МАЛЫШЭ́ЎСКІ (Іван Ігнатавіч) (25.7. 1828, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.1.1897),
пісьменнік, гісторык царквы, славяназнавец. Д-р багаслоўя (1873). Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю (1849) і Кіеўскую духоўную акадэмію (1853). У 1862—97 праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе выкладаў гісторыю Расіі і рус. царквы. Даследаваў пытанні гісторыі царквы ў першыя стагоддзі хрысціянства, гісторыю візант. царквы, царквы зах. і паўд. славян. Быў прыхільнікам агульнаслав. культ. адзінства. Аўтар прац «Творы св. Кірылы Тураўскага з апісаннем яго жыцця» (1878), «Кірыла і Мяфодзій» (1885), «Заходняя Русь у барацьбе за веру і народнасць» (1895) і інш.
т. 10, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ПАЛЯ́РНЫ ГОД (МПГ),
перыяд адначасовых геафіз. назіранняў у палярных абласцях і асобных горных ледавіковых раёнах Зямлі па агульнай праграме і адзінай методыцы. У 1-ы МПГ (жн. 1882 — жн. 1883) геафіз., метэаралагічныя і некаторыя біял. назіранні вяліся 12 краінамі ў 13 пунктах паўн. палярнай вобласці і ў 2 — паўд. палярнай вобласці. 2-і МПГ (жн. 1932 — жн. 1933) уключаў таксама першыя радыёзондавыя, радыёфіз. і акустычныя назіранні атмасферы, экспедыцыйныя назіранні з суднаў, вывучэнне горных ледавікоў. Назіранні праводзіліся 45 краінамі на больш як 100 станцыях. Пра 3-і МПГ (1957—58) гл. Міжнародны геафізічны год.
т. 10, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ЙЦЫ,
народ, які насяляў в-аў Крыт у бронзавым веку. Назва ад імя легендарнага цара Мінаса, прапанавана англ. археолагам А.Эвансам. М. — першыя цывілізаваныя еўрапейцы, якія характарызаваліся высокім узроўнем развіцця прадукцыйных сіл. Як культ. група М. паявіліся каля 2500 да н.э. і, магчыма, уяўлялі сабой сінтэз імігрантаў з Анатоліі і мясц. неаліт. насельніцтва. Каля 2000 да н.э. на Крыце пачаўся працэс урбанізацыі, раслі гарады, будаваліся палацы (Кнос, Малія і Фест). Пашыраўся заморскі гандаль. Пасля 1450 да н.э. М. трапілі пад кантроль Мікенаў (гл. таксама Крыта-мікенская культура). Тэрмін М. мае строга культурнае значэнне.
т. 10, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МАЎ (Аляксей Аляксандравіч) (27.1.1916, С.-Пецярбург — 1985),
расійскі фізік, адзін са стваральнікаў першых паскаральнікаў на сустрэчных пучках (калайдэраў). Чл.-кар. АН СССР (1964). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1942). З 1945 у Ін-це атамнай энергіі, з 1959 у Ін-це ядз. фізікі Сіб. аддз. АН СССР. З 1966 у Ін-це фізікі высокіх энергій. Навук. працы па радыёлакацыйных сістэмах і тэхніцы паскаральнікаў элементарных часціц. Распрацаваў і пабудаваў разам з Г.І.Бубкерам першыя ў СССР калайдэры, кіраваў запускам і наладкай пратоннага паскаральніка на 70 ГэВ (г. Серпухаў). Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэмія СССР 1953.
т. 11, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎТА́ЛЕР,
буйная высакапробная сярэбраная манета еўрап. краін у 16—18 ст. (маса 15—14 г.) На тэр. ВКЛ абарачаліся іспанскія П. («залатыя піліпкі») з кантрамаркамі Жыгімонта II Аўгуста 1564, якія мелі прымусовы курс у 30 грошаў польскіх або 24 грошы літоўскія. Першыя вядомыя П. Рэчы Паспалітай з’явіліся ў 1583 з курсам 17,5 гроша польскага. У канцы 16 ст. курс айч. і замежных П. — 20 грошаў, у сярэдзіне 17 ст. — 45, у канцы 17 ст. — 120 грошаў меднай манетай. Паводле рэформы 1766 П. 1767—92 быў роўны 16 сярэбраным або 120 медным манетам.
