РАКО́ВІЧ (Аляксандр Гаўрылавіч) (28.11.1926, в. Лясок Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.2000),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БПІ (1963). З 1963 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН (у 1968—94 заг. лабараторыі). У 1993—94 акад.-сакратар Бел. аддзялення Міжнар. акадэміі інфарм. працэсаў і тэхналогій. Распрацаваў тэарэт. асновы алгарытмічнага сінтэзу канструкцый, метады, мадэлі і пакеты прыкладных праграм аўтаматызацыі канструктарска-тэхнал. праектавання і вырабу аснасткі ў машынабудаванні. Дзярж прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985;

Создание программных средств САПР приспособлений. Мн., 1991 (разам з М.​М.​Другаковай);

Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснашения. Мн., 1997 (у сааўт.).

Літ.:

Савік М.П. Зямлі сваёй адданы сын // Памяць: Гіст.-дак. хроніка Карэліцкага р-на. Мн., 2000.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТНІКАЎ (Генадзь Васілевіч) (н. 15.1.1935, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1968). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1958), у 1969—72 выкладаў у ім. У 1961—69 і з 1975 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, з 1977 адначасова выкладае ў Бел. АМ. Даследуе гісторыю бел. сучаснага кіно, эстэтыку маст. вобраза і псіхалогію кінатворчасці. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Жыццё на сцэне» (1964, з У.​Няфёдам), «Абавязак памяці» (1983).

Тв.:

История белорусского кино. (Ч. 1—2). Мн., 1969—70 (у сааўт.);

На экране — Великая Отечественная // Современное белорусское кино. Мн., 1985;

Основы киноискусства. 2 изд. Мн., 1985 (разам з В.​Ф.​Нячай);

Современная белорусская литература и кино // Экран и культура: Бел. кино и телевидение в системе худож. культуры. Мн., 1988;

Жанровая природа фильма. Мн., 1990.

Т.​М.​Цюрына.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МУЛ (Romulus),

заснавальнік Рыма і першы рымскі цар [753—716 да н.э.]. Паводле стараж.-рым. падання Р. і яго брат-блізня Рэм былі сынамі весталкі Рэі Сільвіі і бога вайны Марса. Кінутых паводле загаду дзядзькі Рэі Амулія ў р. Тыбр братоў-немаўлят рака вынесла на бераг. Ваўчыца выкарміла іх сваім малаком (Капіталійская ваўчыца), пасля братоў знайшоў пастух Фаўстул, які разам з жонкай выхаваў іх. Р. і Рэм вярнулі свайму дзеду Нумітару царскую ўладу над Альба-Лонгай, несправядліва захопленай Амуліем, а на месцы свайго выратавання заснавалі горад. Падчас сваркі Р. забіў Рэма і стаў адзіным уладаром горада, які атрымаў яго імя. Ва ўяўленнях нашчадкаў Р. быў ініцыятарам выкрадання сабінянак, заснавання рым. сената, курый, арганізацыі войска, падзелу грамадзян на патрыцыяў і плебеяў. Пасля смерці Р. абагаўлёны, пазней атаясамліваўся з богам Квірынам.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІ́НАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 15.4.1939, г. Магілёў),

бел. фізік. Акад. Нац. АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1984). Д-р фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1961). З 1964 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (у 1987—98 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, спектраскапіі складаных арган. злучэнняў. Распрацаваў спектраскапічныя метады даследавання ўзбуджаных станаў лазерных асяроддзяў, лазеры на растворах арган. злучэнняў. Даследаваў залежнасць спектра флуарэсцэнцыі раствораў ад частаты ўзбуджальнага святла (з’ява батахромнай люмінесцэнцыі). Развіў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі. Дзярж. прэмія СССР 1972. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);

Оптические квантовые генераторы на красителях и их применение (разам з У.​І.​Томіным) // Радиотехника. М., 1976. Т. 9;

Лазеры на растворах красителей // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

А.М.Рубінаў.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА ((Ruska) Эрнст Аўгуст Фрыдрых) (25.12.1906, г. Гайдэльберг, Германія — 27.5.1988),

нямецкі фізік і інжынер, заснавальнік электроннай мікраскапіі. Чл. Ням. акадэміі прыродазнаўцаў «Леапальдзіна» (1966). Скончыў Берлінскі тэхн. ун-т (1931). У 1937—55 у фірме «Сіменс». У 1957—74 дырэктар Ін-та электроннай мікраскапіі т-ва імя М.​Планка. Адначасова ў 1949—71 у Берлінскім тэхн. ун-це (з 1959 праф.). Навук. працы па электроннай оптыцы і мікраскапіі. Адкрыў, што саленоід можа служыць лінзай для электронаў (1928—29), і пабудаваў караткафокусныя магн. лінзы. Стварыў першы электронны мікраскоп (1931; разам з М.​Кнолем). Паводле яго распрацовак у 1939 фірма «Сіменс» пачала выпуск электронных мікраскопаў з раздзяляльнай здольнасцю ў 10 нм. Нобелеўская прэмія 1986.

