МАТЭРЫЯ́ЛЬНЫ ПУНКТ,
цела, памеры і формы якога неістотныя пры апісанні некат. канкрэтных выпадкаў яго руху; адзін з асн. ідэалізаваных аб’ектаў класічнай механікі. Характарызуецца масай; становішча ў прасторы вызначаецца каардынатамі геам. пункта, у якасці якога звычайна выбіраецца цэнтр цяжару (цэнтр мас) цела (мех. сістэмы). Практычна кожнае цела можна лічыць М.п., калі яно рухаецца паступальна і адлегласці, якія праходзіць цела ўздоўж траекторыі, значна большыя за яго памеры (напр., рух Зямлі і інш. планет вакол Сонца).
т. 10, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖКЛЕ́ТНІКІ,
поласці або міжклетачныя прасторы, якія ўзнікаюць у органах раслін у працэсе гістагенезу пры раз’яднанні суседніх клетак, іх растварэнні або разрыве з наступным адміраннем. Магчыма таксама змешанае ўзнікненне. Зліваючыся, М. ўтвараюць адзіную сістэму каналаў і сазлучаюцца з вонкавым асяроддзем праз вусцейкі. Спрыяюць паляпшэнню газаабмену ў клетках, у іх назапашваюцца прадукты сакрэцыі (камедзі, млечны сок, смала, слізі, эфірны алей і інш.), паступаюць пары вады пры выпарванні. Парэнхімная тканка з буйнымі М., напоўненымі паветрам, наз. аэрэнхімай.
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ МАСТА́ЦТВЫ, прасторавыя мастацтвы, прыгожыя мастацтвы,
паняцце, што аб’ядноўвае віды мастацтва, творы якіх існуюць у прасторы, не змяняюцца і не развіваюцца ў часе і ўспрымаюцца зрокам. Умоўна падзяляюцца на выяўленчыя мастацтвы і невыяўл. (тэктанічныя), дзе зрокава-прасторавыя формы не маюць, як правіла, аналогій у рэчаіснасці (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн, мастацкае канструяванне). Асобны род П.м. — каліграфія. П.м. часта ўваходзяць у склад сінт. відаў мастацтва (тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва, кінамастацтва, тэлевізійнае мастацтва, медыямастацтва і інш.).
т. 12, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ЧАСЦІ́Ц,
уласцівасць мікрааб’ектаў, якая абумоўлена іх спінам і характарызуе ступень сіметрыі або асіметрыі часціц у прасторы.
Часціца з ненулявой масай спакою і спінам s можа знаходзіцца ў адным з 2s + 1 квантавых станаў, якія адпавядаюць рознай арыентацыі спіна адносна зададзенага напрамку. Палярызацыйны стан часціц ёсць суперпазіцыя ўсіх квантавых станаў. Калі каэфіцыенты суперпазіцыі вядомыя, то часціца цалкам палярызавана (чысты стан). Напр., фатон, які мае спін s = 1 і нулявую масу спакою, характарызуецца 2 спінавымі станамі (паралельна і антыпаралельна выбранаму напрамку). Аднолькавасць уласцівасцей часціц па ўсіх напрамках азначае яе бясспінавасць (s = 0) і немагчымасць палярызацыі. Часціцы са спінам 1 (ці больш) маюць дадатковую характарыстыку — выстраенасць, якая сведчыць пра адсутнасць сферычнай сіметрыі і вінтавой восі ў прасторы. Выяўленне незахавання прасторавай цотнасці (1956—57) у слабых узаемадзеяннях дало магчымасць атрымаць палярызаваныя часціцы і ядры ў рэакцыях распадаў. Прадказана натуральная П.ч. у пучку электронаў і пазітронаў пры руху ў магн. полі. Эксперыменты з палярызаванымі пучкамі часціц выкарыстоўваюцца для праверкі сіметрыі фундаментальных узаемадзеянняў, вызначэння спектраскапічных характарыстык ядз. узроўняў, вымярэння магн. дыпольных і эл. квадрупольных момантаў узбуджаных станаў ядра, для праверкі ядз. мадэляў і ўстанаўлення механізмаў ядз. працэсаў.
І.С.Сацункевіч.
т. 12, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
усхо́д¹, -у, М -дзе, м.
1. Паяўленне, час, а таксама месца паяўлення свяціла над гарызонтам.
Устаць да ўсходу сонца.
2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы захаду, і напрамак прасторы, процілеглы захаду; частка гарызонту, дзе ўсходзіць Сонца.
3. (з вялікай літары). Краіны, размешчаныя ў гэтым напрамку і супрацьпастаўленыя Заходняй Еўропе і Амерыцы.
Падарожжа на У.
Блізкі У.
Далёкі У.
○ Паўднёвы ўсход — напрамак паміж поўднем і ўсходам.
Паўночны ўсход — напрамак паміж поўначчу і ўсходам.
|| прым. усхо́дні, -яя, -яе.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
бескане́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае пачатку і канца (у прасторы і часе). Час і прастора бесканечныя.
2. Празмерна доўгі, шырокі, глыбокі, працяглы і пад. Зноў сярод ніў бесканечных, шырокіх Іду, як калісь, у задуме цяпер я. Танк. Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой. Купала.
•••
Бесканечны дзесятковы дроб гл. дроб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мерыдыя́н, ‑а, м.
У геаграфіі — уяўная лінія, якая, праходзячы па паверхні Зямлі, злучае абодва полюсы і перасякае экватар пад прамым вуглом.
•••
Магнітны мерыдыян — вертыкальная плоскасць, якая праходзіць праз магнітную вось стрэлкі ў дадзеным месцы зямной прасторы.
Нябесны мерыдыян — вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз полюсы свету і зеніт, адкуль вядзецца назіранне.
[Ад лац. meridianus — паўдзённы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пя́дзя, ‑і, ж.
1. Старая мера даўжыні, роўная адлегласці паміж канцамі расцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў.
2. Невялікі ўчастак зямлі, прасторы. Кожную пядзю зямлі тут Сваім засланялі мы целам. Танк. У людзей было так мала сенажаці, што яны калаціліся за кожную пядзю. Колас.
•••
Ні пядзі — ніколькі (не аддаць, не саступіць, звычайна пра зямлю).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стэ́павы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стэпу, заняты стэпамі. Стэпавыя прасторы. □ Тысяча камсамольцаў Беларусі накіроўваюцца ў леспрамгас, каб забяспечыць Данбас і іншыя гарады стэпавых раёнаў драўнінай. Дзенісевіч. // Які знаходзіцца, размешчаны ў стэпе. Стэпавая дарога. // Які жыве або расце ў стэпах. Стэпавы кавыль. Стэпавыя птушкі. // Такі, як у стэпе, уласцівы стэпу. Стэпавае паветра.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цесната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Уласцівасць цеснага (у 1 знач.). Цесната памяшкання.
2. Адсутнасць вольнага месца, недахоп патрэбнай плошчы, прасторы. Невялікі з двума вокнамі і балкончыкам пакой быў застаўлены рэчамі — ложкамі, шафай, канапай. Але, нягледзячы на цеснату, тут было чыста і прыбрана. Сапрыка. У цеснаце, ды не ў крыўдзе. Прымаўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)