ПІГА́ЛЬ ((Pigalle) Жан Батыст) (26.1.1714, Парыж — 21.8.1785),
французскі скульптар. Вучыўся (з 1722) у Р.Ле Ларэна і Ж.Б.Лемуана. Працаваў у стылі, пераходным ад ракако да класіцызму. У творчасці спалучаў грамадз. пафас з імкненнем да вострай, часам натуралістычнай праўдзівасці. Аўтар статуй і скульпт.груп на міфалагічныя і алегарычныя тэмы «Меркурый завязвае сандалю» (1774), «Хлопчык з клеткай» (1749) і інш.; бюста калекцыянера Т.Э.Дэфрыша і яго слугі негра Поля (каля 1760), надмагілля маршала Марыца Саксонскага (1753—76), грабніцы графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы (1771—76), статуі Вальтэра (1776) і інш. Сярод яго вучняў Ж.А.Гудон і Ф.І.Шубін.
Ж.Б.Пігаль. Грабніца графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы. 1771—76.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
храматафоры, свабодныя і эпітэліяльныя клеткі нейраэктадэрмальнага паходжання, якія сінтэзуюць пігменты. Абумоўліваюць афарбоўку скурных покрываў, іх вытворных (валасоў, пер’я), унутр. высцілак цела і вока ў шэрагу груп беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечваюць ахоўную, агрэсіўную і шлюбную афарбоўку, прымаюць удзел у тэрмарэгуляцыі і ахове арганізма ад празмернага ультрафіялетавага выпрамянення. Функцыя П.к. знаходзіцца пад гарманальным, а ў рыб і нерв. кантролем, залежыць ад пары года, асвечанасці, эндагенных рытмаў і інш. Звычайна змена афарбоўкі з’яўляецца прыстасаваннем жывёлы да колеру навакольнага фону (асабліва ў насякомых, малюскаў, ракападобных і інш.). Парушэнні развіцця П.к. у зародка прыводзяць да радзімак (атыпічныя П.к.). У выніку злаякаснага перараджэння П.к. радзімак у чалавека развіваюцца пігментныя пухліны — меланомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФІЛІ́Я (ад полі... + ...філія),
паходжанне пэўнай групы арганізмаў ад некалькіх продкавых груп, не звязаных блізкай роднасцю. Ажыццяўляецца шляхам канвергенцыі і проціпастаўляецца монафіліі, як эвалюц. прынцыпу, заснаванаму на дывергенцыі. Згодна з сучаснай эвалюц., філагенет. сістэматыкай, арганізмы класіфікуюцца ў адпаведнасці з інфарм. зместам іх генет. праграмы. Таксоны эвалюц. сістэматыкі бываюць толькі монафілетычнымі. Напр., даказана П. зайцападобных і грызуноў, якіх раней аб’ядноўвалі ў адзін атр., а цяпер іх адасабляюць у 2 самастойныя атрады. Часам тэрмінам «П.» абазначаюць перасячэнне таксанамічнай мяжы паміж продкавай і даччыной групамі арганізмаў некалькімі роднаснымі філетычнымі лініямі, якія эвалюцыяніравалі паралельна (гл.Паралелізм).
Літ.:
Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;
Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ.М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ГАСПАДАРЫ́паразітаў,
арганізмы, у якіх паразіт жыве ў лічынкавым стане, размнажаецца бясполым шляхам ці партэнагенетычна; абавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У адрозненне ад П.г. дэфінітыўнымі гаспадарамі з’яўляюцца арганізмы, у якіх паразіт дасягае палавой спеласці і размнажаецца палавым шляхам. П.г. насяляюць агульны з дэфінітыўнымі гаспадарамі біятоп ці маюць з імі харч. сувязі. П.г. могуць быць малюскі, чэрві, ракападобныя, кляшчы, насякомыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны, млекакормячыя і чалавек.
