На́браўкі ’мяшкі пад вачамі’ (жлобін., Нар. сл.). Хутчэй за ўсё ад набриць ’зрабіць складкамі, маршчынамі’, параўн. славен. nabrati ’сабраць складкамі’, nabran ’у зборкі, маршчыністы’, ў < л у выніку дээтымалагізацыі (‑л‑ у аснове ў такіх умовах звычайна захоўваецца, параўн. брилка ’прылада для збірання чарніц’, насілкі і г. д.). Менш верагодна ўтварэнне ад набракиць ’набухаць’, што выклікае пэўныя фанетычныя цяжкасці (устаўное ў?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́рыца1 ’свойская птушка; самка пеўня’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Касп., Яруш., Бяльк., Сцяшк., Сержп. Пр., Жд. 2). Гл. кур1.

Ку́рыца2 ’vulva’ (Некр.). Слова, магчыма, яшчэ праславянскае. Укр. курка ’тс’. Параўн. славен. kȗrjica ’тс’, н.-луж. kurica ’тс’, традыцыйна да кура (гл.) (Штрэкель, AfslPh, 27, 50). Больш верагодна да прасл. kurъ ’род’ (гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 208–209). Параўн. курва (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́каць, ра́катэ ’кракаць’ (драг., ЖНС: “Качкэ́ ра́кають табэ жабэ́). Верагодна, усечаная форма зыходнага дзеяслова кра́каць (гл.). Нельга, аднак, выключыць і магчымасць незалежнага гукапераймальнага ўтварэння, як, напрыклад, у назвах сіваваронкі Coracias garrulus L.: рус. ра́кша, н.-луж. rakajca; параўн. адпаведнае, на наш погляд, серб. žaba rakara, якое Скок (3, 101) звязвае, аднак, з rak (гл. рак1), што ўяўляецца, па меншай меры, не відавочным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядзёр ’сок’ (Стан.): сядзёр кляновы (гродз., П. Сяўрук), сядзёрысты ’сакавіты’ (барыс., леп., Стан.). Няясна; выраз сядзёрысты сок, гарэлка ’даволі моцны’ (бягом., там жа) Станкевіч параўноўвае з сядравы (вецер) ’халаднаваты’, варыянта з пратэзай да я́дравы ’халодны’: ядравая раніца, халодная (барыс., Сл. ПЗБ), гл. сядравы. Менш верагодна з сідр ’слабае віно з яблычнага соку’ (ТСБМ), што з франц. cidre ’напой з яблыкаў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ілі́ць ’ухіляцца, рабіць выкруты; круціцца, быць неспакойным; моцна дамагацца, настойваць’ (Нас.), ’круціцца’ (Гарэц.). Рус. юли́ть, дан. и́лить ’падаваць мяч у гульні’. Найбольш верагодна этымалагічная сувязь з віць (гл.); параўн. віліць, віляць. Не выключана таксама магчымасць супастаўлення з вір1, вірыць (гл.). Іншыя тлумачэнні слова юлить у рус. мове выклікаюць пярэчанні фармальнага і семантычнага характару; гл. крытычныя заўвагі Фасмера (4, 529–530). Гл. ілка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРА́ГІН,

гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Брагінскага р-на Гомельскай вобл., на р. Брагінка. За 130 км ад Гомеля, 28 км ад чыг. ст. Хойнікі, аўтадарогамі злучаны з Хойнікамі, Камарынам, Рэчыцай, Лоевам. Знаходзіцца ў зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбываецца дэпапуляцыя (насельніцтва зменшылася з 5,6 тыс. ж. у 1985 да 2,0 тыс. ж. у 1995).

