КАРАТЫ́ГІН (Васіль Андрэевіч) (10.3.1802, С.-Пецярбург — 25.3.1853),

рускі акцёр-трагік; прадстаўнік класіцызму. З 1820 у пецярбургскіх Вял. т-ры, з 1832 вядучы трагік Александрынскага т-ра. Выканаў ролі Дзмітрыя Данскога («Дзмітрый Данской» У.​Озерава), Сіда («Сід» П.​Карнеля), Іпаліта («Федра» Ж.​Расіна) і інш. Творчасці характэрны прыўзнятая героіка, манум. параднасць, эфектнасць, грацыёзнасць і прыгажосць рухаў, напеўная дэкламацыя. Пад уплывам класіцыстычнай эстэтыкі імкнуўся да вылучэння гал. рысы характару герояў (Атэла, Гамлет у аднайм. п’есах У.​Шэкспіра і інш.). Першы выканаўца роляў Чацкага («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1831), Дон Гуана, Барона («Каменны госць», 1847, і «Скупы рыцар», 1852, А.​Пушкіна), Арбеніна («Маскарад» М.​Лермантава, 1852). Пераклаў і перарабіў для пастаноўкі на рус. сцэне больш за 40 п’ес («Кін» А.​Дзюма-бацькі, «Кароль Лір» і «Карыялан» Шэкспіра і інш.). У 1845—46 гастраліраваў у Мінску.

Літ.:

Каратыгин П.А. Записки. Л., 1970.

В.А.Каратыгін.

т. 8, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)