эстонскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Эстоніі (1968). Нар.арт.СССР (1977). Канд. мастацтвазнаўства (1964). Скончыў Талінскае вучылішча сцэн. мастацтва (1941), Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1955). У 1941—50, 1955—58, 1964—65 у Эст. т-ры імя В.Кінгісепа, з 1970 яго гал. рэжысёр. Ініцыятар стварэння і гал. рэжысёр (1965—70) Эстр. маладзёжнага т-ра (Талін). Адначасова з 1957 выкладаў у Талінскай кансерваторыі. Рэжысёрскаму мастацтву характэрны вастрыня сцэн. формы, наватарскае рашэнне стылю і жанру спектакля. Сярод пастановак: «Каралю холадна» (1955), «Чалавек і Бог» (1962), «Чалавек і чалавек» (1972) А.Тамсаарэ, «Атлантычны акіян» (1956), «Дзікі капітан» (1964, 1966) Ю.Смуула, «Няўлоўны цуд» Э. Вільдэ, «Пан Пунціла і яго слуга Маці» Б.Брэхта (1958), «Назад да Мафусаіла» Б.Шоу (1965), «Гамлет» (1966), «Рычард III» (1975) У.Шэкспіра, «Будаўнік Сольнес» Г.Ібсена (1974). Выканаў ролі Важака («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Пабеданосікава («Лазня» У.Маякоўскага) і інш. Здымаўся ў кіно. Аўтар кніг. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.
Тв.:
Рус.пер. — Труд и талант в творчестве актера. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя (паразітычныя) арганізмы (ад грэч. parasitos нахлебнік),
арганізмы, якія жывуць на паверхні (эктапаразіты) або ў целе (эндапаразіты) інш. арганізма (т.зв. гаспадара), кормяцца за кошт яго тканак, сокаў або змесціва стрававальнага тракту і часткова або цалкам ускладаюць на яго рэгуляванне сваіх узаемаадносін са знешнім асяроддзем. Выклікаюць у арганізме гаспадара імунабіял. і паталаг. рэакцыі. На Беларусі выяўлена некалькі тысяч відаў паразітычных жывёл (паразіты мед., вет. і агранамічнага значэння).
П. падзяляюць на аблігатных (абавязковых) і факультатыўных (неабавязковых). Розныя сістэм. групы і віды арганізмаў маюць спецыфічны склад П. Найб. пашыраны П. сярод вірусаў, бактэрый, прасцейшых, грыбоў, чарвей і членістаногіх. Многія эндапаразіты выклікаюць захворванні жывёл і чалавека (малярыя, тулярэмія, энцэфаліты, гельмінтозы і інш.). Эктапаразіты (пераважна крывасмокі: камары, мошкі, кляшчы, блохі, вошы і інш.) — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (малярыя, тыф, чума і інш.). Для жывёл-П. характэрны спрошчаныя або рэдукаваныя стрававальная сістэма і органы пачуццяў, добра развітыя органы размнажэння (забяспечваюць вял. плоднасць) і прымацавання (для ўтрымання на целе або ўнутры гаспадара) і інш. П. вывучае паразіталогія, паразітацэналогія. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА (Надзея Васілеўна) (н. 15.5.1956, г. Чэбаксары, Чувашыя),
расійская артыстка балета. Нар.арт. Чувашыі (1980). Нар.арт.СССР (1984). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1974, педагог Л.Сахарава), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1983). З 1972 салістка Пермскага т-ра оперы і балета, у 1975—95 у Вял. т-ры ў Маскве. Балерына лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначаюць адухоўленасць і грацыёзнасць пластыкі, бездакорная танц. тэхніка. Сярод партый: Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія, Маша («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Прынцэса («Драўляны прынц» Б.Бартака), Джульета, Кацярына («Рамэо і Джульета», «Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Шырын («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Валянціна («Ангара» А.Эшпая). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу маладых балетмайстраў і артыстаў балета (1972), Гран-пры Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1973; абодва Масква). Здымалася ў кіно і на тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТЫПА́ (Марыус Іванавіч) (11.3.1818, г. Марсель, Францыя — 14.7.1910),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. На сцэне з 1838. Сярод партый: Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Конрад («Карсар» А.Адана) і інш. З 1847 жыў у Расіі. У 1855—87 выкладаў у Пецярб.тэатр. вучылішчы. З 1862 балетмайстар, у 1869—1903 гал. балетмайстар Пецярб. балетнай трупы. Паставіў больш за 60 балетаў, у т. л. «Карсар» (1863) і «Жызэль» (1884) Адана, «Дон Кіхот» (1869) і «Баядэрка» (1877) Л.Мінкуса, «Наяда і рыбак» (1874) і «Канёк-Гарбунок» (1895) Пуні, «Лебядзінае возера» (1895) П.Чайкоўскага (з Л.Івановым). Вяршыня творчасці П. — пастаноўка балетаў «Спячая прыгажуня» Чайкоўскага (1890) і «Раймонда» А.Глазунова (1898). Яго пастаноўкі вызначаліся майстэрствам кампазіцыі, зладжанасцю харэаграфічнага ансамбля, віртуознай распрацоўкай сольных партый. Стварыў сістэму балетнага акадэмізму, па-наватарску вырашыў праблему ўзаемадзеяння класічнага і характарнага танца, даў непераўзыдзеныя ўзоры абагульненай яго вобразнасці. Многія балеты з харэаграфіяй П. пастаўлены ў Нац.акад. т-ры балета Рэспублікі Беларусь.
