служыць для ацэнкі сілы ветру ў балах па яго ўздзеянні на наземныя прадметы або па хваляванні на моры. Распрацавана ў 1806 англ. контр-адміралам Ф.Бофартам. З цягам часу мянялася і ўдакладнялася. У 1963 прынята Сусв. метэаралагічнай арг-цыяй (гл.табл.).
Сіла ветру па шкале Бофарта (на вышыні 10 м над адкрытай роўнай зямной паверхняй)
Балы Бофарта
Скорасць ветру, м/с
Характарыстыка ветру
0
0—0,2
Штыль. Дым падымаецца вертыкальна. Люстраное гладкае мора.
1
0,3—1,5
Ціхі. Дым адхіляецца, на моры рабізна.
2
1,6—3,3
Лёгкі. Вецер адчуваецца на твары, шапоча лісце на дрэвах, адхіляецца флюгер. Кароткія хвалі на моры.
3
3,4—5,4
Слабы. Лісце і тонкія галінкі пастаянна гайдаюцца. Выразныя кароткія хвалі, грабяні перакульваюцца, з'яўляюцца рэдкія баранчыкі пены.
4
5,5—7,9
Умераны. Падымаюцца пыл і паперкі, гайдаюцца тонкія галіны дрэў. Хвалі на моры падоўжаныя, у многіх месцах белыя баранчыкі.
5
8—10,7
Свежы. Гайдаюцца тонкія ствалы дрэў. Доўгія, але не вельмі буйныя хвалі, усюды баранчыкі, з’яўляюцца пырскі.
6
10,8—13,8
Моцны. Гайдаюцца тоўстыя галіны, гудуць тэлеграфныя правады, з'яўляюцца вялікія хвалі, пеністыя грабяні займаюць вялікую плошчу.
7
13,9—17,1
Вялікі. Гайдаюцца ствалы дрэў, цяжка ісці супраць ветру. Хвалі нагрувашчваюцца, грабяні зрываюцца, пена кладзецца палосамі па ветры.
8
17,2—20,7
Вельмі вялікі. Ламаюцца галіны дрэў, вельмі цяжка ісці супраць ветру. Сярэдне доўгія хвалі. Па краях грабянёў узлятаюць пырскі.
9
20,8—24,4
Шторм. Невялікія пашкоджанні, вецер зрывае чарапіцу. Высокія хвалі, шырокія палосы пены, пагаршаецца бачнасць.
10
24,5—28,4
Моцны шторм. Разбураюцца пабудовы, дрэвы вырываюцца з каранямі. Вельмі высокія хвалі з доўгімі загнутымі грабянямі. Паверхня мора белая ад пены. Моцны грукат хваляў. Дрэнная бачнасць.
11
28,5—32,6
Люты шторм. Вялікія разбурэнні на значнай плошчы. Надзвычай высокія хвалі. Невялікія і сярэднія судны часам не відаць. Паверхня мора ў камяках пены. Дрэнная бачнасць.
12
больш за 32,7
Ураган. На сушы разбурэнні, як у люты шторм. На моры паветра напоўнена пенай і пырскамі. Вельмі дрэнная бачнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.
