БАСТЫЁН (франц. bastion ад позналац. bastillio будую ўмацаванне),
пяцівугольнае ўмацаванне ў вуглах крапасной агароджы для абстрэлу мясцовасці наперадзе і ўздоўж крапасных сцен і равоў перад імі. Бастыёны паявіліся ў Італіі ў канцы 15 ст., напачатку мураваныя, з 16 ст. земляныя. Крапасны бастыён складаўся з 1 ці 2 земляных валоў для размяшчэння гармат: 1-ы быў галоўны, 2-і (узвышаўся над 1-м) наз. кавальер. Два даўжэйшыя бакі бастыёна наз. фасамі, карацейшыя — фланкамі. Фланкі двух суседніх бастыёнаў і частка крапасной сцяны паміж імі (курціна) стваралі бастыённы фронт. На Беларусі бастыёны вядомы з сярэдзіны 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ФІНА МО́РА (Baffin Bay),
паўзамкнёнае мора Паўн. Ледавітага ак., паміж в-вам Грэнландыя і ўсх. берагамі Канадскага Арктычнага архіпелага. Злучаецца на Пд Дэвісавым прал. з Атлантычным ак.Пл. 689 тыс.км², найб.глыб. 2414 м.
У Бафіна моры вялікія а-вы Байлат і Дыска, на ПнУ зал. Мелвіл. Клімат арктычны. Т-ра вады на паверхні летам ад 5 да 0 °C, зімой ніжэй за -1 °C. Большую ч. года Бафіна мора занята плывучымі льдамі і прыпаем. Шматлікія айсбергі. Салёнасць 30—34‰. Прылівы паўсутачныя (да 4 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, палтус, пікша, камбала). Названа ў гонар У.Бафіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАУРА́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,
здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІФО́РЫУМ, біфора (ад лац. biforis скразны, на абодва бакі),
двухчасткавы арачны праём або элемент аркады, падзелены на 2 часткі па восі слупам (калонкай). Біфорыум перакрываецца цыркульнай (раманская і візант. архітэктура), спічастай (готыка), лучковай (барока, эклектыка) аркамі. Прамежак паміж малымі (унутранымі) і вял. (знешняй) аркамі можа быць глухі, аздоблены дэкар.-пластычным элементам і ажурны. У бел. архітэктуры біфорыум выкарыстаны ў Сар’еўскім касцёле, Каменкаўскім Антоніеўскім касцёле, у царкве ў в. Азерцы Гродзенскага р-на (пач. 20 ст.) і інш.
Г.А.Лаўрэцкі.
Біфорыум вежы касцёла ў в. Каменка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙЛЯ—МАРЫЁТА ЗАКО́Н,
адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога здабытак аб’ёму дадзенай масы ідэальнага газу на яго ціск пры пастаяннай т-ры ёсць велічыня пастаянная. Устаноўлены эксперыментальна Р.Бойлем (1662) і незалежна ад яго франц. вучоным Э.Марыётам (1676). Вынікае з кінетычнай тэорыі газаў, калі прыняць, што памеры малекул нязначныя ў параўнанні з адлегласцямі паміж імі і адсутнічае міжмалекулярнае ўзаемадзеянне. Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ.
Да арт.Бойля—Марыёта закон: T1, T2, T3 — ізатэрмы ідэальнага газу ў каардынатах p—V (T1 < T2 < T3); плошчы A1 = A2 = C.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
сярэдняе за перыяд значэнне імгненнай магутнасці пераменнага току. Вызначаецца
, дзе T — перыяд, p — імгненная магутнасць. Характарызуе скорасць пераўтварэння электрамагн. энергіі ў інш. віды энергіі (цеплавую, светлавую, мех.і г.д.). Для эл. ланцуга аднафазнага (сінусаідальнага) току
, для трохфазнага пры сіметрычнай нагрузцы
, дзе U, I — дзейныя значэнні напружання і току адпаведна, φ — вугал зруху фаз паміж U і I, cos φ — каэфіцыент магутнасці. З поўнай магутнасцю S актыўная магутнасць звязана суадносінамі
. Адзінка вымярэння актыўнай магутнасці — ват (вт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМЕ́НТЫ,
сродкі, якія ва ўстаноўленых законам выпадках адны члены сям’і абавязаны выплачваць другім. Склад суб’ектаў і асновы ўзнікнення аліментных абавязацельстваў, памер і тэрміны выплаты вызначаюцца заканадаўствам. На Беларусі асн. крыніца прававых нормаў рэгулявання гэтых пытанняў — Кодэкс аб шлюбе і сям’і. Паводле суб’ектнага складу адрозніваюць аліментныя абавязацельствы паміж мужам і жонкай; бацькамі і дзецьмі; айчымам, мачахай і пасынкамі (падчарыцамі); братамі і сёстрамі; дзедам, бабкай і ўнукамі. Пры адмаўленні ад добраахвотнай выплаты аліменты могуць быць спагнаны праз суд. За наўмыснае ўхіленне ад выплаты прысуджаных аліментаў на карысць непрацаздольных дзяцей або бацькоў прадугледжана крымін. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СНЫ РУХ,
рух матэрыяльнага пункта (цела) адносна сістэмы адліку, якая сама рухаецца адносна інш. сістэмы адліку, што ўмоўна прымаецца за нерухомую. Звычайна нерухомая сістэма адліку (K) лічыцца інерцыйнай сістэмай адліку; рухомая сістэма (K′) можа быць інерцыяльнай і неінерцыяльнай. Скорасць і паскарэнне цела адносна сістэмы K′ наз. адноснымі (, ), адносна сістэмы K — абсалютнымі (, ), скорасць і паскарэнне сістэмы K′ адносна K — пераноснымі (, ). У кінематыцы паміж гэтымі велічынямі ўстаноўлена залежнасць:
;
, дзе — Карыяліса паскарэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІЯ́ЦКА-ЦІХААКІЯ́НСКІ САВЕ́Т (Asian and Pacific Council; АЗПАК),
рэгіянальны паліт.-эканам. саюз краін Далёкага Усходу і зах. часткі Ціхага акіяна. Створаны ў 1966 Японіяй, Аўстраліяй, Новай Зеландыяй, Тайландам, Філіпінамі, Малайзіяй, Паўд. Карэяй, Тайванем і Паўд. В’етнамам з мэтай ваен. і гандлёва-эканам. супрацоўніцтва ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Пры АЗПАК дзейнічае рэгіянальны цэнтр па прадуктах харчавання і ўгнаеннях (Тайвань), культ. і сац. цэнтр (Паўд. Карэя). Вышэйшы орган паміж сесіямі савета — пастаянны к-т, выканаўчы орган — сакратарыят. Штаб-кватэра ў Бангкоку (Тайланд). У 1990 у АЗПАК уваходзілі Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўд. Карэя, Тайланд, Філіпіны.