«УВАСКРЭ́СЕННЕ ХРЫСТО́ВА»,

«Васкрэсенне Хрыстова і сашэствіе яго ў ад», помнік бел. л-ры канца 18 ст.; ананімны вершаваны твор. Узнік пад непасрэдным уплывам укр. твора «Вершы на Вялікдзень», напісаны ў стылі травесці, перайшоў у фальклор і бытаваў у вуснай форме ў розных рэдакцыях. Адзін з варыянтаў апубл. ў зб. І.​Насовіча «Беларускія песні» (1873), другі — у рукапісным зб. «Беларускія народныя легенды, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні, 1882—1890 г.». Напісаны на рэліг.-царк. тэматыку, але асвятляе з’явы ў жартоўнай, бурлескнай форме, адлюстроўвае асаблівасці жыцця і побыту бел. сялянства 18 ст. Аўтар у гумарыст. тоне апісвае біблейскі сюжэт аб другім прышэсці Ісуса Хрыста, настанні суднага дня і царства боскага. Біблейскія героі Адам, Ева, Самсон, кніжнік Майсей, мудрэц Саламон і інш. пададзены ў тагачасных абставінах; сваёй мовай, паводзінамі, рысамі характару яны больш падобны да звычайных сялян. У творы выразна прасочваецца асоба аўтара, яго погляд на жыццё і светабудову. Ідэйны змест «У.Х.» і аўтарская канцэпцыя светаўспрымання надаюць твору антырэліг. характар.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.

Літ.:

Ахрыменка П.П., Ларчанка М.Р. Старажытная беларуская літаратура. Мн., 1968;

Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968.

І.​В.​Саверчанка.

т. 16, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УЗВЫ́ШША»,

літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1927—30 літ.-маст. згуртаваннем «Узвышша», у 1931 Бел. дзярж. выд-вам у Мінску на бел. мове. Заснавальнікі А.​Бабарэка (літ. сакратар), З.​Бядуля, У.​Дубоўка, К.​Крапіва, Я.​Пушча, К.​Чорны (гал. рэдактар), В.​Шашалевіч. Меў аддзелы паэзіі, прозы, драматургіі, крытыкі і публіцыстыкі; хроніку культ. жыцця, рубрыку «Культура мовы». Арыентаваў пісьменнікаў на творчы эксперымент, наватарства, культуру творчасці, нац. самабытнасць, абгрунтаваў аквітызм як новы кірунак у бел. л-ры, яго сувязь з айч. сусв. маст. традыцыямі. Публікаваў творы Дубоўкі, К.​Крапівы, П.​Глебкі, З.​Бядулі, М.​Лужаніна, Я.​Коласа, П.​Труса, А.​Звонака, даследаванні па гісторыі л-ры і тэатразнаўстве І.​Замоціна, А.​Вазнясенскага, Я.​Барычэўскага, Ю.​Бярозкі, Ю.​Дрэйзіна, пераклады твораў з арм., груз., літ., ням., чэш. і інш. моў. У выніку рэпрэсій і ссылкі лідэраў згуртавання «Узвышша» часопіс страціў арыгінальны кірунак, набыў эклектычны змест, у 1931 перайшоў на вульгарна-сацыялагічныя пазіцыі. Выйшлі 44 нумары ў 39 кнігах.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Адам Бабарэка. Мн., 1976;

Яго ж. Зруйнаванае «Узвышша» // Роднае слова. 1999. № 10.

У.​М.​Конан.

