ЖЫНО́ВІЧ (Жыдовіч) Іосіф Іосіфавіч

(14.5.1907, в. Арэшкавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 13.1.1974),

бел. цымбаліст, дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1968). Праф. (1963). Скончыў юрыд. ф-т БДУ (1931), Бел. кансерваторыю (1941). Выступаў як сельскі музыкант-самавук. Прафес. дзейнасць пачаў у 1922 як саліст-цымбаліст БДТ (Нац. т-р імя Я.​Купалы). У 1930—35 кіраўнік, у 1938—41 саліст, канцэртмайстар і педагог, з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь (з 1974 імя Ж.). З 1944 педагог Беларускай кансерваторыі, дзе заснаваў клас цымбалаў і кафедру нар. інструментаў (у 1946—63 яе загадчык). Як прафес. выканаўца на бел. цымбалах тонка адчуваў прыроду інструмента, выдатна выяўляў яго выразныя магчымасці. Яго ігра вызначалася віртуозным размахам, артыстызмам, беражлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту. Сольны рэпертуар складаўся з уласных арыгінальных твораў («Беларускія танцы», «Працяжная і карагодная» і інш.), пералажэнняў п’ес Ф.​Шапэна, Г.​Вяняўскага, І.​Штрауса, Ф.​Крэйслера. Канцэртаваў як віртуоз-цымбаліст у Германіі, Фінляндыі, Канадзе, Польшчы. Стварыў унікальны па складзе нар. аркестр, для станаўлення якога вял. значэнне меў яго ўдзел ў рэканструкцыі муз. інструментаў, найперш цымбалаў. Выключны ўклад Ж. ў стварэнне рэпертуару для гэтага калектыву, у т. л. уласных твораў («Беларуская мелодыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі нар. танцаў «Лявоніха» і «Мікіта», а таксама пералажэнняў — 7-й сімфоніі В.​А.​Моцарта, сімфаньеты «Беларускія карцінкі» М.​Чуркіна, фіналаў 1-га канцэрта для фп. з арк. і Серэнады для стр. аркестра П.​Чайкоўскага, фп. п’ес «У манастыры» з «Маленькай сюіты» А.​Барадзіна і «Багатырскія вароты» з «Карцінак з выстаўкі» М.​Мусаргскага і інш. твораў класічнай і сучаснай музыкі). Асабліва вялікі ўклад Ж. ў падрыхтоўку выканальніцкіх і пед. кадраў — стварэнне ім першай школы ігры на бел. цымбалах. Сярод яго вучняў В.Бурковіч, Я.Гладкоў, Д.Сцяпанава, М.​Шмелькін і інш. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага агляду выканаўцаў на нар. інструментах (1939). Дзярж. прэмія Беларусі 1968. З 1987 на Беларусі праводзіцца Рэсп. конкурс імя Ж. У Мінску на доме, дзе жыў Ж., устаноўлена мемар. дошка.

Літ. тв.: Белорусские цимбалы // Науч. метод. зап. Бел. гос. консерватории. Мн., 1958. Вып. 1; Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958; Оркестр цимбалистов. Мн., 1968; Школа ігры на цымбалах. 3 выд. Мн., 1993.

Літ.:

Насценка З.М. Іосіф Жыновіч. Мн., 1969.

А.​Я.​Ракава.

І.І.Жыновіч.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абавя́зак м. 1. Pflicht f -, -en; Verpflchtung f -, -en; Oblegenheit f -, -en, Funktion f -, -en (службовы – звыч мн.);

службо́выя абавя́зкі Denstpflichten pl;

грамадзя́нскі абавя́зак Bürgerpflicht;

вайско́вы [во́інскі] абавя́зак Whrpflicht f;

лічы́ць за свой абавя́зак für sine Pflicht hlten;

выко́нваць свае́ абавя́зкі sine Pflchten erfüllen;

вы́зваліць каго-н. ад абавя́зкаў j-n siner Pflchten entbnden*;

(часо́вы) выкана́ўца абавя́зкаў stllvertretend; amterend; in Vertrtung (пры подпісе на дакументах);

наклада́ць абавя́зкі на каго-н. j-m Verpflchtungen uferlegen;

гэ́та ўвахо́дзіць у мае́ абавя́зкі das ist mine Pflicht;

2. гл. абавязацельства

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

obowiązek, ~ku

obowiąz|ek

м.

