О́РША,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.​К.​Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.​Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб. «Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс. ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.​С.​Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ. «Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр. к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-т грамадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв. к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёна БССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс. ж. У пач. Вял. Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс. чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс. чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.

Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л. Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц. т-ва «Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат. спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.​С.​Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.​С.​Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».

У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн. Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст. тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд. прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.

Літ.:

Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;

Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;

Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.

А.​М.​Шынкевіч (гісторыя), Г.​К.​Гаранскі, Ю.​І.​Драгун, Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Панарама г. Орша з боку ракі Дняпро.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Карэ́ц1 ’коўш, кубак, конаўка’, укр. корець ’мера сыпкіх цел; коўш, кубак’, рус. корец ’коўш, тара з бяросты, мера зерня’, ст.-чэш. kořec ’сасуд для сыпкіх цел’, славац. korec ’мера зерня’, ст.-польск. korzec ’тс’, ’сто літраў’, ст.-слав. корьць ’мера’, балг. коръцдраўляная пасуда для збору вінаграду’, серб.-харв. ко̀рац ’кадачка’. Слова яўна старажытнае, узыходзіць да прасл. korьcь. Найбольш верагодная этымалогія, як здаецца, зводзіцца да паходжання ад кара. Але словаўтваральны бок выклікае сумненні (Бернекер, 580). Спасылка на gъrnьcь (Трубачоў, Эт. сл., 11. 129) не пераконвае (gъrnьcь — Nomen deminutivum ад gъrnъ, якое само азначае ’сасуд’). Да таго ж існуюць і іншыя значэнні для карэц, якія не ўкладаюцца ў гэту схему (гл. карэц2). Больш пераканаўчым нам здаецца версія аб запазычанні і міграцыі гэтага тэрміна (Махэк₂, 277). Маецца на ўвазе ст.-грэч. κόρος ’мера’, лац. corus ’мера’, магчыма, вандроўны тэрмін. Напрамак запазычання удакладніць цяжка (Параўн. яшчэ Скок, 2, 150).

Карэ́ц2 ’калодка з адтулінай у верхнім камяні жорнаў’ (Сл. паўн.-зах.), рус. карец ’тс’, ст.-рус. корьць ’млынавы коўш, скрынка над жорнамі, адкуль сыплецца зерне’. Апошняе значэнне сведчыць аб сувязі па паходжанню з карэц1 і таксама аб далёкай ад кара́ (гл.) семантыцы. Агульнай семай для ўсіх значэнняў з’яўляецца ’мера’.

Карэ́ц3 ’ручка касы’ (БДА). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НО́ЎГАРАД,

горад у Расіі, цэнтр Наўгародскай вобл. За 6 км ад воз. Ільмень. 231 тыс. ж. (1996). Прыстань на р. Волхаў. Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (у т. л. радыёэлектронная), хім. (азотныя ўгнаенні, шкловалакно), дрэваапр., харч., лёгкая; вытв-сць буд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л. ун-т. Драм. тэатр. Гіст.-архітэктурны музей-запаведнік. Турызм.

У летапісах упершыню згадваецца пад 859. З канца 10 ст. другі па значэнні цэнтр Кіеўскай Русі. Размяшчэнне Н. на скрыжаванні шляхоў «з варагаў у грэкі» і Волжскага спрыяла развіццю гандлю, рамёстваў, культуры. У 1136—1478 цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Яго гандл. сувязі пашыраліся ад Фландрыі і ням. ганзейскіх гарадоў (гл. Ганза) да Канстанцінопаля. У 12 ст. існавала гандл. карпарацыя «Іванскае сто». З 2-й пал. 14 ст. наз. Вялікі Н. У сярэдзіне 12 — сярэдзіны 15 ст. цэнтр узбр. барацьбы са знешняй агрэсіяй з боку Швецыі і Лівонскага ордэна. У Неўскай бітве 1240 і Лядовым пабоішчы 1242 наўгародцы на чале з Аляксандрам Неўскім перамаглі швед. і ням. войскі. У 1478 у выніку перамогі маскоўскага войска (1471) Н. і ўсе яго землі ўключаны ў склад Рус. дзяржавы. У 1480—90-я г., каб ліквідаваць наўгародскія «вольнасці», у цэнтр. вобласці Расіі выслана каля 7 тыс. жыхароў горада. У 1570 апрычнікі Івана Грознага знішчылі амаль усё насельніцтва Н. У 16 — пач. 18 ст. буйны эканам. і гандл. цэнтр Расіі. У 1616—17 пацярпеў ад швед. акупацыі. З 1727 губернскі горад, з 1927 акруговы, з 1930 раённы цэнтр Ленінградскай вобл. З 1944 цэнтр Наўгародскай вобл. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—44), моцна разбураны.

