СТО́РАЖАВА Людміла Іванаўна (н. 7.2.1925, г. Кіраў, Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю пры Грозненскім рус. драм. т-ры (1945). Працавала у т-рах Грознага, Чэркеска, Клайпеды (1944—59), Арла (1974—81). З 1959 у Брэсцкім, з 1962 у Гродзенскім, у 1968—74 у Гомельскім абл. драм. т-рах. Выканаўца драм. і характарных роляў, творчасці ўласціва адчуванне часу і стылю драматург. твора, рамант. прыўзнятасць. Сярод роляў у Брэсцкім т-ры: Ганна Карэніна (аднайм. п’еса паводле Л.​Талстога), Ірына («Тры сястры» А.​Чэхава), Джудзіт («Вучань д’ябла» Б.​Шоу), Катрын («Від з моста» А.​Мілера); у Гродзенскім т-ры: Манахава («Варвары» М.​Горкага), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра), Гарэцкая («Першы ўрок» К.​Губарэвіча); у Гомельскім т-ры: Параска («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), Хрысціна («Грэшнае каханне» А.​Дзялендзіка), Кукушкіна, Агудалава («Даходнае месца», «Беспасажніца» А.​Астроўскага).

т. 15, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФЕРЫ́ЧНАЯ ТРЫГАНАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел трыганаметрыі, дзе вывучаюць залежнасці паміж старанамі і вугламі сферычных трохвугольнікаў; матэм. апарат сферычнай астраноміі.

Вуглы A, B, C і процілеглыя ім стораны a, b, c сферычнага трохвугольніка звязаны асн. суадносінамі: sin ( a / r ) sin A = sin ( b / r ) sin B = sin ( c / r ) sin C ; cos(c/r) = cos(a/r)∙cos(b/r) + sin(a/r)∙sin(b/r)∙cosC; sin(a/r)∙cosB = cos(b/r)∙sin(c/r) − sin(b/r)∙cos(c/r)∙cosA, дзе r — радыус сферы. Гэтыя формулы дазваляюць па любых 3 зададзеных элементах трохвугольніка вызначыць З астатнія (рашыць трохвугольнік). Калі даўжыні старон малыя ў параўнанні з радыусам сферы, то іх знаходзяць па формулах плоскай трыганаметрыі, якія атрымліваюцца з дадзеных лімітнымі пераходамі.

Да арт. Сферычная трыганаметрыя: O — цэнтр сферы; ABC — сферычны трохвугольнік са старанамі abc.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЮЙ БЭЙХУ́Н, Жу Пэон (19.6.1895, прав. Цзянсу, Кітай — 26.9.1953),

кітайскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Шанхаі ў свайго бацькі і ў Парыжы (1919). З 1927 праф. Шанхайскага ін-та жывапісу, выкладаў у Цэнтр. ун-це ў Нанкіне (да 1945). З 1949 дырэктар Цэнтр. АМ у Пекіне. Адзін са стваральнікаў новага кірунку ў кіт. жывапісе, які аб’ядноўвае нац. маст. традыцыі з еўрап. рэаліст. жывапісам. Працаваў у жанрах «кветкі-людзі», «людзі», у тэхніках акварэльнага і алейнага жывапісу. Творы, прысвечаныя прыродзе («Конь адпачывае», 1930; «Кошкі», 1930-я г.), побыту і гісторыі («Сычуанцы носяць ваду», 1937), вылучаюцца дакладнасцю ліній і мяккай лепкай формы. Вастрынёй псіхал. і сац. характарыстык адметныя партрэты Р.​Тагора (1942), будаўніка Жэнь Цзідуна (1952) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Кітай.

Літ.:

Виноградова Н.А. Сюй Бэйхун: Альбом. М., 1980.

С.​У.​Пешын.

Сюй Бэйхун. Кошкі. 1930-я г.

