госць, ‑я, Р мн. гасцей; м.

1. Чалавек, запрошаны сваімі блізкімі ці знаёмымі на якую‑н. урачыстасць, частаванне. Званы госць. Сустракаць гасцей. □ З прычыны завяршэння будаўніцтва дома гаспадар наладзіў урачысты баль, склікаў шмат гасцей. Лынькоў.

2. Чалавек, які наведаў каго‑н. выпадкам або з пэўнай мэтай. Нечаканы госць. □ — Вось дык хлопец! Скуль ты гэткі? Ну, зайдзі ж да нас у хату, будзеш нашым госцем, дзетка, Ты — не дрэнны памагаты. Дубоўка. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // (у спалучэнні са словамі «рэдкі», «часты»). Пра таго (тое), што паяўляецца дзе‑н. на які‑н. час. Доўгі час літаратурныя мемуары былі рэдкім госцем на старонках нашага друку. Казека. Начальнік павятовай дэфензівы стаў частым госцем у Караліне. Пальчэўскі.

3. Асоба, афіцыйна запрошаная на якое‑н. пасяджэнне, канферэнцыю, урачыстасць. Прыехала на свята шмат дарагіх гасцей з розных гарадоў Вялікага Саюза — настаўнікі, прафесары, рабочыя, лётчыкі. Бядуля.

4. Гіст. Іншаземны купец. Заморскі госць.

•••

Быць у гасцях — прабываць дзе‑н. на правах госця.

Ісці (ехаць і пад.) у госці — адпраўляцца куды‑н. у якасці госця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́га,

1. Прысл. да тугі.

2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча. [Палкоўнік:] — Калі завяжацца бой, нам будзе туга. Няхай.

3. безас. у знач. вык. Пра недахоп чаго‑н., пра цяжкасці з чым‑н. — З усімі матэрыяламі, хлопцы, туга, — уздыхае начальнік. — Пастаўшчыкі падводзяць. Мыслівец.

туга́, і́, ДМ тузе́, ж.

1. Смутак, маркота, журба. Столькі было тугі па свабодзе і мар пра жыццё, так многа любасці да роднага сабралася ў душы! Брыль. // Пачуццё нуды, выкліканае бяздзейнасцю або немагчымасцю ажыццявіць тое, што задумана. Івана зноў ахапіла туга ад марнасці столькіх яго намаганняў і ў такі час! Быкаў. // Адлюстраванне такога стану, пачуцця (у вачах, на твары і пад.). Зноў на твар .. [маці] кладзецца цень тугі і трывогі. Ракітны. З тваіх вачэй сатру тугу І засвячу празрысты ранак. Матэвушаў. У .. зеленаватых вачах [Яўцеха Гаўрылавіча] была такая туга і такі боль, што нам хацелася хутчэй развітацца, каб не бачыць гэтага. Пянкрат.

2. Выказванне душэўнай прыгнечанасці, скрухі, смутку (у музыцы, песні, вершы і пад.). Вершаў, прасякнутых матывамі тугі, беспрасветнасці жыцця, у Коласа многа, яны закранаюць, бадай, усе больш-менш прыкметныя асяродкі дзейнасці селяніна, яго побыту, працы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кардо́н 1, ‑у, м.

1. Тоўстая цвёрдая папера асобага вырабу і рознага прызначэння. Паліграфічны кардон. Абутковы кардон. Ізаляцыйны кардон. □ Савел Іванавіч.. дастаў шырокі ліст кардону, на якім былі прыколаты дзесяткі два засушаных лістоў барбарысу. Хомчанка.

2. У жывапісе — першапачатковы накід карціны або яе часткі на такой паперы.

[Іт. cartone.]

кардо́н 2, ‑а, м.

1. Дзяржаўная граніца, мяжа. Прабрацца за кардон. □ Ідзе Май у паходы, дазоры, Пад штандарам чырвоным ідзе Цераз пушчы, пустэлі і моры, Нестрыманы нікім і нідзе. Пераходзіць граніцы, кардоны, Бо хто ж можа яго затрымаць, Калі з ім баявыя калоны, Пралетарыяў грозная раць? Колас.

2. Пагранічны або загараджальны атрад. Начальнік кардона. Пагранічны кардон. □ — Не трэба лезці воўку ў пашчу, — сказаў Сцяпан, калі Кандратовіч прапанаваў прабіцца праз кардон казакаў. Арабей. // Ланцуг невялікіх атрадаў, размешчаных па фронту ў адну лінію. На прадвесні прыйшоў да Андрэя загад перадаць неадкладна другому атрад, а самому прайсці цераз фронт, за кардон. Дубоўка. // Пра лясную варту, ахову запаведнікаў. Леснікам дальніх кардонаў мы дазваляем прадаваць дровы на месцы, даём бланкі квітанцый. Навуменка.