Узнік як дрыгавіцкі горад у зоне збліжэння дрыгавічоў, палян і севяран. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1147. У 1241 ці ў 1242, верагодна, спалены мангола-татарамі. З 1360-х г. у ВКЛ, уласнасць вял. князёў. У 15—17 ст. існаваў Брагінскі замак. У канцы 16—17 ст. належаў Вішнявецкім. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны ўрадавымі войскамі і заняпаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1897 у Брагіне 4,3 тыс. ж. З 1926 цэнтр Брагінскага р-на. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939 — 4,7 тыс. ж З 28.8.1941 да 23.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Брагіне і раёне 8970 чал. Дзейнічала Брагінскае патрыятычнае падполле. У 1969 — 6,7 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. прам-сці, сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1-й трэці 17 ст. — 1830 у Брэсце. Засн. ў 1635 (паводле звестак польск. гісторыка Валыняка — у 1628) брэсцкай войскай Соф’яй Магдаленай Бухавецкай, дачкой каралеўскага сакратара Марыяна Лакніцкага. Адрокшыся ад кальвінізму, яна запісала брэсцкім дамініканцам усе маёнткі, якія атрымала ў спадчыну ад бацькоў і 2 мужоў: 5 фальваркаў і в. Чамяры, Дэрло, Дубаў, Велань. Кляштар размяшчаўся на востраве, пры дарозе на Кобрын. Першыя, верагодна, драўляныя будынкі амаль усе знішчаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кляштар нанава адбудаваны на сродкі Соф’і Пражмоўскай. Яна ж падаравала яму і абраз Маці Божай, які праславіўся як цудатворны (зараз у Фарным касцёле Брэста). Мураваны касцёл св. Соф’і асвячоны ў 1696, карпусы кляштара пабудаваны значна пазней (у 1798 яшчэ не закончаны). Пры кляштары існавалі навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна) і школа філасофіі. Аднанефавы касцёл з 2 бакавымі капліцамі, накрытымі купаламі, вызначаўся багатым жывапісна-разьбярскім аздабленнем; пры гал. алтары знаходзілася надмагілле С.​Бухавецкай з партрэтам. Кляштар скасаваны ў 1830, аднак касцёл (адзіны ў Брэсце) пакінуты вернікам як парафіяльны.

Літ.:

Квитницкая Е.Д. Монастыри Бреста XVII—XVIII вв. // Архитектурное наследство. М., 1979. Вып. 27;

Wołyniak. Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Cz. 1. Kraków, 1917.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯЛІ́КАЯ ХРО́НІКА», «Летопис, то ест Кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана»,

беларуска-ўкраінскі хранограф 1-й пал. 17 ст., своеасаблівая гіст. энцыклапедыя свайго часу, першая сур’ёзная спроба выкладу сусв. гісторыі на старабел. мове. Месца ўзнікнення дакладна невядомае. Ранняя рэдакцыя помніка, найбольш верагодна, бел. паходжання, больш позняя — украінскага. Мае кампілятыўны характар. Паводле жанравай структуры — звод гіст. аповесцей, апавяданняў і пагадовых запісаў. Складаецца з 3 асн. частак: «Хронікі ўсяго свету» (грунтуецца пераважна на аднайм. хроніцы польск. гісторыка М.Бельскага), «Хронікі славянарускай» («Хронікі славян») і «Хронікі літоўскай і жамойцкай» (абедзве грунтуюцца на «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага). У 1-й частцы апісана далёкае мінулае чалавецтва ад «стварэння свету» да часоў Карла Вялікага (9 ст.). 2-я частка прысвечана гісторыі стараж. Русі ад заснавання Кіева да 1480. Адзін з раздзелаў «Хронікі славянарускай» называецца «Хроніка Белай і Чорнай Русі». У 3-й частцы гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да 1588. «Вялікая хроніка» змяшчае таксама шмат міфаў, легенд, паданняў і літаратурных апрацовак, у т. л. аповесці пра Траянскую вайну, Аляксандра Македонскага (гл. «Александрыя»), Кулікоўскую бітву і інш. «Вялікая хроніка» захавалася больш чым у 10 спісах. Большая частка тэксту «Вялікай хронікі» не апублікавана, акрамя «Хронікі літоўскай і жамойцкай», выдадзенай у «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 32, 1975).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб. вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).

Літ.:

Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.

Джота ды Бандоне.
Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ КНЯ́СТВА (да канца 15 ст.Гарадзецкае княства),

феадальная адм.-тэр. адзінка ў 14—16 ст. у ВКЛ у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр — Давыд-Гарадок (Гарадок). Вядома з 1382, калі дачка вял. кн. літ. Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 у дакументах згадваюцца кн. Іван і Юрый Гарадзецкія, верагодна, мясц. Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў кн. Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вял. кн. Казімір аддаў яго кн. Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — ўдаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства выхадцу з Расіі кн. Івану Васілевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно адышло да сына Фёдара (памёр у 1521 або 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял. кн. Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — састаўная частка Пінскага княства. У 1554 у Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял. кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў яго кн. Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія замест Давыд-Гарадоцкага княства і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)