карэспандэ́нт

(с.-лац. correspondens, -ntis = які адпавядае)

1) супрацоўнік газеты, часопіса, радыё, тэлебачання, які дасылае ім звесткі пра бягучыя падзеі;

2) асоба, якая вядзе з кім-н. перапіску;

3) асоба або ўстанова (фірма, банк), якая выконвае фінансавыя, камерцыйныя даручэнні для другой асобы або ўстановы (за кошт апошніх).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да логікі (у 1 знач.). Лагічныя катэгорыі. Лагічны метад.

2. Заснаваны на законах логікі; які адпавядае законам логікі. Лагічнае мышленне. □ Было нешта падобнае на праўду ў падасланым лісце. Аб гэтым гаварылі лагічныя довады, з якімі нельга было не пагадзіцца. Лынькоў. // Выяўлены, устаноўлены з дапамогай законаў логікі. Лагічная памылка.

3. Абумоўлены самім характарам, унутранай заканамернасцю чаго‑н.; непазбежны, заканамерны. Само сабою, як лагічны вынік, як завяршэнне ўсіх думак і разважанняў, узнікла адно простае і шчырае пытанне. Кулакоўскі.

4. Паслядоўны, разумны. Быць лагічным. Лагічны ўчынак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зрэ́шты,

1. супраціўны злучнік. Злучае сказ (ці яго частку), які абмяжоўвае выказаную думку, сцвярджэнне; адпавядае па значэнню словам: «аднак», «усё ж». У творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ёсць матывы, якія нагадваюць пропаведзь хрысціянскай пакорлівасці, цярпення, але зрэшты і ў гэтага пісьменніка праўда жыцця бярэ верх. Навуменка.

2. у знач. пабочн. Паказвае на раптоўную перамену гаворкі, на нерашучасць, хістанне пры выказванні. Аднак дарэмна паўстанцы Літвы (як, зрэшты, і царскія ўлады) чакалі прыбыцця судна. Г. Кісялёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рцайка, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да сэрца ​1 (у 1, 2 знач.). Выйду ў поле, выйду ў луг, Сяду пры дарозе. А ці прыйдзе любы друг? Сэрцайка ў трывозе. Дзеружынскі. // перан. Пра што‑н., што мае форму сэрца. Дае ж яшчэ жыць казкам, як не тут? Тут, дзе нават святло з-за аканіц прабіваецца ў пакой праз выразныя сэрцайкі. Караткевіч.

2. Ласкавы зварот да чалавека, які адпавядае слову «дарагі» (у 3 знач.). Маё сэрцайка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла на аснове ўяўлення пра светлавыя прамяні як лініі, уздоўж якіх перамяшчаецца светлавая энергія. У аднародным асяроддзі прамяні прамалінейныя, у неаднародным скрыўляюцца, на паверхні раздзела розных асяроддзяў мяняюць свой напрамак паводле законаў пераламлення і адбіцця святла. Асноўныя законы геаметрычнай оптыкі вынікаюць з Максвела ўраўненняў, калі даўжыня светлавой хвалі значна меншая за памеры дэталей і неаднароднасцей, праз якія праходзіць святло; гэтыя законы фармулююцца на аснове Ферма прынцыпу.

Уяўленне пра светлавыя прамяні ўзнікла ў ант. навуцы. У 3 ст. да н.э. Эўклід сфармуляваў закон прамалінейнага распаўсюджвання святла і закон адбіцця святла. Геаметрычная оптыка пачала хутка развівацца ў сувязі з вынаходствам у 17 ст. аптычных прылад (лупа, падзорная труба, тэлескоп, мікраскоп), у гэтым асн. ролю адыгралі даследаванні Г.Галілея, І.Кеплера, В.Дэкарта і В.​Снеліуса (эксперыментальна адкрыў закон пераламлення святла). У далейшым геаметрычная оптыка развівалася як дастасавальная навука, вынікі якой выкарыстоўваліся для стварэння розных аптычных прылад. Для атрымання нескажонага відарыса аптычнага лінзавая сістэма адпавядае пэўным патрабаванням: пучкі прамянёў, што выходзяць з некаторага пункта аб’екта, праходзяць праз сістэму і збіраюцца ў адзін пункт; відарыс геаметрычна падобны да аб’екта і не скажае яго афарбоўкі. Любая аптычная сістэма задавальняе патрабаванні, не звязаныя афарбоўкай, калі відарыс ствараецца параксіянальнымі прамянямі (бясконца блізкімі да аптычнай восі). Фактычна ў стварэнні відарыса ўдзельнічаюць шырокія пучкі прамянёў, нахіленыя да восі пад значнымі вугламі. У выніку наяўнасці аберацый аптычных сістэм яны не задавальняюць гэтыя патрабаванні. На аснове законаў геаметрычную оптыку памяншаюць аберацыі да дапушчальна малых значэнняў падборам гатункаў шкла, формы лінзаў і іх узаемнага размяшчэння. Для праектавання асабліва высакаякасных аптычных сістэм карыстаюцца таксама хвалевай тэорыяй святла.

