род споравых раслін сям. хвашчовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, за выключэннем Аўстраліі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 8 відаў Х.: балотны (E. palustre), зімавальны (E. hyemale), лугавы (E. pratense), лясны (E. sylvaticum), палявы. або таўкачык (E. arvense), прырэчны (E. fluviatile). У Чырв. кнігу занесены Х. вялікі (E. telmateia) і стракаты (E. variegatum). Трапляюцца на балотах, лугах, у лясах і вадаёмах.
Шматгадовыя травы з цвёрдымі сцёбламі. насычанымі крэменязёмам, выш. да 1 м (у відаў, што палягаюць, даўж. да 9 м). Сцёблы членістыя, рабрыстыя, кальчаковыя, пустыя. мяккія (на зіму адміраюць) або цвёрдыя (зімуюць); у некат. відаў зялёныя. на верхавінцы заканчваюцца стробілам. у інш. — вясной спараносныя, белаватыя ці бураватыя. летам вегетатыўныя, зялёныя. Лісце дробнае, лускападобнае, фотасінтэз адбываецца ў зялёных сцёблах і галінах. Спарангіі размешчаны на спарангіяфорах, сабраных у верхавінкавыя стробілы. Лек., харч., фарбавальныя расліны. некат. ядавітыя і пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРКО́НІЙ (лац. Zirconium),
Zr, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат.н. 40, ат.м. 91,224. Прыродны Ц. — сумесь 5 стабільных нуклідаў з масавымі лікамі 90—92,94 і 96, найб.пашыраны 90Zr (51,46%). У зямной кары прыблізна 2∙10−2% па масе. Упершыню вылучаны ў 1789 ням. хімікам М.Г.Клапратам у выглядзе дыаксіду з мінералу цыркону (адсюль назва).
Бліскучы серабрыста-шэры метал. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: гексаганальнай α-Zr і кубічнай β-Zr. Шчыльн. 6510,7 кг/м³, tпл 1855 °C. Кампактны Ц. пры пакаёвай т-ры вельмі каразійнаўстойлівы, што абумоўлена ўтварэннем тонкай трывалай плёнкі цырконію дыаксіду. Устойлівы да ўздзеяння мінер.к-т і шчолачаў. Пры награванні раствараецца ў плавікавай і канцэнтравай сернай к-тах, царскай гарэлцы; узаемадзейнічае з галагенамі (утварае тэтрагалагеніды), азотам і інш. неметаламі. Атрымліваюць пры перапрацоўцы асн. мінералаў — цыркону і бадэлеіту. Выкарыстоўваюць як канстр. матэрыял у ядз. энергетыцы, кампанент сплаваў для вырабу хім. апаратаў, хірург. інструментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ПНІ, саліцёры (Taeniidae),
сямейства (па інш. сістэматыцы — атрад) класа стужачных чарвей тыпу плоскіх чарвей. 13 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомыя Ц.: няўзброены, або бычыны (Taeniarhynchus saginatus), узброены, ці свіны (Taęnia solium), — найб. небяспечныя для чалавека. Паразітуюць у органах і тканках паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека (канчатковыя гаспадары). Узбуджальнікі цэстадозаў.
Цела даўж. ад 3 мм (3—7 членікаў) да 10 м (больш за 1 тыс. членікаў) пляскатае, стужкападобнае. Галоўка з 4 прысоскамі, у некаторых відаў хабаток з кручкамі. Біягельмінты. Гермафрадыты, палавыя залозы размешчаны ў кожным членіку цела. Цыкл развіцця са складаным ператварэннем з адным прамежкавым гаспадаром (грызуны, капытныя, радзей драпежнікі і інш.), у якіх зародак (анкасфера) ператвараецца ў лічынку (цыстыцэрк, цэкура, эхіпакок і інш.). Ежу засвойваюць паверхняй цела. Чалавек заражаецца пры спажыванні недаваранага ці недасмажанага мяса, у якім паразітуюць лічынкі. Гл. таксама Тэніідозы, Цыстыцэркоз, Эхінакакоз.
Л.В.Кіршенка.