Літ.:
Афифи А., Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тры́зна ‘заключная частка пахавальнага абраду’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘памінкі па нябожчыку’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел.тризна ‘тс’: за поганства ꙋмерлымъ поминки (Стрыйкоўскі, пач. XVII ст., ПГС, ГСБМ), УІ Трызна (Карскі 2–3, 29), Трызна Гальшка з Храбтовічаў (Гардзееў, Магдэбургская Гародня, Гродна; Wrocław, 2008, 193, 215, 221). Укр.три́зна ‘тс’, три́знище ‘поле бітвы’, рус.три́за, стараж.-рус.тризна ‘спаборніцтва; подзвіг; узнагарода; памінальнае банкетаванне’ (з XII ст.), трызна (Ізборнік Святаслава, 1073 г.), ст.-слав.тризна ‘ўзнагарода за перамогу’ (Супрасл. летап.), польск.tryzna ‘памінкі з ігрышчамі як часткай пахавальнага абраду’; чэш. і славац.tryzna ‘грамадзянская паніхіда’, гіст. ‘трызна’ — з польск. мовы (Махэк₂, 656); славен.trízna ‘бой, спаборніцтва ў гонар памерлага чалавека’ (са ст.-слав., Сной у Бязлай, 4, 226). Прасл.*tryzna (Фасмер, 4, 102) супастаўляюць з генетычна роднасным *traviti > першапачаткова ‘памінкі, памінальнае частаванне’ (Міклашыч, 362; Брукнер, 579 і інш.). Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 130 і наст.) тлумачыць слав.*trizna як вытворнае ад *trizь ‘трацяк, трохгадовая жывёла, прызначаная для ахвяры’, параўн. ст.-бел.тризъ, фризъ ‘трохгадовая жывёла’ (ГСБМ). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16) дапускае для беларуска-ўкраінскай лексемы гоцкае паходжанне, параўн. гоцк.trigo‑n ‘смутак’, або суадносіць з тры́зніць ‘вярзці, гаварыць у беспрытомнасці, галюцыніраваць’, польск.tryznić ‘марнаваць час’, што характарызуе паводзіны сваякоў у час чуйнасці над нябожчыкам (Зб. Крапіве, 213). Высновы пра няяснае паходжанне слова з аглядам магчымых версій гл. Рачава, Зб. Варбат, 318–328; ESJSt, 16, 984–985.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Займае паўн.ч. рэспублікі, мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,1 тыс.км². Нас. 1438,8 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 19 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк, 26 гар. пасёлкаў, 248 сельсаветаў, 6774 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Амаль уся тэр. вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтр. частцы і на З Полацкая (займае амаль палову тэр.), на ПнУ Суражская нізіны, на У нізіна Лучосы, на Пд Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы і грады займаюць чвэрць тэр. вобласці, пераважаюць па яе ўскраінах: Нешчардаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае (выш. да 295 м над узр. м.), Аршанскае, Ушацка-Лепельскае, Лукомскае ўзвышшы, Свянцянская і Браслаўская грады. Карысныя выкапні: даламіты (11 радовішчаў у Віцебскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лёзненскім і Сенненскім р-нах), цэментныя гліны (радовішчы Пушча ў Віцебскім і Лукомль-1 ва Ушацкім р-нах), легкаплаўкія гліны і суглінкі (198 радовішчаў), торф (3400 радовішчаў), пясчана-гравійныя сумесі (161 радовішча), буд. пяскі (102 радовішчы), мінер. воды, сапрапелі (у 1429 азёрах) і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -6,5 °C на З да -8,5 °C на У, ліп. каля 17—18 °C. Ападкаў ад 600 ммза год на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах. Каля 70% іх выпадае ў цёплы перыяд. Вегет. перыяд 180—190 дзён. Па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і плошчы азёр вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Рэкі належаць бас.Зах. Дзвіны (85% плошчы), Дняпра, Нёмана, Ловаці. Найбольшыя: Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (справа), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), Дняпро з Друццю і Бярэзінай (вярхоўі). З 2,8 тыс. азёр найбольшыя Асвейскае, Лукомскае, Дрысвяты, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (больш за 40%), дзярновыя забалочаныя (каля 30%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (больш за 10%), тарфяныя (каля 15%) і інш., паводле мех. складу 67,2% сугліністыя, 24,6% супясчаныя, 6,6% пясчаныя, 1,6% гліністыя. Характэрныя мазаічнасць і завалуненасць глебы. Сярэдняя лясістасць 34,4%, ад 15—20% у Аршанскім, Дубровенскім, Чашніцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім да 53—60% у Полацкім і Расонскім р-нах. Пераважаюць хваёвыя (38,7%) і яловыя (20,9%) лясы. Пашыраны таксама бярозавыя (24,2%), альховыя (11,1%), асінавыя (4,1%). Пад хмызнякамі каля 10% тэр., пад лугамі — 13%, пад балотамі — каля 6%. Меліярацыйны фонд вобласці 990 тыс.га, на 51% пл. праведзены асушальныя работы. У межах вобласці знаходзіцца асн. частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, 22 дзярж. заказнікі, шэраг помнікаў прыроды.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — беларусы (81,8%), жывуць таксама рускія (13,5%), украінцы (1,7%), палякі (1,2%), яўрэі (1,1%) і інш. Гарадскога нас. 66,3%. Сярэдняя шчыльн. 36 чал. на 1 км², сельскага — 12 чал. на 1 км². Паадм. раёнах шчыльнасць насельніцтва вагаецца ад 30 чал. на 1 км² у Чашніцкім да 8 чал. на 1 км² у Расонскім р-не. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Віцебск 365, Орша 139, Наваполацк 97, Полацк 88. З 1991 натуральны прырост насельніцтва, а з 1994 міграцыйнае сальда сталі адмоўныя, адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці яшчэ яго старэнне.
