ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Мазырскага і Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.Засн. ў 1999 для аховы унікальных прыродных тэрыторый, дзе прадстаўлены амаль усе ландшафтныя комплексы Бел. Палесся. Пл. 12161 га. Ландшафты ўзгорыста-марэнна-эразійныя з покрывам водналедавіковых супескаў, другасных водна-ледавіковых слаба дрэніраваных раўнін, сучаснай поймы р. Прыпяць і лагчын яе прытокаў. Перапады вышынь да 40 м. Прыроднае расл. покрыва — 80%, пераважаюць хваёвыя лясы, шмат дуброў, сустракаюцца чорнаалешнікі і ясеннікі крапіўныя. У пойме Прыпяці пашыраны злакавыя гідрамезафітныя і астэпаваныя лугі. У флоры больш за 500 відаў сасудзістых і 250 відаў ніжэйшых раслін, з іх 27 відаў занесены ў Чырв. кнігу: венерын чаравічак сапраўдны, кураслеп лясны, воўчнік баравы, дрок германскі, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, шпажнік чарапіцавы, сальвінія плывучая і інш. Фауна пазваночных уключае 264 віды, з іх 20 у Чырв. кнізе: вусач, сцерлядзь, чарапаха балотная, рапуха чаротная, паганка малая, каршачок, шулёнак, пустальга звычайная, кулік-сарока, уліт вялікі, соні арэшнікавая і садовая, барсук, малая вячэрніца і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СФА́ГНАВЫЯ ІМХІ́ (Sphagnidae),
падклас лістасцябловых імхоў. 1 сям., 1 род, больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя арктычных пустынь. На Беларусі 35 відаў. Найб. вядомыя: сфагнум адагнуты (Sphagnum recurvum), вузкалісты (S. angustifolium), дуброўны (S. nemoreum), магеланскі (S. magellanicum). Сфагнум Ліндберга (S. lindbergii) і мяккі (S. molle) занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах (пераважна вярховых і пераходных), вільготных лугах і ў лясах.
Жоўта-зялёныя, бурыя ці чырванаватыя, двухдомныя або аднадомныя расліны. Дзярнінкі буйныя, мяккія, часта ўтвараюць суцэльнае покрыва. Сцёблы без рызоідаў, прамастойныя, з пучкападобна размешчанымі галінкамі, сабранымі на верхавінцы ў галоўку. Лісце мае 2 тыпы клетак — хларафіланосныя і ваданосныя, якія абумоўліваюць у С.і. высокую вільгацяёмістасць. Спарагоніі адзінкавыя, каробачка шарападобная. Мужчынскія і жан.гаметангіі на розных парастках. Штогод С.і. нарастаюць верхавінкай, знізу адміраюць і ператвараюцца ў торф. Сфагнум магеланскі і буры (S. fuscum) — асн. торфаўтваральнікі на вярховых балотах умеранага пояса Паўн. паўшар’я. Маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.
Да арт.Сфагнавыя імхі. Сфагнум: 1 — магеланскі; 2 — Гіргензона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКА́РНЫ СТАНО́К,
станок для апрацоўкі рэзаннем загатовак з металаў і інш. матэрыялаў у выглядзе цел вярчэння; найб.пашыраны тып металарэзных станкоў.
На Т.с. робяць аперацыі: абточванне цыліндрычных, канічных, тарцовых і фасонных паверхняў; адразанне, расточванне; праточванне канавак; наразанне рэзьбаў і інш. Загатоўка атрымлівае вярчэнне ад шпіндэля, рэзальны інструмент перамяшчаецца па розных траекторыях. Адрозніваюцца Т.с. канструкцыяй і тэхнал. магчымасцямі (такарна-вінтарэзныя, -рэвальверныя, -лабавыя, -карусельныя, -запатыльныя і інш.), размяшчэннем восі шпіндэля ў прасторы (гарыз., верт.), колькасцю інструментаў (адна- і шматразцовыя) і шпіндэляў (адна- і шматшпіндэльныя), дакладнасцю, ступенню аўтаматызацыі (звычайныя. паўаўтаматы. аўтаматы) і інш. Існуюць спецыялізаваныя (напр., колатакарныя) і спец., у т. л. для апрацоўкі вырабаў з драўніны, пластмасы і інш. матэрыялаў.
На Беларусі Т.с. з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем вырабляе Мінскі завод аўтаматычных ліній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРАКА́НАВЫЯ, тараканы (Blattoptera, або Blattodea),
атрад насякомых. Вядомы з карбону (каля 350 млн.г. назад). Больш за 3,6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць пад камянямі, у расл. подсціле, глебе, норах грызуноў, некат. «Іды: прусак, чорны таракан (Blatta orientalis) і інш. — у жыллі чалавека. Пашкоджваюць харч. прадукты, скураныя вырабы і інш. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., дызентэрыі) і яец гельмінтаў. На Беларусі 6 відаў (прусак, чорны, лапландскі тараканы і інш.).