Цэпні: 1 — бычыны (а — галоўка, б — членік); 2 — свіны (а — агульны выгляд, б — галоўка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУКО́ЦКА-КАМЧА́ЦКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў насельніцтва Чукоцкага п-ва і Камчаткі. Часам іх адносяць да сям’і палеаазіяцкіх моў. Уключаюць: чукоцкую, каракскую, алюторскую, керэкскую, ітэльменскую мовы. Падзяляюцца на 2 групы: чукоцка-каракскую і ітэльменскую, межы і адносіны паміж якімі канчаткова не высветлены. У фанет. сістэмах Ч.-к.м. невял. колькасць зычных, пераважаюць санорныя; характэрная рыса вакалізму — сінгарманізм. Адносяцца да аглюцінатыўных моў прэфіксальна-суфіксальнага тыпу з наяўнасцю разрыўных афіксаў, з аднатыпнай па структуры сістэмай скланення і спражэння; у некат. мовах захаваўся падвойны лік; у пэўных сінтакс. пазіцыях назоўнікі змяняюцца па асобах. У сінтаксісе проціпастаўляюцца намінатыўныя і эргатыўная канструкцыі, пашыраны дзеепрыслоўныя і дзеепрыметныя звароты, могуць утварацца сінтакс. карпаратыўныя комплексы. Багатая сістэма словаўтварэння. У лексіцы запазычанні з рус. моў. Чукоцкая і каракская мовы маюць пісьменнасць, створаную ў 1931 на аснове лац., з 1936 — на аснове рус. графікі.
Літ.:
Скорик П.Я. Чукотско-камчатские языки // Языки народов СССР. Л., 1968. Т. 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМПІНЬЁН, пячурыца (Agaricus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. агарыкавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ўсюды. У прамысл. маштабах вырошчваюць Ш. двухспоравы (A.bisporus), у культуры каля 300 гадоў. На Беларусі 8 відаў, усе ядомыя. Найб. вядомыя Ш.: двухспоравы, звычайны (A.campester), лясны (A.silvaticus), палявы, або пячарка (A.arvensis), ядомы (A.bitorquis). Трапляюцца пераважна групамі з мая па вер. на ўрадлівай глебе ў лясах, садах, на лугах, палях, агародах.
Шапка пукатая, потым распасцёртая, шаўкавістая, гладкая або лускаватая, мясістая, дыям. ад 3 да 25 см. Пласцінкі свабодныя, напачатку белыя, потым цямнеюць. Паводле гэтай прыкметы Ш. адрозніваюць ад смяротна ядавітай бледнай паганкі, у якой споры, а таму і пласцінкі, застаюцца белымі. Мякаць белая, шчыльная, на зломе мяняе колер. Ножка цыліндрычная або булавападобная, шчыльная, рэдка рыхлая або полая, заўжды з кольцам ад пакрывала. Споры акруглыя, гладкія, светла-карычневыя, карычневыя. 2 віды (A.meleagris і A.xanthoderma) ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕ́ЙНАЯ МАШЫ́НА,
машына, якая злучае нітачным швом дэталі швейных вырабаў, робіць іх аддзелку і аздабленне, дэкар. строчку, вышыўку, прышыванне гузікаў, абкідванне петляў і інш.
Бываюць бытавыя і прамысловыя, з ручным, нажным і эл. прыводам; чаўнаковыя (для ўсіх тканін) і ланцуговыя (для трыкатажу; у іх замест чаўнака — пятліцель); універсальныя (найб.пашыраны аднаіголкавыя сточвальныя) і спецыялізаваныя (зігзаг-машыны, пяцельныя, патайнога шыўка, фастрыгавальныя, абкідвальныя, замацавальныя, гузікавыя і інш.). Ёсць таксама Ш.м. для бязнітачнага злучэння дэталей. Ш.м. робяць да 1500 шыўкоў за мінуту (прамысл. да 5500). Выкарыстоўваюцца ў швейнай, трыкатажнай, абутковай і інш. вытв-сцях, у побыце. Першая Ш.м. вынайдзена ў 1755 у Вялікабрытаніі (Ч.Ф.Вейзенталь). Далейшае развіццё (ад вынаходкі іголкі з вушкам на канцы да зубчастай пласцінкі, што перасоўвае тканіну) Ш.м. атрымала ў 19 ст. ў ЗША (Э.Хоў, А.Вільсан, І.М.Зінгер). На Беларусі розныя тыпы Ш.м. выпускае акц.т-ва«Орша».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПА́НКІ (Meloidae),
сямейства насякомых атр. жукоў, ці цвердакрылых. Больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў субтропіках і тропіках. На Беларусі 8 відаў, 5 з іх з роду майка (1 — у Чырв. кнізе).
Даўж. 8—42 мм. Афарбоўка яркая, часта з метал. бляскам. Галава апушчаная, шыепадобна перацягнутая. Надкрылы шырэй за пярэдняспінку, не прылягаюць да бакоў брушка. Вусікі 8—11-членікавыя, шнура- або ніткападобныя, на канцах патоўшчаныя. Ператварэнне поўнае, ускладненае. Лічынкі маюць 3 стадыі, кормяцца яйцамі саранчовых, мёдам, паразітуюць у гнёздах пчол, знішчаюць іх патомства. Дарослыя жукі аб’ядаюць кветкі і лісце раслін. Характэрная асаблівасць Ш. — наяўнасць у целе (асабліва ў крыві) яду кантарыдзіну, які надае жукам непрыемны пах і смак, таму большасць насякомаедных іх не паядаюць (акрамя курэй, ластавак, вожыкаў). Іл.гл. таксама да арт.Майкі.