Тв.:

Рус. пер. — Развитие электронного микроскопа и электронной микроскопии // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Руска.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З НЯМЕ́ЦКІХ АФІЦЭ́РАЎ (Bund Deutscher Offiziere),

антыфашысцкая арг-цыя ням. ваеннапалонных у СССР у 1943—45; адзін з асяродкаў супраціўлення нацысцкаму рэжыму ў 2-ю сусв. вайну. Засн. на ўстаноўчай канферэнцыі 11—12.9.1943 у с. Лунёва пад Масквой (каля 100 дэлегатаў ад 5 афіцэрскіх лагераў ваеннапалонных; прэзідэнт — б. камандзір 51-га армейскага корпуса вермахта, ген. артылерыі В. фон Зайдліц-Курцбах). Узаемадзейнічаў з Нацыянальным камітэтам «Свабодная Германія» (НКСГ), падзяляў яго мэты, праграму і метады дзейнасці, у т. л. заклік «За свабодную, незалежную Германію, супраць Гітлера!». Да вясны 1945 аб’ядноўваў каля 4 тыс. б. генералаў і афіцэраў герм. арміі (сярод іх са Жн. 1944 ген.-фельдмаршал Ф.​Паўлюс). Распушчаны разам з НКСГ 2.11.1945.

Літ.:

За Германию — против Гитлера!: Док. и материалы о создании и деятельности Нац. комитета «Свободная Германия» и Союза немецких офицеров: Пер. с нем. М., 1993.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-КЛЕР ДЭВІ́ЛЬ ((Sainte-Claire Deville) Анры Эцьен) (11.3.1818, в-аў Сент-Томас, Віргінскія а-вы, ЗША — 1.7.1881),

французскі хімік. Чл. Парыжскай АН (1861). Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1869). Скончыў Парыжскі ун-т (д-р медыцыны і хіміі; 1843). З 1845 праф. ун-та ў Безансоне, з 1851 Вышэйшай нармальнай школы ў Парыжы, у 1870—80 у Сарбоне. Навук. працы па агульнай і неарган. хіміі. Распрацаваў прамысл. спосаб атрымання алюмінію: аднаўленнем хларыду алюмінію метал. натрыем (1854), метады ачысткі плаціны (разам з А.​Ж.​Дэбрэ; 1855—59). Ажыццявіў класічныя даследаванні па тэрмічнай дысацыяцыі; паказаў, што малекулы вады, хлоравадароду, дыаксіду вугляроду пры высокіх т-рах дысацыіруюць (1857). Атрымаў сплаў плаціны з ірыдыем (1872), з якога былі выраблены міжнар. эталоны метра і кілаграма.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кні́га 1 ’друкаванае або рукапіснае выданне ў форме збрашураваных і пераплётных разам аркушаў з тэкстам’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.). Укр. книга, рус. книга, ст.-рус. кънига ’тс’, ст.-слав. кънига, балг. книга, серб.-харв. књи̏га, славен. knjíga ’тс’, польск. księga, чэш. kniha, славац. kniha, в.-луж. kniha ’тс’. Запазычанне з усходніх моў не выклікае сумненняў. У якасці крыніцы — акад. kunukku ’пячатка’, праз арм. knik ’тс’. Гэты шлях запазычання культурных слоў адзначаецца і для іншай праславянскай лексікі (dorga ’тарговы шлях’, mědь ’назва металу’). Іншая версія: цюркская крыніца (ст.-цюрк. küinig < кіт. küen ’світак’). (Агляд версій аб запазычаннях гл. Фасмер, 2, 263; Слаўскі, 3, 272–273). Разам з тым ужо даўно высоўваліся гіпотэзы аб узнікненні слова кніга на славянскай моўнай глебе з тымі або іншымі асаблівасцямі, яны зводзіліся да прасл. kъniga < kъnъ ’пень’. Параўн. з пункту погляду семантыкі лац. codex ’пень’ > codex ’рукапіс, кніга’. Іншая інавацыя ад таго ж кораня — прасл. kъněja (гл. кнея) (агляд гэтых версій там жа, параўн. у апошнія гады Атрэмбскі WS, 12, 75–76; Шустэр–Шэўц, ZfSI, 16, 50–51). Асноўная цяжкасць тлумачэння kъniga < kъn‑iga — адсутнасць надзейных прыкладаў словаўтварэння з ‑iga. Прасл. veriga, якое прыводзяць Атрэмбскі і Шустэр–Шэўц, утворана ад дзеяслова verti і да таго ж узыходзіць да *veryga (SP, 1, 66). Іншыя прыклады або зусім не маюць этымалогіі, або таксама ўзыходзяць да ўтварэнняў з ‑yga.

