БУРА́ЛКІН (Генадзь Васілевіч) (н. 12.2.1942, г. Ленінагорск, Казахстан),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Старшыня Саюза мастакоў Беларусі з 1990. Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэмы ўзятыя з нар. жыцця, знітаваныя з памяццю гісторыі, нац. паданнямі. Творы вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў: манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), станковыя кампазіцыі «Песня пратэсту» (1977), «Вясна Перамогі» (1978), «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі» (1979), «Яблынька» (1981), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я г.), «Памяці В.Хары» (1987), «Музыка» (1990), «Двое», «Сын зямлі» (абодва 1991), «Лясное возера» (1992), «Кастусь Каліноўскі», «Белая Ганча», «Сумненне» (усе 1993), «Вяртанне белага анёла», «Сымон-музыка», «Адам і Ева» (усе 1994), «Скок» (1995), серыя «Прысвячэнне П.Пікаса» (1996). Афармленне інтэр’ераў драм. тэатра (у сааўт.) і Дома грамадз. абрадаў у Гродне (1970-я г).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛІЦКІ (Антон Васілевіч) (17.9.1891, в. Балічы Гродзенскага р-на — 31.10.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916). З 1916 у арміі. У 1917—20 удзельнічаў у гуртаванні беларусаў-вайскоўцаў на Румынскім фронце, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. У 1920 уступіў у Камуніст. партыю. З кастр. 1921 нам. наркома, з 1926 нарком асветы БССР. З 1924 правадз.чл. Ін-та бел. культуры. Адзін з творцаў і праваднікоў дзярж. палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі нац.-культ. будаўніцтва. Канд. у чл.ЦККП(б)Б у 1929—30, чл.ЦВКБССР. У 1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», засуджаны на 10 гадоў лагераў. 30.9.1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.
Літ.:
Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А.В.Баліцкага). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАПТЫ́СТЫ (ад грэч. baptizō акунаю, хрышчу вадой),
паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму — баптызму. Першая абшчына баптыстаў узнікла ў 1609 з англ. эмігрантаў у Амстэрдаме (Галандыя). Найб. распаўсюджаны баптызм у ЗША, адкуль пашырыўся на тэр.Рас. імперыі, у т. л. на Беларусь. У аснове іх веравучэння агульныя пратэстанцкія догматы: адмаўленне ролі царквы як абавязковага пасрэдніка паміж Богам і чалавекам, прызнанне прынцыпу ўсеагульнага свяшчэнства, вера ў святую Тройцу; прытрымліваюцца догматаў аб выратавальнай місіі Ісуса Хрыста, яго другім прышэсці, спрадвечнай грахоўнасці чалавека. Для баптыстаў абавязковыя місіянерская дзейнасць і дабрачыннасць. Яны прызнаюць 2 асн. абрады — хрышчэнне ў вадзе паўналетніх і абрад хлебапераламлення. Асн. іх святы: Нараджэнне і Хрышчэнне Хрыста, Вялікдзень, Тройца, Праабражэнне, Свята Жніва, Дзень Адзінства. На Беларусі першыя абшчыны баптыстаў з’явіліся ў 1870-я г. Цяпер большасць баптыстаў уваходзіць у Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў, які ў 1996 налічваў на Беларусі 192 абшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),
погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.Гельвецый, Л.Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.Марсель, А.Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.Гусоўскі, Ф.Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШНЯ́К (Аляксандр Карлавіч) (15.8.1786 — 1831),
рускі падарожнік, батанік. Праязджаў з Дарагабужа праз Беларусь у Віцебск, Полацк (1815), з Вільні ў Кіеў. Пакінуў цікавыя звесткі пра нас. пункты Беларусі, у т. л. Мінск, Бабруйск і Бабруйскую крэпасць. Лічыў, што зах. паветы Смаленшчыны, дзе жылі беларусы, у этнічных адносінах не розніліся ад усх. паветаў Віцебскай губ. Цікавіўся этнаграфіяй, звычаямі, мовай і дыялектамі бел. сялян. Імкнуўся вызначыць геал. мінулае Беларусі, яе глебы, клімат, лясы, асабліва на Полаччыне. Башняк вядомы і як царскі шпіён, які сачыў за А.С.Пушкіным. У жн. 1825 разам з начальнікам паўд.ваен. Пасяленняў І.В.Вітам падаў данос («Запіску») у Пецярбург пра дзейнасць Паўд.т-ва дзекабрыстаў на Украіне. Памёр (паводле інш. звестак забіты) у час паўстання 1830—31.