1. абавязак;

~ek względem dzieci — абавязак у адносінах да дзяцей, абавязак перад дзецьмі;

poczuwać się do ~ku — адчуваць сябе абавязаным;

~ek służby wojskowej — воінскі абавязак;

włożyć na kogo ~ek — ускласці на каго абавязак;

2. ~ki мн. абавязкі; пасада;

pełniący ~ki prezesa — выканаўца абавязкаў старшыні;

3. разм. служба

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

КА́ЗАЧНІК,

таленавіты майстар-выканаўца казак, хавальнік казачных традыцый. Вызначаецца індывід. манерай выканання, складам рэпертуару. Славутыя К. ў рускіх — А.​Навапольцаў, А.​К.​Барышнікава (Купрыяніха), М.​М.​Каргуеў, М.​А.​Сказкін, Г.​М.​Каралькова, у ўкраінцаў — Р.​Ф.​Чмыхала, А.​С.​Калін, К.​Дзеравенчанка, у беларусаў — І.Азёмша, А.Ваўчок, П.П.Гаспадароў, П.В.Гулевіч, Я.​Дзежка, Д.​Кулеш, І.Ю.Макей, В.Міхайлаў, Рэдкі, М.Спірыда і інш., у славакаў Е.​Смолка і інш.

У фарміраванні казачнага рэпертуару вял. ролю адыгралі прафес. К. На Русі і Беларусі — скамарохі, вандроўныя «баяры́» Казкі найчасцей расказвалі на вячорках, асабліва ў калядны тыдзень. У.​Дабравольскі ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» (ч. 1, 1891) апубл. значны матэрыял пра індывідуальны маст. стыль бел. К. вёскі Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Міхайлава. Ад селяніна Дзежкі з в. Новая Хадароўка Сакольскага пав. Гродзенскай губ. М.​Федароўскі запісаў больш за 70 казак, жартаў, анекдотаў, легенд, паданняў. Гаспадароў за ўдзел у рэв. выступленнях у 1905 высланы ў Алонецкую губ., дзе ад яго запісана 106 казак. Пра высокую культуру К. Бел. Палесся сведчаць прасякнутыя задушэўным лірызмам, нар. мудрасцю, напоўненыя новымі ідэямі казкі і апавяданні Рэдкага (ад яго запісана 38 тэкстаў), Азёмшы (запісаны 32 казкі), М.​Савіцкага, Куляша, М.​Бохмат і інш. Самабытна развіваў сац. матывы ў быт. казках Ваўчок (запісана 18 казак і апавяданняў). У Вял. Айч. вайну творчасць К. адлюстроўвала барацьбу за свабоду. Пастух М.​Багрым з в. Даўляды Нараўлянскага р-на расказваў «сон» пра хуткае выгнанне акупантаў. Эсэсаўцы яго расстралялі. Агітац. рыфмаваную казку «Зоркавы горад» расказвалі ў Пухавіцкім р-не, у Астрашыцкім Гарадку. Пасля вайны ад А.​С.​Коржань (г. Орша) запісаны казкі-легенды пра К.​С.​Заслонава. Макей (в. Алексічы каля Зэльвы), Я.​П.​Яфіменкаў (в. Ластавічы Глыбоцкага р-на) «разыгрывалі» казку ў асобах. Сучасныя К. пісьменныя, з шырокім кругаглядам. Пераважаюць жанчыны, якія выконваюць і інш. фалькл. творы. Для многіх расказванне казак — неабходнасць, звязаная з выхаваннем дзяцей, таму ў іх рэпертуары шмат казак пра жывёл і блізкіх да іх чарадзейных. У 1960—80-я г. ў розных раёнах Беларусі выяўлены таленавітыя К.: К.​Мельнікава з Лоеўскага, Ф.​Вяргун з Мазырскага, Е.​Ляўчэня з Любанскага, П.Акулевіч з Бярэзінскага, С.​Паўлянкова з Гомельскага, М.​Коўтун з Чэрвеньскага, Н.​Краснякова з Крупскага, У.​Русіновіч з Светлагорскага, Л.​Цыбульская з Уздзенскага р-наў (ад іх запісана па 30—15 казак). Вылучаюцца К.-імправізатары, якія не выходзяць за межы традыц. сюжэта, свабодна абыходзяцца з матэрыялам, часам кантамінуюць некалькі сюжэтаў, падкрэсліваюць дыдактычны бок казкі (М.​Казлоўская, У.​Рамбальская, Пастаўскі р-н), і К.-традыцыяналісты, якія строга трымаюцца сюжэтнай схемы і вядомага ім тэксту (Д.​Гапеева, Быхаўскі р-н). Есць К.-маралісты (Е.​Варашкевіч, Ляўчэня, Любанскі р-н), эпікі (Р.​Глусцоў, Быхаўскі р-н, С.​Вежнавец, Светлагорскі р-н), гумарысты (Акулевіч, Русіновіч). Крыніцы папаўнення рэпертуару сучасных К. істотна пашырыліся (кнігі, радыё, тэлебачанне), але па-ранейшаму гал. роля належыць тэкстам, што перайшлі ад дзядоў і бацькоў.