Асн. палажэнні і законы геаметрычнай оптыкі выкарыстоўваюць пры праектаванні лінзавых аптычных сістэм (аб’ектывы, мікраскопы, тэлескопы і інш.), распрацоўцы і даследаванні лазерных рэзанатараў, прылад з валаконна-аптычнымі элементамі, факусатараў і канцэнтратараў светлавой, у т. л. сонечнай, энергіі, сістэм асвятлення і сігналізацыі ў аўтамаб., паветр. і марскім транспарце.

Літ.:

Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;

Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ. М., 1970;

Вычислительная оптика: Справ. Л., 1984.

Ф.​К.​Руткоўскі.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННЫ ПАРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС (ЭПР),

рэзананснае паглынанне (вылучэнне) эл.-магн. выпрамянення электронным парамагнетыкам, які знаходзіцца ў знешнім магн. полі; разнавіднасць магнітнага рэзанансу. Абумоўлены індуцыраванымі эл.-магн. выпрамяненнем квантавымі пераходамі паміж двума станамі магнітнага моманту электрона. Прыводзіць да пераарыентацыі магн. моманту электрона адносна напрамку індукцыі знешняга магн. поля, якое палярызуе парамагнетык. Ужываецца таксама назва «электронны спінавы рэзананс», таму што ЭПР звязаны са спінам электрона. Адкрыты ў 1944 Я.К.Завойскім.

ЭПР назіраецца ў рэчывах, якія ўтрымліваюць ненулявыя электронныя магн. моманты (абумоўленыя няспараным спінам ці камбінацыяй яго з арбітальным момантам). Велічыня расшчаплення ўзроўню энергіі электрона знешнім магн. полем прама прапарцыянальная індукцыі поля (гл. Зеемана з’ява). Стану электрона з меншай энергіяй адпавядае арыентацыя яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Калі энергія кванта эл.-магн. выпрамянення роўная велічыні расшчаплення энергет. узроўню электрона, то магчымы рэзанансны пераход — пераарыентацыя магн. моманту электрона. Пасля паглынання выпрамянення электронам рэлаксацыйныя працэсы (гл. Рэлаксацыя) імкнуцца аднавіць арыентацыю яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Пры рэгістрацыі ЭПР рэчыва звычайна змяшчаюць у пучнасць магн. кампаненты стаячай эл.-магн. хвалі (у сантыметровым дыяпазоне даўжынь хваль) і яе частата падтрымліваецца пастаяннай, а знешняе магн. поле мяняецца (ад дзесяткаў да соцень мілітэслаў). Пры гэтым напрамкі індукцый гэтых двух магн. палёў павінны быць узаемна перпендыкулярныя.

ЭПР выкарыстоўваецца для даследавання структуры цвёрдага цела (вызначэння колькасці магн. момантаў электронаў у аб’ектах рознай прыроды), для стварэння інверснай населенасці энергет. узроўняў у квантавых парамагн. узмацняльніках (гл. Мазер), а таксама ў хіміі, біялогіі (напр., для даследавання свабодных радыкалаў).

Літ.:

Вертц Дж., Болтон Дж. Теория и практические приложения метода ЭПР: Пер. с англ. М, 1975;

Александров Е.Б., Запасский В.С. Лазерная магнитная спектроскопия. М., 1986;

Экстром Ф., Вайнлэнд Д. Изолированный электрон: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1981. Т. 134, вып. 4;

Федорук Г.Г. Нестационарная нутационная ЭПР — спектроскопия конденсированных сред // Журн. прикладной спектроскопии. 2002. Т. 69, № 2.

М.​А.​Паклонскі.

Да арт. Электронны парамагнітны рэзананс. Залежнасць энергіі электрона E ад велічыні індукцыі знешняга магнітнага поля B→ для дзвюх магчымых арыентацый яго магнітнага моманту адносна B→: 1 — супраць поля; 2 — уздоўж поля.

т. 18, кн. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плакса 1 ’плаксівае дзіцё’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’той, хто часта плача без уважлівай прычыны’, ’які любіць скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ), пла́ксы ’крыксы, крык з плачам дзіцяці’ (Нас.). Адсутнічае ў Слоўніку І. Насовіча (ёсць плаксун(ок), плаксу́ння), а таксама ў Б. Грынчэнкі (ёсць у сучаснай укр. мове: плаксій, плаксія, плаксу́н, плаксійка, плаксу́ха і пла́кса). У польск. мове — з XV ст. płaksa ’плакальніца на пахаванні’, якое Банькоўскі (2, 616) адносіць да запазычанняў з усх.-слав. моў. Неабавязкова, бо ў польск. мове ёсць beksa (< bekać, beczeć ’раўсці, плакаць’ — літ. beksė́ti ’рыпаць’) з тым жа суфіксам ‑с‑а. Найбольш лексема прадстаўлена ў рус. мове, параўн. пла́кса, плаксуха ’плаксівы чалавек’; пла́кса ’вазак, які вязе ў царкву ўхутаную нявесту’; пла́кса/пла́ксы ’абрад: увесь час плачу, жалобных песень, што аплакваюць нявесту — ад змовін да зборнай суботы’, пла́ксы/крыксы ’начны, хваравіты крык дзіцяці’. Суф. ‑с‑а — уплыў балт. моў: у літ. мове яму адпавядае ‑sa, ‑sas, які ўтварае назоўнікі ад дзеясловаў: baĩsa ’страх’, švaisa/sviesà ’святло’, tamsà ’цемра’, papsà ’хто чмокае губамі’, а таксама kùksas ’бязрогі, галамоўзы’. Сюды ж плаксі́вы ’які часта плача; любіць наракаць, скардзіцца’; ’які падобны да плачу (пра голас)’ (ТСБМ).

