МАРАЛЁЎ (Алег Міхайлавіч) (22.12.1923, Масква — 4.2.1984),
бел. і расійскі рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1952). З 1952 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1960 гал. рэжысёр Горкаўскага т-ра оперы і балета, з 1965 рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. Яго пастаноўкі вызначаліся псіхал. выразнасцю ў трактоўцы вобразаў, дынамічнасцю масавых сцэн. Сярод пастановак на бел. сцэне: «Іаланта» (1952), «Яўген Анегін» (1954), «Чарадзейка» (1958) П.Чайкоўскага, «Лакмэ» Л.Дэліба і «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (абедзве 1953), «Маладая гвардыя» Ю.Мейтуса (1954), «Марынка» Р.Пукста і «Фра-Д’ябала» Ф.Абера (абедзве 1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957), «Дзіця радасці» К.Карчмарова (1959), «Андрэй Касценя» М.Аладава (1970, з Ю.Ужанцавым).
Б.С.Смольскі.
т. 10, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)