кнігі, напісаныя на бел. мове арабскім пісьмом. Ствараліся з 16 ст. татарамі, што пасяліліся на Беларусі ў 14 ст.Змест К. — усх. легенды, казкі, прыгодніцкія аповесці, апісанні мусульм. рытуалаў, т. зв. Мерадж (паэма пра ўзнясенне Магамета на неба), варажба па літарах Карана, маральна-этычныя павучанні для моладзі, разгадванне сноў і інш. Акрамя К. існуюць тэфсіры (Каран з падрадковым каментарыем па-беларуску ці па-польску), тэджвіджы (правілы чытання Карана), хамаілы (малітоўнік). Напісаны і чытаюцца К. справа налева, радок суцэльны, без знакаў прыпынку і без падзелу на словы, кожны наступны радок роўны з папярэднім да адной літары. Новы твор пачынаецца словамі «баб» (раздзел) ці «хікайет» (аповесць). Мова К. блізкая да нар.бел. мовы (у тэкстах сустракаюцца словы, фразеалагізмы, сінтаксічныя канструкцыі, якія ўжываліся ў бел. мове 17—19 ст. і захаваліся да нашага часу). Вывучэнне К. пачалося ў сярэдзіне 19 ст.Найб. грунтоўна даследаваў А.К.Антановіч, а таксама І.І.Луцкевіч, Я.Станкевіч. Вядомы польскія тэксты (творы, урыўкі), напісаныя араб. пісьмом.
Літ.:
Антонович А.К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильнюс, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІКС (англ. comics ад comic камічны, смешны),
серыя паслядоўна размешчаных малюнкаў з уключанымі ў іх невял. тэкстамі, якая стварае закончанае апавяданне; адзін з пашыраных жанраў масавай культуры. Дыялогі звычайна кампануюцца ў спецыфічныя для К. «аблокі», якія цягнуцца з рота персанажаў, зрэдку пішуцца пад малюнкам.
Вытокі К. ў гравіраваных ілюстрацыях 15 ст. Як спецыфічная галіна графікі вядомы з сярэдзіны 19 ст. ў работах некаторых еўрап. мастакоў. Канчаткова сфарміраваўся ў канцы 19 ст. ў ЗША, дзе ў гумарыстычных часопісах, ілюстраванай л-ры і прэсе пачалі ствараць «палосы» К. Паступова з’явіліся і самаст. брашуры-К. З пач. 1930-х г. у К. актыўна выкарыстоўваюцца тэмы і прыёмы кінематаграфіі (буйны план, контражур і інш.). У 2-й пал. 1960-х г. пад уплывам хіпі пашырыліся вострасатыр. паліт. К.
Сучасныя К. паводле тэматыкі падзяляюцца на гумарыстычныя, казачныя, фантаст., міфалагічныя, К. «жахаў», «вестэрны» і інш. Часта К. ў спрошчаным выглядзе перадаюць зместліт. твораў, фільмаў, выдумляюць новыя прыгоды для іх персанажаў. На аснове некаторых папулярных К. (напр., «Бэтмэн») ствараюцца кінафільмы. На Беларусі ў выглядзе К. нярэдка афармляюцца кароткія апавяданні і сатыр. гісторыі ў часопісах, кнігах для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НДЗЕРА (Kundera) Мілан (н. 1.4.1929, г. Брно, Чэхія),
чэшскі пісьменнік. Скончыў Акадэмію муз. мастацтваў у Празе. У 1968 творы К. на радзіме забаронены. З 1975 жыве ў Парыжы. Дэбютаваў паэт. зб-камі «Чалавек — бязмежны сад» (1953), «Апошні май» (1955), «Маналогі» (1957). Тэма кахання і мастацтва ў зб-ках псіхал.-лірычных навел «Смешныя каханні» (1963), «Другі сшытак смешных каханняў» (1965), «Трэці сшытак смешных каханняў» (1968). Аўтар п’ес «Уладары ключоў» (1962; паст. ў СССР пад назвай «Паварот ключа»), «Лухта» (1969), «Якуб і пан» (1970). У раманах «Жарт» (1967), «Жыццё недзе там» (1973), «Развітальны вальсок» (1979), «Нясцерпная лёгкасць быцця» (1985, экранізацыя 1988; аб лёсе інтэлігенцыі, звязанай з паліт. падзеямі Пражскай вясны 1968), «Несмяротнасць» (1990), «Няспешнасць» (1995), «Ідэнтычнасць» (1997) спалучыў філас.змест з займальнай фабулай, узнімаў экзістэнцыяльныя праблемы парушанай камунікатыўнасці сучаснага грамадства. Сваю канцэпцыю рамана распрацаваў у эсэ «Мастацтва рамана» (1960; пашыр.выд. 1986). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Вострыкава, А.Ціхановіч, С.Сматрычэнка.
Тв.:
Бел.пер. — Трагедыя Цэнтральнай Эўропы // Фрагмэнты... 1996. № 1.
