рэлігія, якая ўзнікла ў 16 ст. ў Паўн.-Зах. Індыі. Засн. ў Пенджабе гуру Нанакам. Пасля яго смерці пропаведзь С. працягвалі 9 гуру (усе яны лічацца пераўвасабленнямі Нанака). Спалучае рысы індуізму і ісламу. Паслядоўнікі С. (сікхі) адмаўляюць індуісцкую ідэю Мнагабожжа, вераць у адзінага Бога, які ўвасабляе ў сабе Тварца, Захавальніка і Разбуральніка. Спасціжэнне Бога сікхі лічаць магчымым для кожнага чалавека, які прытрымліваецца шляху любові, веры, адданасці і разважанняў аб божых дзеяннях. С. адмаўляе каставую сістэму, складаную абрадавасць, аскетызм і пустэльніцтва. Свяшчэнная кніга сікхаў Адыгрантх (санскр. «спрадвечная кніга») аб’ядноўвае гімны 10 гуру С., а таксама гімны Кабіра (15 ст.), Намдзева (15 ст.), Фарыда (13 ст.), Джаядзевы (14 ст.) і інш. прадстаўнікоў індуізму і суфізму. Адмаўленне каставай сістэмы забяспечыла папулярнасць С. сярод сялян і рамеснікаў. У пач. 18 ст. ідэалогія С. паслужыла асновай для барацьбы супраць імперыі Вялікіх Маголаў. У 1765 сікхі стварылі незалежную дзяржаву, у 1849 у выніку Англа-сікхскіх войнаў страцілі незалежнасць. У сучаснай Індыі С. прытрымліваюцца каля 2% насельніцтва (пераважна штат Пенджаб). Рэліг. цэнтр С. — г. Амрытсар, дзе ў «Залатым храме» захоўваецца кніга Адыгрантх.
Літ.:
Семенова Н.И. История сикхского движения в Индии. М., 1963;
Бельский А.Г., Фурман Д.Е. Сикхи и индусы: Религия, политика, терроризм. М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕЙХТВА́НГЕР (Feuchtwanger) Ліён (7.7.1884, г. Мюнхен, Германія — 21.12.1958),
нямецкі пісьменнік. Д-р філасофіі (1907). Вывучаў германістыку і філасофію ва ун-тах Берліна і Мюнхена. З 1933 у эміграцыі (Францыя, ЗША). Пачынаў як тэатр. крытык і драматург. Аўтар сусветна вядомых гіст. раманаў «Брыдкая герцагіня» (1923), «Яўрэй Зюс» (1925), «Ілжэ-Нерон» (1936), «Лісы ў вінаградніку» (1947), «Гоя, або Цяжкі шлях пазнання» (1951), «Мудрасць дзівака, або Смерць і ператварэнне Жан Жака Русо» (1952), гіст. трылогіі «Іудзейская вайна» (1932), «Сыны» (1935), «Настане дзень» (1942), у якіх адлюстраваў падзеі амер. вайны за незалежнасць, франц. рэвалюцыі 1789—94, узаемаадносіны паміж Іудзеяй і Рымам і інш. Трагічная ням. сучаснасць у раманах «Томас Вент» (1920), «Браты Лаўтэнзак» (1943), сац. трылогіі «Зала чакання» («Поспех», 1930; «Сям’я Опенгейм», 1933; «Выгнанне», 1939). У творах аддаваў перавагу сац.-паліт. і філас. праблемам — чалавека і гісторыі, творчай асобы і рэвалюцыі, сузірання і дзеяння, грамадскага прызначэння мастака і мастацтва, мінуўшчыны і сучаснасці; яны адметныя каларытнасцю дэталі, сюжэтнай шматпланавасцю, парабалічнасцю. Многія яго раманы экранізаваны. Аўтар п’ес, апрацовак твораў ант. аўтараў, літ.-крытычных артыкулаў, эсэ і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Сям’я Опенгейм. Мн., 1937;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1988—94;
Избр. произв.Т. 1—4. М., 1992—93.
Літ.:
Рачинская Н.Н. Лион Фейхтвангер. М., 1965;
Нартов К.М. Л.Фейхтвангер — писатель-антифашист. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел ядзернай фізікі, які даследуе структуру атамнага ядра пры невял. энергіях узбуджэння. Асн. задача Я.с. — эксперым. вызначэнне схем узбуджаных узроўняў ядраў і схем іх распаду з далейшым тэарэт. тлумачэннем вынікаў.