У выніку археал. раскопак адкрыты вуліцы і плошчы з драўлянымі маставымі, вадазборнікі і водаадводы, жылыя дамы, церамы, майстэрні, крамы; знойдзены берасцяныя граматы. Да сярэдзіны 12 ст. сфарміраваліся 2 асн. раёны Н.: на левым беразе р. Волхаў Сафійскі бок з крамлём (дзядзінцам; пабудаваны ў 1044, пашыраны ў 1484—90, з 1925 гіст.-арх. музей-запаведнік; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны); на правым — Гандлёвы бок з Торгам і комплексам пабудоў Яраслававага дварышча, дзе збіралася веча. Да 17 ст. ў Н. пераважала драўляная забудова, з каменю і цэглы рабілі абарончыя збудаванні, храмы, часам палаты знаці. У 12—15 ст. склалася Наўгародская школа дойлідства. На тэр. дзядзінца захаваліся Наўгародскі Сафійскі сабор, Сафійская званіца (15 ст., у 16—19 ст. перабудоўвалася), Уладычны (Епіскапскі) двор з гранавітай палатай (1433) і дазорнай вежай «Часазвоняй» (1673), Ліхудаўскі (15—17 ст.) і Нікіцкі (17 ст.) карпусы, будынак б. дзярж. устаноў (18—19 ст.) і інш. У цэнтры б. дзядзінца пастаўлены помнік «Тысячагоддзе Расіі» (1862, скульпт. М.​Мікешын, арх. В.​Гартман), на яго тэр. знаходзіцца магіла рас. паэта Г.​Дзяржавіна. У канцы 18 — пач. 19 ст. добраўпарадкаваны радыяльна-паўкальцавая планіроўка Сафійскага боку і прамавугольная — Гандлёвага (генпланы 1778 і 1834), пабудаваны класіцыстычныя гаўптвахта (пач. 19 ст.), Пуцявы палац (1771, перабудаваны ў 1824—28, арх. В.​Стасаў), жылыя дамы паводле ўзорных праектаў. У сав. час створаны ахоўныя зоны, упарадкаваны дзядзінец і Яраславава дварышча. Узведзены помнікі Перамогі (1974), Аляксандру Неўскаму (1985, скульпт. Ю.​Чарноў, арх. Г.​Ісаковіч).

Літ.:

Лихачев Д.С. Новгород Великий. М., 1959;

Каргер М.К. Новгород. 3 изд. Л.;

М., 1970;

Кушнир И.И. Архитектура Новгорода. Л., 1991.

Да арт. Ноўгарад. Від на Гандлёвы бок.
Ноўгарад: 1 — панарама Сафійскага боку; 2 — Сафійская званіца крамля; 3 — помнік «Тысячагоддзе Расіі». 1862.

