вяско́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да вёскі, уласцівы вёсцы. Вясковая хата. Вясковае жыццё.

2. Які жыве, працуе, дзейнічае ў вёсцы, у сельскай мясцовасці. Вясковы хлопец. Вясковы настаўнік. Вясковы карэспандэнт. □ Сярод вясковага люду аўтарытэт Самабыля, як краўца і слаўнага чалавека, стаіць надзвычайна высока. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак., каго.

Прызнаўшы вінаватым, вызначыць меру пакарання ў судовым парадку; асудзіць. Яшчэ пры цары .. [Цімоха] засудзілі на два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы. Колас. — Засудзяць.. — чую за спіной усхліп. У зале стаіць напружаная цішыня. Суддзя чытае абвінаваўчае заключэнне. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак., што і да чаго.

Прастаяць да канца чаго‑н., да якога‑н. часу. Дастаяць вахту. □ [Вэня Шпулькевіч] увайшоў у прытвор і праводзіў вачамі кожнага, хто ўваходзіў сюды. Так ён стаяў, пакуль не пачалася адправа. Не дастану і да сярэдзіны яе, пайшоў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схо́дні, ‑яў; адз. сходня, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і сходы. Катэр стаіць напроці старых вязаў, і па сходнях бягуць, спяшаючыся, на паром людзі. Савіцкі. Усеўся [Іван] на халодных бетонных сходнях ганка і стаў чакаць. Дуброўскі. Матрос клаў доўгую сходню паміж бортам і берагам. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узгадава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Разм. Выгадавацца, выхавацца, узрасці (пераважна пра людзей). Вёска Дуброўка на Уздзеншчыне, дзе нарадзіўся, узгадаваўся я, — у думках маіх стаіць, у сэрцы маім жыве, нейкай таямнічаю, чароўнаю сілаю вабіць да сябе. Бялевіч. // Вырасці. Пшаніца ўзгадавалася даўно, Ад ураджаю ломіцца гумно. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызагру́дак Месца ў полі або ў лесе, дзе стаіць летам жывёла ў час гарачыні (Жытк.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧ (Станіслаў Нікадзімавіч) (10.2.1883, маёнтак Мейшты, Браслаўскі р-н Віцебскай вобл. — 10.5.1940),

ваенны і паліт. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Паўн.-Зах. фронце, штаб-ротмістр. Вясной 1918 уступіў у Чырв. Армію, але ў ліст. 1918 разам са сваім палком перайшоў на бок Пскоўскага добраахвотніцкага корпуса белых, з мая 1919 — ген.-маёр. У студз. 1920 прыняты са сваім конным атрадам у склад войска БНР і з дазволу польскіх улад накіраваны на Палессе, рабіў кав. налёты на тылы і асобныя часці Чырв. Арміі. У ліп. 1920 пайшоў на пагадненне са старшынёй Рус. паліт. к-та ў Польшчы Б.В.Савінкавым аб сумеснай барацьбе супраць сав. улады, падрыхтаваў і ажыццявіў Булак-Балаховіча паход 1920. У 1920—30-я г. ў Польшчы, ген. брыгады польск. войска. У 1937—39 прымаў удзел у грамадз. вайне ў Іспаніі на баку Ф.​Франка. У 2-ю сусв. вайну ў вер. 1939 удзельнічаў у абароне Варшавы. Вёў падпольную работу супраць акупантаў. Забіты гестапаўцамі ў час арышту.

Літ.:

Cabanowcki M. Generał Stanisław Bułak-Bułachowicz. Warszawa, 1993;

Чобат А. Станіслаў Булак-Балаховіч // Спадчына. 1995. № 3.

А.​П.​Грыцкевіч.

С.Н.Булак-Балаховіч (стаіць чацвёрты злева) пасля пераходу Заходняй Дзвіны. 14.3.1920.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

найбольш пашыраная пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 10. Мае 10 сімвалаў — лічбы 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9. Мяркуюць, што выбар у якасці асновы ліку 10 бярэ пачатак ад лічэння на пальцах. Узнікла на аснове нумарацыі, якая зарадзілася ў Індыі ў 5 ст., назву арабскай атрымала таму, што ў Еўропе з ёй пазнаёміліся ў 10—12 ст. па лац. перакладах з араб. мовы; у Расіі Дз.с.л. пачала пашырацца з 17 ст.

Пазіцыйны прынцып Дз.с.л. азначае, што адзін і той жа знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад таго месца, на якім ён стаіць, і таму асобныя сімвалы патрэбныя толькі пры запісе першых 10 лікаў. Лік 10 (аснова Дз.с.л.) утварае адзінку 2-га разраду, 10 адзінак 2-га разраду (лік 100 = 10​2) — адзінку 3-га разраду і г.д. (адзінка кожнага наступнага разраду ў 10 разоў большая за адзінку папярэдняга). Для запісу ліку ў Дз.с.л. выяўляюць колькасць адзінак найвышэйшага разраду, потым у астачы — колькасць адзінак разраду, на 1 меншага, і г.д. Атрыманыя лічбы запісваюць побач, напр., 4∙10​2 + 7∙10​1 + 3∙10​0 = 473. Гл. таксама Лічэнне.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ (Арцямоўскі) Сямён Сцяпанавіч

(16.2.1813, г. Гарадзішча, Украіна — 17.4.1873),

украінскі і рускі спявак (барытон), кампазітар, драм. акцёр, драматург. Вучыўся ў кіеўскіх духоўным вучылішчы (1824—30) і духоўнай семінарыі (1835—38), удасканальваў майстэрства ў Прыдворнай пеўчай капэле (Пецярбург) пад кіраўніцтвам М.Глінкі. У 1842—64 саліст імператарскай оперы ў Пецярбургу (перыядычна выступаў у спектаклях італьян. оперы і драматычных). У 1864—65 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным прыгожым голасам і драм. талентам. Выканаў больш за 50 оперных партый, у т. л. Руслан («Руслан і Людміла» Глінкі), Мазета («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Антоніо, лорд Генрых Эштан («Лінда ды Шамуні» і «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці). Яго творчасць як кампазітара прасякнута ўкр. нац.-песенным каларытам. Аўтар 1-й укр. оперы «Запарожац за Дунаем» на ўласнае лібрэта (паст. 1863; партыя Карася), тэкстаў і музыкі вадэвіля «Ноч на Івана Купалу» (1852), вак.-харэаграфічнага дывертысмента «Украінскае вяселле» (1851; партыя запарожца-бандурыста), драмы «Караблеразбуральнікі» (1853), рамансаў, песень, у т. л. «Стаіць явар над вадою», прысвечанай яго сябру Т.Шаўчэнку. Як драм. акцёр выступаў у п’есах І.Катлярэўскага.

Літ.:

Кауфман Л. С.​С.​Гулак-Артемовський. Київ, 1962.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК СЛОЎ,

лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.

Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».

Літ.:

Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1987.

П.​У.​Сцяцко.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)