СКАРЫ́НА (Францыск) (каля 1490, г. Полацк Віцебскай вобл. — каля 1551),
бел. і ўсх.-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык. Дакладная дата нараджэння невядома. Супастаўленне звестак пра паступленне ў Кракаўскі ун-т (1504) і абароны доктарскай дысертацыі ў Падуанскім ун-це (1512), дзе ён названы «маладым чалавекам», дае падставы прыняць 1490 як прыблізны год яго нараджэння (дапушчальна і 2-я пал. 1480-х г.). Звесткі пра сям’ю С. вядомы з канца 15 ст. Бацька С. — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе рас. пасольскіх прэтэнзій 1492 да полацкіх купцоў. Старэйшы брат С. Іван названы ў каралеўскім дэкрэце адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя С. Гіпотэза пра тое, што С. іменаваўся Георгіем, новымі дакументальнымі адкрыццямі не пацвярджаецца. У сваіх выданнях С. больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Франциск», зрэдку «Францишек». У актах ВКЛ на лац. мове яго імя называюць «Franciscus», на бел. мове «Франьцышак», «Франьцышъко». Першапачатковую адукацыю С. атрымаў, відаць, у Полацку. Тут або ў сталіцы ВКЛ Вільні прайшоў ён і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лац. мовай. У зімовы семестр 1504 С. паступіў у Кракаўскую акадэмію (ун-т) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. У Кракаве С. ўсвядоміў навуч. і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі. У 1506 ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе С. знаходзіўся ў 1507—12. Магчыма, ён скончыў ун-т і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш верагодна, што доктарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ун-та 9.11.1512 сведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» (?). Не пазней восені 1512 С. прыбыў у г. Падуя, каб набыць ступень доктара медыцыны. Можна меркаваць, што грунтоўную мед. адукацыю С. атрымаў у Кракаве або ў Падуі ці Балонскім ун-це. 9.11.1512 С. абараніў ступень доктара мед.навук. Пра дзейнасць С. ў 1513—16 дакумент. звесткі не выяўлены, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. У 1510-я г. С. наведаў Вільню, Полацк, інш. гарады ВКЛ і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць С. ў Празе ў 1517—19 дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516. 6.8.1517 С. выдаў сваю 1-ю кнігу — Псалтыр. На працягу наступных 2 гадоў ён выдаў 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі «Царстваў» за 4) Старога Запавету: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклесіяст», «Песня песняў», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некат. з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519, магчыма, надрукаваны ў 1520. У пач. 1520-х г. С. пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некат. часткі, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 у Вільні С. выдаў кн. Апостал. З сярэдзіны 1520-х г. С. служыў сакратаром віленскага біскупа Яна, займаўся і мед. дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з Маргарытаю, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вул., недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Як лічаць даследчыкі, у канцы 1520 — пач. 1530-х г. С. наведаў Маскву, каб распаўсюдзіць там свае выданні. У 1530 па нейкіх прычынах ездзіў у Кёнігсберг да герцага Альбрэхта. Відаць, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—30 у Прускім герцагстве пандэміі т.зв. англ. гарачкі. Паводле інш. меркаванняў, увагу герцага прыцягвала асветніцкая і выдавецкая дзейнасць С. У канцы 1520 — пач. 1530-х г. матэрыяльнае становішча С. пагоршылася: памерлі амаль усе апекуны яго выдавецкай дзейнасці (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік); пачаліся судовыя працэсы ў Вільні з-за маёмасці жонкі, як удзельнік гандлёвых аперацый нябожчыка брата Івана С. быў зняволены на некалькі месяцаў у пазнанскай турме; пажар 1530 знішчыў значную частку Вільні, магчыма, і яго друкарню; апякун С. віленскі біскуп Ян у 1536 пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць падтрымкі вымусілі С. пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.
У канцы 1530-х г., магчыма, і ў 1540-я г. С. працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Невядомы і дакладны час смерці С. Відаць, гэта здарылася каля 1551, бо ў студз. 1552 яго сын Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымаць спадчыну бацькі. Свае прэтэнзіі на маёмасць С. ў 1552 аб’явілі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік. Некат. даследчыкі лічаць, што С. памёр да 1541. Месца пахавання С. таксама невядома.
Заснаванне С. бел. кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найб. яскравым і выразным пралогам бел. Адраджэння. У друкаванай кнізе С. бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысц. маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрап. культурай. Ажыццяўленню яго плана спрыялі падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, Чэхія, Італія і інш.) і матэрыяльная падтрымка бел. мяшчан Вільні і Полацка. У адрозненне ад Польшчы, дзе друкарская справа была манапалізавана, а таксама духавенства і вярх. ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў, больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх планаў С. бачыў у Чэхіі. Менавіта ў Празе ён завяршыў пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лац., чэшскіх, стараж.-яўр. і царк.-слав. крыніц і ў 1517—19 выдаў 23 кнігі Старога запавету («Бівліі рускай»). Віленскія выданні 1520-х г. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай бел. і ўсх.-слав. кніжнасцю (за выключэннем некат. дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў С.) і выдаваліся на царк.-слав. мове. У Вільні С. меў сваю друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча і займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі. Бел. кнігадрукаванне пачалося адразу на высокім еўрап. узроўні. Рэнесансавыя выданні С. вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожаннем, шрыфтам і інш. кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце простым («паспалітым») людам. З гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царк.-слав. словы «рускай мовай». Інш. маргіналіі С. павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Св. пісання. З замежных, магчыма, славянскіх выданняў С. запазычыў падзел псалмоў на вершы. Кнігі С. зрабілі вял. ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні С. да 1652 выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай бел. друкарні — Віленскай брацкай друкарні і Еўінскай друкарні, а пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні на Украіне ў канцы 16 ст. На думку даследчыкаў, рэнесансавыя гравюры пражскіх выданняў С. выконвалі прадстаўнікі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога С. (партрэт С. да кніг «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні С., безумоўна, працавалі і бел. мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары. Маргінальныя запісы 16—18 ст. на кнігах С. сведчаць пра актыўнае іх выкарыстанне рознымі пластамі бел. і замежных чытачоў. Выданні С. з’яўляюцца выдатнымі помнікамі рэнесансавага пісьменства. Іх месца ў еўрап. і бел.культ.-гіст. працэсе вызначаецца гіст. ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсх.-слав. зямель ВКЛ. Біблія С. не адпавядае ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Св. пісання. Яна адыходзіць ад царк. традыцый не столькі складам і зместам, колькі агульнай накіраванасцю, свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нац.-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі.