т. 16, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАМЕНАЛІ́ЗМ,

філасофскае вучэнне, згодна з якім чалавечаму пазнанню лічыцца даступнай толькі сукупнасць элементарных пачуццёвых кампанентаў (адчуванняў), а не аб’екты матэрыяльнага свету, што існуюць незалежна ад свядомасці. Адзінай даступнай чалавеку рэальнасцю прызнае пачуццёвыя ўспрыманні, якія складаюць змест яго пазнання. Гранічны Ф. адлюстраваны ў поглядах Дж.Берклі, які разглядаў рэчы як збор ідэй у выглядзе камбінацыі адчуванняў. Д.​Юм лічыў рэчы прадуктамі ўяўлення, Дж.​С.​Міль — сукупнасцю актуальных і патэнцыяльных адчуванняў. Махісты (Э.​Мах, Р.​Авенарыус і інш.) пад рэчамі разумелі комплекс адчуванняў — элементаў «чыстага вопыту». Т. зв. аб’ектыўныя фенаменалісты прызнавалі існаванне аб’ектыўнага свету, але лічылі яго сукупнасцю непазнавальных «рэчаў у сабе», сцвярджалі, што пазнанне звязана толькі з фактамі свядомасці і не можа выйсці за яе межы (І.​Кант, А.​Шапенгаўэр, І.​Ф.​Гербарт, Р.​Г.​Лотцэ, Э.​Гаргман і інш.). Элементы Ф. характэрны для англа-амер. неарэалізму, прадстаўнікі якога атаясамлівалі матэрыяльныя аб’екты з пачуццёвымі звесткамі, адначасова прызнавалі і залежнасць аб’ектыўнага свету ад суб’екта пазнання, і яго існаванне па-за межамі свядомасці індывіда. Прадстаўнікі неапазітывізму лічылі, што пазнанне павінна абмяжоўвацца непасрэдна дадзеным вопытам ці мовай. Лінгвістычны Ф. прызнае выказванні пра матэрыяльныя аб’екты эквівалентнымі выказванням пра пачуццёвыя звесткі.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ДРА (Fredro) Аляксандр (20.6.1793, в. Сурохаў Падкарпацкага ваяв., Польшча — 15.7.1876),

польскі драматург. Жыў пераважна ў Львове (Украіна). Друкаваўся з 1816. Вядомасць прынесла сатыр. п’еса «Пан Гельдгаб» (паст. 1821). У драматургіі апіраўся на традыцыі Асветніцтва і на жывую тэатр. практыку, у жанр камедыі прыўнёс новы сац.-быт. змест, сцэн. мову наблізіў да размоўнай. У камедыях «Муж і жонка» (паст. 1822), «Чужаземшчына», «Новы Дон-Кіхот, або Сто вар’яцтваў» (абедзве паст. 1824), «Дамы і гусары» (1826) норавы і побыт польскай шляхты. Высокім рэаліст. майстэрствам і псіхалагізмам адметныя фарсава-гратэскавыя камедыі «Дзявочыя абяцанні, або Магнетызм сэрца» (1834), «Помста» (паст. 1834), «Пан Явяльскі» (1835), «Пажыццёвая рэнта» (1845), «Цётачка» (1858). П’есы Ф. адыгралі значную ролю ў развіцці польскага рэаліст. т-ра. Аўтар успамінаў «З пятага на дзесятае» (апубл. 1880). На Беларусі яго п’есу «Дамы і гусары» ставілі Бел. т-р імя Я.​Купалы (1921, 1957), Бел. т-р імя Я.​Коласа (1965), абл. драм. т-ры: Гродзенскі (1964, 1968), Магілёўскі драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча (1995), Брэсцкі драмы і музыкі (1997).

Тв.:

Pisma wszystkie. T. 1—13. Warszawa, 1955—69;

Рус. пер. — Избранное. М., 1987;

Комедии. М., 1956.

т. 16, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фенаменало́гія

(ад гр. phainomenon = тое, што з’яўляецца + -логія)

1) суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі, паводле якога свядомасць мае свой незалежны ад рэчаіснасці змест, а прадметы аб’ектыўнай рэальнасці (феномены) з’яўляюцца толькі сімваламі гэтага зместу;