Даўж. да 9,5 см. Цела пляскатае, авальнае. Вусікі доўгія, шматчленікавыя, шчацінкападобныя, Пярэднія крылы ператвораны ў шчыльныя надкрылы, заднія тонкія, перапончатыя, схаваныя пад надкрыламі; у некат. відаў надкрылы і крылы адсутнічаюць. Ногі бегальныя з 5-членікавымі лапкамі. Брушка падоўжанае. 8—10-членікавае. Ротавыя органы грызучыя. Усёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца ад 3—4 мес да 4 гадоў. Некат. трапічныя віды жывародныя.
С.Л.Максімава.
Да арт.Тараканавыя. Тараканы: 1 — чорны; 2 — лапландскі; 3 — плямісты; 4 — горны (а — самец; б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАХО́МЕТР (ад грэч. tachos хуткасць, скорасць + ...метр),
прылада для вымярэння частаты вярчэння (вуглавой скорасці) дэталей (пераважна валоў) машын і механізмаў. Адрозніваюць Т. магнітныя, вібрацыйныя, інтэгруючыя (гадзіннікавыя і электронныя), магнітна-індукцыйныя, магнітаэл., страбаскапічныя, частотна-імпульсныя, ферадынамічныя, электронна-лічыльныя (лічбавыя), мех., гідраўлічныя, пнеўматычныя і інш. Межы вымярэнняў ад 0 да 1 млн.аб/мін.
У магнітна-індукцыйных Т. адхіленне стрэлкі прапарцыянальнае рознасці вярчальных момантаў на восі ротара і спружыны. На гэтым прынцыпе працуюць авіяц. Т., аўтамаб. спідометры і інш. Сярод механічных найб.пашыраны цэнтрабежны Т., заснаваны на змене становішча рухомых мас (ураўнаважаных спружынай) пры вярчэнні. Перамяшчэнні іх прапарцыянальныя скорасці вярчэння. У гідраўлічных Т. змена становішча паказчыка залежыць ад ціску вадкасці, які зменьваецца прапарцыянальна скорасці вярчэння. Т. з аўтам. запісам паказанняў наз. тахографам.
Схемы тахометраў: а — механічнага цэнтрабежнага (1 — вал, 2 — слізгальная муфта, 3 — рычаг, 4 — груз, 5 — спружына); б — магнітна-індукцыйнага з дыскавым ротарам (1 — пастаянны магніт, 2 — медны або алюмініевы ротар, 3 — вось ротара са стрэлкай, 4 — спружына).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́ЧНЫЯ ЛЯСЫ́.
Пашыраны ў экватарыяльным, субэкватарыяльных і трапічных паясах паміж 25°паўн. ш. і 30°паўд. ш. У залежнасці ад ступені ўвільгатнення, выражанасці і працягласці сухога сезона адрозніваюць Т.Л.: вечназялёныявільготныя трапічныя лясы; паўвечназялёныя або паўлістападныя сухія (да 40 м вышыня дрэвастою, багаты фларыстычны склад, у т. л. ліяны і эпіфіты, часам з выражаным лістападам і ўзнаўленнем лісця; у тропіках Азіі наз.мусоннымі лясамі); лістападныя светлыя ў трапічных раёнах Індакітая з выражаным сухім сезонам (дыптэракарп бугрысты, пентакмэ сіямская, тэрміналія лямцавая, на бедных глебах хваёвыя лясы); горныя — на схілах гор вышэй за 800 м у паласе кандэнсацыі туманаў — нефелагілеі (вечназялёныя з дрэвападобнымі папарацямі, некат. хвойнымі і араўкарыямі), вышэй за 2000 м — імшыстыя і нізкарослыя з сям. лаўровых, букавых, верасковых (у лясах Гімалаяў і Кітая шмат дрэвападобных рададэндранаў, эпіфітных імхоў). З-за падабенства да лясоў умераных шырот горныя Т.л. наз. субтрапічнымі. Т.л. даюць шмат каштоўнай прадукцыі і драўніны (каўчуканосы, гваздзіковае, цікавае, салавае дрэвы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́ФЕЛЬ (Tuber),
род дыскаміцэтаў сям. труфелевых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных зонах абодвух паўшар’яў. Утвараюць мікарызу з арэшнікам, букам, дубам, грабам. На Беларусі 1 від — Т. белаваты (T. borchü). Трапляецца ў мяшаных і лісцевых лясах у багатай перагноем глебе, пладаносіць са жн. па лістапад.