Тв.:
Материалы. Воспоминания. Статьи. Л., 1971.
Літ.:
Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. М.; Л., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЮ́ЗІНА (Ніна Васілеўна) (н. 25.8.1944, в. Васілева Глінкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык) і графіцы (акварэль). Творчасці ўласцівы абагульненая мадэліроўка форм, рытмічнасць кампазіцый, гарманічнасць колеравых спалучэнняў, зварот да бел. фальклорных і гіст. сюжэтаў. Сярод твораў: габелены «Апошні ліст» (1969), «Легенда пра возера Свіцязь» (1972), «Навука пра зоркі» (1975), «Перад зорнай дарогай» (1976), «Святочная ноч» (1977), «Летні дождж» (1981), «Беларусь» (з П.Бондарам), «Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі» (абодва 1982), «Несуцішны боль», «Легенды Мядзельшчыны» (трыпціх; усе 1984), «Беларускае вяселле» (серыя, 1989), «Узвіжанскі спакус», «Абуджэнне», «Кліч зямлі» (усе 1992), «Няўмольны час» (1996); батыкі: трыпціх «Трыумф жыцця» (з Н.Бандарэнка), «Нечаканае ўсхваляванне» (усе 1990), «Летнія ліўні», «Зацішша», «За акном мае вішні» (усе 1994), «Купалле», «Рэха кахання» (серыя; усе 1995); акварэлі «Жамчужны бераг» (1971), «Хрызантэмы» (1975), «Дары сонца», «Сумны бэз» (абедзве 1997) і інш. Пра П. зняты фільм «Безыменная таямніца» (1998; рэж. Ю.Сцяпанаў). Іл.гл. таксама да арт.Габелен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСЦІНІСТАВУ́СЫЯ ЖУКІ́ (Scarabaeidae),
сямейства насякомых атр. цвердакрылых. 2 экалагічныя групы: гнаевікі і хрушчы. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. Да П. належаць бронзаўкі, гнаевікі, майскія хрушчы, хрушчы, хрушчыкі, васковікі, гнаевічкі, каранягрызы, шаўкоўкі і інш.Сярод П. шмат шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Многія віды — апыляльнікі раслін, прыродныя санітары. На Беларусі каля 40 відаў.
Даўж. 0,2—15,5 см, на Беларусі — да 4,1 см. Цела шырокае, выпуклае. Вусікі 3—7-членікавыя, з пласціністай (адсюль назва), зрэдку конусападобнай булавой. Пярэднія ногі рыючыя, лапкі 5-членікавыя. У самцоў галава і пярэдняспінка часта з рагамі і бугаркамі. Канец брушка пераважна не пакрыты надкрыламі. Лічынкі мясістыя, белыя, С-падобна выгнутыя, з добра развітымі нагамі і вял. галавой; жывуць у глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках, мурашніках, норах грызуноў і інш.; кормяцца каранямі, рэшткамі раслін, гноем. Жукі кормяцца надземнымі ч., сокам, рэшткамі раслін, гноем, зрэдку трупамі, грыбамі, некат. не кормяцца. Многія віды нарыхтоўваюць корм для лічынак, закопваючы яго ў земляных норах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯТ (Расціслаў Янавіч) (13.12.1908, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.6.1989),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Вучыўся на драм. курсах пад кіраўніцтвам Ю.Завадскага. З 1927 акцёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Завадскага, з 1938 — Т-ра імя Ленінскага камсамола, з 1941 — Маскоўскага т-ра драмы, з 1943 — Т-ра імя Массавета. Яго творчасць вылучалася шырокім артыстычным дыяпазонам, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення, інтэлектуальнасцю, іранічнасцю. Сярод роляў: Крогстад («Нора» Г.Ібсена, 1939, 1959), Бурмін («Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, 1941), Нінкавіч («Пані міністэрша» Б.Нушыча, 1946), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці, 1963), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу, 1964), Барлей Купер («Далей — цішыня» В.Дэльмар, 1969), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага, 1980) і інш. З 1938 здымаўся ў кіно: «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Масква—Генуя» (1964), «Іду на навальніцу» (1966), «Пасляслоўе» (1984), у тэлефільмах «Ўся каралеўская раць» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш. Аўтар кн. «Без эпілога» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1982.
