стагоддзе. Мінулае стагоддзе. □ [Гопкель] ведаў характар людзей, якім даюць .. адказныя заданні. Не дарма ж ён вывучаў іх на працягу чвэрці стагоддзя. Шамякін. Літаратурнай дзейнасць Змітрака Бядулі пачалася ў пачатку дваццатага стагоддзя. Каваленка. Дрэвы — да сонца, Людзі — да волі Цягнуцца праз усе стагоддзі. Барадулін. // Вялікі, неакрэслены прамежак часу; глыбокая даўніна. Ну што ж, я і з гэтым міруся, Вайне не стагоддзі грымець. Астрэйка. Можа гэта казка ці паданне Нашай фантастычнае зямлі... Паміж стэпаў у стагоддзях даўніх Скіфы легендарныя жылі. Панчанка. Закрыеш вочы і дзіўныя вобразы адзін за адным лунаюць у карагодзе бясконцым, у карагодзе, сатканым з красак стагоддзяў. Лынькоў.
2. Стогадовы юбілей каго‑, чаго‑н. Стагоддзе універсітэта. Стагоддзе завода. □ Усё прагрэсіўнае чалавецтва ўрачыста адзначыла стагоддзе з дня нараджэння У.І. Леніна. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)