Шпанкі: 1 — майка зменлівая, ці стракатая; 2 — майка чорная; 3 — нарыўнік малы; 4 — нарыўнік чырвонагаловы; 5 — нарыўнік Шэфера; 6 — шпанская, ці ясянёвая мушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАПО́ЕЗД,
разнавіднасць маторвагоннага рухомага саставу, маторныя вагоны якога абсталяваны цягавым прыводам і выконваюць функцыю лакаматыва; атрымліваюць энергію ад эл. сеткі праз токапрыёмнікі. Выкарыстоўваюцца пераважна на прыгарадных участках чыгунак з вял. патокам пасажыраў і ў метрапалітэнах.
У склад Э. акрамя маторных уваходзяць прычапныя вагоны (з іх 2 галаўныя). Колькасць вагонаў найчасцей ад 4 да 12, з іх маторнымі (самарухальнымі) могуць быць усе (як у метрапалітэне) або частка іх. Ёсць Э., цягавыя рухавікі якіх на неэлектрыфікаваных участках пуці сілкуюцца ад акумулятарных батарэй (маторвагонны састаў з дызельнымі рухавікамі — дызель-поезд). У галаўных вагонах Э. ёсць кабіны для машыністаў, абсталяваныя вымяральнай апаратурай і прыладамі кіравання. Пашыраны матор-вагоны ЭР2 (пастаяннага току) і ЭР9П (пераменнага току).
У Мінскім метрапалітэне выкарыстоўваюцца матор-вагоны тыпу 81-717 і 81-714 (умяшчальнасць да 254 чал., макс. скорасць да 100 км/гадз). На чыгунках Беларусі Э. (электрычкі) выкарыстоўваюцца на ўчастках паміж Мінскам і Брэстам, Оршай, Маладзечнам, Асіповічамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДО́МЫЯ ГРЫБЫ́,
група вышэйшых, пераважна шапкавых грыбоў, пладовыя целы якіх спажываюцца чалавекам і жывёламі. Да іх адносяць большасць базідыяльных грыбоў і некалькі родаў з сумчатых грыбоў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 200 відаў, з іх збіраюць і нарыхтоўваюць каля 40. Па харч. і смакавых якасцях Я.г. падзяляюць на 4 катэгорыі: 1 — баравік, грузды (сапраўдны, жоўты), рыжык; 2 — бялянка, ваўнянка, грузд асінавы, маслякі, падасінавік, падгруздак белы, паддубнік, шампіньён звычайны; 3 — апенькі, валуй, грузд чорны, лісічкі, махавікі, падбярозавік, шампіньён палявы; 4 — гаркуха, зялёнка, казляк, макруха, скрыпіца, шампіньён лясны і інш. Каштоўнасць Я.г. вызначаецца хім. складам іх пладовых цел: бялкі — 2—9% (найб. у баравіках і труфелях), вугляводы 2—3% (у труфелях да 13,5%) у форме глікагену, вітаміны, караціны, солі калію і фосфару. Пажыўную каштоўнасць зніжае цяжка засваяльная арганізмам грыбная клятчатка — хіцінападобнае рэчыва — міцэцін. Акрамя экстрактыўных і араматычных рэчываў у складзе Я.г. адзначаны ферменты, якія спрыяюць лепшаму засваенню ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́МКАВЫЯ КАМЯНІ́,
культавыя валуны са штучнымі паглыбленнямі і знакамі рознай формы. Вылучаюць Я.к.: з чашападобнымі паглыбленнямі (дыяметр да 70 см, глыб. 2—15 см); з круглымі лункамі са згладжанымі адшліфаванымі сценкамі (дыяметр 3—7,5 см, глыб. 0,5—7 см); з ямкамі няправільнай формы (дыяметр 7,5—15 см, глыб. 5—15 см). Найб.стараж. паглыбленні — круглыя ямкі, што былі створаны 2—1,5 тыс.г. да н.э. Вядомы на тэр. ўсёй Еўропы. Упершыню выяўлены і зарэгістраваны ў 1877 у Фінляндыі. На Беларусі Я.к. каля в. Махірова Полацкага р-на Віцебскай вобл. зафіксаваны ўжо ў 1864. Усяго выяўлены 53 Я.к., у т. л. 12 з чашападобнымі паглыбленнямі, 32 з круглымі лункамі і 9 з ямкамі няправільнай формы. Валуны з круглымі лункамі пашыраны на З і ПнЗ краіны, што супадае з арэалам распаўсюджання шнуравой керамікі культуры. Большасць Я.к. — помнікі прыроды і гісторыі Беларусі (гл. таксама Пабоеўскі вялікі камень з ямкамі, Пашавіцкі камень з ямкамі, Старадворскі валун і інш.).