Літ.:
Р.Я.Плятт: Воспоминания друзей и коллег. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЯМІЭЛІ́Т (ад грэч. polios шэры + myelos спінны мозг),
хвароба Гейнэ-Медзіна, эпідэмічны дзіцячы параліч, вострая інфекцыйная хвароба, якая пашкоджвае нерв. сістэму, пераважна шэрае рэчыва спіннога мозга. Бывае ад лёгкіх форм (катаральныя з’явы) да цяжкіх паралічаў. Пашыраны сярод дзяцей. Узбуджальнік — паліявірус (3 незалежных тыпаў). Крыніца інфекцыі — хворы на П. або вірусаносьбіт. Заражэнне адбываецца праз стрававальна-кішачны тракт і паветрана-кропельным шляхам. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы, рэгіянарных лімфатычных вузлах, пранікае ў кроў. Адрозніваюць непаралітычныя формы П., падобныя да менінгіту або да вострага кішачнага расстройства, і паралітычныя (спінальная, бульбарная, панцінная), калі развіваюцца вялыя парэзы і паралічы мышцаў, назіраюцца асіметрычныя паралічы ног, рук, плечавога пояса; аднаўленчы перыяд 2 гады, аднак у 50% хворых на П. развіваецца пажыццёвая інваліднасць (укарачаюцца канечнасці, адбываецца атрафія мышцаў). Для папярэджання П. праводзіцца вакцынацыя дзяцей. Лячэнне сімптаматычнае. На Беларусі значны ўклад у ліквідаванне П. зрабілі Э.Ф.Фельдман, Х.А.Протас. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. П. ліквідуецца як інфекц. хвароба, што выклікаецца «дзікім» (завозным) штамам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАЗА́НАЎ (Якаў Аляксандравіч) (4.2.1881, Масква — 8.8.1945),
расійскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў рас. кінематаграфіі. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Узбекістана (1943). У кіно з 1907, першы фільм — «Бахчысарайскі фантан» (1909). Да 1918 паставіў каля 80 фільмаў, у т. л. «Вайна і мір» (з У.Р.Гардзіным; паводле Л.Талстога), «Д’яблы» (паводле Ф.Дастаеўскага; абодва 1915), «Пікавая дама» (1916; паводле А.Пушкіна) і «Айцец Сергій» (1918; паводле Л.Талстога). З 1920 працаваў у Парыжы і Берліне. З 1923 у Расіі. Зняў фільмы: «Аэліта» (1924; паводле А.Талстога), камедыі «Закройшчык з Таржка» (1925), «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Дон Дыега і Пелагея» (1928), «Свята святога Іоргена» (1930), «Насрэдзін у Бухары» (1943). Сяродінш. фільмаў: «Сорак першы» (1927; паводле Б.Лаўранёва), «Белы арол» (1928; паводле апавяд. Л.Андрэева «Губернатар»), «Беспасажніца» (1937; паводле А.Астроўскага), «Салават Юлаеў» (1941), фільм-памфлет «Марыянеткі» (1934) і інш. Яго творчасць вызначалася высокім прафес. майстэрствам, увагай да мастацтва акцёра, увасабленнем лепшых традыцый рус. тэатра і л-ры ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ (Іван Міхайлавіч) (н. 1.2.1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак-акварэліст. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1957), Маскоўскі паліграф.ін-т (1965).
З 1958 працаваў у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у выд-вах «Ураджай», «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1985—2000 у час. «Работніца і сялянка». Творы вылучаюцца дакладнасцю малюнка, тонкім пачуццём колеру, змястоўнай і эмац. напоўненасцю. Аўтар пейзажаў «Лагойшчына» (1969), «Навальніца над Нараччу» (1972), «Стары Браслаў» (1976), «Восень у Вязынцы» (1980), «Вечны кліч. Адвечнае» (1982), «Вячэрні звон» (1998) і інш.Сярод тэматычных карцін: «Мелодыя роднага краю» (1969), «Случчына мая, мае бацькі» (1971), «Маці. Прысвячаецца Н.Ф.Купрыянавай і яе сынам» (1975), «Вяселле ў Падгор’і» (1978), «Набат 1863 г. К.Каліноўскі і Марыся» (1989), «Трывожныя сны ветэрана» (1995); трыпціх «Балада» (памяці А.Міцкевіча; 1998); партрэтаў П.Броўкі і «Думы Цёткі (Алаіза Пашкевіч)» (1976), «Кірыла Тураўскі» (1979), «Развітанне ў Ляўках Я.Коласа і Я.Купалы» (1982), «Кветкі Радзімы. Францыск Скарына» (1988), «Асветніца Ефрасіння Полацкая» (1990), «Партрэт бацькі» (1999). Аўтар серый помнікаў стараж. архітэктуры Беларусі (1979—81), «Акорды роднай мелодыі» (2000), малюнкаў.