АБРАЗІ́ЎНАЯ АПРАЦО́ЎКА,
апрацоўка металаў, каштоўных камянёў, горных парод, шкла, дрэва, пластмас і інш. матэрыялаў зразаннем тонкага слоя абразіўным інструментам. Асн. прызначэнне — забеспячэнне павышанай дакладнасці і якасці паверхні, што апрацоўваецца. Можа выкарыстоўвацца таксама для чарнавой абдзіркі паверхняў, рэзкі, знімання вял. прыпускаў. Да абразіўнай апрацоўкі адносяцца паліраванне, шліфаванне, ханінгаванне, даводка, прыцірка, абразіўна-імпульсная апрацоўка, суперфінішаванне і г.д.
т. 1, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАСЕ́МІЦКАЯ ДАЛІ́НА (Yosemite Valley),
даліна р. Іасеміты-Крык (прыток р. Мерсед), на зах. схілах хр. Сьера-Невада (ЗША, штат Каліфорнія). Даўж. каля 11 км, шыр. 800—1600 м, глыб. да 1500 м. Стромкія схілы складзены з гранітаў, з адбіткамі ледавіковай апрацоўкі. Густыя хваёвыя лясы. Шматлікія вадаспады, у т. л. Іасеміцкі. Частка Іасеміцкага нац. парку.
т. 7, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́ЕРНАЯ ПЕЧ,
печ, абсталяваная канвеерам (стужачным, люлечным, ланцуговым, скрабалкавым), які перамяшчае вырабы ў працэсе награвання ад загрузачнай адтуліны да выгрузачнай. Выкарыстоўваецца для награвання і тэрмічнай апрацоўкі металу. сушкі ліцейных форм, афарбоўкі вырабаў, абпальвання эмалі (пры вырабе посуду, карпусоў халадзільнікаў), у кандытарскай вытв-сці і інш. Абаграваюцца газам, вадкім палівам і эл. награвальнікамі.
т. 7, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРН (ням. Kern),
1) у прыладабудаванні — стальны стрыжань (вось), што выкарыстоўваецца ў рухомых частках механізмаў эл. вымяральных прылад. 2)У тэхналогіі механічнай апрацоўкі — пункт, нанесены кернерам пры разметцы загатоўкі. 3)У геалогіі — цыліндрычны слупок горнай пароды, які атрымліваюць у выніку калонкавага свідравання. Служыць для геал. пошуку і разведкі радовішчаў, даследавання будовы зямной кары і інш.
т. 8, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАЯ ДЭФАРМА́ЦЫЯ,
астаткавая дэфармацыя, утвораная ад уздзеяння сілавых фактараў, пры якой не адбываюцца макраскапічныя парушэнні суцэльнасці матэрыялу. У той ці інш. ступені пластычныя ўласцівасці маюць усе рэальныя целы (гл. Пластычнасць). Здольнасць канстр. матэрыялаў да П.д. — адна з найважн. уласцівасцей, што забяспечвае магчымасць атрымання з іх розных вырабаў шляхам апрацоўкі ціскам (коўка, пракат).
т. 12, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ «САФІ́Я».
Створана ў 1960 у г. Полацк Віцебскай вобл. на базе арцелі «Чырвоная вышывальшчыца». З 2000 наз. «Сафія». Асн. прадукцыя: строчана-вышытыя жаночыя сукенкі, сталовая і пасцельная бялізна; вырабы маст. апрацоўкі дрэва (кантэйнеры для хлеба, салянкі, пано, куфэркі), лозапляцення (дэкар. блюды, сухарніцы, фруктоўніцы і інш.), ручнога і машыннага маст. вязання.
т. 12, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗНІ́, Газна,
горад на ПдУ Афганістана, у даліне р. Газні. Адм. ц. правінцыі Газні. Вядомы з 7 ст. Каля 50 тыс. ж. (1992). Трансп. вузел на шашы Кабул—Кандагар. Стараж. цэнтр апрацоўкі металу. Саматужная вытв-сць паласаў, абутку, шуб з аўчыны, баваўняных тканін. Выраб скур. Гандаль футрам, воўнай, сушанымі фруктамі. У сярэднія вякі — важны культ., гандл. і паліт. цэнтр Сярэдняга Усходу. У наваколлі арх. помнікі 10—19 ст., у т. л. маўзалей султана Махмуда Газневі.
Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. Дасягнуў росквіту ў 10—11 ст., калі быў сталіцай дзяржавы Газневідаў, гандл. і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У сярэдзіне 12 ст. разбураны Гурыдамі. У 1215—21 пад уладай Харэзмшахаў, з 1221 цюрка-манголаў, Куртаў, Цімурыдаў, з пач. 16 ст. Вялікіх Маголаў. З 1747 у складзе Афг. дзяржавы. Газні — стараж. цэнтр маст. апрацоўкі металу. Каля Газні 2 мемарыяльныя вежы 12 ст.
т. 4, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ПРЫКЛАДНО́Й О́ПТЫКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 на базе Магілёўскага аддзялення Ін-та фізікі АН Беларусі (у 1970—78 Магілёўскі філіял Ін-та фізікі). У складзе Ін-та (1998) 5 лабараторый і 2 тэматычныя групы. Аспірантура з 1993 па оптыцы, лазернай фізіцы і дыферэнцыяльных ураўненнях.