Літ.:

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911. С. I—VII;

Сказки Ф.​П.​Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 7—55;

Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963. С. 5—8;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 46—60, 227—251;

Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984;

Калеснік У. Жыў-быў казачнік... // Калеснік У. Тварэнне легенды. Ми., 1987;

Кароткая Л.Л. Жывое, роднае... Мн., 1989;

Азадовский М.К. Русские сказочники // Азадовский М.К. Статьи о литературе и фольклоре. М., Л., 1960;

Шастина Е.И. Сказки, сказочники, современность. Иркутск, 1981;

Оповідання Р.​Ф.​Чмихала / Зібр. Володимир Лесевіч // Етнографічній збірник. 1904. Т. 14;

Зачаровані казкою: Укр. нар. казки Закарпаття в запісах П.​В.​Лінтура. Ужгород, 1984.

К.​П.​Кабашнікау. І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąba ‘від духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамба ‘духавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫба ‘духавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́чвыканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́ті ‘квакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

lead

I [li:d]

1.

v.t.

1) ве́сьці, прыво́дзіць

to lead a child by the hand — ве́сьці дзіця́ за ручу́

to lead a horse to water — паве́сьці каня́ да вады́

to lead astray — зво́дзіць з до́брай даро́гі

2) даво́дзіць

it led the country to the civil war — Гэ́та давяло́ край да грамадзя́нскай вайны́

3) право́дзіць (час, жыцьцё)

4) быць напе́радзе, быць на пе́ршым ме́сцы

to lead the parade — ісьці́ пе́ршымі на пара́дзе

She leads the class in spelling — Яна́ на пе́ршым ме́сцы ў кля́се ў піса́ньні

5) кірава́ць, кама́ндаваць кім-чым; стая́ць на чале́ чаго́

to lead an army — кама́ндаваць а́рміяй

to lead the movement — стая́ць на чале́ ру́ху, кірава́ць ру́хам

to lead an orchestra — дырыгава́ць арке́страм

6) накіро́ўваць, схіля́ць

Curiosity led me to look again — ціка́ўнасьць зму́сіла мяне́ паглядзе́ць ізно́ў

7) хадзі́ць (у гу́льні ў ка́рты)

to lead hearts — хадзі́ць з чы́рваў

2.

v.i.