т. 11, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ву́лей (БРС, Грыг., Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Анох.), ву́ляй (чэрв., рагач., З нар. сл.), уле́й (віл., воран., З нар. сл.), вуль, уль (Касп., глыб., віл., слаўг., бялын., З нар. сл., палес., Анох., Нар. лекс.), укр. ву́лій, ву́лень, ву́лік, дыял. вуль (Лысенка, СПГ), ву́лий ’бочка для залення бялізны’, рус. у́лей, польск. ul, чэш. úl, славац. úľ, н.-луж. huľ ’вулей, выдзеўбаная калода’, палаб. väul, славен. úlj ’дуплістае дрэва, борць, вулей’, серб.-харв. уља̀ник ’вулей’, мн. л. у́љеви ’чарва’, макед. улиште ’вулей’, балг. у́лей, дыял. радоп. вулʼ ’дрэва з дуплом, драўляная труба для вады ў млыне, вулей’. Прасл. ulьjь, uljь ’дупло, пустая калода, вулей’; дакладны семантычны і словаўтваральны адпаведнік слав. uljьліт. aulỹs, лат. aũlis; паколькі такая форма ўспрымалася як зборны назоўнік, то для ўзмацнення адзінкавасці атрымала дадатковы фармант ulь‑jь; параўн. салаве́й (*solvь‑jь) (Мартынаў, Деривация, 56 і наст.); характэрна, што нарашчэнне атрымала таксама адпаведная літоўская форма avilỹs (Атрэмбскі, Gramatyka, 122). Іншыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. aulis ’галёнка’, aulinis ’халява’, грэч. αὐλός ’труба, дудка’, лац. alvus ’поласць жывата, трыбух’, alveus ’поласць, карыта, вулей’, што дазваляе рэканструяваць і.-е. *au‑lo‑s ’труба, падоўжная поласць’ (Фасмер, 4, 159; Брукнер, 593; Младэнаў, 651; Махэк₂, 668; Слаўскі, SP, 1, 80, 83 адносна суфікса ‑jь: «выступае ў функцыі фарманта, які пашырае розныя архаічныя словаўтваральныя катэгорыі, накладваючыся на першасныя ўтварэнні»). Беспадстаўна Булыка (Запазыч., 329) выводзіць ст.-бел. уль з польск. ul.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Конь1 ’буйная свойская аднакапытная жывёліна’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк.), ’здаровы высокі мужчына’ (Мат. Маг.). Укр. кінь, рус. конь, ст.-рус. конь ’тс’, ст.-слав. конь, балг. кон, серб.-харв. ко̏њ, славен. kònj ’тс’, польск. koń, чэш. kuň, славац. koň, в.-луж. kóń, н.-луж. koń ’тс’. Прасл. konь. Мы выводзім у адпаведнасці з этымалогіяй Левянталя (KZ, 47, 146) з прасл. komonь (ст.-рус. комонь ’баявы конь’), які адносіцца разам з ст.-прус. camnet ’тс’ да аднаго гнязда з літ. kãmanas ’аброць’, kamanuóti ’кілзаць’. Такім чынам, можна рэканструяваць *kamanas asvas ’закілзаны конь’ (= прасл. *komonъ osъ). Апошні ў выніку семантычнай кандэнсацыі даў komonь (Мартынаў, Изоглоссы, 21; Мартынаў, Язык, 71). Аналагічна тлумачыцца ст.-прус. camnet, які ад *kamnētas russis ’закілзаны конь’ (Тапароў, I–K, 193). Суфіксацыя старажытнарускага слова, яго супастаўленне з прасл. komonь даюць падставы для рэканструкцыі зыходнай формы *kamn‑, як супастаўленне komonь з літ. kãmanas для *kaman‑. Ад гэтых асноў рэгулярна ўтвараецца адыменны назоўнік якасці на ‑is *kamnis/*kamanis (як літ. júodas ’чорны’ > júodis ’вараны конь’). Форма *kamanis дала на славянскай моўнай глебе рэфлексацыю komonь, форма *kamnis*komnь > konь. Іншыя этымалагічныя версіі неверагодныя: konь < *kobnь (Фасмер, ZfSlPh, 9, 111; Брукнер, 253–254), konь < *skopnь (Машынскі, Pierw., 235), konь < кельт. *konkos ’скакун’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 197). Параўн. яшчэ Баль, SPKOK PAN, 20, 2, 334–335.

Конь2 ’слуп, драўляная апора’ (Хар., Нік. Очерки). Гл. конь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фа́рба, ‑ы, ж.

1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або пасылае. На моцных «пульманах» У фарбе свежай Мільгаюць самазвалы, Трактары. Астрэйка. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбай. Шамякін. [Данік] кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай... Брыль. // Слой такога рэчыва на якім‑н. прадмеце. Насупраць вялікага дома Крушынскіх, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Бядуля. // Разм. Памада, туш і інш. касметычныя сродкі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. [Дзяўчына] плакала і разам са слязамі абцірала з твару сляды фарбы. Мікуліч.

2. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў). Барва, колер, тон. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвіліну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Адамовіч. За акном набірала фарбы вераснёвая раніца. Карпаў.

3. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў); перан. Выразныя сродкі мовы, музыкі, сцэнічнага мастацтва і пад.; яркасць апісання ўяўленняў. Багдановіч.. узбагаціў беларускую паэзію новымі матывамі і фарбамі. Гіст. бел. сав. літ. Мікіта падрабязна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарбаў, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі. Колас.

4. Румянец; прыліў крыві. На.. твары [Рыгора] грала чырвоная фарба здароўя. Гартны. Гарачая фарба заліла твар дзяўчыны. Бажко. Раптам твар .. [Лены] пачаў траціць сваю фарбу. Ваданосаў.

•••

Згусціць фарбы гл. згусціць.