Эксперым. даныя (энергіі ўзбуджэння, вуглавыя моманты, цотнасці, час жыцця і інш. характарыстыкі ўзроўняў) атрымліваюцца пры вывучэнні ядзерных рэакцый і распаду атамных ядраў. Тэарэт. Я.с. звязана з рашэннем задачы многіх цел у дастасаванні да нуклонаў у атамным ядры. З-за складанасці задачы карыстаюцца прыбліжанымі метадамі рашэння (мадэлямі), засн. на пэўных фіз. меркаваннях. Найб. часта дапускаюць незалежнасць руху нуклонаў унутры ядра (кожны нуклон мае пэўныя значэнні энергіі, арбітальнага, вуглавога момантаў і інш.), адначасцічнае прыбліжэнне (засн. на існаванні ў ядраў замкнёных абалонак) і калект. мадэль ядра (улічваецца рух нуклонаў, які абумоўлівае змену арыентацыі ядра і формы ядз. паверхні). Абагульненая мадэль ядра, якая ўлічвае калект. рухі нуклонаў, дала магчымасць растлумачыць многія заканамернасці ва ўласцівасцях атамных ядраў. Вынікі даследаванняў па Я.с. выкарыстоўваюцца ў ядз. энергетыцы, радыегеалогіі, нейтронна-актывацыйным аналізе, радыеэкалогіі, радыяцыйнай медыцыне і інш.
На Беларусі даследаванні па Я.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ, «Цэнтры ядзерных тэхналогій — Сосны Нац.АН Беларусі» і інш.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ.Т. 1—4. М., 1969;
Бор О., Моттельсон Б. Структура атомного ядра: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1971—77.
эсдэкі, палітычная партыя на Беларусі ў 1918—24. Яе папярэдніцай была Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), якая ўяўляла сабой блок народнікаў і марксістаў. У 1915 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі, марксісты (І. і А.Луцкевічы, Цётка і інш.) выйшлі з БСГ і ўтварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ). Пасля расколу БСГ (крас. 1918) бел. марксісты, якія дзейнічалі ва ўсх. Беларусі, аб’ядналіся з БСДРГ і ўтварылі з ёю БСДП. Актыўнымі дзеячамі партыі былі В.Л.Іваноўскі, І.І.Краскоўскі, Луцкевічы, Я.Ю.Лёсік, С.А.Рак-Міхайлоўскі, А.А.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, Асн. прынцыпы БСДП: свабода, роўнасць, братэрства, дэмакратыя, прававая дзяржава. Сац. база: кваліфікаваныя рабочыя, адукаваныя сяляне, рамеснікі, інтэлігенцыя. Праект праграмы БСДП складзены ў 1919 Смолічам. Партыя стаяла за нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе сялянам, за развіццё кааперацыі ў вёсцы. Лічыла, што для сацыялізацыі прам-сці на Беларусі яшчэ не наспелі ўмовы, што неадкладная сацыялізацыя прывядзе да «бюракратычнага сацыялізму» і эканам. катастрофы. Прапаноўвала ўвесці ўсеаг., роўнае і прамое выбарчае права з тайным галасаваннем, забяспечыць свабоду слова, друку, партый, арг-цый, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, аддзяленне царквы ад дзяржавы. Выступала за незалежнасць Беларусі як дэмакр. рэспублікі. У БССР дзейнасць партыі спынена арыштам яе актывістаў у сак. 1921. У Зах. Беларусі БСДП была ў апазіцыі да польск. ўрада. Прытрымлівалася легальных, парламенцкіх формаў барацьбы. У 1922 з БСДП вылучылася левае крыло — Беларуская партыя незалежных сацыялістаў на чале з Рак-Міхайлоўскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРТЫФІКА́ЦЫЯ (ад сертыфікат),
сістэма захадаў і дзеянняў, якія пацвярджаюць, што фактычная характарыстыка прадукту адпавядае патрабаванням міжнар. стандартаў, рэкамендацыям або інш. дакументам, якія існуюць на сусв. рынку ці ў асобнай краіне. Служыць сродкам абароны пакупнікоў ад з’яўлення на рынку тавараў, што могуць пагражаць здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю. Часта ўжываецца ў міжнар. гандлі як нетарыфны бар’ер для абароны нац. рынку ад засілля імпартных тавараў. Адрозніваюць самасертыфікацыю, якая ажыццяўляецца прадпрыемствам-вытворцам або іх аб’яднаннямі, і С., якую выконвае трэцяя асоба. Асн. ўмовы самасертыфікацыі: прадукт павінен цалкам адпавядаць патрабаванням стандартаў, тэхн. умоў, дагавораў і інш. дакументаў; высокі ўзровень сістэмы комплексных выпрабаванняў і кантролю якасці ад сыравіны да ўпакоўкі і маркіроўкі тавараў; адказнасць (у т. л. юрыдычная) вытворцы за якасць С. і дакладнасць сертыфіката; даступнасць пакупнікоў да інфармацыі аб метадах выпрабаванняў, аб сістэме кантролю за якасцю вырабу. С. трэцяй асобай ажыццяўляецца сертыфікацыйным цэнтрам краіны, які не мае дачыненняў ні да вытв-сці, ні да пастаўкі дадзенага тавару. Перавагі такой С.: незалежнасць, аднолькавасць патрабаванняў да прадукту і сістэм кантролю, раўнапраўе бакоў, зацікаўленых у С.