Творы С. ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каменціруючых матэрыялаў, дастасаваных да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй арганічную цэласнасць. Асн. ролю адыгрываюць «предъсловия» і блізкія да іх «сказания». У пражскіх выданнях змешчаны 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых, сказанні бліжэй да пазнейшых бел. пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай. Кнігі С. былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаныя для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. Каб пазбегнуць спрошчанага ці памылковага ўспрыняцця Бібліі, С. імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гіст., побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асн. месца ў прадмовах і сказаннях С. займае т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога запавету. Комплекс прадмоў і сказанняў С. дапаўняюць калафоны — сціслыя ўступныя каментарыі да раздзелаў кожнай кнігі. У іх дасканалыя выяўл. сродкі, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гіст., філас., тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы Бібліі. Празаічныя творы С. ў «Малой падарожнай кніжцы» ўпрыгожвае і дапаўняе вял. гімнаграфічны цыкл, у т. л. аўтарскія гімны. Побач з аўтарскай прозай у прадмовах С. прасочваюцца прыкметы інш.літ. жанраў, якія пазней занялі значнае месца ў бел. л-ры і пісьменстве, у т. л. сілабічнае вершаскладанне (вольны пераклад дэкалога ў прадмове да кн. «Выхад» і інш). Спасылкі С. на стараж.-яўр., грэч., слав. і лац. пераклады, на багаслоўскія і каменціруючыя творы ант. і сярэдневяковых аўтараў сведчаць пра тое, што сваю дзейнасць ён разглядаў у рэчышчы айчынных, агульнаеўрап. і агульнахрысц. культ.-гіст. працэсаў як этап духоўнага прасвятлення, хрысціянізацыі, маральнага ачышчэння і ўдасканалення свайго народа. З тэалагічнымі і канкрэтна-біблейскімі каментарыямі С. арганічна звязаны аўтарскія разважанні, адступленні, трактоўкі, апісанні, пропаведзі, што дазваляе меркаваць пра яго грамадскія і інш. погляды.
Своеасаблівасць літ. і выдавецкай дзейнасці С. выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутр. структуры, перакладзе і каментарыях, маст., літ.-пісьменніцкіх, філас. і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці. Яскравым пацвярджэннем этнагіст. і патрыят. свядомасці С. з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняла яго любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і, жаданнем служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, на спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў. Звяртаючыся ў сваіх кнігах да ўсяго народа, С. заснаваў у бел. л-ры навук.-асветніцкую, маральна-дыдактычную, філас. публіцыстыку. Асн. метадам публіцыст. актуалізацыі біблейскай праблематыкі стала яе гуманіст. інтэрпрэтацыя, накіраваная на ўдасканаленне сац паліт., прававых і маральна-бытавых ін-таў грамадства. На думку С., кніга «Іоў» — люстэрка жыцця, лекі для збалелай душы. Аповесць пра подзвіг Юдзіфі — узор патрыятызму, самаахвярнасці, бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. Любоў да Радзімы — самае першае і высокае духоўнае пачуццё: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Важнае месца ў творчасці С. займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы. Каб надаць сваёй публіцыстыцы пераканаўчасць, ён карыстаўся рознымі выяўл. сродкамі красамоўства, стыліст. фігурамі, паўторамі, рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе спалучаны асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.
Літ.-эстэт. погляды С. адметныя кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам з характэрным для яго маральным рыгарызмам і рэнесансавым гуманізмам, арыентаваным на зямную гармонію і красу. Паняцце прыгожага ўжывалася С. у эстэт., этычных, утылітарна-практычных значэннях. Сінтэз фалькл. і хрысц. разумення гэтага паняцця выявіўся ў трактоўцы прыгажосці як жыватворнага пачатку зямнога быцця. Літаратурны, свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваецца ім у вызначэнні стараж. грэкаў як мудралюбцаў і красамоўцаў. Паняцце агіднага С. абазначаў тэрмінамі «прыкрость», «неуставичность», «мерзость». Катэгорыя ўзнёслага азначае ў яго не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека (узнёсла-гераічны вобраз Юдзіфі). Грамадзянска-патрыятычны аспект узнёслага — у скарынаўскіх тытулах «вялікіх», «вялікаслаўных» гарадоў Полацка, Вільні і Прагі. У прадмовах і анатацыях С. развіваў традыц.хрысц. і фалькл. дыялектыку ўзаемапераходу нізкага і высокага: не толькі Бог «возводить смиренныя на высокость и немощные приводить къ полному здравию» (кн. «Іоў»), але і мудрасць, духоўны подзвіг «узносіць паніжанага», паказваючы «высокость свою и славу» (анатацыя да кн «Ісус Сірахаў»). Катэгорыю трагічнага С. раскрывае тэрмінамі «беды і немоци». Разуменне трагічнасці жыцця, паводле яго канцэпцыі, уваходзіць у паняцце чалавечай мудрасці. У творах С. сінтэзаваліся ант. і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрап. Адраджэння, хрысц. гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю.