Літ.:
Вострыкава А. Жыццяпіс. Жыццёвае крэда — раманіст;
Шаблоўская І. Запрашэнне да няспешнасці // Крыніца. 1998. № 10 (47).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКА́НЕ,
адна з плыней у духоўным хрысціянстве, якая сфарміравалася ў канцы 18 ст. ў Расіі. Падзяляюцца на шэраг асобных кірункаў. Заснавальнікам лічыцца селянін з Тамбоўшчыны Сямён Уклеін. М. адмаўляюць царк. іерархію, абразы, абрадавую сістэму, лічаць, што Бог-Бацька вышэй за Бога-Сына і Бога Духа-Святога. Ідэя ўратавання тлумачыцца ў агульнапратэстанцкім сэнсе, не з дапамогай царквы, а асабістай верай. Біблію М. ўспрымаюць адвольна, як «духоўнае млека». Крыніцай веравызнання з’яўляецца кніга «Догматы малакан», змест якой складаюць хіліястычнае вучэнне і прароцтвы аб другім прышэсці Хрыста. Часткай культу з’яўляюцца пасты; «духоўныя» пасты патрабуюць устрымання ад зла (курэння, п’янства, весялосці і інш.), а «цялесныя» — ад ежы і вадкасці. М.-суботнікі не ўжываюць мяса, хрышчэнне ў М. «духоўнае». Сац. асновай М. заўсёды былі сяляне (раней аднадворцы і адыходнікі), а кіраўнікамі выбіраліся заможныя вяскоўцы, гандляры, прамыслоўцы і рамеснікі. У цяперашні час засталіся невял. групы М. у Закаўказзі, на Украіне, Стаўрапольскім краі, Тамбоўскай вобл., куды яны былі высланы або перасяляліся ў час праследаванняў з боку ўрада Расіі ў 19 ст.
Літ.:
Клибанов А.И. История религиозного сектантства в России. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХІ́ЗМ, эмпірыякрытыцызм,
суб’ектыўна-ідэалістычны кірунак у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пач. 20 ст.Асн. прадстаўнікі Э.Мах і Р.Авенарыус. У філасофска-тэарэтычным плане да М. прымыкалі А.Пуанкарэ, В.Оствальд і інш. М. звязаны з крызісам «першага» пазітывізму, які не здолеў адэкватна адрэагаваць на адкрыцці ў галіне навукі і на дынамічны сац. працэс на рубяжы вякоў. Мах і Авенарыус зрабілі спробу «ачысціць» прыродазнаўства ад метафіз. (філас.) пытанняў, распрацаваць уласную строгую прыродазнаўчанавук. метадалогію і псіхалогію пазнання. У гэтым плане М. прапанаваў праграму «ачышчэння вопыту», канцэпцыі «нейтральных элементаў вопыту», «эканоміі мыслення» («найменшай траты сіл») і чыста апісальнай навукі. У выніку змест чалавечай свядомасці адрываўся ад аб’ектыўнай рэчаіснасці і ператварыўся ў «чысты вопыт», нейтральныя элементы якога здольны выступаць як аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя з’явы. Прынцып «эканоміі мыслення» выцякае з натуральнай біял. патрэбы арганізма ў самазахаванні. У навуцы з гэтым прынцыпам арганічна звязана палажэнне аб «апісанні», якое як і мысленне, павінна быць эканомным; неабходна максімальна скараціць тлумачальную частку навукі. Пры гэтым, аднак, М. не ўлічыў істотнага — адэкватнасці адлюстравання вучоным у сваёй свядомасці зместу даследуемага аб’екта. У пач. 1920-х г. М. распаўся, на змену яму прыйшоў неапазітывізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ДАСЛЕ́ДЧЫКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ АРХЕАЛО́ГІІ І АРХЕАГРА́ФІІ.
Адбыўся 17—18.1.1926 у Мінску; каля 60 дэлегатаў і гасцей. Заслухана 12 дакладаў і паведамленняў; 4 з іх надрукаваны ў «Працах Першага з’езда...», змест астатніх прыведзены ў пратаколах з’езда. З дакладамі выступілі: А.М.Ляўданскі, Дз.І.Даўгяла, М.В.Доўнар-Запольскі, М.В.Мялешка, А.А.Спіцын і інш. З’езд прыняў 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб вяртанні бібліятэк». Канстатаваў нездавальняючы стан стараж. помнікаў Беларусі і вырашыў падрыхтаваць спец. законапраект аб помніках гісторыі і мастацтва. З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць прасіць урад рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, б-ку М.Х.Каладзеева па беларусазнаўстве і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гіст. музеі.
