армянскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Арменіі (1927). Нар. пісьменнік Грузіі (1927). Жыў у Грузіі. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. (артыкулы, аповесці, п’есы). Майстар «малой» прозы і псіхалагічнага рамана. У цыкле навел «Наш квартал» (1888—94), аповесцях «Ганна Сараян» (1888), «Я і Ён» (1889), «Забіты голуб» (1898), «Адзін з цяжкіх дзён» (1904), «Без вестак прапаўшы», «Апошнія магікане» (абедзве 1930) і інш. паказаў пошукі чалавекам свайго месца ў жыцці, яго пакуты ў свеце прагматызму і бездухоўнасці. Праблемы інтэлігенцыі і шляхі вырашэння ёю надзённых сац. праблем — тэмы раманаў «Барацьба» (1911), «Смерць» (1912), «Новы чалавек» (выд. 1935), адметных майстэрствам псіхалагічнага аналізу і каларытным апісаннем сац. асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЭ́НКА,
частка рознічнай цаны тавару, што ўстанаўліваецца гандл. і інш. прадпрыемствамі пры яго рэалізацыі. Прызначана для пакрыцця расходаў, звязаных з продажам (вяртаннем выдаткаў абарачэння) і атрыманнем прыбытку ад гэтых аперацый — гандлёвай надбаўкі. На некат. прадпрыемствах (напр., грамадскага харчавання) ужываюцца дыферэнцаваныя Н. на рознічныя цэны сыравіны, якая выкарыстоўваецца для вырабу ўласнай прадукцыі і на большасць пакупных тавараў, што не патрабуюць цеплавой апрацоўкі. Н. адрозніваецца таксама ў залежнасці ад катэгорыі і тыпу прадпрыемства, месца знаходжання, ступені матэрыяльна-тэхн. абсталяванасці, аб’ёму паслуг, што прадастаўляюцца, узроўню абслугоўвання і інш. Н. брокера — плата, якая бярэцца брокерам (дылерам) пры выкананні ім дылерскіх функцый, звязаных з пакупкай у кліента каштоўных папер і іх наступным продажам па больш высокай цане; гэта сума таксама ўключаецца ў суму продажу. Гл. таксама Скідка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ХВА́ЛІ,
хвалі, якія ўзнікаюць і распаўсюджваюцца па свабоднай паверхні вадкасці або па паверхні падзелу дзвюх вадкасцей, што не змешваюцца.
Узнікаюць з прычыны знешняга ўздзеяння, якое выводзіць паверхню вадкасці са стану раўнавагі. Пры гэтым узнікаюць сілы, дзеянне якіх прыводзіць да ўзнаўлення раўнавагі паверхні вадкасці. У залежнасці ад прыроды гэтых сіл адрозніваюць П.х.: капілярныя (абумоўлены сіламі паверхневага нацяжэння, уздзеянне якіх найб. істотнае пры малых даўжынях хваль), гравітацыйныя (абумоўлены сіламі цяжару; істотныя для вял. даўжынь хваль), гравітацыйна-капілярныя. У П.х. адначасова маюць месца падоўжныя і папярочныя ваганні часцінак вадкасці, якія рухаюцца па эліптычных ці больш складаных траекторыях. Прычыны ўзнікнення гравітацыйных П.х.: прыцяжэнне валкасці Сонцам і Месяцам (гл.Прылівы і адлівы), рух цел паблізу ці на паверхні вады (карабельныя хвалі) і інш.Найб. пашыраны ў прыродзе ветравыя хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІРАЛО́ГІЯ,
дапаможная гісторыка-філал. дысцыпліна, адгалінаванне палеаграфіі. Займаецца прачытаннем, інтэрпрэтацыяй і выданнем тэкстаў грэч., лац., позніх (эліністычнага, рым. і візант. часу) дэматычных (гл.Дэматычнае пісьмо) і копцкіх папірусаў, а таксама надпісаў на гліняных чарапках і драўляных таблічках. Стараж.-егіпецкія, стараж.-яўр., арамейскія і інш.папірусы вывучаюць егіпталогія, семіталогія і інш. дысцыпліны. П. вывучае і класіфікуе папірусы паводле перыядаў, месца, зместу, асаблівасцей граматыкі, стылю мовы і г.д. Першыя грэч. тэксты на папірусах знойдзены ў 1752 у Геркулануме (Італія) і ў 1778 у Егіпце. Асабліва багатыя былі знаходкі папірусаў у 1877—78 у Фаюме (Егіпет), сярод іх шматлікія ўрыўкі з Алкея, Сапфо, Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.ант. аўтараў.