Кожная група П.г. спецыфічная для пэўных груп паразітаў. Напр., малюскі — для смактуноў; ракападобныя — для стужачных чарвей, скрэбняў; млекакормячыя жывёлы — для стужачных чарвей (мышападобныя грызуны — для альвеакока; авечкі, козы, свінні — для эхінакока, буйн. раг. жывёла — для бычынага цэпеня). Чалавек — П.г. для эхінакока, плазмодыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХІ́Т (новалац. rachitis ад грэч. rhachis хрыбет, пазваночнік),
хвароба дзяцей ранняга ўзросту (ад 2 месяцаў да 1 года) і маладняку жывёлы, абумоўленая дэфіцытам у арганізме вітаміну D. Развіваецца ў выніку зніжэння паступлення вітаміну з ежай (кормам) і (або) недастатковасцю яго ўтварэння ў скуры пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў. Пры Р. парушаецца абмен кальцыю і фосфару, шэрагу мікраэлементаў, бялку, адзначаецца недахоп вітамінаў груп B і C. Захваральнасць больш высокая ў асенне-зімовы перыяд. У дзяцей затрымліваецца развіццё, парушаецца фарміраванне касцей, зніжаецца імунітэт і інш., у выніку парушаецца асанка, бывае малакроўе, карыес і інш. Лячэнне: ультрафіялетавае апрамяненне скуры. прэпараты вітаміну D. У жывёлы на Р. найчасцей хварэюць парасяты, шчаняты, ягняты. Гл. таксама Авітамінозы, Вітамінная недастатковасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА,
агульная лінгвістыка, галіна мовазнаўства, якая вывучае універсальныя ўласцівасці і заканамернасці мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця. Сярод гал. праблем агульнага мовазнаўства — сац. сутнасць, знакавасць, развіццё мовы, мова і мысленне, мова і грамадства, мова і паэт. творчасць; тыпалогія моў паводле іх будовы і асаблівасцяў функцыянавання, метады даследавання мовы. Паводле асаблівасцяў прадмета і метадаў даследавання вылучаюць: агульную фанетыку, лексікалогію, граматыку, стылістыку; лінгвістычную паэтыку; сацыялінгвістыку; псіхалінгвістыку, матэматычную лінгвістыку; тэорыю перакладу; этналінгвістыку і інш. З агульным мовазнаўствам цесна звязана прыкладное мовазнаўства, а таксама вывучэнне канкрэтных моў або груп моў. Фарміраванне агульнага мовазнаўства адбывалася з пач. 19 ст., найперш у працах В.Гумбальта. Уклад у яго развіццё зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр. На Беларусі першыя публікацыі агульналінгвістычнага характару з’явіліся ў 1920-я г. («Асноўныя пытанні мовазнаўства» П.А.Бузука, 1926). Бел. мовазнаўцы вывучаюць агульналінгвістычныя праблемы знакавага семіялагічнага) характару мовы (В.У.Мартынаў), прыкладнога мовазнаўства (У.А.Карпаў, У.А.Зубаў), эксперым. фанетыкі (К.К.Барышнікава, Г.А.Мятлюк, А.І.Падлужны), агульнай лексікалогіі (А.І.Кісялеўскі, Б.А.Плотнікаў), стылістыкі (М.Я.Цікоцкі), псіхалінгвістыкі (Г.П.Кліменка, Б.Ю.Норман), тэорыі перакладу (П.І.Копанеў, В.П.Рагойша), сацыялінгвістыкі (Н.Б.Мячкоўская), двухмоўя (М.В.Бірыла, М.Г.Булахаў, А.Я.Міхневіч, П.П.Шуба). У Ін-це мовазнаўства АН Беларусі створаны аддзел, у БДУ і Гродзенскім ун-це — кафедры тэарэтычнага і слав. мовазнаўства.