С. высока ацэньваў выдатных дзеячаў ант. свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта I. Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі С. яго апісанне стараж. правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш.Паліт. і сац. погляды С. складваліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ, Польшчы, інш.еўрап. краінах. Паліт. ідэалам С. была, відаць, моцная і асвечаная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысц. справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Увасабленне свайго ідэалу С. бачыў у дзейнасці стараж.-грэч. і рым. цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага С. да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным станам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сац. дыскрымінацыі, феад. анархіі, свавольства. Духоўная спадчына С. асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі выдатных бел. мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.
Жыццё і дзейнасць С. вывучае комплексная навук. дысцыпліна — скарыназнаўства. Імем С. названы праспект у Мінску, вуліцы ў Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку і інш., Гомельскі ун-т, Помнікі С. пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе. Уведзены дзярж. ўзнагароды Беларусі — медаль С. (1989) і ордэн С. (1995).
Каўка А. Тут мой народ: Францішак Скарына і бел.літ. XVI—пач. XX стст. Мн., 1989;
Тумаш В Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны, XVI—XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Франциск Скорина и его время: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Лойка А. Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае. Мн., 1990;
Яго ж. Скарына на Градчанах. Мн., 1990;
Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;
Франциск Скорина и традиции гуманизма в славянской культуре: Тез. докл. и сообщений на науч. конф., посвяш. 500-летию со дня рождения Ф.Скорины. Мн., 1990;
Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Бел. друкаваная літ. эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;
Яго ж. Скарынаўскі каляндар: (Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны). 2 выд.Мн., 1990;
Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990;
Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;
Чамярыцкі В.А. Беларускі тытан эпохі Адраджэння. Мн., 1990;
Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990;
Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пер. з чэш.Мн., 1991;
Франциск Скорина и Вильнюс: Сб. материалов Респ. науч. конф. Вильнюс, 1991;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. Нью-Ёрк. 1994. Кн. 21;
Яскевіч А.А. Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філас. погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995;
480 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1998;
Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999. Гл. таксама да арт.Скарыназнаўства.
Г.Я.Галенчапка, У.М.Конан.
Ф.Скарына.Ф.Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Псалтыра». Прага. 1517.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Бібліі» з кнігі «Быццё». Прага. 1519.Да арт.Скарына Ф. Пасляслоўе да «Малой падарожнай кніжкі». Вільня. Каля 1522.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Апостала». Вільня. 1525.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПР (грэч. Kypros, тур. Kibris),
Рэспубліка Кіпр (грэч. Kypriakē Dēmokratia, тур. Kibris Cumhuriyeti), дзяржава ў Зах. Азіі на аднайм. востраве ва ўсх.ч. Міжземнага м.Пл. 9251 км². Нас. 752,8 тыс.чал. (1997), у т. л. ў тур. частцы на Пн вострава каля 180 тыс.чал. (разам з 80 тыс. перасяленцамі з Турцыі). Дзярж. мовы — грэч. і турэцкая. Сталіца — г.Нікасія Падзяляецца на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.). Паўн.ч. вострава (3355 км²) кантралюецца Турцыяй. На Пд вострава пад суверэнітэтам Вялікабрытаніі 2 ваен. базы пл. 280 км².
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1960. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Пасаду прэзідэнта займае прадстаўнік грэчаскай, віцэ-прэзідэнта — прадстаўнік турэцкай часткі насельніцтва. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт ствараюць урад, падсправаздачны ім. Вышэйшы орган заканад. улады — Палата прадстаўнікоў, якую выбірае насельніцтва на 5 гадоў (у яе складзе 70% прадстаўнікоў ад грэкаў і 30% — ад туркаў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, віцэ-прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Уздоўж вострава цягнуцца 2 горныя ланцугі: паўночны — горы Кірэнія (да 1023 м) і Карпас, паўднёвы — горы Траодас (да 1951 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна. З карысных выкапняў ёсць медныя і жал. руды, азбест, буд. матэрыялы і інш. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэднія т-ры на раўніне і ўзбярэжжах у лют. каля 12 °C, у жн. да 28 °C. Ападкаў да 600 мм на ўзбярэжжах, да 1000—1300 мм у гарах (выпадаюць пераважна зімой). Рэчышчы запаўняюцца вадой толькі пасля зімовых дажджоў. Расліннасць: да выш. 500 м вечназялёныя хмызнякі (маквіс, фрыгана), вышэй — лясы (займаюць 18% тэрыторыі) з дубу, кіпарысу, алепскай хвоі. Некалькі рэзерватаў і ахоўных тэрыторый.