На Беларусі С. ажыццяўляецца Камітэтам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзейнічае Нац. сістэма С. — БелСТ. Яна прадугледжвае: С. прадукцыі, паслуг, сістэм якасці і персаналу; інспекцыйны кантроль; падрыхтоўку і атэстацыю экспертаў-аўдытараў; вядзенне рэестра БелСТ, а таксама дзярж. кадастру службовай і грамадз. зброі і інш. Прадпрыемствам, што сертыфікавалі сваю прадукцыю ў БелСТ, даецца права яе маркіроўкі знакам адпаведнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКА́РНА (Sukarno; 6.6.1901, г. Сурабая, Інданезія — 21.6.1970),
палітычны і дзярж. дзеяч Інданезіі. Скончыў Тэхналагічны ін-т у г. Бандунг (1925). Удзельнік стварэння «Бандунгскага даследчага клуба» (1926), на базе якога ў 1927 створана Нац. партыя Інданезіі; яе першы старшыня За антыкалан. дзейнасць у 1929—31 у турме, з 1933—42 у ссылцы. У 1945 сфармуляваў 5 прынцыпаў (нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, народаўладдзе, сац. справядлівасць, вера ў адзінага Бога), якія сталі афіц. ідэалогіяй Інданезіі. 17.8.1945 С. абвясціў незалежнасць Рэспублікі Інданезія. Абраны яе прэзідэнтам, С. узначаліў барацьбу супраць нідэрл. каланізатараў (1945—49). У 1957—59 па яго ініцыятыве ў краіне сфарміраваны лад т.зв. «накіроўнай дэмакратыі» на аснове канцэпцыі функцыянальных груп, члены якіх звязаны агульнай дзейнасцю, рэлігіяй, адукацыяй і г.д. Быў распушчаны парламент, новыя дэпутаты прызначаны асабіста С., які сканцэнтраваў у сваіх руках заканад. і выканаўчую ўладу. У 1963 абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам краіны. С. адзін з ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955 і Недалучэння руху. Яго накірунак на пашырэнне, сувязей з СССР і КНР абвастрыў адносіны з краінамі Захаду, найперш з-за канфлікту з Малайзіяй і выхаду Інданезіі з ААН (студз. 1965). Палітыка С. прывяла да эканам. крызісу, які супаў з вострым канфліктам паміж камуністамі і арміяй. Пасля путчу 30.9.1965 адхілены ад рэальнага кіраўніцтва краінай, у 1967 адмовіўся ад усіх дзярж. пасад.
Тв.:
Рус.пер. — Индонезия обвиняет: Сб. ст. и речей. 3 изд. М., 1961.
Літ.:
Юрьев А.Ю. Сукарно // Политические портреты борцов за национальную независимость. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УА́ЙТХЕД (Whitehead) Алфрэд Норт (15.2.1861, г. Рэмсгіт, Вялікабрытанія — 30.12.1947),
англійскі логік, філосаф і матэматык. Праф. Кембрыджскага і Лонданскага (з 1914), Гарвардскага (з 1924) ун-таў. Адзін з заснавальнікаў лагістычнай школы ў філасофіі матэматыкі, якая ў значнай ступені вызначыла развіццё матэматычнай логікі («Principia mathematica», т. 1—3, 1910—13, з Б.Раселам). Для эвалюцыі філас. поглядаў У. характэрны пераход з пазіцый неарэалізму да аб’ектыўнага ідэалізму, набліжанага да платанізму. Імкнуўся да ўзгаднення філасофіі з прыродазнаўчымі дысцыплінамі, да рацыянальнага абгрунтавання навукі і яе ролі сярод інш. сістэм ведаў (мастацтва, рэлігія, філасофія). Уяўляў прыроду ў выглядзе адзінства падзей («элементарных фактараў пачуццёвага вопыту») і аб’ектаў («вечных элементаў у прыродзе»), што, на яго думку, дазваляе разумець прыроду як працэс і сумясціць палажэнні пра незалежнасць прыроды ад думкі і пра тоеснасць прыроды і вопыту. Лічыў, што ўсё існае з’яўляецца часткай вопыту: індывідуальнага для канечных рэчаў і божага для свету наогул. Сусв. працэс разглядаў як «вопыт Бога», у якім «вечныя аб’екты» пераходзяць з ідэальнага божага свету ў свет фізічны і якасна вызначаюць падзеі. Сцвярджаў, што паколькі падзея мае часовы, зменлівы характар, яна арганічная; прапанаваў замяніць паняцце матэрыі паняццем «арганізм». Лічыў, што аб’ектам вывучэння навукі з’яўляюцца арганізмы (напр., біялогія вывучае больш буйныя арганізмы, фізіка — меншыя). Для сацыялагічных поглядаў У. характэрны разуменне ідэй як гал. рухальных сіл грамадства і абсалютызацыя ролі вучоных у сац. развіцці.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные работы по философии. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́ў Расіі ў 15 ст.,