Кні́га 2 ’кнігаўка’ (Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., Серб., Маш., Янк. III, Дразд.). Параўн. кнігаўка (гл.). Укр. книга, рус. книга, чэш. kniha ’тс’. Распаўсюджанне гэтай лексемы незразумелае. Рускія формы книга і книгалка толькі на захадзе і поўдні. Таму асноўнай тэрыторыяй распаўсюджання трэба лічыць беларуска-ўкраінскі арэал. Адсутнасць у польскай мове пры наяўнасці ў чэшскай трэба ўдакладніць. Лічыцца гукапераймальным ад кні‑кні (Махэк₂, 263; ЕСУМ, 2, 473). Магчыма, аднак, сувязь з каня, канька (гл.) як назвамі чайкі. Ці не кніга < канька (> *кника > книга) або < канюка (*кнюка > *кніка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АМБРЫКА́НА-ПАНА́МСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1903, 1936, 1955, 1977 аб канале.

Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн. дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс. дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс. дол.

Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс. дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.

Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.​Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.​Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн. дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭ́ (Conde),

арыстакратычны род у Францыі ў 16—19 ст.; малодшая галіна дынастыі Бурбонаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі:

Луі I (7.5.1530—13.3.1569), першы прынц К. Сын Карла, герцага Вандомскага. Кіраўнік франц. гугенотаў у час першых рэлігійных войнаў. Паранены ў бітве пры Жарнаку (1569), паланёны і забіты паводле загаду прынца Генрыха Анжуйскага.

Генрых I (1552, Фертэ-су-Жуар, каля г. Мо, Францыя — 1588). Сын Луі I. Удзельнік рэліг. войнаў. У час Варфаламееўскай ночы вымушаны перайсці ў каталіцтва, у 1574 вярнуўся ў кальвінізм. Найб. уплывовы (пасля Генрыха Наварскага) лідэр гугенотаў. Атручаны.

Генрых II (1588, Сен-Жанд’Анжэлі, каля г. Сент, Францыя — 1646). Сын Генрыха I. У час рэгенцтва Марыі Медычы змагаўся за ўладу, але пацярпеў паражэнне, 3 гады быў зняволены ў Венсенскім замку. Католік, ваяваў у Паўд. Францыі супраць гугенотаў.

Луі II (8.9.1621, Парыж — 11.12.1686), палкаводзец. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 атрымаў перамогі пры Ракруа (1643), Фрэйбургу, Нёрдлінгене (1644—45, разам з А.Цюрэнам), Дзюнкерку (1646) і Лансе (1448), якія паскорылі заключэнне выгаднага для Францыі Вестфальскага міру 1648. У перыяд Фронды камандаваў урадавымі войскамі, якія аблажылі Парыж, потым узначаліў апазіцыю і імкнуўся захапіць уладу. У 1650 зняволены. Пасля вызвалення (1651) узначаліў «Фронду прынцаў». У 1653 уцёк у Нідэрланды, прызначаны галоўнакамандуючым ісп. арміі, на чале якой да 1658 ваяваў у Паўн. Францыі. Разам з сынам А.​Ж.​Д’Ангіенам неаднаразова прэтэндаваў на трон Польшчы і ВКЛ. З 1660 зноў у Францыі. У 1668 заваяваў Франш-Кантэ. У 1672—75 паспяхова кіраваў ваен. аперацыямі ў вайне Францыі з Галандыяй. Празваны сучаснікамі «Вялікім К.».

Луі-Жазеф (9.8.1736, Шантыльі, Францыя — 13.5.1818), адзін з лідэраў франц. эміграцыі. Генерал. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, губернатар Бургундыі. Пасля ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) пакінуў Францыю, узначаліў контррэв. т. зв. «армію К.» (1792). У 1797—99 на службе ў Расіі. З 1801 у Англіі, у 1814 вярнуўся ў Францыю.

Луі-Анры-Жазеф (1756—1830), сын Луі-Жазефа, апошні прадстаўнік роду. У пач. Французскай рэвалюцыі 1789—99 эмігрыраваў, служыў у «арміі К.», жыў у Англіі. З 1814 у Францыі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)