2) ідэалістычнае вучэнне пра феномены свядомасці і формы развіцця духу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Суць ’сэнс’ (Бяльк.), су́тны ’існы, істотны’ (Некр. і Байк.), су́тнасць ’самае істотнае, асноўны сэнс’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк.), ст.-бел. суть ’яны ёсць’: што в нем суть (1432 г., Карскі, 2–3, 473), дзеепрысл. ’будучы’: што ныне живи суть (1264 г.; Карскі 2–3, 472), дапаможны дзеяслоў быць у 3 ас. мн. л. цяп. часу: пошли суть были на воину (Скарына). Параўн. укр. суть ’сутнасць, асноўны сэнс’, су́тий ’сапраўдны’, рус. суть ’сутнасць, асноўны змест’, стараж.-рус. сутьство ’існасць, сутнасць, прырода’, што ўзніклі кніжным шляхам з формы 3 ас. мн. л. цяп. часу дзеяслова быти ’быць’, параўн. польск. są, чэш. jsou, ст.-чэш. jsù, славац. sú, в.-н.-луж. su, серб.-харв. су, јѐсу, славен. so, балг. са, макед. се, дыял. сет, ст.-слав. сѫть, роднасныя лац. sunt ’тс’ (Фасмер, 3, 812; ЕСУМ, 5, 485; Німчук, Давньорус., 15; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ілюстра́цыя, ‑і, ж.

1. Тое, што і ілюстраванне.

2. Малюнак у кнізе, часопісе, які суправаджае тэкст або тлумачыць змест. Падручнік з ілюстрацыямі. Газетная ілюстрацыя. □ Характэрнай асаблівасцю кніг Скарыны, вельмі рэдкай для таго часу, было ўпрыгожанне іх цэлым радам арыгінальных, цудоўна выкананых ілюстрацый, гравюр. Алексютовіч.

3. перан. Прыклад, які дапаўняе, пацвярджае што‑н. Бліскучай ілюстрацыяй перамогі ленінскай нацыянальнай палітыкі з’яўляцца сапраўдны росквіт савецкага друку на мовах усіх нацыянальнасцей нашай краіны. □ Пісьмы У.І. Леніну — яркая ілюстрацыя непарыўнай сувязі правадыра рэвалюцыі з народам, з працоўнымі насамі. «Звязда».

[Ад лац. illustratio — выява, жывое апісанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́піс, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. запісваць — запісаць ​1 (у 1, 2, 3 і 4 знач.).

2. Пісьмовая перадача, змест чаго‑н.; запісаныя на паперы думкі, заўвагі і пад. Блакнот з запісамі. □ Пасля летніх канікул на першым жа ўроку рускай літаратуры Фядот Андрэевіч Кудрынскі сабраў у вучняў другога класа сшыткі з запісамі народных песень і казак. С. Александровіч.

3. Уст. Назва некаторых афіцыйных дакументаў. Нічыпару здаецца, што ўсё тое было нейкім неверагодным, блытаным сном. Вяселле, вянчанне ў царкве, даравальны запіс і год недарэчнага жыцця. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разві́ць, -заўю́, -заўе́ш, -заўе́; -заўём, -заўяце́, -заўю́ць; -звіў, -звіла́, -ло́; -зві́; -звіты (да 1 знач.) і -звіты́; зак.

1. што. Раскруціць, расплесці што-н. звітае, завітае.

Р. вяроўку.

2. што. Даць чаму-н. памацнець, узмацніць; паспрыяць узнікненню і ўмацаванню (якіх-н. якасцей, уласцівасцей).

Р. мускулы.

Р. памяць.

Р. цікавасць да навукі.

3. каго-што. Давесці да якой-н. ступені духоўнай сталасці, свядомасці, культуры.

Р. вучня.

Р. грамадства.

4. што. Падняць узровень чаго-н.

Р. прамысловасць краіны.

5. што. З усёй энергіяй разгарнуць што-н.

Р. грамадскую дзейнасць.

6. Паступова павялічваючы, давесці да значнай ступені.

Самалёт развіў вялікую хуткасць.

7. што. Распаўсюдзіць, паглыбіць і пашырыць змест або прымяненне чаго-н.

Р. думку.