Літ.:
Мечковская Н.Б., Плотников Б.Н., Супрун А.Е. Общее языкознание: Сущность и история языка. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТАЛО́ГІЯ,
навука аб палітыцы, паліт. жыцці грамадства, паліт. працэсах, сістэмах і з’явах, дзейнасці людзей, накіраванай на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдзіны 20 ст. Аб’ект П. — паліт. жыццё грамадства ў яго розных праяўленнях, усталяванне і функцыянаванне паліт.улады. Прадмет П. — заканамернасці паліт. жыцця вял.сац. супольнасцей і малых груп людзей, узнікнення, развіцця і функцыянавання механізмаў улады, паліт. поглядаў і інтарэсаў, паліт. дзейнасці, развіцця паліт. працэсаў у цэлым. Асновай П. як тэорыі і практыкі з’яўляюцца адносіны паміж паліт. суб’ектамі адносна ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх карэнных інтарэсаў. Асн. катэгорыі П. — палітыка, улада, дзяржава, культура палітычная, палітычная сістэма грамадства, палітычныя працэсы, ідэалогія, свядомасць, інтарэсы, ін-ты і інш. Для вывучэння паліт. структур, працэсаў і з’яў П. выкарыстоўвае 3 асн. групы метадаў: агульнанавуковыя, сац.-гуманітарныя і спец.-навуковыя (вызначэнне рэйтынгу партый палітычных і паліт. лідэраў з улікам пэўных паліт. дзеянняў у канкрэтнай паліт. сітуацыі, імітацыйнае паліт. мадэліраванне, праектаванне і прагназаванне з выкарыстаннем элементаў тэорыі гульняў, сацыялаг. маніторынг паліт. сітуацыі або мнагамерны статыст. аналіз дзяржаў, партый. Функцыі П.: пазнавальная — пазнанне паліт. рэчаіснасці, даследаванне прыроды і крыніц улады; інструментальная — вызначэнне эфектыўных спосабаў пераўтварэння паліт. і інш. сфер грамадства; палітычная сацыялізацыя — фарміраванне паліт. культуры людзей, пошук месца ў паліт. рэчаіснасці; дыягнастычная — вызначэнне адпаведнасці паліт. праграм, дзеянняў, паліт. суб’ектаў інтарэсам і патрэбам вялікіх сац.груп; рэгулятыўная — забеспячэнне ўздзеяння суб’ектаў палітыкі на паліт. працэсы пры дапамозе ін-таў улады, што дазваляе рэалізаваць правы людзей на ўдзел у паліт. жыцці; прагнастычная — распрацоўка магчымых сцэнарыяў і прадбачанне развіцця паліт. працэсаў і з’яў; аналітычная — аналіз вынікаў паліт. дзейнасці розных паліт. суб’ектаў; аксіялагічная — ацэнка паліт. працэсаў, з’яў, дзеянняў палітыкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сі́каць, сі́кацца ‘мачыцца’ (Нас., Федар. 6), ‘пырскаць вадой з цацкі, якая завецца “сікаўкай”’ (гл.) (Нас.), сі́кі ‘мача’ (Шат., Стан., Сл. ПЗБ). Укр.си́кати, рус.си́кать, ‘мачыцца’, польск.sikać ‘пырскаць, біць струмянём’, в.-луж.sykać, н.-луж.sykaś, чэш.дыял.sikać ‘крапіць, пырскаць’, sykať, šykač ‘пырскаць, мачыцца’, славац.sykať ‘пырскаць; мачыцца’, sikać, cikať ‘мачыцца’, серб.-харв.си́кати ‘шыпець, лаяцца’, славен.síkniti ‘шыпець, пырскнуць цурком’, балг.си́кам ‘шыпець’. Фасмер (3, 620) ставіць пытанне аб выдзяленні сярод гэтых слоў дзвюх груп: са значэннем ‘пырскаць; мачыцца’ і значэннем ‘шыпець’. Скок (3, 384) серб.-харв.си́кати разглядае ізалявана ад заходне- і ўсходнеславянскіх дзеясловаў. Таму, відаць, следам за Махэкам₂ (538), тут трэба выдзеліць усходне- і заходнеславянскія словы са значэннем ‘біць струменем; пырскаць; мачыцца’ і рэканструяваць прасл.*sikati, што лічыцца ітэратывам ад сцаць (гл.). Гл. таксама Борысь, 547 (з уключэннем славенскага дзеяслова). Інакш Праабражэнскі (2, 284 і наст.), які схіляецца да гукапераймальнага ўтварэння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.М.Астапенка (загінуў) і М.С.Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.П.Курганская-Сакалова, А.І.Белы), у в. Бабічы (П.А.Астапенка), Навінкі (А.Ф.Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.П.Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙКО́ Пётр Міхайлавіч (31.10.1895, г. Бельск-Падляскі, Польшча — 15.10.1943, Герой Сав. Саюза (1944). Д-рмед.н., праф. (1938). Беларус. Скончыў Кіеўскі мед.ін-т (1922). У 1918 удзельнічаў у студэнцкім узбр. паўстанні ў Кіеве. З 1933 дырэктар Кіеўскага НДІ педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі (у 1965—92 ін-т яго імя). У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, вядучы хірург медсанбата, паранены трапіў у палон, уцёк. З 1942 працаваў у бальніцы г. Фастаў Кіеўскай вобл., адзін са стваральнікаў падп. арг-цыі і партыз.груп, урач партыз. атрада.
13.10.1943 у час бою схоплены гітлераўцамі, пасля катаванняў спалены жывым разам з інш. партызанамі-заложнікамі. На магіле Б. ў с. Тамашоўка Фастаўскага р-на помнік. Яго імем названа вуліца ў Кіеве.