ГРЫ́ЗІ
(Grisi) Карлота (28.6.1819, Візінада, п-аў Істрыя — 25.5.1899),
італьянская артыстка балета і спявачка; адна з відных прадстаўніц рамант. балета. Вучылася ў балетнай школе т-ра «Ла Скала». У 1832—53 выступала на сцэнах многіх т-раў Італіі і за мяжой, у т. л. ў Лондане, Парыжы, Пецярбургу; з 1833 разам з Ж.Перо, настаўнікам і мужам, які ў многім вызначыў яе творчы лёс. Сусв. вядомасць ёй прынесла першае выкананне напісанай для яе партыі Жызэлі («Жызэль» А.Адана) у Парыжскай оперы (1841). Сярод інш. партый: Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Перы («Перы» Ф.Бургмюлера). У балетах «Чатыры стыхіі» Дж.Баеці, «Па-дэ-катр» і «Поры года» Пуні танцавала разам з М.Тальёні, Л.Гран, Ф.Чэрыта. Валодала драм. талентам. Яе творчасць прадвызначыла многія дасягненні віртуознага жаночага танца 2-й пал. 19 ст. Яе кар’еру спыніў няшчасны выпадак у 34-гадовым узросце.
т. 5, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)