[Ням. Farbe — фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лапа́та, лопа́тадраўляная ці металічная прылада з дзяржаннем і шырокім ніжнім канцом для капання зямлі, зграбання збожжа, саджэння хлеба ў печ, для расчысткі снегу’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Шат., Яруш., Бес., Бяльк., Сцяшк.), ’вертыкальная частка прасніцы, да якой прывязваецца кудзеля’ (Уладз.), ’прылада (дошчачка) для выраўноўвання саломы на страсе’ (Шушк.; паст., шальч., Сл. паўн.-зах.). Укр., рус. лопа́та, польск. łopata, палаб. lüpotǝ ’лапатка’, н.-луж. łopata, klěbowa łopata, в.-луж. łopata, hopata, opata ’хлебная лапата’, łopač ’лапата’, чэш. lopata, lopač, lopař, славац. lopata, славен. lopáta ’лапата’, ’вясло’, ’лапатка’, серб.-харв. ло̀пата, чак. lopȁta, макед. лопата, лопа́та, лупа́та, балг. лопата, ст.-слав. лопата ’лапата, шуфель’, ’вясло’. Прасл. lopata паводле марфалагічнай будовы ўяўляецца як адыменны (вельмі стары, першасны) прыметнік на ‑at‑ъ, ж. р. ‑at‑a (Мее, 291), утвораны ад лексемы lop‑ъ ’ліст’, роднаснай да літ. lãpas, лат. lapa ’ліст’ (гл. ла́па2). Семантыка лексемы lopata заключала ў сабе прыкмету з наяўнасцю знешняй рысы, а іменна формы ліста. Вельмі яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца дэфініцыя славен. lopáta ў SSKJ (2, 640): orodje s širokim listom in dolgim držajem… Роднаснымі для прасл. lopata з’яўляюцца літ. lópeta, lopetà ’лапата’, ’лемех’, ’лапатка’, лат. lâpsta, lāpusta ’лапата’, ’лапатка’, прус. lopto ’лапата’. Больш падрабязна гл. Бернекер, 732–733; Буга, Rinkt, 1, 312–313; Брукнер, 312; Траўтман, 149–150; Младэнаў, 279; Фрэнкель, 339–340; Мюленбах-Эндзелін, 2, 240; Фасмер, 2, 518–519; Слаўскі, 5, 193–196; Скок, 2, 318–319 і інш. Махэк₂ (339) рэканструюе прасл. форму як lapeta.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луб1 ’валакністая частка кары дрэў’, ’палоска кары ліпы, вяза’, ’кош, каробка’, лубі́на ’тоўстая кара з ліпы’, лубʼе, лубі́на старая — са знявагай аб старых людзях (ТСБМ, ТС, Бес., Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.). Укр. луб, бойк. луба, лупа, рус. луб, польск., н.- і в.-луж. łub, чэш., славац. lub, славен. lȗb, серб.-харв. лу̑б, lȕb макед., балг. луб. Прасл. lubъ ’кара з дрэў і вырабы з яе’, генетычна роднаснае да літ. lùobas ’кара з елкі ці ліпы’, lùbos ’столя’, lubà ’дошка’, ст.-прус. luba ’дошка’, лат. luobs ’лушпіна’, luôbît ’лупіць, лузгаць’, алб. labë ’кара, корак’, ст.-ісл. laupr, ст.-англ. lēap ’буч, кошык’, лац. liber < *lubro ’лыка, кніга’ (параўн. ст.-пск. лубъ ’грамата’ — Філін, Происх., 611). Да і.-е. *loub(h)‑o < leub(h)‑ ’здзіраць кару, лыка; лупіць, лускаць’ (Фасмер, 2, 526–527; Слаўскі, 5, 269; Скок, 2, 322–323; Махэк₂, 342; Бязлай, 2, 153; Шустар-Шэўц, 11, 782–783).

Луб2драўляная абечайка вакол каменя ў жорнах ці млыне’ (Кліх, Тарн.), ст.-польск. łub (XVI ст.), н.-луж. łub, ст.-чэш., славац. lub, балг. луб ’тс’. Магчыма, яшчэ прасл. lubъ з тым жа значэннем. Да луб1 (гл.).

Луб3 ’задняя частка бота’ (брэсц., Тарн.). Відаць, з польск. зах.-прус., кялецк., кракаўск. łub ’тс’, łuba ’цвёрдая і крохкая падэшва’. Да луб1 < прасл. дыял. lubъ, luba (Слаўскі, 5, 270).