1) ве́сьці, даво́дзіць

Lead, I will follow — Вядзі́, я пайду́ за табо́ю

All roads lead to Rome — Усе́ даро́гі вяду́ць у Рым

2) быць на пе́ршым ме́сцы

3.

n.

1) кіраўні́цтва n., пры́клад -у m.

to follow the lead (leader) — ісьці́ сьле́дам

2) першынство́ n., перава́га f.

to have a lead of five seconds — вы́перадзіць на пяць сэку́ндаў

3) гало́ўная ро́ля, гало́ўны выкана́ўца (у п’е́се)

4)

а) усту́пны пара́граф

б) перадавы́ арты́кул

4.

adj.

вяду́чы; гало́ўны, кіру́ючы

- lead off

II. [led]

1.

n.

сьвіне́ц -ца́ n.

2.

adj.

сьвінцо́вы

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

тон, ‑у, м.

1. Гук пэўнай вышыні, які ўтвараецца перыядычнымі хістаннямі паветра; музычны гук. Нізкі тон. Высокі тон.

2. звычайна мн. (то́ны, ‑аў). Гукі сэрца, яго клапанаў; гук, які ўтвараецца пры выстукванні полых органаў цела чалавека. Смірын вухам прыпаў да потных грудзей нампаліта, намагаўся выслухаць тоны сэрца. Яны выразна чуліся і былі чыстыя. Алешка.

3. Інтэрвал тэмпераванай тамы, што складаецца з двух паўтонаў і прымаецца за адзінку пры вызначэнні рознасці гукаў па іх вышыні. [Ермашоў:] Ідзіце, ідзіце, яшчэ ёсць час. І скажыце, што я дазволіў аркестру ўзяць на два тоны вышэй. Губарэвіч.

4. Тое, што і танальнасць (у 1 знач.). Мажорны тон. Мінорны тон. □ Эх, песні, адвечным песні зямлі! Калі заспяваюць вас на вясёлы, радасны тон? Колас. // перан. (звычайна са словамі: «мажорны», «мінорны»). Эмацыянальная настроенасць, настрой. Мажорны тон вершаў. □ Мінорны тон песні больш чуецца не праз сцяну, а праз адчыненае акно. Дуброўскі.

5. Характар гучання інструмента або голасу. Малы ўзяў дудку. Перш агледзеў. А потым сам, як і Сымон, Паднёс да губ, і, нібы ў заедзі, Пачуўся мяккі яе тон. Колас. // Характар гучання, які надае выканаўца інструменту або голасу. Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь белы, дзед. Купала.

6. Вышыня або сіла гучання голасу чалавека, які гаворыць. — Дагэтуль яшчэ не было выпадкаў, — знізіўшы тон, сказаў дзед. Чарнышэвіч.

7. звычайна каго або які. Характар гучання маўлення, манера гаварэння (або пісьма), якія выражаюць пачуццё гаворачай асобы, адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці душэўнага складу. Афіцыйны тон. Жартаўлівы тон. Адміністрацыйны тон. □ Генерал і Бяссонаў перайшлі на той таварыскі тон, што вельмі лёгка ўстанаўліваецца паміж франтавікамі. Мележ. [Камбрыг] урачыста, тонам камандзіра сказаў: — Добра, Саковіч! Я так і ведаў, што ты не падвядзеш братву. Брыль. — Стой! Не страляй, не трэба! — сказаў .. [Пракоп Адамавіч] тонам загаду. Ляўданскі. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч. // Манера, стыль пісьма, апавядання. Палемічны тон артыкула. □ Сама тэма шырокага паказу жыцця народа абумовіла эпічны тон апавядання. Хромчанка. // Манера, стыль тэатральнай ігры. Глебаўскія персанажы афарбаваны камедыйнымі тонамі.

8. з азначэннем. Характар, стыль паводзін, жыцця. Правілы добрага тону. Трымаць рукі ў кішэнях — адзнака благога тону. // Характар або агульны выгляд чаго‑н. Аркавы пояс з байніцамі падаў нейкі новы асноўны тон усёй арнаментыцыі будынка. Ліс.