Гаспадарка. Вядучая галіна — прамысловасць, у ёй занята каля 30% усіх працуючых. Спецыялізуецца па вытв-сці электраэнергіі, нафтаперапрацоўцы, нафтахіміі, машынабудаванні, лёгкай і харч. галінах. У адносінах да агульнарэсп. аб’ёму выпускаецца (1994, %): ільняных тканін і поліэтылену 100, прадуктаў нафтаперапрацоўкі каля 50, электраэнергіі 48,7, металарэзных станкоў 47,6, дываноў і дывановых вырабаў 40,4, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 35,6, абутку 21,6, драўнінна-валакністых пліт 29, буд. цэглы 20, алею 92,3, масла 18,7, кансерваў 20,3. Самыя значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў Віцебску, Полацкім прамвузле (Полацк і Наваполацк) і Оршы. У Віцебску выпускаецца больш за 70% прадукцыі машынабудавання і лёгкай прам-сці, у Полацкім прамвузле — уся прадукцыя нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, у Оршы — усе льняныя тканіны. Самая магутная ў рэспубліцы Лукомская ДРЭС у Новалукомлі. Прадпрыемствы паліўнай прам-сці (торфапрадпрыемствы), металаапрацоўкі (у асн. рамонтныя), лясной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. размеркаваны патэр. вобласці. Па ўзроўні прамысл. развіцця таксама вылучаюцца Глыбоцкі, Чашніцкі, Лепельскі, Пастаўскі і Талачынскі р-ны. У сельскай гаспадарцы занята каля 22% працуючых. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У прыгарадных зонах Віцебска, Полацка, Оршы развіты птушкагадоўля, агародніцтва, садоўніцтва. У 1994 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 56,8%, раслінаводства — 43,2% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. Назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі жывёлагадоўлі (у 1990 было 68%) і павышэнне долі раслінаводства. С.-г. ўгоддзі займаюць 45% тэр. вобласці, у т. л. пад ворывам 29,9%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем і жытам. У вобласці высокая ўдзельная вага пасеваў лёну-даўгунцу (каля 35% валавога збору льновалакна ў рэспубліцы). Найбольшыя пасевы лёну на ПдЗ і ПдУ вобласці. На 738 фермерскіх гаспадарак прыпадае 18,3 тыс.гас.-г. угоддзяў (1995), або каля 1%. Вял. долю ў пасяўных плошчах і зборы бульбы займаюць асабістыя дапаможныя гаспадаркі. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіты свінагадоўля (буйныя свінагадоўчыя комплексы), авечка- і птушкагадоўля. На азёрах — азёрна-рыбныя гаспадаркі. У 1990-я г. наглядалася скарачэнне пагалоўя жывёлы і жывёлагадоўчай прадукцыі.
Транспарт. Эксплуатацыйная даўж. чыгункі 1223 км (1994). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў рэспубліцы. Па яе тэрыторыі праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Невель—Полацк—Маладзечна, Орша—Лепель, Крулеўшчына—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,5 тыс.км (1994). Асн. магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства паЗах. Дзвіне ад Веліжа да Полацка і па Дняпры ніжэй Оршы. Патэр. вобласці праходзіць адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» (ад Унечы на Оршу—Наваполацк і далей у Латвію ў порт Вентспілс), газаправод «Ззянне Поўначы». Аэрапорт у Віцебску.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Віцебскай вобласці
Плошча, тыс.га
1990
1995
Уся пасяўная плошча
1180,9
1200,2
Збожжавыя і зернебабовыя
490
502,5
Лён-даўгунец
59
39,2
Бульба
87
94,2
Агародніна і бахчавыя культуры
7
12,5
Кармавыя культуры
537,9
551,8
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках Віцебскай вобласці
Пагалоўе, тыс. галоў
1990
1995
Буйная рагатая жывёла
1156
900
у т.л. каровы
397
379
Свінні
861
572
Авечкі і козы
128
79
Птушка
6382
6000