т. 15, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРДЗЮ́К Аляксандр Іванавіч (27.6.1900, с. Бзоў Барышаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 1989),

украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т (1919). З 1919 акцёр кіеўскага 1-га дзярж. т-ра Украіны, з 1922 — Харкаўскага драм. т-ра імя Т.​Шаўчэнкі (у 1957—62 дырэктар і маст. кіраўнік). З 1946 выкладчык Харкаўскага ун-та мастацтваў (з 1960 праф.). Мастацтва С. вызначалася глыбінёй псіхал. трактоўкі, часам вострай публіцыстычнасцю. Сярод роляў: Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Платон, Кобза («Платон Крэчат», «Гібель эскадры» А.​Карнейчука), Мікіта («Яраслаў Мудры» І.​Качаргі), Сяргееў («Генерал Ватуцін» Л.​Дзміцеркі), Каравай («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка) і інш. Паставіў спектаклі; «Ой, пайду я ў Барыслаўку» паводле І.​Франко (1956), «Маруся Багуслаўка» М.​Старыцкага (1962) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948.

т. 15, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЎКО́ Баляслаў Іванавіч (15.5.1940, в. Межырэчы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. —2.6.2002),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1965 акцёр Нац. акад. т-ра імя Я.​Коласа. Выканаўца драм. і характарных роляў, якія вылучаліся псіхал. дакладнасцю, эмацыянальнай насычанасцю вобразаў, пластычнасцю і экспрэсіяй: Юрка, Валодзька, Сын («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Сярожа, дзядзька Шура [«Скорыя цягнікі», «Таму што люблю» («Дзень карабля») А.​Паповай], Чорт («Блудны муж і яго жонка Варвара» паводле Г.​Марчука), Фатограф («Шагал... Шагал...» У.​Драздова), Алёша («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), Аўгуст Фіш («Аз і Ферт» П.​Фёдарава), Колесаў («Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава), граф фон Моар («Я, ты, ён, яна, яны... яно» («Разбойнікі») Ф.​Шылера], Сільвіо («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Фрыц, Наведвальнік («Пісьменныя» паводле М.​Чокэ) і інш. Здымаўся ў кіно. Арганізатар і кіраўнік (з 1969) Віцебскага нар. т-ра пантамімы «Мім».

т. 15, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЧАНІ́НАВА Еўдакія Дзмітрыеўна (14.3.1870, Масква — 27.12.1963),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1943). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1891). З 1891 актрыса Малога т-ра ў Маскве. У характарных і камедыйных ролях дасягала непасрэднасці, эмац. насычанасці, лепшыя з якіх у п’есах класічнага рэпертуару, асабліва А.​Астроўскага: Барабошава («Праўда добра, а шчасце лепш»), Галчыха («Без віны вінаватыя»), Усціння Навумаўна («Свае людзі — паладзім»), Анфуса і Мурзавецкая («Ваўкі і авечкі»), Турусіна і Глумава («На ўсякага мудраца хапае прастаты») і інш. Сярод інш. роляў: Багаеўская («Варвары» М.​Горкага), Крахоткіна («Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.​Дастаеўскага), місіс Хігінс («Пігмаліён» Б.​Шоу), міс Кроўлі («Кірмаш пыхлівасці» паводле У.​Тэкерэя) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1948.

Літ.:

Филиппов В. Е.​Д.​Турчанинова. М.; Л., 1948;

Е.​Д.​Турчанинова на сцене и в жизни. М., 1974.

т. 16, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЖВІ́Й Наталля Міхайлаўна (8.9.1898, г. Любомль Валынскай вобл., Украіна — 22.7.1986),

украінская актрыса. Нар. арт. СССР (1944). Герой Сац. Працы (1973). З 1918 на аматарскай сцэне, з 1922 у Першым дзярж. т-ры Украіны імя Т.​Шаўчэнкі (Кіеў), з 1925 у т-рах «Дзярждрама» (Адэса), «Беразіль» (Харкаў), з 1936 у Кіеўскім укр. т-ры імя І.​Франко. Яе творчасці ўласціва паглыбленае раскрыццё псіхалогіі і адухоўленая паэтычнасць вобразаў. Сярод роляў: Ганна («Украдзенае шчасце» Франко), Маклена («Маклена Граса» М.​Куліша), Аксана, Наталля Коўшык («Гібель эскадры», «Калінавы гай» А.​Карнейчука), Кручыніна, Тугіна («Без віны вінаватыя», «Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Танкабіке («У ноч зацьмення Месяца» М.​Карыма), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра) і інш. Здымалася ў кіно («Выбаргская старана», «Вясёлка», «Тарас Шаўчэнка» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Украіны 1984.