Тв.:
Дневные записки путешествия А.Бошняка в разные области Западной и Полуденной России в 1815 г. Ч. 1—2. М., 1820—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ (Уладзімір Пракопавіч) (н. 1.1.1921, в. Слабодка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст.Беларусі (1973). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1954). У 1954—83 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў мастацкія фільмы: «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з А.Грыгар’янцам), «Строгая жанчына» (1959), «Першыя выпрабаванні» (1960, з Ю.Булычовым), «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Дзяменцьевым), «Рагаты бастыён» (1965), «Чужое імя» (1966), «І ніхто іншы» (1968), «Таму што кахаю» (1974), «Шлюбная ноч» (1980), «Дачка камандзіра» (1981, з У.Чарнышовым), «Кантрольная па спецыяльнасці» (1982); тэлефільмы: «Побач з вамі» (1967), «Руіны страляюць...» (1973; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Лёгка быць добрым» (1976), «Антаніна Брагіна» (1978). Сярод жывапісных работ: «На рацэ» (1958), «На руінах» (1960), «Рэйкавая вайна» (1973), пейзажы «Апошнія дні зімы» (1988) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТЭЛЕГРА́ФНАЕ АГЕ́НЦТВА (БЕЛТА),
дзяржаўны інфармацыйны орган. Створана 7.3.1931. Займаецца зборам і перадачай паліт., эканам. і інш. інфармацыі для прэсы, тэлебачання, радыё, а таксама для сродкаў камунікацыі на аснове электронных тэхналогій.
Узнікненне інфармац. службы на Беларусі звязана з дзейнасцю рас.тэлегр. агенцтваў. У кастр. і ліст. 1881 у Мінску і Гродне былі адкрыты аддзяленні Рус.тэлегр. агенцтва. Пасля 1917 на Беларусі дзейнічала Петраградскае тэлегр. агенцтва. На базе яго карэспандэнцкай сеткі 23.12.1918 у Мінску створана Бел. аддзяленне Расійскага тэлегр. агенцтва (БелОТРОСТА). У 1919 пераўтворана ў Мінскае аддзяленне. У студз. 1921 у Мінску адкрыта Бел. бюро РОСТА з правам арганізацыі абл. аддзяленняў РОСТА. 18.1.1924 Бел. бюро РОСТА пераўтворана ў Бел.абл. аддзяленне камерцыйнага тэлегр. агенцтва (БелКТА) з цэнтрам у Мінску, якое абслугоўвала Мінскую, Віцебскую, Гомельскую і Смаленскую губ. 7.3.1931 на базе БелКТА створана Бел.тэлегр. агенцтва (БЕЛТА, у 1992—95 Бел. інфармацыйнае агенцтва, БЕЛІНФАРМ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1918.
Адбылася 25—28.1.1918 у Вільні. Склікана Арганізац. к-там, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных сац. колаў і бел. арг-цый з акупіраванай Германіяй тэр.Беларусі. Правядзенне канферэнцыі выклікана неабходнасцю ўзгадніць мэты розных бел. арг-цый, «апрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва» і «палажыць першы камень пад будоўлю нашай гасударственнай будучыні». Дэлегатам належала разгледзець 2 канцэпцыі: выпрацаваную ў вер. 1917 канферэнцыяй Бел.нар.к-та, Бел. сацыял-дэмакр. работніцкай групы і Віленскага к-таБел.сацыяліст. грамады і выпрацаваную арг-цыяй Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Пасля ўзгаднення сваіх пазіцый бел. арг-цыі не адмовіліся ад ідэі Бел.-Літ. дзяржавы, якая павінна была стаць канфедэрацыяй 2 аўт. тэрыторый — беларускай і літоўскай; у склад канфедэрацыі павінны былі ўвайсці ўсе бел. і ўсе літ. землі. Беларуская канферэнцыя абрала каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый і іх прадстаўнічы орган — Віленскую беларускую раду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САНА́ЦЫЯ,
неафіцыйная назва групы бел. дзеячаў у Зах.Беларусі. Створана ў сярэдзіне 1929. Лідэры А.Луцкевіч, Р.Астроўскі, Я.Станкевіч, Ф.Акінчыц. Друкаваны орган — газ. «Наперад». Была выразнікам той часткі крыла нац.-вызв. руху ў Зах.Беларусі, што ва ўмовах узмацнення рэпрэсій польскіх улад, а таксама рэпрэсіўнай палітыкі бальшавікоў у БССР адзіна магчымым шляхам культ.-нац. развіцця лічыла пошук кампрамісаў з «санацыйным» урадам Ю.Пілсудскага, не выключаючы парламенцкіх сродкаў барацьбы. За гэта сярод бел. грамадскасці, што арыентавалася на КПЗБ і Камінтэрн, група атрымала назву «санацыя» (лац. sanatio аздараўленне). Пад арганізац. кіраўніцтвам групы знаходзіліся Т-вабел. асветы, Бел.навук.т-ва, Бел. дабрачыннае т-ва, Бел. студэнцкі саюз, інш.культ.-асв. і дабрачынныя арг-цыі і суполкі. Адсутнасць адзінства і рознагалоссі сярод лідэраў групы, а таксама імкненні польскіх улад унесці разлад у яе дзейнасць прывялі да канчатковага расколу Беларускай санацыі ў 1934.