Да арт.Віцебская вобласць: 1 — краявід на Браслаўшчыне; 2 — на палях Віцебшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ПЕ́СНІ,
спецыфічная сфера песеннага фальклору, якая склалася ў партыз. фарміраваннях у перыяд Вял.Айч. вайны. Беларускія П.п. складаюць найб. багаты пласт сучаснага фальклору. Падзяляюцца на безыменныя нар. песні («Ой, на лузе, пры дубочку»), творы самадз. складальнікаў («Песня пра Лаўскі бой» П.Ліпілы), фалькларызаваныя ўзоры сав. масавай песні («На кані вараным» У.Захарава); вылучаюць таксама т.зв. песні-пераробкі, заснаваныя на абнаўленні паэт. зместу папулярных нар. і сав. масавых песень пры захаванні інтанац. асновы напеваў, рытмікі і паэт. сістэмы першапачатковага тэксту (цыклы песень на мелодыі «Па далінах і па ўзгор’ях», «Кацюша»), У адпаведнасці з пашыранасцю адрозніваюць П.п. асобных злучэнняў і агульнапрызнаныя, што трывала ўвайшлі ў сучасны народнапесенны фонд. П.п. выконваліся сола ці хорам, часта з акампанементам гармоніка, баяна, акардэона, гітары, радзей скрыпкі ці інстр. ансамбля. Аўтарская дзейнасць партыз. песеннікаў дакументальна зафіксавана неаднолькава; вядома больш за 60 аўтараў слоў (каля 200 песенных тэкстаў на бел. і рус. мовах) і больш за 20 аўтараў мелодый. Змест П.п. адлюстроўвае любоў да Радзімы, гатоўнасць аддаць жыццё за яе свабоду, глыбокае пачуццё чалавечай годнасці, гнеў і нянавісць да фаш. захопнікаў. Іх жанравая разнастайнасць абумоўлена спецыфічнай эстэт. функцыяй (гераічны заклік, сатыр. памфлет-пародыя, гумарыстычны партрэт, прыпеўка да танцаў) і множнасцю генетычных вытокаў (ад бел., рус. і ўкр. сялянскай песеннасці да сав. масавай і эстр. песні). Асн. жанры: гімн-марш (тыпу канта), песня-хроніка, гераічная балада, лірычная песня-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай і інш.). Вылучаюцца цыкл развітальных песень, памуз. стылістыцы набліжаных да сял. «зацягучых», і частушка-памфлет. У змесце, паэт. вобразнасці, інтанац. складзе яскрава выяўляюцца рысы наватарства.
Меласу песень героіка-патрыят. зместу ўласцівы заклікальнасць, фанфарнасць, лозунгавая афарыстычнасць. Канкрэтныя праявы наватарскіх рыс стылістыкі залежаць ад жанру: маршавасць выяўляецца ў гімнах, дэкламацыйнасць — у баладах, мелодыка павольнага вальса — у песнях рамансавага складу і г.д. Для паэт. тэкстаў характэрна перавага 4-радковай страфы (у прыпеўках і 2-радковай). Верш П.п. найчасцей сілаба-танічны з чаргаваннем мужчынскай і жан. рыфмаў. Муз. рытміка вызначаецца акцэнтнасцю; часта сустракаюцца (а пры запазычанні напеву дадаткова ўносяцца) пункцірныя рытмічныя фігуры, раптоўныя паўзы, сінкопы. Дыяпазон напеваў найчасцей шырокі (актаўны 1 большы за актаву). У напевах без суправаджэння мінор выступае ў натуральным варыянце, у мелодыях з акампанементам гармоніка, баяна і інш. інструментаў з наборам гатовых акордаў ёсць фарбы гарманічнага мінору. Нярэдка выяўляецца натуральна-ладавая мажора-мінорная пераемнасць (тэрцавая, секундавая, тэрцава-секундавая). Харавы склад значнай часткі П.п. 2- ці 3-галосы з контрапунктычнай падводкай, якая высока лунае над асн. напевам ніжняга голасу. Шматграннасць жыццёвага зместу і спосабаў яго маст. пераўтварэння, масавасць партыз. творчасці, пастаяннае сутыкненне і ўзаемадзеянне розных яе адгалінаванняў прывялі да фарміравання ў П.п. «сем’яў» роднасных сюжэтаў і напеваў. Эстэт. вытокі гэтай з’явы ў песнях найстараж. пласта ў традыцыі групавога прымацавання аднажанравых паэт. тэкстаў да адпаведных поўнаму жанру напеваў-стрыжняў. Форма выяўлення гэтай традыцыі ў П.п. істотна змянілася, бо ў аснове фарміравання меладычна роднасных цыклаў ляжыць новая песня, сучасная паводле зместу і сродкаў маст. выразнасці.
