НЕКРО́З (грэч. nekrōsis амярцвенне ад nekros мёртвы),
амярцвенне, прыжыццёвая гібель клетак, частак тканкі ці органа. Прычыны: мех. і тэрмічныя фактары, іанізавальнае выпрамяненне, хім. рэчывы, таксіны мікраарганізмаў, парушэнні кровазвароту тканак. Настае звычайна за паранекрозам (абарачальныя дыстрафічныя змены) і некрабіёзам (неабарачальныя дыстрафічныя змены). Марфалагічна Н. характарызуецца гібеллю ядра клеткі і цытаплазмы; у выніку ўтвараюцца бесструктурныя гамагенныя некратычныя масы. Адрозніваюць прамы Н. (пры непасрэдным уздзеянні прычыннага фактару на тканкі, напр., пры мех. або тэрмічным) і непрамы (у выніку сасудзістых ці нервова-эндакрынных парушэнняў). Формы Н.: сухі, вільготны, гангрэна і асобныя разнавіднасці (інфаркт міякарда, пролежань і інш.). Пры сухім Н. амярцвелыя масы ўшчыльняюцца (каагуляцыя бялку) і абязводжваюцца (напр., тварожысты Н. пры туберкулёзе). Вільготны Н. бывае ў органах, багатых вадкасцю, напр., у галаўным мозгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РВЫ (лац. nervus ад грэч. neuron нерв, жыла),
цяжы нервовай тканкі, што звязваюць мозг і нервовыя вузлы з інш. тканкамі і органамі цела. Утвораны пучкамі нерв. валокнаў — адросткамі нейронаў (аксоны разам з іх абалонкамі), якія праводзяць нерв. імпульс. Звычайна Н. маюць 103—104 валокнаў. Па кожнаму валакну імпульс распаўсюджваецца ізалявана. Адрозніваюць Н. чуллівыя (аферэнтныя, цэнтраімклівыя), рухальныя (эферэнтныя, цэнтрабежныя) і змешаныя. У пазваночных жывёл і чалавека ад галаўнога мозга адыходзяць чэрапнамазгавыя нервы, ад спіннога — спіннамазгавыя нервы. Некалькі суседніх Н. утвараюць нерв. спляценні (сеткавыя злучэнні нерв. валокнаў, якія забяспечваюць чуллівую і рухальную інервацыю скуры, шкілетных мышцаў і ўнутр. органаў пазваночных жывёл і чалавека). Паводле характару інервацыі органаў Н. класіфікуюць на вегетатыўныя і саматычныя. Іх сукупнасць утварае перыферычную нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́ТРЫЯ, бабёр балотны (Myocastor coypus),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы (мясц. назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.
Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЯ́СЫЦІ (Strix),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жывуць у лясах, гарах, парках пераважна ў дуплах, часам у чужых гнёздах, на зямлі, у норах. Аселыя. На Беларусі 3 віды: няясыць барадатая, Н. даўгахвостая, або уральская (S. uralensis), якія занесены ў Чырв. кнігу, і Н. звычайная, або шэрая (S. aluco).
Даўж. да 84 см, маса да 1,2 кг. Апярэнне густое, рыхлае, мяккае, шэрае або рыжаватае са стракацінкамі. Галава вял., круглая, тваравы дыск добра развіты. Вочы з бурай радужынай. Дзюба моцная. Крылы шырокія, закругленыя. Хвост сярэдняй даўжыні. Пальцы звычайна апераныя. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, жабамі, беспазваночнымі. Нясуць 2—6, зрэдку да 8 яец.
высоказаразная інфекц. хвароба, якая выклікаецца грыбападобнай мікаплазмай. Пашкоджвае пераважна лёгкія (крупознае запаленне з захопам міждолькавай злучальнай тканкі і сасудаў, некрозам асобных участкаў) і плеўру (серозна-фіброзны плеўрыт). Найб. пашырана ў Афрыцы, адзначаецца ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі. Каранцінная хвароба.
Узбуджальнік выдзяляецца з макротай, выцяканнямі з носа, малаком, мачой хворых жывёл. Заражэнне адбываецца праз бронхі паветрана-кропельным шляхам. Цячэнне звышвострае, вострае, падвострае ці хранічнае, часам абартыўнае (кароткачасовае, з няпоўным развіццём хваробы). Назіраюцца ліхаманка з высокай т-рай, прыгнечанасць, парушэнні дыхання, кашаль, балючасць у вобласці міжрэберных прамежкаў і пазваночніка, выцяканні з носа, расстройствы стрававальнага тракту, бледнасць слізістых абалонак, ацёкі канечнасцей і ніжняга боку цела і інш.Звычайна жывёлы гінуць.
паслядоўнасць ферментатыўных рэакцый акіслення глюкоза-6-фасфату да вуглякіслага газу і вады. Адбываецца ў цытаплазме жывых клетак і суправаджаецца ўтварэннем адноўленага каферменту нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ∙H).