Р. свае доказы.

|| незак. развіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. развіццё, -я́, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

СТРАТЭ́ГІЯ ВАЕ́ННАЯ,

састаўная частка ваеннага майстэрства, яго вышэйшая і важнейшая галіна. Ахоплівае тэорыю і практыку падрыхтоўкі краіны і ўзбр. сіл да вайны, планавання і вядзення вайны і стратэгічных аперацый. Асн. задачы С.в. і кірункі яе развіцця вызначаюцца канстытуцыяй і ваеннай дактрынай дзяржавы. Тэорыя С.в. як сістэма навук. ведаў вывучае заканамернасці і стратэг. характар вайны, а таксама спосабы яе вядзення; распрацоўвае тэарэт. асновы падрыхтоўкі і вядзення вайны (стратэг. аперацый). У галіне практычнай дзейнасці займаецца вызначэннем стратэг. задач узбр. сіл, неабходных для іх выканання сіл і сродкаў, распрацоўкай і ажыццяўленнем мерапрыемстваў па падрыхтоўцы ўзбр. сіл і ўсёй ваен. арганізацыі дзяржавы да вайны, планаваннем стратэг. аперацый, арганізацыяй стратэг. разгортвання ўзбр. сіл., а таксама маніторынгам і аналізам ваен.-эканам. магчымасцей імавернага праціўніка і інш. С.в. цесна звязана з палітыкай і абслугоўвае яе, адначасова аказвае адваротнае ўздзеянне на палітыку. Характар і змест С.в. у значнай ступені залежаць ад эканомікі. Узровень развіцця эканомікі, навукі і тэхнікі абумоўлівае магчымасць распрацоўкі і стварэння адпаведных сродкаў узбр. барацьбы, прадвызначае колькасны і якасны склад узбр. сіл. У сваю чаргу С.в. і ў мірны, і ў ваенны час аказвае адваротнае ўздзеянне на эканоміку. С.в., якая не ўлічвае рэальныя ваен.-эканам. магчымасці дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), як правіла, церпіць паражэнне. Паводле адносін да інш. састаўных частак раен. майстэрства (аператыўнага майстэрства і тактыкі) С.в. займае пануючае становішча. Яна вызначае іх задачы, спосабы дзеянняў войск у аператыўным і тактычным маштабе. Характар узаемасувязі састаўных частак ваен. майстэрства мяняецца з развіццём сродкаў вядзення ўзбр. барацьбы і аснашчэння імі ўзбр. сіл дзяржавы.

У войнах далёкага мінулага стратэг. поспехі цалкам залежалі ад тактычных. Са з’яўленнем аператыўнага майстэрства, якое заняло прамежкавае месца паміж стратэгіяй і тактыкай, тактычныя поспехі сталі весці да аператыўных, якія ў сукупнасці вызначалі стратэг. поспех. Са стварэннем стратэгічных узбраенняў сувязь паміж стратэгіяй, аператыўным майстэрствам і тактыкай набыла новы змест. Стратэг. камандаванне атрымала ў сваё распараджэнне такія сродкі паражэння праціўніка. выкарыстанне якіх дазваляе яму непасрэдна вырашаць важныя стратэг. задачы. Разам з тым аператыўнае і тактычнае камандаванні, маючы сучасныя сродкі паражэння, аказваюць больш значны ўплыў на дасягненне стратэг. мэт. На кожным гіст. этапе развіцця дзяржавы (кааліцыі дзяржаў) распрацоўваецца С.в. адпаведна яе палітыцы, эканам. магчымасцям і асаблівасцям ваен.-геагр. становішча.

У Рэспубліцы Беларусь С.в. адлюстроўвае дзярж. палітыку ў галіне абароны краіны, зыходзіць з задач, вызначаных Канстытуцыяй, канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі і ваен. дактрыны дзяржавы. Прыярытэтнай задачай С.в. з’яўляецца выпрацоўка мер ваен. плана па абароне дзярж. суверэнітэту і паліт. незалежнасці, забеспячэнні тэр. цэласнасці і недатыкальнасці граніц Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Клаузевиц К. О войне: Пер. с нем. М., (1997);

Постижение военного искусства: Идейное наследие А.​Свечина. М., 1999;

Кладо Н.Л. Этюды по стратегии. М., 1997;

Слипченко В.И. Бесконтактные войны. М., 2001;

Кингстон-Макклори Э.​Дж. Аспекты стратегии: Пер. с англ. М., 1966.

У.​Ц.​Шаўцоў, Г.​А.​Кавалёў, В.​І.​Рамязкоў.

т. 15, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)