Насельніцтва 78% складаюць грэкі, 18% — туркі. Жывуць таксама армяне, арабы і інш. Вернікі — праваслаўныя (грэкі) і мусульмане (туркі). Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 81 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы. У гарадах 55% насельніцтва (1997). У г. Нікасія 186,4 тыс.ж. (1994). Значныя гарады — Лімасол (больш за 100 тыс.ж.), Фамагуста, Ларнака. У прам-сці занята 26% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 12,5, у абслуговых галінах — 61,5%.
Гісторыя. На тэр. К. выяўлены рэшткі неалітычных пасяленняў (6-е тыс. да н.э.). У канцы 15—11 ст. да н.э. востраў каланізаваны ахейцамі, у 9 ст. да н.э. — фінікійцамі; быў адным з цэнтраў мікенскай культуры. У канцы 8 ст. да н.э. падпарадкаваны Асірыяй, каля 560 да н.э. Егіптам, у сярэдзіне 6 ст. — дзяржавай Ахеменідаў. У 333—323 да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага, у 294—58 — дзяржавы Пталамеяў, у 58 да н.э. заваяваны Стараж. Рымам У канцы 4 ст.н.э. адышоў да Візантыі, у 648 заваяваны арабамі, у 965 — Візантыяй. У 1191 востраў захапілі крыжакі і стварылі Кіпрскае каралеўства, якім у 1192—1297 валодала дынастыя Лузіньянаў, потым Антыёхаў-Лузіньянаў. З 1485 К. належаў Венецыі, у 1571 заваяваны Асманскай імперыяй. У 19 ст. тут зарадзіўся рух грэкаў-кіпрыётаў за аб’яднанне К. з Грэцыяй (энозіс). У час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 туркі абвінавацілі правасл. духавенства ў падтрымцы паўстанцаў і арганізавалі разню хрысц. насельніцтва ў г. Нікасія, канфіскавалі ўласнасць манастыроў. У 1878 Вялікабрытанія на падставе падпісанай з Турцыяй сакрэтнай канвенцыі акупіравала К., а ў пач. 1-й сусв. вайны (1914) анексіравала яго, што паводле Лазанскага дагавора 1923 прызнана Турцыяй. У 1925 К. атрымаў статус брыт калоніі. У 1930-я г. тут адбываліся антыбрыт хваляванні, папулярнасць набыла ідэя ўз’яднання К. з Грэцыяй У 1950 архіепіскап Макарыяс III стаў кіраўніком кіпрскай правасл. царквы і ўзначаліў рух за энозіс. У 1955 створана Кіпрская арг-цыянац. вызвалення (ЭОКА), мэтай якой была ўзбр. барацьба за вызваленне К. з-пад брыт. улады і далучэнне да Грэцыі. У сваёй дзейнасці яна выкарыстоўвала тэрарыст. метады, што прывяло да ўвядзення на К. надзвычайнага становішча. Адначасова абвастрыўся канфлікт паміж грэч. і тур. абшчынамі вострава, у якім актыўна ўдзельнічалі Грэцыя і Турцыя. Барацьба кіпрыётаў завяршылася падпісаннем Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959, якія прадугледжвалі прадастаўленне дзярж. незалежнасці К., вызначылі асновы яго дзярж. ладу, але абмежавалі суверэнітэт: Грэцыя і Турцыя атрымалі права трымаць на востраве свае войскі, Вялікабрытанія — 2 вайск. базы.
16.8.1960 К. абвешчаны незалежнай рэспублікай. Першым прэзідэнтам абраны архіепіскап Макарыяс III, віцэ-прэзідэнтам — прадстаўнік тур. абшчыны Ф.Кучук. Канстытуцыя 1960 вызначыла прынцыпы сумеснага пражывання на востраве грэч. і тур. абшчын, але ў 1963 паміж імі пачаліся адкрытыя сутычкі. У 1964 ААН увяла на К. свае войскі. З вяртаннем у 1971 на востраў лідэра ЭОКА ген. Г.Грываса ўзмацніўся паліт. націск грэч. ўрада з мэтай далучэння К. да Грэцыі. У 1974 адбылася спроба дзярж. перавароту, падтрыманага грэч.ваен. хунтай. У адказ Турцыя пад выглядам аднаўлення канстытуцыйнага ладу і абароны туркаў-кіпрыётаў увяла на востраў свае войскі, акупіравала 37% яго тэр.. што прывяло да фактычнага расколу К. на 2 адасобленыя часткі. У 1975 на акупіраванай Турцыяй тэр. абвешчана Федэратыўная тур. дзяржава Рэспубліка К. У 1977 прэзідэнтам К. абраны С.Кіпрыяну. У 1983 ААН заклікала Турцыю вывесці свае войскі з К. У адказ тур. бок ператварыў акупіраваную частку К. ў Тур. рэспубліку Паўночнага К. на чале з прэзідэнтам Р.Дэнкташам. Абвяшчэнне сепаратысцкай дзяржавы туркаў-кіпрыётаў асудзіў Савет Бяспекі ААН. У 1984 туркі-кіпрыёты ўвялі ўласную валюту і пашпарты. Прэзідэнт Рэспублікі К. з 1993 Г.Клірыдыс. К. — чл.ААН (з 1960), Садружнасці (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 9.4.1992. Дзейнічаюць партыі: Дэмакр. збор, Партыя лібералаў, Прагрэс. партыя працоўнага народа К., Дэмакр. партыя, Адзіны дэмакр. саюз цэнтра і інш.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна з моцна развітой сферай міжнар. турызму і адпачынку. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7,8 млрд.дол., больш за 10 тыс.дол. на 1 чал. Палітыка кіраўніцтва краіны накіравана на ператварэнне К. ў гандл., фін. і турыстычны цэнтр Усх. Міжземнамор’я з прыцягненнем замежных капіталаўкладанняў. Апрацоўчая прам-сць дае каля 17% даходаў, сельская гаспадарка — каля 8, сфера паслуг (у т. л. замежны турызм) — каля 47%. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча медных, жал. і хромавых руд, азбесту, кухоннай солі, гіпсу, вохры, мармуру. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд.кВт∙гадз (1995). ЦЭС працуюць на імпартнай нафце. Развіта харчасмакавая (віны, аліўкавы алей, кансерваваныя фрукты, агародніна, тытунёвыя вырабы) і лёгкая (тэкст., швейная, дрэваапр., парфумерная, гарбарна-абутковая) прам-сць. Асобныя прадпрыемствы машынабудавання. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, хімікатаў. У г. Ларнака нафтаперапр.з-д. У г. Лімасол выраб він і каньякоў. Саматужна-рамесніцкія промыслы (кераміка, метызы), вытв-сць сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 600 тыс.га зямель, у т. л. пад ворывам каля 350 тыс.га (каля 100 тыс.га арашаецца). Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (2/3 пасяўных зямель). Існуюць збытавыя, крэдытныя і спажывецкія кааператывы. Некаторыя з іх маюць невял. прамысл. прадпрыемствы. На свае патрэбы вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, авёс), бабовыя, агародніну. Экспартныя культуры: цытрусавыя (апельсіны, лімоны, грэйпфруты), вінаград, ранняя бульба. Тэхн. культуры: тытунь, бавоўна, лён. Садоўніцтва: вырошчваюць яблыкі, грушы, міндаль, персікі, грэцкія арэхі, ражкі (плады ражковага дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба (авечкі, козы, свінні). Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Марскія промыслы. Пчалярства і шаўкаводства. Вял. роля ў эканоміцы належыць замежнаму турызму і адпачынку. К. прываблівае турыстаў мяккім кліматам, выдатнымі пляжамі, цёплым морам, горнымі курортамі, шматлікімі помнікамі гісторыі і культуры, развітой сеткай пансіянатаў і атэляў. Штогод краіну наведвае каля 2,5 млн. замежных грамадзян. У 1994 замежны турызм і адпачынак прынеслі краіне 1,7 млрд.дол. даходу. Найб. турыстаў бывае з Вялікабрытаніі, Германіі, рэспублік б.СССР, арабскіх краін. На К. дзейнічаюць 17 тыс. афшорных кампаній, якія карыстаюцца падатковымі льготамі і прыносяць краіне штогадовы даход каля 200 млн. долараў. Транспарт аўтамабільны, марскі, паветраны. Працягласць аўтадарог каля 12 тыс.км. У краіне 220 тыс. легкавых аўтамабіляў, 104 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). К. належыць да краін адкрытай рэгістрацыі марскога флоту. Замежным мараходным кампаніям выгадна рэгістраваць свае судны ў К. (абкладаюцца нізкім падаткам), таму фармальна К. мае гандл. флот у 18 млн. рэг. т. Гал. парты: Ларнака, Фамагуста, Лімасол. К. — вузел міжнар.авіяц. шляхоў. У міжнар. аэрапорце Ларнака перакрыжоўваюцца паветр. лініі, якія злучаюць блізкаўсх., паўн.-афр. і еўрап. краіны. У 1995 экспарт склаў 1,23 млрд.дол., імпарт — 3,69 млрд. долараў. К. экспартуе цытрусавыя, прадукцыю вінаробства, горназдабыўной і лёгкай прам-сці; імпартуе нафтапрадукты, спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Расія, Італія, Японія, Ліван. Грашовая адзінка — кіпрскі фунт. Для тур. часткі вострава характэрна скарачэнне прамысл. вытв-сці і аб’ёмаў капіталаўкладанняў, рост бюджэтнага дэфіцыту. Асн. ролю ў эканоміцы адыгрывае сфера паслуг — 70% ВУП, доля сельскай гаспадаркі складае 7,5, прам-сці — 13,5, турызму — 5%. Узровень жыцця значна ніжэйшы, чым на Пд. У 1984 тур. ліра аб’яўлена афіц. грашовай адзінкай на тур.ч. вострава.
Літ.:
Шпаро О.Б. Захват Кипра Англией. М., 1974;
Анисимов Л.Н. Проблема Кипра: Ист. и междунар.-правовой аспекты. М., 1986.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Кіпра.Да арт.Кіпр. Ландшафт у цэнтральнай частцы вострава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВЫ СВЕ́ТУ,
натуральныя мовы народаў Зямлі, што жывуць цяпер або існавалі ў мінулым. Агульная колькасць М.с. дакладна не вызначана з-за неакрэсленасці межаў паміж мовамі і дыялектамі, недастатковай вывучанасці некаторых моўных рэгіёнаў. Лічыцца, што жывых моў на Зямлі ад 3 да 5 тыс. і ад 6 да 8 тыс. дыялектаў. Для апісання М.с. выкарыстоўваюць розныя віды класіфікацыі моў. Паводле генетычных характарыстык М.с. падзяляюцца на моўныя сем’і (гл.Сям’я моў), групы, падгрупы і асобныя мовы. Асн. сем’і моў: індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, мангольскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы і інш. Вядомы таксама ізаляваныя (японская мова, карэйская мова і інш., гл.Коранеізаляваныя мовы) і мёртвыя мовы. Найб. значная і вывучаная — індаеўрап. сям’я моў. Яна складаецца з моўных груп і асобных моў. Некаторыя з гэтых моў вядомы толькі па пісьмовых тэкстах. М.с. могуць аб’ядноўвацца і ў моўныя саюзы. На Зямлі жыве больш за 300 народаў, колькасць якіх паасобку перавышае 1 млн. чалавек. Яны складаюць каля 96% насельніцтва Зямлі. Сярод моў гэтых народаў 19 маюць больш за 50 млн. носьбітаў (англ., араб., бенгальская, ісп., італьян., карэйская, кіт., малайская, маратхі, ням., партугальская, панджабі, рус., тамільская, тэлугу, урду, франц., хіндзі і японская). Сярод пашыраных М.с. вылучаюцца міжнародныя мовы. М.с. вельмі неаднародныя паводле граматычнага ладу, форм існавання, сац. значнасці, ступені лексіка-паняційнага развіцця, існуючых на іх твораў фальклору, маст. л-ры, навукі. Суадноснасць дзяржаў, народаў, этнасаў і моў гл. ў табл. «Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)».