Літ.:
Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1961;
Мухаринская Л.С.Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Партизанские песни Белоруссии и их слагатели. Мн., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1945,
ваенныя дзеянні 9.8—2:9.1945 савецкіх узбр. сіл па разгроме войск Японіі на Д.Усходзе ў час 2-й сусв. вайны; працяг Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР Японія, нягледзячы на наяўнасць дагавора аб нейтралітэце (падпісаны 13.4.1941) дапамагала Германіі (на граніцы з Сав. Саюзам мела вял. групоўку войск, што вымушала СССР трымаць на Д.Усходзе значныя вайск. сілы, парушала граніцу, перашкаджала сав. суднаходству). Пасля разгрому фаш. Германіі ў маі 1945 яе саюзніца Японія працягвала вайну супраць Кітая, ЗША, Вялікабрытаніі і інш. 5.4.1945 Сав. Саюз дэнансаваў сав.-яп. дагавор аб нейтралітэце і, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945, пасля адмовы Японіі выканаць патрабаванні саюзнікаў СССРпа антыфаш. кааліцыі аб безумоўнай капітуляцыі 8.8.1945 абвясціў вайну Японіі. У ноч на 9 жн. войскі Забайкальскага (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.А.Мерацкоў) і 2-га (ген. арміі М.А.Пуркаеў) Далёкаўсходніх франтоў, караблі Ціхаакіянскага флоту (адмірал І.С.Юмашаў) і Амурскай ваен. флатыліі (контр-адм. А.В.Антонаў), а з 10 жн. таксама войскі Манг. Нар.-Рэв. Арміі (Маршал Х.Чайбалсан) пад агульным кіраўніцтвам Маршала Сав. Саюза А.М.Васілеўскага пачалі наступленне. Сав. войскі налічвалі больш за 1,5 млн.чал., 26 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 5500 танкаў і самаходна-артыл. установак, каля 3800 самалётаў, Ціхаакіянскі флот і Амурская флатылія — каля 600 караблёў і падводных лодак і больш за 1500 самалётаў. Ім процістаялі яп. сілы ў Маньчжурыі, Карэі, на Паўд. Сахаліне і Курыльскіх а-вах (1,2 млн.чал., каля 1200 танкаў, 5400 гармат і каля 1800 самалётаў). Сав. войскі атакавалі праціўніка па ўсёй граніцы з Маньчжурыяй і ўзбярэжжы Паўн. Карэі. Да 14 жн. Забайкальскі і 1-ы Далёкаўсходні франты прасунуліся ўглыб на 150—450 км, у Маньчжурыі расчлянілі Квантунскую армію японцаў, штаб якой адмаўляўся ад капітуляцыі. 19 жн.яп. войскі пачалі капітуляцыю (гл.Маньчжурская аперацыя 1945), але сав. войскі працягвалі наступленне: вызвалены 11—25 жн.Паўд. Сахалін, 18 жн.—1 вер. Курыльскія а-вы (гл.Паўднёва-Сахалінская аперацыя 1945, Курыльская дэсантная аперацыя 1945). 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Страты сав. боку: 36 456 чал., у т. л. незваротныя (забітыя, памерлыя ад ран) 12 031 чал.; з яп. боку 803 269, у т. л. незваротныя 83 717. Скончылася 2-я сусв. вайна. СССР вярнуў Паўд. Сахалін, яму адышлі і Курыльскія а-вы. За баявыя подзвігі ў С.-я.в. 87 воінам прысвоена званне Герояў Сав. Саюза, сярод якіх беларусы М.У.Барташоў, Г.С.Здановіч, В.А.Кот, М.А.Ласкуноў, Ц.А.Пачтароў.
Літ.:
История Великой Отечественной войны Советского Союза, 1941—1945 гг.Т. 5. М., 1963;
Финал: Ист.-мемуарный очерк о разгроме империалистической Японии в 1945 году. 2 изд. М., 1969;
Яковлев Н.Н. 3 сентября 1945. М., 1971;
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 11. М., 1980;
По дорогам Китая, 1937—1945: Воспоминания. М., 1989. С. 281—361;
Хаттори Т. Япония в войне, 1941—1945: Пер. с яп. [2 изд.] СПб., 2000.