3. Месца, дзе знаходзіцца такі атрад, варта. Немцы кінулі пяхоту, Пэўна, — больш за батальён, І бамбілі самалёты Невялікі той кардон. Лужанін.

[Фр. cardon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Прадаўгаватае суквецце хваёвых і некаторых іншых раслін, пакрытае луской. На лясной дарозе, пад старой разлапістай сасной, ляжаць апалыя шышкі. Ігнаценка. Злева, зарослы сівай мятліцай, зялёным лопухам з калючымі шышкамі, ляжаў земляны вал старажытнай крэпасці. Грамовіч. // Плод або гронкі пладоў некаторых раслін, якія формай, знешнім выглядам нагадваюць такое суквецце. Врусніц было многа, яны віселі на куп’і шышкамі, як авечыя хвасты, бурыя ад густога сонца. Пташнікаў.

2. Круглы бугор на целе чалавека, жывёлы; гуз. А шышка ўсё ж падскочыла [ў Артура] на лысіне. Гроднеў. Ад першай да апошняй старонкі героі падалі з лодкі, набівалі шышкі, загледжваліся на дзяўчат, грузлі ў балоце. «Звязда». // Выпуклая няроўнасць, бугор на паверхні чэрапа, якія быццам бы (паводле фрэналогіі) паказваюць на ўласцівасці, здольнасці, схільнасці чалавека. Ды вы зірніце на ягоны [Яшкаў] лоб, Якія мудрыя дзве шышкі! Валасевіч.

3. Разм. іран. Пра якую‑н. важную асобу. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Лынькоў. — А сам ты хто? У якім жа чыне? — Вартую двор! Вартую сад! — Ці чулі вы?! От гэта шышка!.. Бялевіч.

4. Патаўшчэнне авальнай ці акруглай формы на канцы, вярхушцы якога‑н. прадмета, звычайна для ўпрыгожання. Шлем з шышкай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́сяча, ты́сеча, тысіча ‘лік і лічба 1000’, ‘колькасць, якая абазначаецца лічбай 1000’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Вруб.; ашм., Сл. ПЗБ); ‘напасць, смерць’: кап цябе тысяча ўбіла (маг., Рэгіян. асабл., 4), ты́сячы ‘мноства чаго-небудзь, вялікая колькасць’, ‘вялікія грошы, капітал’ (ТСБМ), ці́сяча ‘безліч, многа’: грымаціць, бы там цісяча гармат смаліць (Сержп. Прымхі), císiaczy мн. л. ‘тс’ (Пятк. 3), ст.-бел. тысяча, тисеча, тисяча, тысеча, тысеща, тысяща ‘тысяча’, ‘вялікая колькасць’ (ГСБМ) з перавагай формы тисяча (Карскі 1, 237). Параўн. укр. ти́сяча, рус. ты́сяча ‘тысяча’, стараж.-рус. тысяча ‘апалчэнне, якое дзялілася на сотні’, ц.-слав. тысѫща, тысѧща, польск. tysiąc, н.-луж. tysac, tysec, в.-луж. tysac, чэш. tisíc, ст.-чэш. tisúc, славац. tisíc, славен. tísoč, харв. tȉsuća, балг. старое ти́сеча, ст.-слав. тысѧщи, тысѧща і тысѫщи, тысѫща. Прасл. *tysętja, *tysętjь, *tysǫtja, *tysǫtjь, роднасныя прус. tusimtons (В. скл. мн. л.); апошняя форма, як і літ. tū́kstantis, лат. tũkstuotis, гоц. þūsundi, ст.-в.-ням. dūdundt, нова-в.-ням. Tausend ‘тс’, выводзяцца з і.-е. *tu‑kʼm̥t‑ia ‘вялікая сотня’ < пра-і.-е. *teū‑ > *tūs‑ ‘набрыняць, пухнуць, таўсцець’ + *kʼm̥tom ‘сто’ (Махэк₂, 643; Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 474; Фасмер, 4, 133; Чарных, 2, 275–276; Брукнер, 590; Борысь, 659; Сной, 766; ЕСУМ, 5, 574; Арол, 4, 126). Меркаванні пра запазычанне з германскіх моў (Ваян, RÉS, 24, 184 і інш.) спрэчныя, балтыйскія і германскія формы паралельныя да славянскіх, але не ідэнтычныя ім (Мілеўскі, Teoria, 318); балтыйскія формы, за выключэннем старапрускай, хутчэй запазычаны з ранніх прасл. *tūcentjā, *tūcontjā (Трубачоў, Слав. языкозн. VIII, 311). Славянскія формы з палаталізаваным пачатковым складам утварыліся ў выніку асіміляцыі з наступнымі мяккімі зычнымі, параўн. ESJSt, 17, 1003. Сюды ж тысячагалоў ‘смолка, Vaccaria pyramidata’ (ТСБМ), тысячагоддзе ‘прамежак часу ў 1000 год’, ‘гадавіна тысячагадовай даўнасці’, тысячано́жка ‘мядзведка’ (Мат. Гом.), тысячанышка ‘сараканожка, мнаганожка’ (драг, Сл. Брэс.), ты́сяцкіначальнік ваеннага апалчэння на Русі’, ‘галоўны распарадчык у вясельным абрадзе’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узмацні́ць, ‑мацню, ‑моцніш, ‑моцніць; зак., што.