А.Я.Міхневіч.
Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)
Нумар народа ў залежнасці ад колькасці
Назва народа
Колькасць, млн. чал.
Моўная сям’я
Моўная група
Мова
Асноўныя краіны рассялення і колькасць народа ў іх, млн. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс.км². Нас. 24,3 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г.Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на 1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.
Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр.ч.Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г.Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч.Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн.чал., біхарцы — каля 4,3 млн.чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн.чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс.чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс.чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.
Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.
Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв.нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.М.Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац.дэмакр. партыі. Н. — чл.ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн.га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн.га (арашаецца 0,85 млн.га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн.га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал.харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн.т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд.кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш.Гал.прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн.дол., імпарт — 1,7 млрд.дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.
Літ.:
Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;
Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя).
Герб і сцяг Непала.Да арт.Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.Да арт.Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Ту літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека
(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.Коласа, К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.
2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.Васілька, М.Засіма, А.Салагуба),
сучасных бел. пісьменнікаў (У.Караткевіча, Н.Гілевіча) стварыў У.Калеснік.
У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл.Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.
Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл.Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.Дзюрэр, Л.Кранах Старэйшы, Г.Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.Госарт, Р.Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.Халс у Нідэрландах, Д.Веласкес, Ф.Гоя, Ф.Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.Вато, Ж.Гудон, К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.А.Фраганар, Ж.Б.С.Шардэн у Францыі, У.Хогарт у Вялікабрытаніі, П.Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.Гейнсбара, А.Стывенс, Дж.Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.Сцюарт у ЗША, Ж.Л.Давід, Э.Дэлакруа, Г.Курбэ, Т.Жэрыко, Ж А.Энгр у Францыі, В.Лейбль, А.Менцэль у Германіі, А.Каўфман у Швейцарыі, Я.Матэйка ў Польшчы, А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, К.Брулоў, І.Вішнякоў, М.Ге, І.Крамской, А.Кіпрэнскі, Дз.Лявіцкі, В.Пяроў, Ф.Рокатаў, І.Рэпін, Ф.Шубін у Расіі і інш.).
На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.Дэга, Э.Манэ, А.Радэн, А.Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.Какошка, А.Мадыльяні, П.Пікасо, П.Сезан і інш., скульптары — А.Бурдэль, А.Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.Аненкава, А.Галавіна, В.Сярова, М.Урубеля, Б.Кустодзіева, М.Ларыёнава, П.Малявіна, К.Сомава, З.Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.Гутуза (Італія), Л.Ласанскага, Э.Уорхала (ЗША), І.Глазунова, П.Канчалоўскага, П.Корына, М.Несцерава, К.Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.Дунікоўскага (Польшча), Дж.Манцу (Італія), Ф.Крэмера (Германія), В.Мухінай (Расія) і інш.
На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл.Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.Шрэтэр, графікі Г.Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.Аляшкевіч, Ц.Бычкоўскі, А.Главацкі, Я.Дамель, С.Заранка, К.Карсалін, Ф.Смуглевіч, І.Хруцкі, А.Шэмеш, графікі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Т.Кіслінг, Я.Клямбоўскі, К.Кукевіч, Ю.Пешка, скульптары Я.Астроўскі, К.Ельскі, Р.Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ю.Пэн, А.Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.Ахрэмчык, А.Бразер, Г.Віер, В.Волкаў, А.Грубэ, К.Змігродскі, М.Станюта, М.Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.Азгур, А.Анікейчык, Л.Асядоўскі, А.Бембель, М.Будавей, С.Вакар, Г.Вашчанка, М.Данцыг, Л.Дударэнка, Я.Зайцаў, М.Кірэеў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, А.Малішэўскі, А.Марачкін, В.Маркавец, І.Міско, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Пасюкевіч, Ю.Піскун, В.Пратасеня, І.Пратасеня, А.Пушкін, М.Савіцкі, В.Сахненка, У.Стальмашонак, І.Стасевіч, І.Фяцісаў, Я.Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.Шаранговіч, А.Шыбнёў, Л.Шчамялёў і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;
Беларуская станковая графіка / Склад. В.Ф.Шматаў. Мн., 1978;
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
А.М.Пяткевіч (літаратура), М.Л.Цыбульскі.