Ю.В.Бажэнаў, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Савецка-японская вайна 1945. Жыхары кітайскага г. Далянь (Дальні) вітаюць савецкіх воінаў. Жнівень 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
рог1, ‑а, М розе, м.
1. Цвёрды выраст з касцявога рэчыва на галаве ў некаторых жывёл. У войта і Бруя было па пары жадных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі.Колас.Гордая галава [аленя], упрыгожаная раскідзістымі рагамі, была крыху прыўзнята, вушы насцярожаны.В. Вольскі.// Пасудзіна для піцця (спіртных напіткаў) на ўрачыстасцях, зробленая з такога касцявога выраста. Я піў рачную плынь кіпучую, Шум хваляў дальніх берагоў, Піў на сустрэчах, на заручынах Віно з біклагаў і разоў.Танк.Рог па кругу пойдзе з хмелем, Бо, як водзіцца ў кра[і], — На радзіны і вяселле Тую бочку дастаюць.Прыходзька.
2. Музычны або сігнальны інструмент у выглядзе сагнутай трубы з расшыраным канцом. Паляўнічы рог. □ На вуліцы працяжна і зычна зайграў у свой берасцяны рог пастух Даніла.Якімовіч.
3. Востры загнуты канец чаго‑н. Рог пячных вілак.
•••
Абламаць (пазбіваць) рогігл. абламаць.
Браць (узяць) быка за рогігл. браць.
Загнаць у казіны роггл. загнаць.
Наставіць рогікамугл. наставіць.
Сагнуць (скруціць) у бараноў роггл. сагнуць.
Скруціць чорту рогігл. скруціць.
рог2, ‑а; мн. рагі, ‑оў; м.
1. Месца, дзе сыходзяцца, сутыкаюцца два знешнія бакі аднаго прадмета; вугал. Клятчастая хустка толькі адным рогам ляжала на шыі.Кулакоўскі.На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы, з нейкімі вышытымі кветкамі.Лынькоў.За бляшанымі пірамідамі дахаў удалечы быў відаць рог будынка вакзала.Мележ.
2. Месца, дзе збягаюцца дзве перпендыкулярныя вуліцы. Прыпыніўшыся на рагу вуліцы, Наталля Максімаўна пачакала, пакуль пройдзе калона аўтамашын з вайскоўцамі.Дудо.На рагу акурат і стаяла змайстраваная з шалёўкі пабеленая знадворку будыніна з шыльдай: «Цырульня».Сабаленка.З-за рога выязджала ўжо, буксуючы ў снезе, машына.Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турбо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.
1. Заклапочанасць чым‑н., неадольнае жаданне ажыццявіць што‑н. Больш за дзесяць гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб .. [Коласе] аповесць.Лужанін.Турбота аб механізацыі — гэта ў першую чаргу турбота аб цукровых бураках. На буракі хціва нападае рознае зелле.Пестрак.// Пастаянная руплівасць. А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі.Колас.Калі над мужам навісала якая-небудзь бяда, — [Вера Антонаўка] рабілася адданай, поўнай турбот і клопатаў аб ім.Карпаў.// Неспакой. Гену ўсё больш брала турбота, што ў матчынай сяброўкі свой клопат, а яна ходзіць з ім, нечаканым госцем.Арабей.
2.звычайнамн. (турбо́ты, ‑бот). Клопаты, розныя справы. Ці мала ў .. [Паходні] турбот: паездка ў адстаючы сельсавет па заданню райкома, чарговая лекцыя ў палітшколе або даклад перад калгаснікамі.Хадкевіч./уперан.ужыв.Ходзіць вецер вясёлы па санных шляхах, Мусіць, пільныя мае турботы — Снег атрэсці з дрымучых лясоў, на палях Разбурыць снегавыя сумёты.Ляпёшкін.// Прычыненне каму‑н. клопату сваім наведваннем, просьбай. [Жэня:] — Дзякую, гаспадыня, прашу прабачыць за турботы.Новікаў.Не разумеў я, чаму лычка кілбасы бацька аддае гаспадыні .. — За турботы, панечка, — тлумачыў бацька. І калі забірала гаспадыня тую кілбасу, бацька ўздыхаў, і я зноў не разумеў: ад радасці гэта ці ад смутку.Скрыган.// Работа, занятак. Мазалі і таўшчыня былі яркім наказам таму, ці пальцы мелі многа турботы ў нялюбай падзённай працы.Бядуля.Турботы было не толькі нагам, але і рукам: вакол хмарамі звінелі, апаноўвалі асатанелыя камары, амаль безупынна даводзілася адмахвацца ад іх, біць.Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАКСІ́М ГРЭК (сапр.Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),
пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял.кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус.азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).