1. Павялічыць трываласць чаго‑н., умацаваць што‑н. [Алесь:] — Мы ўзмоцнім перамычку на канале, які злучае азярцо .. з возерам Доўгім. Броўка.

2. Зрабіць больш моцным па ступені праяўлення, павялічыць. Узмацніць гук, Узмацніць уражанне. □ Стары алень узмацніў націск. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. / Пра думкі, пачуцці і пад. Тая акалічнасць, што Цётка, Янка Купала, Якуб Колас самі былі сведкамі і ўдзельнікамі рэвалюцыйных падзей, узмацніла іх веру ў народ. Каваленка. // Надаць большую выразнасць, яркасць чаму‑н. (мастацкаму вобразу і пад.). Той жа мэце — паўней рэалізаваць задуму, узмацніць эмацыянальную дзейнасць твора — служыць і інтанацыйнае багацце верша. Гіст. бел. сав. літ.

3. Зрабіць больш моцным, дзейсным, эфектыўным (пра ваенныя дзеянні). Артылерыя ўзмацніла агонь. □ У тыле ворага беларускія партызаны ўзмацнілі ўдары па ворагу. «Маладосць».

4. Павысіць баяздольнасць чаго‑н. Узмацніць гарнізон. □ Ліда прынесла нярадасную вестку: ахову лагера, дзе знаходзіўся Мікола, узмацнілі. Федасеенка. — Падняць усіх, узмацніць пасты, — загадаў начальнік заставы. Пальчэўскі. // Зрабіць больш магутным, больш уплывовым (у эканамічных, палітычных і іншых адносінах). Узмацніць сацыялістычную дзяржаву. □ [Серафім:] — Аднак гэта [арышты членаў КПЗБ] не пахіснула рады партыі, а, наадварот, узмацніла. Машара.

5. Актывізаваць (чыю‑, якую‑н. дзейнасць, работу і пад.); палепшыць. Узмацніць выхаваўчую работу. □ Каб узняць узровень лекцыйнай прапаганды, патрэбна ўзмацніць дапамогу лектарам, праводзіць з імі семінары, .. абагульняць вопыт лепшых. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тре́бовать несов.

1. патрабава́ць; (настойчиво) вымага́ць; (добиваться) дамага́цца;

тре́бовать по́мощи патрабава́ць дапамо́гі;

тре́бовать объясне́ний патрабава́ць (дамага́цца) тлумачэ́нняў;

он сли́шком мно́го тре́бует ён ве́льмі шмат патрабу́е (вымага́е);

2. (нуждаться в чём-л.) патрабава́ць (чаго); быць патрэ́бным (для каго, для чаго і каму, чаму); мець патрэ́бу (у чым);

э́то де́ло тре́бует большо́го о́пыта гэ́та спра́ва патрабу́е вялі́кага во́пыту;

больно́й тре́бует абсолю́тного поко́я хво́раму (для хво́рага) патрэ́бны абсалю́тны спако́й;

расте́ние тре́бует ухо́да раслі́не патрэ́бен до́гляд, раслі́на патрабу́е до́гляду;

3. (вызывать) выкліка́ць; (звать) зваць; клі́каць;

его́ тре́бует нача́льник яго́ выкліка́е нача́льнік;

меня́ тре́буют домо́й мяне́ клі́чуць (заву́ць) дамо́ў; см. потре́бовать;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зялёны, ‑ая, ‑ае; зелен, ‑а.

1. Адзін з колераў сонечнага спектра, сярэдні паміж жоўтым і блакітным; колеру травы, зелені. Зялёны колер. Зялёная фарба. Зялёная тканіна. □ Пад цяжарам.. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. // Разм. Бледны, з зямлістым адценнем. Зялёны твар.

2. Утвораны зеленню (у 1 знач.), зялёнай расліннасцю; зарослы дрэвамі, кустамі, травой. Верхавіны.. дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунэль. Чарнышэвіч. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей.