Луб4 ’накрыўка для чоўна’ (гродз., Нар. сл.). Да луб1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жка, ра́шка, ря́шка ’цэбар’; ’драўляная нізкая пасудзіна, у якой замешваюць есці свінням’ (докш., в.-дзв., трак., вільн., рас., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’кубелец для сала’, ’вялікая міска, цэбар, у якім даюць есці свінням’ (Сцяшк. Сл., Бяльк.), ’банны посуд’ (Касп.), ’мерка для зерня, бульбы ў 1,5 пуда’ (ТС), ’начынне для памыяў’ (Бес.), ’цэбрык з адным вухам, перан. морда’ (ПСл), ’цэбар’, ’галава’ (Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.), ст.-бел. ряжка (1690 г.), ражка (1550 г.), сюды таксама ра́жа ’кубел’ (Мат. Гом.), рус. дыял. ря́жка, ря́шка ’памыйны посуд, таз’, ’банная шайка, вядзерца, чарпак’, ра́жка ’рагатка’, ’невялікая скаба, якая злучае клёпкі бочкі пры надзяванні абручоў’, ’падстаўка ў выглядзе рагаткі, стойкі’, ’карыта для кармлення свіней’, укр. ряжа, ряжка ’чан’. Сцяцко (Сцяц. Нар., 93–94) лічыць памяншальна-ласкальным утварэннем ад ра́га ’ражка’, зафіксаванага беларускімі слоўнікамі 20‑х гадоў XX ст., якое, у сваю чаргу, з’яўляецца лексіка-семантычным утварэннем ад ра́га ’струменьчык вады’: раг‑ьк‑а > ражка. Няпэўна, хутчэй наадварот. Некаторыя тлумачаць слова як утварэнне ад рад1 (гл.), параўн. абруд узводзячы яго да *ob‑rǫdъ (Праабражэнскі, 2, 241; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176; ЭССЯ, 29, 118). Фасмер (3, 537) лічыў такую этымалагізацыю недастаткова аргументаванай. Магчыма, мае сувязь з рэ́дкі, параўн. рус. ре́жа, ря́жа ’рыбалоўная сетка з рэдкім пляценнем’ (< *rědi̯a, гл. Фасмер, 3, 460), параўн. таксама ра́жанка (гл.). Значэнне ’шырокі твар, морда; вялікая галава’ хутчэй за ўсё, позняе запазычанне з рускай, параўн. ра́жесть ’прыгажосць’, ’паўната’, ’тлустасць’, ра́жий ’вялікі, буйны (пра рэчы, прадметы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ха1 ‘жанчына, якая трэ лён’ (Сцяшк.). Да церці (гл.). Суфікс ‑уха, які ўтварае назвы асоб па прафесіі, узыходзіць да прасл. *‑uxa, прадуктыўнага ў паўночных славян і ў славенскіх гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75).

Тру́ха2 ‘картачная гульня’ (ТС). Няясна.

Труха́ ‘пацяруха, перацёртае сена, салома’ (ТСБМ; Некр. і Байк., Сл. ПЗБ; бялын., ЛА, 2), ‘дробныя сухія рэшткі чаго-небудзь’, ‘што-небудзь нікчэмнае, бескарыснае’ (ТСБМ; Сержп. Прык.), ‘трухлявая драўніна’ (Мат. Гом.), ‘старая драўляная будыніна’ (Вушац. сл.). Укр. труха́ ‘пацяруха’, трухва ‘гніль у дрэве’, рус. труха́ ‘пацяруха’, ‘парахня’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трухлявы’, ‘змрочны’, чэш. troucha, trouch ‘што-небудзь спарахнелае’, славац. trúch ‘тс’, серб. тру̏ва ‘пацяруха’, трух, тру̀шни хле̏б ‘хлеб з мякінай’, харв. truha ‘адкіды’, славен. trûšje зборн. ‘гніль’. Прасл. *truxa, *truxъ — зборныя назоўнікі, суадносныя з і.-е. *trou̯‑s‑ ‘раскрышаны’, ‘струхлелы’, ‘састарэлы’ (Борысь, 643; Арол, 4, 110). Фасмер (4, 114) у якасці роднасных падае лат. tràusls ‘ломкі, крохкі’, trusls ‘гнілы, прэлы’, trusêt, trust ‘гніць, прэць’, літ. traušùs ‘ломкі, крохкі’, traũšti ‘крышыцца’. Сной (Бязлай, 4, 231) мяркуе, што праславянская аснова мела *‑ǫ, магчыма, другаснае (Новое в рус. этим., 240). Гл.: Буга, Rinkt., 1, 489; 2, 632; Зубаты, Studie, 1(2), 120–121; Каруліс, 2, 453; Скок, 3, 515; Бязлай, 4, 230–231; Шустар-Шэўц, 1536, 1540; ЕСУМ, 5, 661. Меркаванні пра варыянтнасць асноў прасл. *trux‑/*trus(k)‑, што дае магчымасць ідэнтыфікацыі *truxa з *truska, *truskъ, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 50–51 (гл. труск).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)