У́КСУСАЎ Барыс Васілевіч (24.7.1922, г. Варонеж, Расія — 31.8.1998),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў Варонежскім тэатр. вучылішчы (1939—41). З 1945 у розных драм. т-рах. У 1951—63, 1965—70 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў. Пошукі драматычнага ў чалавечым характары вызначыліся ў ролях Рабініна («Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава), Сяргея («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Марэсьева («Сапраўдны чалавек» паводле Б.​Палявога) і інш. У ролях класічнага рэпертуару арганічна спалучаў задуму аўтара з пачуццём псіхал. праўды, карыстаўся нязвыклымі галасавымі мадуляцыямі, камед. і драм. фарбамі: Гарадулін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Штапноў («Сокалы і крумкачы» А.​Сумбатава-Южына), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ). З інш. роляў: Трэплеў («Чайка» А.​Чэхава), Троцкі («Брэсцкі мір» К.​Губарэвіча), Аляксей («У добры час!» В.​Розава).

Т.​Дз.​Арлова.

т. 16, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)