т. 12, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВІ́НЦЫЯ (лац provincia),
1) падуладныя Рымскай дзяржаве вобласці паза межамі Італіі, якія былі пазбаўлены самастойнасці і кіраваліся рым. намеснікамі.
2) Адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 18 ст. Першыя П. ўтвораны Пятром I у 1711 як адзінкі, на якія падзяляліся губерні; у сваю чаргу П. падзялялася на паветы. Паводле закону 1719 П. ўсталяваны ва ўсёй дзяржаве. Напачатку існавала 45 П., потым іх колькасць павялічылася да 66. Скасаваны паводле «Устанаўленняў пра губерні» (1775).
3) Назва буйных адм.-тэр. адзінак у некат. сучасных краінах (Італія, Іспанія і інш.).
4) Неафіцыйнае вызначэнне аддаленых ад сталіц і буйных гарадоў раёнаў краіны.
т. 12, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ЛІНГ СТОЎНЗ»
(Rolling Stones),
англійская рок-група. Створана ў 1962 у Лондане. У першым складзе: арганізатары і кіраўнікі М.Джагер (вакаліст) і К.Рычардс (гітарыст), а таксама Ч.Уотс (барабаны), Б.Джонс (гітара), Б.Уаймэн (бас-гітара), з 1991 — Джагер, Рычардс, Уотс, Р.Вуд. У першыя гады існавання ў рэпертуары пераважна творы рок-н-рола, песні дуэта Джагер-Рычардс. З канца 1960-х г. выконваюць толькі ўласныя песні, створаныя на аснове блюза. Сярод альбомаў: «Афтэмэс» (1966), «Стыл Вілс» (1989), «Брыджэс ту Бабілон» (1997). Група — лідэр сярод рок-музыкантаў па колькасці «залатых», «плацінавых» і «мультыплацінавых» альбомаў.
Дз.А.Падбярэзскі.
т. 13, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫПІ́ЛЕРЫ (ад англ. repeal разрыў),
удзельнікі нац. руху ў Ірландыі ў 1830—40-я г. за разрыў англа-ірландскай уніі 1801 і аднаўленне асобнага ірландскага парламента. Арганізатар руху Р. — Д.О’Конел, пад кіраўніцтвам якога ў пач. 1830-х г. створаны першыя суполкі Р. У крас. 1840 засн. агульнанац. асацыяцыя Р., якая арганізоўвала мітынгі, петыцыі і інш. грамадз. акцыі ў падтрымку сваіх патрабаванняў. У 1842 сфарміравалася крыло радыкальных Р., якія лічылі разрыў уніі першым крокам у дасягненні поўнай незалежнасці Ірландыі. Фактычна рух Р. перастаў існаваць пасля смерці О’Конела. На яго аснове ўзнік шэраг новых ірландскіх нац. арг-цый.
т. 13, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-КІ́ЛДА (Saint Kilda),
біясферны рэзерват у Вялікабрытаніі, на аднайм. астравах, за 70 км на З ад Гебрыдскіх астравоў. Адзін са старэйшых у свеце (першыя ахоўныя меры ўведзены вікінгамі каля 1000 гадоў назад). Пл. 852 га. Архіпелаг утвораны са стромкіх скал (выш. да 430 м), як вынік разбурэння вулкана. Флора складаецца з беднай скальнай расліннасці. Найбольшыя ў Паўн. Атлантыцы калоніі марскіх птушак (глупышоў, олушаў, тупікаў, качурак і інш.). У выніку геагр. ізаляцыі ўзнік шэраг унікальных эндэмічных форм і відаў жывёл. У 1986 С.-К. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
В.П.Кісель.
т. 14, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)