міжусобная вайна ў 1425—53 (з перапынкамі) за прастол Маскоўскага вялікага княства паміж вял. князем маскоўскім Васілём II [1425—62] і звенігародска-галіцкімі ўдзельнымі князямі — яго дзядзькам Юрыем Дзмітрыевічам з сынамі Васілём Косым і Дзмітрыем Шамякам. У гады малалецтва і маладосці Васіля II княствам кіравала яго маці вял. княгіня Соф’я Вітаўтаўна. У час Ф.в. (паводле формы — дынастычнай спрэчкі) фактычна адбывалася барацьба паміж дзвюма ідэалогіямі развіцця дзяржаўнасці ў Паўн.-Усх. Русі — цэнтралізатарскай вакол Масквы (Васіль II) і ўдзельна-княжацкай (Юрый Дзмітрыевіч з сынамі). Пасля смерці Васіля I (1425) яго брат Юрый Дзмітрыевіч пачаў аспрэчваць правы на маскоўскі прастол у 10-гадовага Васіля 11. У 1433 і 1434 ён на кароткі час захопліваў Маскву, але не знайшоў там падтрымкі ў баяр і гараджан. Пасля смерці Юрыя (1434) гал. праціўнікам Васіля II стаў Васіль Касой (у 1436 яго войскі разбіты, ён схоплены і аслеплены). У лют. 1446 яго брат Дзмітрый Шамяка з дапамогай цвярскога князя захапіў Маскву, асляпіў Васіля II і пасля зняволення ў г. Угліч саслаў яго на княжанне ў Волагду. Шамяка аднавіў вял. Суздальска-Ніжагародскае княства, гарантаваў незалежнасць Ноўгараду, пашырыў правы феад. знаці. Аднак у канцы 1446—пач. 1447 ён скінуты Васілём II, які з дапамогай Цверы вярнуў сабе Маскву. Вайна спынілася ў 1453 са смерцю Дзмітрыя Шамякі. Яе вынікам стала амаль поўнае скасаванне ўдзелаў у Маскоўскім вял. княстве і рэзкая перамена на яго карысць становішча ў Паўн.-Усх. Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНЛЯ́НДСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1918,
узброенае процістаянне (фактычна грамадз. вайна) паміж «чырвонымі» — прыхільнікамі сацыялізацыі фінл. грамадства (С.-д. партыя Фінляндыі і інш. левыя сілы) і іх апанентамі — «белымі» (кансерватыўныя партыі і групоўкі). Адбылася пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, калі Фінляндыя атрымала незалежнасць (абвешчана 6.12.1917). Пачалася 28.1.1918 з захопу атрадамі «чырвоных» улады ў Хельсінкі і гарадах Паўд. Фінляндыі. Часовы фінл. ўрад (сенат) эвакуіраваўся ў г. Вааса. Апорныя пункты «белых» узніклі ў паўн. і цэнтр. частках краіны. За ўладу «чырвоных» змагаліся пераважна добраахвотнікі, якія не мелі вайск. падрыхтоўкі. Ядро арміі «белых» склалі фін. егеры (лёгкія стралкі), якія набылі баявы вопыт у герм. арміі ў 1-ю сусв. вайну. З абодвух бакоў у баях удзельнічалі прыбл. па 70 тыс.чал. З канца лют. — пач.сак. 1918 ваен. ініцыятыва перайшла да «белых», якія з Пн наступалі ў напрамку г. Тамперэ — апорнага пункта «чырвоных». Вайна скончылася ў маі 1918 перамогай войск сената на чале з К.Г.Э.Манергеймам. Іх перамозе паспрыялі заключэнне Брэсцкага міру 1918 (паводле яго з Фінляндыі выведзены рас. вайскоўцы, частка якіх падтрымлівала фінл. «чырвоных») і ўдзел на баку сената экспедыцыйнай герм.Балт. дывізіі (12 тыс.чал.). У ходзе вайны з абодвух бакоў загінула каля 30 тыс.чал.; большасць чырв. вайскоўцаў трапіла ў палон (пазней яны амнісціраваны). У выніку рэвалюцыі ў Фінляндыі ўсталяваліся асновы яе сучаснага дзярж. ладу.
Літ.:
Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;
Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998.