Пла́кса 2 ’плакун-трава, чальчак, Lythrum salicaria L.’ (б.-каш., жытк., Мат. Гом.), ’ажына валасістая, Luzula pilosa (L.) Willd.’ (гродз., Кіс.). Да пла́каць (гл.). Параўн. таксама плакун-трава, слёзны ’чальчак’ (Кіс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чы́сты, -ая, -ае; чысце́йшы.

1. Незабруджаны, незапэцканы.

Чыстая бялізна.

Чыстая падлога.

2. Пра работу: які патрабуе кваліфікацыі, умення; звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць.

Ён прывык працаваць на чыстай рабоце.

3. Выкананы, зроблены акуратна, старанна, без хібаў.

Шкатулка чыстай работы.

4. Са свабоднай, адкрытай, нічым не занятай паверхняй.

Чыстае поле.

Ч. ліст паперы.

Чыстае неба.

5. Без пабочных дамешак або з нязначнымі дамешкамі.

Ч. спірт.

Чыстая шэрсць.

Чыстае паветра.

Чыстая вада.

6. Выразны ў гучанні, без пабочных шумаў, гукаў.

Даносіўся ч. гук званоў.

Ч. голас салаўя.

7. Які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.).

Гаварыў на чыстай беларускай мове.

8. перан. Маральна бездакорны, сумленны, шчыры; без карыслівых думак і дзеянняў.

Чалавек з чыстым сумленнем.

Чыстыя пачуцці.

9. Абсалютны, поўны (разм.).

Чыстая праўда.

Гэта чыстая выпадковасць.

10. Не звязаны з практычным прымяненнем; проціл. прыкладны́.

Чыстая тэорыя.

○

Чыстая вага — вага чаго-н. без посуду, без упакоўкі і пад.; нета.

|| наз. чыстата́, -ы́, ДМ -таце́, ж. (да 1, 3—5 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прысто́йны ’які адпавядае прынятым правілам прыстойнасці’; ’добра выхаваны; сумленны, не здольны на дрэнныя ўчынкі’; ’дастаткова добры, нядрэнны’; ’такі, якім належыць быць; дастатковы па велічыні, памерах’ (Ласт., ТСБМ; смарг., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’прыгожы’ (Інстр. 3; ігн., Сл. ПЗБ), ’добры; няпрагны’ (Ян.). Укр. присто́йний ’прыстойны; прыгожы’, рус. калуж. присто́йный ’прыстойны; прыгожы, сімпатычны’, польск. przystojny ’прыгожы; цікавы’, старое ’прыстойны’, чэш. přistojny ’прыстойны’, славен. pristójen ’прыстойны; кампетэнтны’, харв. prìstojan ’тс’. Паводле Фасмера (3, 366), з *pristojьnъ ад *pri‑ і *stojati (гл. стая́ць), параўн. ст.-бел. пристояти ’падыходзіць, належаць’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Сноя₂ (580), першапачаткова азначала ’адпаведны, стаячы нароўні’. Бабік (Зб. памяці Слаўскага, 60) для прасл. *pristojati (параўн. серб.-харв. при́стојати, харв. чак. prīstȍjai і пад.) выводзіць значэнне ’пагаджацца; быць адпаведным’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страчо́к ‘грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай’ (ТСБМ, ЛА, 1), ‘глузд веснавы, Gyromitra esculenta Fr.’, ‘смаржок, Morchella’ (Сярж.–Яшк.), старчо́к, тарчо́к ‘тс’ (там жа), стро́чка ‘грыб Gyromitra’ (петрык., там жа). Параўн. укр. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta Fr.; лісічка звычайная, Cantharellus cibarius Fr.; грыб сядловіца, Helvella Fr.’, рус. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta’, строчёк ‘від смарчка, Helvella mitra’, польск. stroczek ‘лісічка’, ‘грыб Merulius’, чэш. stroček ‘лісічка’, паводле Махэка₂ (582), з польск. stroczek. Не вельмі ясна, фармальна да страка́ (гл.), але падставы намінацыі не зусім зразумелыя; магчыма, звязана з строчка ‘стужка, фальбона’ (гл.), польск. stroka ‘галун, шляк, абрамленне, фалда’, што адпавядае знешняму выгляду грыбоў. ЕСУМ (5, 450) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *stročьkь, што звязана з *strokъ са значэннем ‘укол’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)