Агульнае ўраўненне П.ц.: 6 глюкоза-6-фасфат + 12 НАДФ = 6 CO2 + 12 НАДФ∙H + 12H+ + 5 глюкоза-6-фасфат + H3PO4. Звычайна не выкарыстоўваецца клеткай для атрымання энергіі, таму што не з’яўляецца асн. шляхам абмену глюкозы. Біял. значэнне П.ц. — забеспячэнне клеткі адноўленым НАДФ, неабходным для біясінтэзу тлустых к-т, халестэрыну, стэроідных гармонаў, пурынаў і інш.найважн. злучэнняў. Выяўлены ў жывёл, раслін, мікраарганізмаў. У млекакормячых высокая актыўнасць П.ц. выяўляецца ў печані, кары наднырачнікаў, тлушчавай тканцы, малочнай залозе ў перыяд лактацыі і ў эмбрыянальных тканках, нізкая — у сардэчнай і шкілетных мышцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎЛЕ́ННЕ,
пераход рэчыва з цвёрдага агрэгатнага стану ў вадкі (гл.Агрэгатныя станы рэчыва); адзін з фазавых пераходаў 1-га роду. Працэс П. адыгрывае важную ролю ў прыродзе (напр., П. лёду і снегу на паверхні Зямлі, мінералаў у яе нетрах) і ў тэхніцы (гл.Плаўка).
П. крышталічных цел адбываецца пры нязменнай т-ры (гл.Тэмпература плаўлення) незалежна ад колькасці падведзенай цеплаты і характарызуецца цеплатой плаўлення. Залежнасць т-ры П. ад знешняга ціску выражаецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Пры П. ўдзельны аб’ём цела звычайна павялічваецца і т-ра П. расце з ростам ціску (за выключэннем, напр., лёду, вісмуту, галію, шчыльнасць якіх пры П. памяншаецца). Аморфныя целы не маюць пэўнай т-ры П. і пераходзяць у вадкі стан паступова ў некат. дыяпазоне т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ІДНАСЦЬ (ад грэч. ploos кратны + eidos выгляд),
колькасць набораў храмасом, якія знаходзяцца ў клетцы або ва ўсіх клетках шматклетачнага арганізма. Характэрная для ўсіх асобін пэўнага віду. Арганізмы або клеткі, што маюць 1 поўны набор храмасом (мінім. ўзровень П.), наз. гаплоіднымі (n=1). Звычайна гаплоідныя палавыя клеткі, гаметафіты імхоў, папарацей і інш. Для большасці эўкарыёт нармальны ўзровень П. саматычных (не палавых) клетак роўны 2 (дыплоіднасць). Для некат. відаў характэрны больш высокі ўзровень П. (поліплаідыя). Змена П. ўласціва ўсім відам з палавым працэсам: зліццё гамет аднолькавай П. дае зіготу, П. якой у 2 разы вышэйшая; пры ўтварэнні гамет пасля меёзу П. зніжаецца ў 2 разы. Павелічэнне ўзроўню П. ў норме часта бывае ў клетках некат. органаў чалавека (напр., у печані) і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад полі... + кандэнсацыя),
метад сінтэзу палімераў, заснаваны на рэакцыі паміж сабой бі- або поліфункцыян. манамераў і (ці) алігамераў, якая звычайна суправаджаецца вылучэннем нізкамалекулярнага прадукту (вады, аміяку, спірту і інш.); адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў.
П. біфункцыян. манамераў наз. лінейнай, П. з удзелам манамераў, у якіх больш за 2 функцыян. групы, — трохвымернай; у выніку ўтвараюцца, адпаведна, лінейныя і сеткавыя палімеры. Разнавіднасць П. — поліцыклакандэнсацыя, пры якой адначасова з П. адбываецца ўнутрымалекулярная цыклізацыя лінейнага прадукту. П. ляжыць у аснове біясінтэзу бялкоў, нуклеінавых кіслот, цэлюлозы, крухмалу і інш. У прам-сці выкарыстоўваюць для атрымання поліэфіраў (напр., поліэтылентэрэфталату), сінт. смол (напр., фенола-фармальдэгідных смол), поліамідаў, полікарбанатаў, поліўрэтанаў і інш.
Літ.:
Соколов Л.Б. Основы синтеза полимеров методом поликонденсации. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ ЦЯПЛА́,
мясцовасці на зямным шары з найбольш высокімі тэмпературамі паветра каля зямной паверхні, звычайна ў трапічных паясах. У Паўн. паўшар’і: у пустыні Тар у Індыі (да 53 °C), у пустыні Махаве (Даліна Смерці) у ЗША (да 56,7 °C), у Лівійскай пустыні каля Эль-Азізіі (да 57,8 °C). У Афрыцы (у р-не г. Масаўа, у Эфіопіі) самая высокая сярэднегадавая т-ра паветра на Зямлі (30,2 °C). У Паўд. паўшар’і найвыш.т-ра паветра: у даліне р. Фліндэрс у Аўстраліі (53 °C), у даліне р. Парана ў Паўд. Амерыцы (47 °C). У Сусветным ак.найвыш. т-ры паверхневага слоя вады ў Персідскім зал. (35,6 °C), у паўд.ч. Чырвонага м. і ў Мексіканскім зал. (33 °C).