К.Брулоў. Партрэт графіні Ю.Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.А.Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.Да арт.Партрэт. П.Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.Да арт.Партрэт. З.Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.У.Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.Да арт.Партрэт. М.Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.Да арт.Партрэт. М.Будавей. А.Макаёнак. 1985.Да арт.Партрэт. Ю.Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св.Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
благі́, ‑ая, ‑ое.
1. Які не мае станоўчых якасцей, не адпавядае патрабаванням; які адмоўна ацэньваецца. Зямля тут благая, пясчаная, і вельмі мала яе.Брыль.Не так баяліся [парабкі] работы, як таго, што харч дужа благі.Чарнышэвіч.Орлік сапраўды быў благім канём: куслівым і брыклівым.Сіняўскі.// Які не валодае майстэрствам у чым‑н.; недастаткова ўмелы. [Госці:] — Танцор з цябе, відаць, зусім благі!Корбан.
2. Які не адпавядае патрабаванням маралі; дрэнны ў маральных адносінах. [Капітан:] — Ясна: звязаўся [Віця], відаць, з благой кампаніяй і заняўся нячыстай справай.Якімовіч.[Мікола:] — Таццяна Марыч?.. Так... Яна папала пад благі ўплыў.Глебка.Шукаць паляўнічага .. [Валодзя] не будзе: гэта благі чалавек, калі страляў у лася...Ваданосаў.// Які заслугоўвае асуджэння, выклікае нездавальненне; дрэнны (пра справы, учынкі, думкі і пад.). Ды яшчэ хлопчык спадзяваўся, што дзед ужо забыў пра яго благі ўчынак.Рылько.Мыслі добрыя, благія мне адкрыты.Дзяргай.[Хаценчык:] — Ніхто слова благога не скажа пра маю службу.Вітка.Суседкі разносілі аб .. [Мар’яне] благую славу ведзьмы-шаптухі.Бядуля./узнач.наз.благо́е, ‑ога, н.Праўда, Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго ўчынку не было.Колас.Я не чуў благога пра суседзяў, З імі жыў спакойна, мірна год.Прануза.
3. Непрыемны для іншых (пра манеры, характар і пад.). Благі характар. □ Думаў, думаў бацька, як яму адвучыць сыноў ад благой прывычкі, ды нічога не можа прыдумаць.Якімовіч.Апроч благое манеры нявечыць гаворку, людзі ў Пракопа болей і не знайшлі перамен.Вітка.
4. Нездаровы; з хваравітым выглядам, худы. Як незнаёмы [Адам] ўсё роўна. Але ж нешта з твару благі. Худы.Вышынскі.// Шкодны для здароўя. — А ў нас асабліва клімат благі, — націснуўшы на слове «клімат», шырока ўсміхаючыся адказаў незнаёмы.Гурскі.
5. Які не абяцае нічога добрага; несуцяшальны. І сніць стары Міхайла благія сны. І знакі благія бачыць ён. То курыца запяе. То люлька з губ выпадае.Бядуля.[Хлопцы:] — Чаго гэта ты, Макар, як сам не свой? Мо з дому якая благая вестка прыйшла?Сабаленка.Не трэба журыцца, навошта благія здагадкі, Галіна.Вялюгін./узнач.наз.благо́е, ‑ога, н.[Марыля:] Баюся, дзедка, вельмі баюся, каб з ім [Лявонам], барані божа, чаго благога не сталася.Купала.// Невясёлы, смутны (пра настрой). [Ліст:] — Настрой, вы кажаце, у вас благі? Прызнацца, мой ад вашага не лепшы.Дубоўка.// Цяжкі, безвыходны.
6. Недастатковы для якой‑н. мэты, у якіх‑н. адносінах. Хаты Манька не манілася прадаваць, хоць купцы здараліся і грошы давалі не благія.Пташнікаў.// Такі, на якога нельга спадзявацца; ненадзейны. [Маці:] — Вось гэта [не даць спісваць] і будзе па-сяброўску. А так благі з цябе сябра!Гамолка.[Турава:] — Злосць, Стэфачка, благі дарадчык.Савіцкі.
7. Які выклікае агіду; гадкі, непрыстойны (пра выразы, словы). Дома, напрыклад, у мяне ніколі не зрывалася з языка благое слова.Ляўданскі.
•••
Благія вочыгл. вока.
Благі часгл. час.
На благі канецгл. канец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; незак.
1. Валодаць вуснай мовай. Дзіця пачало гаварыць рана.// Вымаўляць, выгаворваць гукі мовы, словы, фразы. Манера гаварыць. Гаварыць з акцэнтам. □ Нешта сціскала глотку і не давала гаварыць.Шамякін.// Валодаць якой‑н. мовай. Гаварыць па-руску. Гаварыць па-нямецку.
2.што і без дап. Выражаць вусна якія‑н. думкі, паведамляць факты і інш. Гаварыць праўду. Гаварыць прамову. □ Ад усяго сэрца і душы гавару табе шчырае слова, вялікі мой, гераічны і слаўны беларускі народзе.Купала.Гаворыць Сцёпка і на Алёнку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае.Колас.// Раіць, загадваць, навучаць. Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі.Шамякін.— Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі бяскроўнымі вуснамі.Лынькоў.// Расказваць, паведамляць пісьмова або ў друку (пра аўтара, гісторыю, летапісца і інш.). З. Бядуля сваім творам гаварыў чытачу, што трэба ўмець пад прыемнай знешняй маскай пазнаваць драпежны твар ворага.Кудраўцаў.// Паведамляць, перадаваць якую‑н. думку сваім зместам (пра кнігі, дакументы, надпісы і пад.). Абвестка на сцяне дома гаварыла, пра што будзе сход.Чорны.//перан. Выражаць сабой, паказваць на якія‑н. думкі, пачуцці. Калі каханне — гавораць вочы Тугой і шчасцем выразней слоў.Чарнушэвіч.Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец па прозвішчу Заранік. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам.Хадкевіч.// Падказваць, прадказваць (пра адчуванні і пад.). А мыслі і сэрца гавораць — Не вер яму [ваяку-прыблудзе], рыжаму, не!Колас.