Асн. кірункі навук даследаванняў: інтэгральная і валаконная оптыка; фіз. асновы аптычнай апрацоўкі інфармацыі; тэхнал., мед. і экалагічнае прыладабудаванне. Распрацаваны: тэорыя аптычных хваляводаў і тэхналогія іх вырабу (Дзярж. прэмія Беларусі 1984); тэхналогія вырабу валаконных святлаводаў для аптычных ліній сувязі; тэорыя і метады аналізу працэсаў фарміравання і апрацоўкі інфармацыі ў відарысаўтваральных сістэмах з улікам энергет., палярызацыйных і кагерэнтных уласцівасцей аптычнага выпрамянення; стат. тэорыя пераносу аптычнага выпрамянення і адлюстравання праз рассейвальныя асяроддзі з адвольнай статыстыкай; асновы канструктыўнай тэорыі істотна нелінейных дыферэнцыяльных сістэм. У ін-це працаваў акад. Нац. АН Беларусі А.М.Ганчарэнка; працуе чл.-кар. У.П.Радзько (дырэктар з 1987).
А.В.Хомчанка.
т. 7, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОД (франц. code ад лац. codex збор законаў),
сістэма ўмоўных знакаў (сімвалаў) для перадачы, апрацоўкі і захоўвання (запамінання) інфармацыі. Канечная паслядоўнасць кодавых знакаў наз. словам. Бывае К. раўнамерны (словы маюць аднолькавую даўжыню — лік элементаў) і нераўнамерны (розны лік элементаў, напр., К.Морзе).
Выбар К. вызначаецца ўмовамі перадачы, апрацоўкі і захоўвання інфармацыі, эфектыўным выкарыстаннем канала сувязі, забеспячэннем перашкодаўстойлівасці перадачы і інш. (гл. Кадзіраванне). К. у вылічальнай тэхніцы — сістэма ўмоўных знакаў для адлюстравання інфармацыі ў ЭВМ. Фіз. форма К. залежыць ад носьбіта інфармацыі, (напр., на перфакартах гэта спалучэнне прабітых і непрабітых участкаў, на магн. носьбітах (дысках, стужках, барабанах) — выбарачнае намагнічванне ўчасткаў. Найб. пашыраныя двайковыя пазіцыйныя К. (гл. Двайковая сістэма лічэння). Для спрашчэння алгарытмаў выканання арыфм. аперацый выкарыстоўваюць К. прамы (напр., у запамінальных прыладах), адваротны (дапаўненне да 1) і дадатковы (дапаўненне да 2; выкананне арыфм. ці інш. аперацый над лікамі).
М.П.Савік.
т. 8, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАПРАЦЭ́САР (англ. microprocessor),
электронная прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі, якая праграмуецца і складаецца з мікрасхем (адной ці некалькіх) высокай ступені інтэграцыі (гл. Інтэгральная схема). Выкарыстоўваецца як цэнтр. працэсар, напр. у мікра-ЭВМ, як прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі для перыферыйных блокаў ЭВМ, а таксама ў сістэмах кіравання тэхнал. і кантрольна-выпрабавальнага абсталявання, трансп. сродкаў, касм. апаратаў і інш.
Па функцыян. магчымасцях адпавядае працэсару ЭВМ, выкананаму на 20—40 мікрасхемах малой і сярэдняй ступені інтэграцыі, мае большае хуткадзеянне, істотна меншыя памеры, энергаспажыванне і інш. (у параўнанні з інш. выліч. прыладамі). Бываюць секцыянаваныя (з мікрапраграмным кіраваннем; дазваляюць пашыраць разраднасць, функцыян. магчымасці і інш.) і аднакрыштальныя (маюць фіксаваную разраднасць і пастаянны набор камандаў). Паводле віду ўваходных сігналаў М. падзяляюць на лічбавыя (прызначаны для лічбавай апрацоўкі сігналаў) і аналагавыя (прызначаныя для работы ў даследчых выліч. комплексах; дадаткова маюць аналагава-лічбавыя і лічбава-аналагавыя пераўтваральнікі). Найб. пашыраны аднакрыштальныя маларазрадныя М. для выкарыстання ў простых сістэмах кіравання, а таксама 64-разрадныя для прафес. ЭВМ. Першы М. Intel 4004 (1971) меў да 2250 транзістараў на адным крэмніевым крышталі, працаваў на частаце 750 кГц, выконваў да 60 тыс. аперацый за секунду ў якасці цэнтр. працэсара 4-разраднай ЭВМ і быў логікавым блокам, канкрэтнае прызначэнне якога можна задаваць праграмаваннем. Сучасныя М. маюць на адным крышталі да дзесяткаў мільёнаў транзістараў, працуюць на частотах у сотні мегагерц і выконваюць мільярды аперацый за секунду.
Літ.:
Корнеев В.В., Киселев А.В. Современные микропроцессоры. М., 1998.
М.М.Далгіх.
т. 10, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)