Літ.:
Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;
Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;
Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙМА́Н АСТРАВЫ́, Кайманавы астравы (Cayman Islands),
група астравоў на ПнЗ Карыбскага м., у Вест-Індыі. Уладанне Вялікабрытаніі. Пл. 259 км². Нас. 36,2 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джорджтаўн на в-ве Вял. Кайман. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1—2 чэрв.).
Прырода. Уладанне ўключае 3 астравы: Вял. Кайман (пл. 197 км²), М. Кайман і Кайман-Брак. Астравы нізінныя, складзены пераважна з вапнякоў. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры 15—30 °C. Ападкаў каля 1300 ммза год, пераважна ў ліст.—красавіку. Пашыраны вечназялёныя ўмерана вільготныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, у т. л. махагоніевае. Мора багатае рыбай, чарапахамі, ракападобнымі і малюскамі.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва (пераважна мулаты і негры) складае 80%, англічане і амерыканцы ЗША — каля 20%. Вернікі — прэсвітэрыяне і баптысты. Сярэдняя шчыльн. каля 140 чал. на 1 км². Больш за 90% насельніцтва жыве на в-ве Вял. Кайман, у гарадах — каля 70%. У абслуговых галінах занята 89% насельніцтва, у прам-сці — 10%, у сельскай гаспадарцы — 1%.
Гісторыя. Адкрыты ў 1503 Х.Калумбам. У 1670 Іспанія перадала іх Англіі. З сярэдзіны 18 ст. ў яе падпарадкаванні, каланізаваліся англічанамі з Ямайкі. З 1962 асобная калонія. Дзейнічае канстытуцыя 1959, змененая ў 1972. Уладу ўзначальвае прызначаны брыт. манархам губернатар, які таксама з’яўляецца старшынёй Заканад. асамблеі і Выканаўчага савета.
Гаспадарка. Асновай эканомікі з’яўляюцца абслугоўванне замежных турыстаў і банкаўская дзейнасць. Штогадовы валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае каля 400 млн.дол. ЗША, каля 10 тыс.дол. на 1 чал. Клімат, выдатныя пляжы і ўмовы для падводнага палявання прыцягваюць шматлікіх замежных турыстаў. Доля турызму (больш за 500 тыс.чал. штогод, пераважна з ЗША) у ВУП дасягае 70%, на яго прыпадае каля 75% валютных паступленняў. На К.а. замежныя кампаніі вызвалены ад прамых падаткаў і адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай, таму зарэгістравана больш за 500 замежных банкаў і фін. арг-цый (у т. л. філіялы 40 з 50 найбуйнейшых банкаў свету), 18 тыс. кампаній. Банкаўскі і фін. сектары забяспечваюць каля 40% даходаў адміністрацыі астравоў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі па вытв-сці буд. матэрыялаў (у т. л.з-д жалезабетонных вырабаў і шыферная ф-ка), харч. прадуктаў (у т. л. рыбакансервавы з-д), рабочага адзення, канатаў. Нарыхтоўка каштоўнай драўніны. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 10% пл. астравоў. Вырошчваюць цытрусавыя, манга, какосы, авакада, плады хлебнага дрэва, агародніну. Малочная жывёлагадоўля. Буйная ферма па развядзенні чарапах. Марскі промысел (лоўля акул, амараў, чарапах і інш.). Дадатковай крыніцай даходаў з’яўляецца праца на марскіх суднах розных краін (пераважна ЗША). Унутр. транспарт аўтамабільны. Марскі порт Джорджтаўн мае статус свабоднага порта. 2 міжнар. аэрапорты (на а-вах Вял. Кайман і Кайман-Брак). Штогадовы экспарт складае каля 4 млн.дол., імпарт — каля 250 млн.дол. Астравы экспартуюць чарапахавыя панцыры і мяса, рыбапрадукты, рабочае адзенне, скуры акул, канаты; імпартуюць разнастайныя харч. і прамысл. прадукты. Больш за 70% знешнегандл. абароту прыпадае на ЗША. Грашовая адзінка — долар а-воў Кайман.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).