3. Весці гутарку, размаўляць з кім‑н. — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце.Бядуля.Да світання Мы з табою Гаварылі, Сэрца сэрцу Назаўсёды Падарылі...Дзеружынскі.// Абгаворваць каго‑, што‑н., абмяркоўваць што‑н. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь.Крапіва.//неазначальна-асабовы(у3ас.мн.). Ходзяць чуткі, кажуць. Не воўк работа, як гавораць, І ў лес яна не пабяжыць.Колас.
4. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н., паказваць на што‑н. Яны аж стракацелі ў вачах, гэтыя ўмоўныя значкі, якія гаварылі аб партызанскіх атрадах, вазах.Лынькоў.
5.перан. Праяўляцца ў чыіх‑н. паводзінах, учынках, словах і пад. Гэта не я гавару — гора маё гаворыць.З нар.[Наталля:] Я тут не вінавата. Гэта ваша маладосць гаворыць у вас.Крапіва.
•••
Гаварыць на карысцькаго-чаго — служыць доказам, пацвярджэннем дадатных якасцей каго‑, чаго‑н.
Гаварыць на розных мовах — не разумець адзін аднаго.
Гаварыць у руку — трапляць у тон чыёй‑н. размове, падтрымліваць чыю‑н. думку, погляд.
Да трох не гаварыкаму — пра зласлівага строгага чалавека, які не церпіць пярэчанняў.
(Ды) што (і) гаварыць — доказаў не патрабуецца, і так зразумела.
Кроў гаворыцьгл. кроў.
Што ні гавары — нягледзячы ні на што, у любым выпадку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бы́ццам, злучн. і часціца.
1.злучн.параўнальны. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». Брызент, быццам ветразь, надзімаўся і трапятаў на ветры.Мележ.Быццам той карабель, да шчаслівых зямель ты плывеш праз гадоў акіяны.А. Вольскі.// Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару і па свайму значэннях адпавядае злучнікам: «нібы», «як быццам». Каля штыкецін гародчыка, ля свежаабчасаных калочкаў, быццам сёстры, стаялі бярозкі.Даніленка.Быццам дождж гарачы, Так з вачэй у маткі слёзы паплылі.Танк.Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна засланіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая.Шчарбатаў.// У гэтым жа значэнні злучае параўнальныя звароты і сказы з адценнем меркавання, здагадкі; па свайму значэнню збліжаецца са злучнікамі «як бы», «нібыта». Пастух, стары ўжо чалавек, згорблены і доўгі, хадзіў па ўзмежку, раз-пораз згінаўся, быццам нешта шукаў.Асіпенка.Саша прачнулася, аблітая халодным потам. Сэрца калацілася так, быццам сапраўды яна толькі што доўга бегла, змагаючыся з віхурай.Шамякін./ У спалучэнні з часціцай «бы». І вырас, быццам бы грыбок З цёплымі дажджамі, Ціхі сівенькі дзядок, З барадой, з вусамі.Бялевіч.// Ужываецца для сувязі параўнальных зваротаў і даданых параўнальных сказаў са значэннем неадпаведнасць неверагоднасці; у сэнсавых адносінах адпавядае злучніку «нібыта». Бачачы, што Сільніцкі .. трапіць у лапы жывадзёраў, жанчына дала яму на рукі дзіця, а сама з кашолкай пайшла побач з ім, быццам яго жонка.Крапіва.[Хлопцы] .. зрабілі пад.. [лаўжом] гняздо з лапак і склалі туды свой скарб. Потым апусцілі лоўж на месца і, быццам нічога не здарылася, рушылі тымі ж кустамі дахаты.Якімовіч.
2.злучн.тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, калі сказанае ў гэтых сказах не адпавядае сапраўднасці. Дзед штодня цешыць унукаў, быццам вясна ўжо блізка, што вось-вось ужо за гэтым лесам, што за рэчкай стаіць.Цётка.Ляснік папаўся такі, што баіцца слова сказаць, прыкідваецца, быццам не бачыць, што ў яго абходзе робіцца.Крапіва. б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы са значэннем няўпэўненасці. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер.В. Вольскі. в) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, якія паясняюць галоўны сказ шляхам умоўнага дапушчэння чаго‑н. [Алесь:] — У мяне такое адчуванне, быццам на свет зноўку нарадзіўся.Шыцік./ У спалучэнні са злучнікам «што», часціцай «бы» («што быццам», «быццам бы», «што быццам бы»). Шукаючы ратунку, .. я паглядзеў Закрэўскаму ў вочы і бачыў у іх такую ласкавасць да мяне, што быццам бы гэта быў мой родны бацька.Чорны.
3.часціца. Паказвае на няўпэўненасць, дапушчальнасць выказвання, яго ўмоўна-ўяўны характар. Ты і дапамагаеш, ты і быццам радуешся, што мы адстаём.Шамякін.Луг зялёны за ракою Быццам снегам замяло.Муравейка.
•••
Як быццам — тое, што і быццам (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)