Н.М.Ужвій.

т. 16, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБРО́ЕНЫЯ СІ́ЛЫ СССР,

частка ваен. арганізацыі Сав. дзяржавы. У 1918—46 складаліся з Рабоча-Сял. Чырв. Арміі (гл. Чырвоная Армія) і Рабоча-Сял. Чырв. Флоту (ВМФ СССР). З 1950-х г. у іх склад уваходзілі віды У.с.: Сухап. войскі, Войскі ППА, ВПС, ВМФ, Ракетныя войскі стратэг. прызначэння (1959), а таксама войскі Грамадз. абароны і інш. У.с. СССР узаемадзейнічалі з Пагран. войскамі КДБ і Унутр. войскамі МУС краіны. Пасля распаду СССР (1991) на базе У.с. СССР, іх органаў кіравання і груповак войск (сіл) створаны У.с. незалежных дзяржаў (гл. раздз. «Узброеныя сілы» ў арт. пра Беларусь, Расію, Украіну і інш. краіны СНД).

Літ.:

50 лет Вооруженных Сил СССР. М., 1968;

Гречко А.А. Вооруженные Силы Советского государства. 2 изд. М., 1975;

Советские Вооруженные Силы: История строительства. М., 1978;

Краснознаменный Белорусский военный округ. 2 изд. М., 1983.

С.​М.​Абрамаў.

т. 16, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́КСУСАЎ Барыс Васілевіч (24.7.1922, г. Варонеж, Расія — 31.8.1998),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў Варонежскім тэатр. вучылішчы (1939—41). З 1945 у розных драм. т-рах. У 1951—63, 1965—70 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў. Пошукі драматычнага ў чалавечым характары вызначыліся ў ролях Рабініна («Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава), Сяргея («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Марэсьева («Сапраўдны чалавек» паводле Б.​Палявога) і інш. У ролях класічнага рэпертуару арганічна спалучаў задуму аўтара з пачуццём псіхал. праўды, карыстаўся нязвыклымі галасавымі мадуляцыямі, камед. і драм. фарбамі: Гарадулін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Штапноў («Сокалы і крумкачы» А.​Сумбатава-Южына), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ). З інш. роляў: Трэплеў («Чайка» А.​Чэхава), Троцкі («Брэсцкі мір» К.​Губарэвіча), Аляксей («У добры час!» В.​Розава).

Т.​Дз.​Арлова.

т. 16, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСА́КІНСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС,

філіял Клічаўскага краязнаўчага музея лесу. Адкрыты 9.511985 за 500 м на ПнУ ад в. Усакіна Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл., якая ў Вял. Айч. вайну была цэнтрам базіравання кіраўніцтва Клічаўскай партызанскай зоны. Пл. 10 км² (2002). Складаецца (скульпт. А.​Калніньш) з мемар. знака ў гонар Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б і штаба ваенна-аператыўнай групы партыз. злучэнняў, брацкіх могілак са Сцяной Памяці з імёнамі 400 загінуўшых сав. воінаў і партызан, партыз. лагера (жылыя і штабныя зямлянкі, хлебапякарня, друкарня, калодзеж-журавель, кухня, медпункт), помніка «Расколатая хата» ў памяць знішчаных акупантамі ў жн. 1942 разам з жыхарамі і неадроджаных пасля вайны вёсак Вязень і Сялец.

Літ.:

Памяць. Гіст.-дак. хроніка Клічаўскага р-на. Мн., 1995.

Л.​А.​Ачыновіч.

Да арт. Усакінскі мемарыяльны комплекс. Помнік загінуўшым жыхарам спаленых і неадроджаных вёсак Вязень і Сялец.

т. 16, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)