3. Які складаецца са свежай зелені, з’яўляецца зеленню (у 1 знач.). Зялёны корм. Зялёнае ўгнаенне. // Прыгатаваны са свежай травяністай часткі ядомых раслін. Зялёны боршч. Зялёнае варыва.

4. Недаспелы, няспелы. Зялёны яблык. Зялёнае жыта. Журавіны яшчэ зялёныя.

5. перан. Вельмі юны, нясталы; нявопытны з прычыны маладосці. Прыехаў да нас у будаўнічую кантору новы начальнік. Зусім зялёны, зірнеш на яго — гадоў васемнаццаць, больш не дасі! Каршукоў.

6. у знач. наз. зялёныя, ‑ых. Назва асобных атрадаў нерэгулярных войск, якія ў час вайны хаваюцца ў лясах і рабуюць насельніцтва. Нам — ні белых, ні зялёных, Мы з душою за чырвоных. З нар.

•••

Зялёнае мыла гл. мыла.

Зялёная маса гл. маса.

Зялёны гарошак гл. гарошак.

Зялёны канвеер гл. канвеер.

Зялёны стол гл. стол.

Зялёны тэатр гл. тэатр.

Зялёны чай гл. чай.

Зялёныя насаджэнні гл. насаджэнне.

Зялёнае дзіця гл. дзіця.

Зялёная вуліца гл. вуліца.

Молада-зелена гл. малады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

над (надо) предлог с твор.

1. над (кім, чым); нада (употребляется в сочетании: «нада мной»);

ла́мпа виси́т над столо́м ля́мпа вісі́ць над стало́м;

доро́га прохо́дит над мо́рем даро́га прахо́дзіць над мо́рам;

над на́ми над на́мі;

сиде́ть над кни́гой сядзе́ць над кні́гай;

рабо́тать над собо́й працава́ць над сабо́й;

нача́льник над все́ми отде́лами нача́льнік над усі́мі аддзе́ламі; кроме того, в значении «вдоль над чем-л.» употребляется иногда па-над (чым);

над го́родом пролете́ли самолёты над (па-над) го́радам праляце́лі самалёты;

2. (после слов со значением «смеяться», «глумиться», «издеваться» и т. п.) з (каго, чаго);

насмеха́ться над дру́гом насміха́цца з ся́бра;

издева́ться над кем здзе́кавацца з каго́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

абярну́цца, абярнуся, абернешся, абернецца; зак.

1. Паваліцца на бок, перавярнуцца, перакуліцца. Санкі толькі скрыпелі ды пагрозліва перавальваліся з боку на бок на выбоінах, але абярнуцца, мусіць, не паспявалі. Дамашэвіч. Здалося, што зараз упадзе столь, абернуцца сцены і падушаць людзей, а хата была паўнюткая. Лужанін. // Разліцца, выліцца, высыпацца з перавернутай пасудзіны. Малако абярнулася.

2. Павярнуць галаву, тулава назад, убок; аглянуцца. Антось абярнуўся: перад ім стаялі начальнік міліцыі, дэпутат сельсавета і старшыня калгаса. Скрыпка. Злачынец раптоўна абярнуўся назад і працягнуў руку, у якой быў рэвальвер. Чорны.

3. Звярнуцца з чым‑н. да каго‑н. — Табе куды ехаць? — абярнуўся Рыгор да Ганны на ты і сумеўся. Гартны.

4. Разм. Прайсці шлях у якім‑н. напрамку і вярнуцца назад за які-небудзь адрэзак часу; звярнуцца. Мо паспрабаваць заўтра два разы абярнуцца, ночы ж доўгія... Б. Стральцоў.

5. перан. Змяніцца, ператварыцца ў новую якасць. Ён пазбыў свой цяжкі клопат і яго бацькава гора абярнулася ў радасць: ён знайшоў свайго сына і даручыў яго надзейным людзям. Колас. // Нечакана набыць іншы напрамак, іншы сэнс. Больш таго, гэты падвох абярнуўся супроць саміх паліцаяў. Васілевіч. І чым бліжэй да прахадной, тым больш запаволены і карацейшы становіцца крок.. Апошняя сустрэча... А зрэшты, хіба хто ведае наперад, як усё абернецца... Мыслівец. // У казках і рэлігійных павер’ях — ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Абярнуцца ў камень. □ У народзе ходзяць чуткі, быццам князь Усяслаў умее абярнуцца ў рысь ці ваўка і блукае ўначы па дарогах. В. Вольскі.

6. Спец. Зрабіць абарот (у 3 знач.) (пра капітал, грошы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)