БІЯЦЭНАЛО́ГІЯ (ад біяцэноз + ...логія),

навука пра згуртаванні жывых арганізмаў — біяцэнозы; частка біягеацэналогіі. Вывучае ўзнікненне, развіццё, структуру, размеркаванне ў прасторы, прадукцыйнасць і дынаміку біяцэнозу, узаемаадносіны паміж рознымі біяцэнозамі і асобнымі іх кампанентамі. Некаторыя вучоныя лічаць біяцэналогію раздзелам экалогіі і геабатанікі. На развіццё біяцэналогіі вял. ўплыў зрабілі працы амер. заолага В.​Шэлфарда, рус. біёлагаў І.​К.​Пачоскага, С.А.Зярнова, Д.​М.​Кашкарава, бел. вучоных Г.Г.Вінберга, І.Д.Юркевіча і інш. Даследаванні па біяцэналогіі ўключаюць мадэліраванне біяцэналагічных працэсаў, маніторынг і прагназаванне. На Беларусі даследаванні ў галіне аграбіяцэналогіі праводзяцца ў НДІ аховы раслін.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)