ІМЕРЫ́НА, Імерна,
дзяржава на в-ве Мадагаскар у 14—19 ст. Утварылася на цэнтр. плато — у найб. эканамічна развітым раёне вострава. Этн. склад насельніцтва — мерна, адна з груп малагасійцаў. У 14—15 ст. на Мадагаскары склалася некалькі феад. дзяржаў. У час праўлення караля Раламбу [1575—1610] дзяржава аб’ядноўвала ўсё цэнтр. плато. У 1-й пал. 17 ст. кароль Андрыянзака заснаваў сталіцу І. — г. Аналаманга («блакітны лес», пазней стала называцца Антананарыву). У 17 ст. высокага развіцця дасягнулі ірыгацыйнае земляробства, рамёствы, гандаль. У пач. 18 ст. дзяржава распалася, у 19 ст. аб’ядналася пад назвай Малагасійскае каралеўства (ці каралеўства Мадагаскар).
т. 7, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)