9. Колер, афарбоўка, а таксама адценне колеру, якое адрозніваецца ступенню яркасці, насычанасці. Фарбы цёплых тонаў. Светлы тон карціны. Залацістыя тоны восені. □ Люся паспрабавала злічыць, колькі фарбаў у .. [вясёлцы], — і не змагла: адзін тон непрыкметна пераходзіў у другі, трэці. Даніленка.

•••

Задаць тон гл. задаць.

Збавіць тон — тое, што і знізіць тон (гл. знізіць).

Знізіць тон гл. знізіць.

Павысіць тон — тое, што і павысіць голас (гл. павысіць).

Трапіць (патрапіць) у тон гл. трапіць.

У тон (пад тон) — а) аб гармоніі колераў, адценняў колеру. Светлы, добра скроены пінжак. Чыстая, адпрасаваная сарочка. У тон да іх удала падабраны гальштук. Сабалеўскі; б) у тым жа духу, стылі. Мэбля пад тон архітэктуры; в) з тым жа настроем, з той жа інтанацыяй (гаварыць, сказаць і пад.). — Што ў вас, вяселле, ці што? — падладжваючыся пад вясёлы тон гасцей, спыталася .. [Валя Ягадка]. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),

расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.​Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.​Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.​Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.​Чарот, М.​Грамыка, А.​Куляшоў, П.​Броўка, М.​Лужанін, У.​Хадыка, П.​Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.​Міровіч і Л.​Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Кірэенкі, А.​Русецкага, Р.​Барадуліна, В.​Зуёнка, П.​Макаля, С.​Гаўрусёва, У.​Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.​Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.​Дзяркач, М.​Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.​Лужанін, Р.​Лынькоў), Т.​Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.​Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.​Вітка і Р.​Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, В.​Жуковіч, К.​Крапіва, Куляшоў, Г.​Пашкоў, М.​Танк, У.​Шахавец, А.​Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1955—61;

Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг. М., 1978;

Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1940;

Выбр. творы. Мн., 1952;

Кім быць? Мн., 1932;

Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;

Дзецям. Мн., 1950;

Конь-агонь. Ми., 1955;

П’есы. Мн., 1985;

Уладзімір Ільіч Ленін. Мн., 1987.

Літ.:

Крученых А. Стихи Маяковского. Выпыт. СПб., 1914;

Денисова И.В. Революция — любовь: Новатор. принципы послеокт. лирики Маяковского. 2 изд. М., 1988;

Карабчиевский Ю.А. Воскресение Маяковского. М., 1990;

Михайлов А.А. Мир Маяковского. М., 1990;

Яго Ж. Точка пули в конце: Жизнь Маяковского. М., 1993;

Скорятин В.И. Тайна гибели Владимира Маяковского: Новая версия трагич. событий, основанная на последних находках в секретных архивах. М., 1998;

Маякоўская А.А. Дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Маякоўскага: З успамінаў маці: Пер. з рус. Мн., 1957;

Маякоўскі ў Беларусі. Мн., 1957;

Агіевіч У. Да пытання аб традыцыях Уладзіміра Маякоўскага ў беларускай паэзіі // Агіевіч У. Літаратура і жыццё. Мн., 1954;

Гниломедов В. «Издалека сегодня виден подвиг ваш...» // Дружба народов. 1983. № 7;

Кенька М. Яго перакладчыкі // Братэрства, 83. Мн., 1983.

У.​В.​Гніламёдаў (У.​Маякоўскі і Беларусь).

У.У.Маякоўскі.

т. 10, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,

від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.

У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д. Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).

Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар. т-ра масак — італьян. камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.​С.​Станіслаўскі (гл. Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.​Меерхольда, Б.​Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).

Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл. т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.