Літ.:
Працы Першага зьезда даследчыкаў беларускае археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.Мн., 1926;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное: О реституции бел. архивов в прошлом и настоящем. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЛЕ́ТАПІС,
адзін з першых гісторыка-літаратурных твораў, напісаных на бел. землях. Не збярогся, таму час узнікнення, аўтар, змест і характар дакладна не высветлены. Вядомы паводле нешматлікіх прамых і ўскосных звестак у розных пісьмовых крыніцах. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева і інш. вучоных, асобныя ўрыўкі П.л. ёсць у Кіеўскім летапісе, які збярогся ў складзе Іпацьеўскага летапісу (звесткі пра полацкія падзеі 2-й пал. 12 ст.). Найб. значны і цікавы з іх — апавяданне, датаванае 1159 (фактычна 1158), пра вяртанне ў Полацк выгнанага палачанамі кн. Рагвалода Барысавіча, напісанае рукой відавочцы падзей жыва, з яркімі дэталямі, з выкарыстаннем простай мовы. Як сведчыць рас. гісторык В.М.Тацішчаў, у П.л., адным са спісаў якога ён карыстаўся пры напісанні «Гісторыі Расійскай», расказвалася пра полацкіх, віцебскіх, мінскіх і інш.зах.-рус. князёў. Відаць, летапіс быў прысвечаны гісторыі Полацкай зямлі 10—13 ст. Паводле меркаванняў некат. гісторыкаў (А.П.Сапуноў, М.М.Ціхаміраў), сапраўдным урыўкам з П.л. з’яўляецца і т.зв. аповесць пра Святохну, змешчаная пад 1216 у «Гісторыі Расійскай» Тацішчава (т. 3), хаця большасць даследчыкаў прызнае яе літаратурным творам 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЭ́НЗІЯ (ад лац. recensio разгляд, ацэнка),
артыкул-даследаванне адлюстраванай рэчаіснасці, у якім ацэньваецца маст. (літ., муз., кінематаграфічны, тэатр. і інш.), навук. ці навук.-папулярны твор, разглядаюцца вартасці і недахопы яго зместу і формы; аналіт. жанр газетна-часопіснай публіцыстыкі, літ., маст., навук. крытыкі. Галоўнае ў Р. — ацэнка важкасці аўтарскіх канцэпцый і правільнасці меркаванняў, вывадаў, рэкамендацый. Рэцэнзент ацэньвае тэарэт. і практ. значнасць новых ідэй, сац. мадэлей, тэхн. навінак, падмацоўваючы свае вывады сістэмай аргументаў і тэкставых вытрымак. Вылучаюць некалькі асн. відаў Р.: невял. крытычны або публіцыстычны артыкул (часта палемічнага характару), у якім выказаны адносіны да пэўнага твора ці вынаходніцтва; разгорнутая анатацыя, якая раскрывае змест твора; маст.-публіцыстычная інтэрпрэтацыя твора (эсэ) з роздумам-ацэнкай; аўтарэцэнзія, у якой аўтар выкладае погляд на свой твор ці палемізуе з крытыкам адносна тлумачэння гэтага твора ў друку. Адметнасць Р. як жанру: своеасаблівыя стыль, прыёмы распрацоўкі і трактоўкі тэмы, спецыфічныя сюжэтныя і кампазіцыйныя сродкі. Р. як асобая форма літ.-маст. крытыкі ўключае логіка-вобразную карціну ўспрымання твора, сістэму ўспрымання і пазнання навакольнай рэчаіснасці, засн. на ўласным вопыце рэцэнзента. Рэцэнзент выкарыстоўвае аўтарскія канцэпцыю выкладу і думку, таму Р. не прэтэндуе на поўную самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУС Паўлюк (Павел Адамавіч; 6.5.1904. в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 30.8.1929),
бел.паэт. Скончыў Мінскі белпедтэхнікум (1927), вучыўся ў БДУ (1928—29). У 1927—28 працаваў у рэд.газ. «Палеская праўда» (Гомель).
Друкаваўся з 1922. У яго вершах (зб-кі «Вершы», 1925; «Ветры буйныя», 1927), паэмах («Юны змаганец» і «Астрожнік», 1925; «Дзесяты падмурак», 1928; «Чырвоныя ружы», 1929; «Сірата Алеся», часткова апубл. 1925—29, цалкам 1934 і інш.) адлюстраваны пераўтварэнні ў краіне. Узбагаціў змест і маст.-выяўл. сродкі плакатна-агітацыйнага верша. Пісаў сатыр. вершы, прыпеўкі, гумарыст. вершаваныя апавяданні. Паэзія Т. прасякнута рэв. рамантыкай. Яго паэмы вызначаюцца лірычным ладам, задушэўнай узрушанасцю. Адзін з першых у бел. паэзіі спалучыў у лірыцы патэтыку з унутр. перажываннем.
Тв.:
Зб.тв.Мн., 1934;
Выбр. творы. Мн., 1953;
Выбранае: Вершы і паэмы. Мн., 1979;
Новай квадры настаў маладзік. Мн., 1984;
Выбр. творы. Мн., 2000.
Літ.:
Чорны К. Думкі пра Паўлюка Труса // Зб.тв.Мн., 1975. Т. 8;
Лужанін М. Вобраз юнака // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 4;
Глебка П. Паэзія барацьбы і перамогі. Мн., 1973. С. 166—172;
Гарэлік Л. Паўлюк Трус // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985.