Пладовыя целы падземныя. памерам ад ляснога арэха да буйнога клубня бульбы (Maca да 1 кг), акруглыя, з гузаватай паверхняй, мясістыя ці храсткаватыя, пакрытыя звонку абалонкай (перыдыем). Міцэлій пры выспяванні пладовых цел знікае. Тканка грыба на разрэзе мае мармуровы малюнак. з цёмных і светлых (на якіх размешчаны сумкі з 1—8 аскаспорамі) пражылак. Некат. Т. ядомыя: белаваты, зімовы (T. brumale). летні (T. aestivuni) і інш.Найб. каштоўны Т. чорны (T. melanosporum) культывуюць у Францыі. З-за пладовых цел да Т. таксама адносяць грыбы інш. родаў [напр., стэфензія. гіднотрыя Цюляна (Hydnotria tulasnei), або Т. чырвона-буры].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУНГУ́СА-МАНЬЧЖУ́РСКІЯ МО́ВЫ, тунгускія, маньчжура-тунгускія мовы,
група блізкароднасных моў Сібіры і Д. Усходу, якія, паводле меркавання шэрагу даследчыкаў, уваходзяць у алтайскую моўную сям’ю (гл.Алтайскія мовы). Пашыраны ў Сярэдняй і Усх. Сібіры (значная частка таежнай зоны), на ўзбярэжжы Ахоцкага мора, у Прыамур’і (Расія), Кітаі (Паўн.-Усх. Кітай, Сіньцзян-Уйгурскі аўт. раён), Манголіі (раён Баргі). Да Т.-м. м. належаць эвенкійская (з салонскай і негідальскай), эвенская, удэ(ге)йская (з орачскай), нанайская (з ульчскай і оракскай), маньчжурская (з чурчжэньскай) мовы. Інш. моўныя ўтварэнні цяжка вылучыць з-за дыялектнай раздробленасці Т.-м. м. Ім уласцівы: у фанетыцы сінгарманізм, дыфтонгі; грамат. лад аглюцінатыўны, суфіксальны; у лексіцы шмат запазычанняў з суседніх моў, у прыватнасці з рускай; для сказа характэрны намінатыўны лад. Пісьменства на чурчжэньскай мове з 12 ст. Сучаснае пісьменства на эвенкійскай, эвенскай і нанайскай мовах створана ў 1930-я.г. на аснове рус. графікі, стараж.-маньчжурскае пісьменства на манг. аснове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАЭЛЕМЕ́НТ,
прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную ці электрычнай энергіі ў цеплавую, дзеянне якой грунтуецца на адной з тэрмаэлектрычных з’яў.
Складаецца з 2 разнародных эл. праваднікоў ці паўправаднікоў, злучаных (пайкай або зваркай) у адным месцы. Т., якія пераўтвараюць цеплавую энергію ў электрычную, заснаваны на Зеебека з’яве. Калі кантакты Т. падтрымліваюць пры розных т-рах, то ў ланцугу ўзнікае тэрмаэлектрарухальная сіла, а пры замыканні ланцуга — эл. ток. Такія Т. найб.пашыраны для вымярэння т-ры (гл.Тэрмапара) і інш.фіз. велічынь, вымярэнне якіх можна звесці да вымярэння т-ры: сілы пераменнага току, патоку праменнай энергіі, вільготнасці, ціску газу, скорасці патоку вадкасці ці газу і інш.; выкарыстоўваюцца таксама для стварэння тэрмаэлектрычных генератараў.
Дзеянне Т., якія пераўтвараюць эл. энергію ў цеплавую, заснавана на Пельцье з’яве. Пры прапусканні эл. току праз Т. на адным з яго кантактаў адбываецца паглынанне, на другім — вылучэнне цяпла. На такіх Т. заснавана работа халадзільнікаў, кандыцыянераў, тэрмастатаў тэрмаэл. тыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́КУС (Ficus),
род кветкавых раслін сям. тутавых. 800—1000 відаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, пераважна ў вільготных трапічных лясах Паўд. Азіі. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць каля 10 відаў. Найб. вядомыя: інжыр, Ф. растрата (F. rostrata) і эластычны (F. elastica).
Вечназялёныя, зрэдку лістападныя дрэвы і кусты, часам ліяны. У трапічных лясах вялікія, гіганцкія дрэвы, выш. да 40 м, дыям. 3—5 м, часта з дошкападобнымі каранямі каля асновы. Многія Ф. маюць паветраныя карані, якія могуць так аплятаць дрэва-гаспадара, што яно гіне (т.зв. Ф.-задушальнік), або ўтвараць слупападобныя апоры (баньян). Лісце чаргаванае, суцэльнае або лопасцевае, глянцавае ці апушанае, даўж. да 70 см. Кветкі дробныя, пераважна аднаполыя, размешчаны ўнутры па сценках суквеццяў (сіконіяў). Плод — касцянкападобны, у суплоддзі. Некат. ядомыя (напр., інжыр, сікамор). Усе віды маюць у сабе млечны сок. Многія Ф. маюць каштоўную драўніну, некат. расліны-гаспадары лакавага чарвяца, з якога атрымліваюць шэлак (прыродную смалу жывёльнага паходжання). Харч., тэхн., дэкар. расліны.