Развіццё бел. прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.​Ждановіча, У.​Галубка, У.​Крыловіча, Г.​Грыгоніса, К.​Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.​Уладамірскі, Г.​Глебаў, А.​Ільінскі, Л.​Ржэцкая. Акцёры Б.​Платонаў, І.​Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.​Дзядзюшка, Ц.​Сяргейчык, В.​Галіна, В.​Пола, І.​Шаціла, М.​Бялінская, М.​Звездачотаў, Р.​Кашэльнікава, Я.​Глебаўская, А.​Радзялоўская, С.​Бірыла, А.​Шэлег.

З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.​Станюта, Л.​Рахленка, З.​Стома, Г.​Макарава, Ф.​Шмакаў, І.​Матусевіч, З.​Канапелька, З.​Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.​Тарасаў, Г.​Гарбук, Л.​Давідовіч, М.​Захарэвіч, П.​Дубашынскі, А.​Мілаванаў, Г.​Талкачова, У.​Куляшоў, Г.​Дубаў, Т.​Кокштыс, Я.​Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.​Кумельскі, А.​Кістаў, Дз.​Арлоў, А.​Клімава, Р.​Янкоўскі і інш.).

У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.​Купалы і Я.​Коласа, з 1945 у Бел. тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.

У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.​Пікфард, Л. і Д.​Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.​Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.​Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.​Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.​Чаплін, Д.​Фербенкс, Пікфард, Л.​Гіш, І.​Мазжухін, А.​Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.​Габэн, М.​Сімон, М.​Дзітрых, В.​Лі, Л.​Аліўе, Ч.​Лоўтан, Г.​Гарба, Х.​Богарт, Г.​Фонда, Б.​Бабачкін, В.​Марэцкая, Л.​Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.​Філіпа, Ж.​Маро, Дж.​Мазіны, М.​Мастраяні, С.​Ларэн, І.​Тулін, М. фон Сюдаў, Б.​Ланкастэра, С.​Трэсі, М.​Бранда, З.​Цыбульскага, Л.​Вініцкай, С.​Бандарчука, І.​Смактуноўскага, Д.​Баніёніса, М.​Ульянава.

У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.​Дэпардзьё, Дж.​Нікалсан, Д.​Хофман, Дж.​Фонда, Л.​Ульман, Х.​Шыгула).

У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.​Крыловіч, В.​Пола, Б.​Платонаў, Л.​Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.​Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.​Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.​Дзянісава, В.​Белахвосціка, Т.​Мархель, У.​Гасцюхіна, Г.​Гарбука, М.​Яроменкі, С.​Сухавей.

Літ.:

Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;

Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;

Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;

Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;

Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;

Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;

Няфёд У. Народны артыст СССР П.​С.​Малчанаў. Мн., 1958;

Яго ж. Народны артыст БССР У.​І.​Уладамірскі. Мн., 1954;

Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд. Мн., 1989;

Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;

Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.​К.​Ільінскі. Мн., 1954;

Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;

Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;

Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;

Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;

Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;

Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;

Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;

Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.

А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Да арт. Акцёрскае мастацтва. А.​Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.​Вольскага).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. М.​Ульянаў у ролі маршала Г.​К.​Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. С.​Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. Ч.​Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт. Акцёрскае мастацтва. Г.​Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.​Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.​Купалы).

т. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,

песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял. эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац. муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз. муз. калектываў. Вытокі нар. муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж. усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел. муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял. гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.

Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).

Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл. Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).

Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).

Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл. Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл. Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн. муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел. канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус. дэмакр. бытавога раманса.

Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд. этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел. сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел. традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.​Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.​Коласа («Нёман»), К.​Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар. рэв. песеннай класікі. У Вял. Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел. нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.​Лапаціна, З.​Лапаціна-Пацеенка, Р.​Галавасцікаў, П.​Шаўко, П.​Касач, І.​Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.

Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял. Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.

Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб. стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар. інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл. Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.

Літ.:

Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;

Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;

Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;

Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;

Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;

Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;

Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;

М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;

Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;

Назіна І.​Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;

Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.

З.​Я.​Мажэйка, Л.​С.​Мухарынская, І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)