Літ.:
Борухович В.Г. В мире античных свитков. Саратов, 1976;
Фихман И.Ф. Введение в документальную папирологию. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЛЬТЦЭР (Таццяна Іванаўна) (6.6.1904, Масква — 16.7.1992),
расійская актрыса. Нар.арт.СССР (1972). На сцэне з 1920. З 1925 працавала ў маскоўскіх т-рах імя Массавета, з 1940 Мініяцюр, з 1947 Сатыры, з 1977 ў т-ры «Ленком». Творчасці ўласціва вострая камедыйнасць з надзвычайнай дакладнасцю сцэн. малюнка, схільнасць да буйнаакрэсленага характару; выкарыстанне гратэскавых прыёмаў спалучалася ў актрысы з псіхал. дакладнасцю, шчырасцю і душэўнасцю выканання. Сярод роляў: Каурава («Снеданне ў прадвадзіцеля» І.Тургенева), Манефа, Кукушкіна («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.Астроўскага), нянька Гінес («Дом, дзе разбіваюцца сэрцы» Б.Шоу), Марселіна («Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш. Здымалася ў кіно: «Вяселле з пасагам», «Салдат Іван Броўкін», «Вам і не снілася», «Каранцін», «Формула кахання». Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПРА́ВА,
1) месца, дзе перапраўляюцца на другі бераг (на паромах, лодках і інш.), а таксама ўчастак ракі, возера, які выкарыстоўваецца войскамі пры фарсіраванні водных перашкод.
2) Перавозка войск і баявой тэхнікі цераз водныя перашкоды пры дапамозе пераправачных сродкаў або пераход войск цераз перашкоды па мастах, брадах, ільдах, а таксама пераадольванне іх уплаў П. бываюць: дэсантныя — для пераадольвання воднай перашкоды гал. чынам падраздзяленнямі першага эшалона на штатных плавальных сродках; паромныя — для падраздзяленняў з іх баявой тэхнікай; маставыя — для калон войск з іх узбр. і баявой тэхнікай (гл.Мост ваенны); чыгуначныя — для чыг. саставаў або асобных вагонаў на спец. суднах-паромах. Могуць ажыццяўляцца П. танкаў пад вадой. Будуюць несапраўдныя П. (для падману праціўніка), а таксама пераправы ўброд, па лёдзе і інш. П. абсталёўваюцца і маскіруюцца, на іх арганізавана каменданцкая служба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЦЕХ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 10 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,35 км², даўж. 2,55 км, найб.шыр. 950 м, найб.глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 9,72 км. Пл. вадазбору 28,6 км². Катлавіна складаецца з 4 плёсаў, падзеленых мысамі. Схілы выш. да 10 м, на Пн камавыя ўзгоркі, разараныя; на Пд — пясчаная озавая града аддзяляе П. ад воз.Недрава. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, месцамі гліністае, глыбей выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. На У 3 астравы. Мінералізацыя вады 250 мг/л, празрыстасць 1 м. Эўтрофнае (з прыкметамі антрапагеннага эўтрафіравання), зарастае да глыб. 2,5 м. Злучана пратокай з воз. Недрава, упадае ручай з воз. Ільмёнак. Месца адпачынку, уваходзіць у турысцкія маршруты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАВАСЛА́ЎНЫ БЕЛАРУ́С»,
часопіс. Выдаваўся ў лют.—снеж. 1925 у Варшаве на бел. мове па ініцыятыве Беларускага пасольскага клуба. Рэдактар Я.Пачопка, маст. афармленне Я.Драздовіча. Афіцыйна павінен быў асвятляць жыццё правасл. царквы ў Польшчы і Зах. Беларусі. Асн. змест складалі матэрыялы з гісторыі, грамадскага і культ. жыцця Зах. Беларусі, літ. творы. Меў рубрыкі: «Што чуваць у свеце», «Беларускае жыццё», «З народнай творчасці», «З гісторыі археалогіі» і інш. Выступаў за ўвядзенне бел. мовы ў навуч. установах, царкве. Змясціў артыкулы, прысвечаныя Ф.Скарыне, Сімяону Полацкаму, Я.Купалу, па гісторыі стараж. Полаччыны І.Палачаніна, пра нар. земляробчыя святы М.Яцкевіча, даследаванне «Месца беларускай мовы сярод моў свету і славянскіх увасобку» І.Савіцкага. Друкаваў вершы Г.Леўчыка, П.Прадухі, С.Свістуна, апавяданні З.Бядулі, Пачопкі, М.Запольскага і інш. Выйшлі 22 нумары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.
Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЦКІ (Станіслаў Іосіфавіч) (21.4.1922, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 10.8.2001),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1952). Першы фільм — «Зямля і людзі» (1956). Мастацтву Р. ўласцівы лірызм, імкненне да спасціжэння ўнутр. свету герояў праз побытавыя калізіі: «Справа была ў Пянькове» (паводле С.Антонава, 1958), «Дажывём да панядзелка» (1968, Дзярж. прэмія СССР 1970), «Белы Бім Чорнае вуха» (паводле Г.Траяпольскага, 1977, Ленінская прэмія 1980), «Эскадрон гусар лятучых» (1980), «З жыцця Фёдара Кузькіна» (2 серыі, 1989). Значнае месца ў творчасці займала тэма Вял.Айч. вайны: «Майскія зоркі» (паводле навел Л.Ашкеназі, 1959; сумесна з Чэхаславакіяй), «На сямі вятрах» (1962), «А зоры тут ціхія...» (паводле Б.Васільева, 1972, Дзярж. прэмія СССР 1975).
Літ.:
Зоркий А. С.Ростоцкий: Портрет режиссера. М., 1982.